РТБД будзе трансляваць анлайн імпрэзу «Наш Караткевіч»

26 лістапада Уладзіміру Караткевічу магло б споўніцца 90 гадоў. З нагоды дня нараджэння беларускага класіка Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ладзіць святочную імпрэзу «Наш Караткевіч», паглядзець якую можна анлайн з любой кропкі свету.

 

Артысты РТБД правядуць гледачоў «па лабірынтах творчасці, кахання, спакусаў, нечаканых таямніц» з жыцця аўтара «Каласоў пад сярпом тваім» разам з ансамблем «Музычная арка».

Імпрэзу прыдумалі рэжысёр і драматург Васіль Дранько-Майсюк, мастак Юрый Саламонаў і паэтка Валярына Кустава. Яны адзначаюць: «Караткевіч лавіў акул і атрутных змей, аплакваў сваё першае трагічнае каханне, першым на Беларусі пачаў пісаць гістарычныя дэтэктывы і стаў адным з самых папулярных айчынных пісьменнікаў “ад Варшавы да Камчаткі”. Ламаў у літаратуры правілы гульні, умеў здзіўляць і натхняць, ненавідзеў, калі яго называлі рамантыкам, і марыў, каб рэальныя беларусы сталі такімі ж моцнымі, годнымі, як і яго літаратурныя героі. Сцэнічны партрэт гэтага чалавека і вялікага аўтара хочацца прадставіць так, каб закрануць і творчасць, і важныя падзеі з жыцця».

Відэасэрвіс VOKA будзе весці трансляцыю з тэатральных падмосткаў у прамым эфіры. Старт – у 19 гадзін 26 лістапада. Далучайся ў апцы VOKA або на сайце voka.tv (там просценькая аўтарызацыя).