Наш медыябаец Саша Лашкевіч aka Manitu і баявая сяброўка Караліна Палякова выпраўляюцца па маршруце Менск-Ворша спазнаваць рамантыку электронаў, шукаць «апошніх герояў» белчыгункі і разводзіць іх на інтэрв’ю. Як выжыць, калі ты граеш на баяне ў цягніках, колькі жыве часночніца і чаго больш за ўсё баяцца прадаўцы і прадавачкі ў электронах – чытай у нашым гонза-рэпорце.
Пралог. Цягнік-кішэчнік і яго «варсінкі»
Блакітны вагон, выстукваючы коламі звыклае брэйк-біт сола, упэўнена бег і гайдаўся ў напрамку Оршы. Хмурныя і стомленыя дачнікі з газетамі ў руках з усіх сіл удавалі абыякавасць адно да аднаго. Але кожны новы паварот прымушаў іх сінхронна нахіляцца то ў адзін, то ў другі бок. Гэта нагадвала працу нейкага вялікага органа знутры. Напрыклад, калі ўявіць, што цягнік – гэта кішэчнік, то нашы дачнікі былі б яго варсінкамі. Настолькі плаўна і зладжана яны гойдаліся. Пацешна было ўсведамляць, што інерцыя стала тым самым тролем, што ператварыў дарослых людзей у адну вялікую і смешную інсталяцыю. У той жа час нашы «вагонныя сінхраністы» пра гэта нават не здагадваліся, а працягвалі дэманстраваць сур’ёзныя і ўдумлівыя твары.
«Асцярожна, пшш, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак кхпвпвп пшшш», – ніколі не разумеў, што яны кажуць у гэтыя моманты. Будучы сынам дыпламаванага лагапеда, у мяне склалася ўстойлівае ўражанне, што ўсе машыністы Беларусі проста змовіліся і тоўста з мяне сцябуцца.
Цягнік праглынуў чарговую порцыю пасажыраў. Сярод іх былі і нашы «кліенты». Тыя, без каго вобраз старых электрычак быў бы няпоўным. Дачнікі-варсінкі, як ім і належыла, сінхронна пацягнуліся да «іншароднага» прадмета, які патрапіў у стрававод, паралельна шукаючы ў кішэні грошы.



Хто ўсе гэтыя людзі
«Паважаныя пасажыры, вашай увазе прапануюцца тавары для кухні па самых нізкіх коштах. Чароўныя сурвэткі з бамбуку, якія ўбіраюць вільгаць і не пакідаюць ад тлушчу ні следу. Праслужаць доўга, выкідваць праз тры дня не давядзецца – гарантую. Усяго паўтара рубля! Тарачка на магніціках: закладваем зубчыкі часнаку – і ўсё сціраецца да апошняй крошкі, не пашкодзіўшы пальчыкі. І ў гаспадарцы карысна, і падарыць цікава – два рублі. Нажы кухонныя – моцныя, доўга трымаюць заточку...»
У іншай сітуацыі нічога з прапанаванага спіса не спатрэбілася б мне і дарам, але клянуся: гэты голас быццам бы гіпнатызаваў! Ох ужо гэтыя пастаўленыя бойкія інтанацыі з «Крамы на канапе» – рука сама пацягнулася па дробязь.

«“Асцярожна, пшш, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак кхпвпвп пшшш”, – ніколі не разумеў, што яны кажуць у гэты моманты»
– Добры дзень! Можна часночніцу вашу паглядзець, калі ласка?
– Вядома! Усяго два рублі! Глядзіце, гумавая падкладка не дасць ёй катацца туды-сюды на лакіраванай стальніцы, а адмысловая ручка …
– Бяру! Скажыце, калі ласка, а як вас завуць?
– Сяргей. А што вы хацелі?
– Сяргей, мы зараз пішам нарыс аб прадаўцах у электрычках. Можам мы з вамі пагаварыць пра тое, чым вы займаецеся?
– Не! Дакладна не!
– Але чаму? Вы дарма нас баіцеся, мы не з падатковай, шчыра-шчыра!
– Я сказаў не, значыць не! І не хадзіце за мной, я ўсё бачу!


Канец прыўкраснай эпохі
Калі мы накіроўваліся на пошукі «апошніх герояў» электрычак, задума здавалася нам вельмі мілай і бяскрыўднай. Бабулі з беляшамі, нямыя (і не вельмі) гандляры абразкамі, цётачкі-газетчыцы, мужчыны з вялікімі бауламі, набітымі ўсялякай бытавой драбязой, і музыкі, якія часам не трапляюць ні ў рытм, ні ў танальнасць, але наогул вельмі гучныя і старанныя, – усе яны былі сімваламі сыходзячай эпохі.
Электрычкі старога тыпу паволі змяняюцца новымі вылегчанымі бяздушнымі «Штадлерамі», гандляваць у якіх немагчыма хоць бы з прычыны адсутнасці вагонаў. Захаваць іх як культурны феномен, пакуль яны зусім не зніклі, – вось што было нашай мэтай. А ў выніку радасны фотасэт з займальнымі кулсторыз з жыцця ператварыўся ў забег з перашкодамі.
– Не-не-не, нічога я вам не скажу! Я наогул вас вельмі прашу: пашукайце якую-небудзь іншую тэму, вы нам толькі горш зробіце!
Ніна-Садовыя-Пальчаткі спачатку таксама была настроена вельмі катэгарычна. Але яе адкрыты маналог хаця б дапамог нам разабрацца, чаму ж ад нас так бегаюць.
– Як толькі ў газетах на гэтую тэму нешта пішуць – падатковая і міліцыя пачынаюць драчыць нас усіх на чым свет стаіць! Проста так!
«У выніку радасны фотасэт з займальнымі кулсторыз з жыцця ператварыўся ў забег з перашкодамі»
– Падатковая праводзіць рэйды па цягніках?
– Канешне праводзіць, а як жа! Правяраюць дакументы, глядзяць тавар. Прычым яны выдатна ведаюць, што мы ўсе ўжо даўно аформілі ІП, але дакапацца ўсё роўна трэба ! У выніку нічога не знаходзяць, жадаюць шчаслівай дарогі і развітваюцца на тыдзень-другі. Але ж пакуль яны ўсё правераць, праходзіць станцыя, а то і дзве-тры. А гэта наша праца, нашы грошы. Так што ўсё гэта не так проста, рабяты.
Я бачу, што вы нармальныя, і я б з задавальненнем вам усё падрабязна распавяла, але занадта ўжо добра ведаю, чым гэта звычайна заканчваецца, прабачце...
Дзверы адчыніліся, і Ніна выйшла на сваёй станцыі, пакінуўшы нас у тамбуры сам-насам з нашым здзіўленнем. Аказваецца, знутры справы ідуць не так клёва, як мы думалі. Цяпер гісторыя сяброў пра дзядулю-чытальніка, які пачынае свае выступы з фразы: «Паколькі згодна з артыкулам нумар -наццаць аб нелегальным прадпрымальніцтве падатковая забараніла мне што-небудзь вам прадаваць, я зараз проста прачытаю вам Ясеніна, а вы паслухайце!», выглядае не так рамантычна




Маленькая перамога
Засмучана пераглянуўшыся, мы ўжо хацелі выходзіць на бліжэйшай станцыі, але нас спыніў чыйсьці чароўны голас, які напяваў «штосьці з народнага».
– Ой, які ён добры! Звычайна ўсе ціха спяваюць, не чуваць нічога зусім. А вось ён галасісты! – дачніцы былі ў захапленні. Стала зразумела, што там нешта цікавае, – трэба браць. Прынамсі з усіх сіл спрабаваць.
Гэта быў Валерый Арфей (у дадзеным выпадку псеўданім персанажа напрамую звязаны з назвай яго шыкоўнага баяна). Прыемны мужчына гадоў сарака з прыгожым тэмбрам. Некаторыя насельнікі вагона нават пачалі прытанцоўваць на месцы, парушыўшы звыклую манатоннасць руху «варсінак».
– А вы дакладна журналісты? Пакажыце-ка свае пасведчанні. Раптам вы з падатковай, адкуль мне ведаць!
Пасля шоу, адыгранага ў пяці папярэдніх вагонах, Валерый выглядаў крыху стомленым і раздражнёным, але на гэты раз адчувалася, што ў нас ёсць шанец. Пасля нядоўгіх дамаўленняў, слёз і скарг на злых рэдактараў і рэдактарак, якія паб'юць нас, калі мы вернемся без матэрыялу, мы ўсё ж уламалі Валерыя. Гэта была маленькая перамога.
– Добра, я зараз прайдуся да канца цягніка, пайграю яшчэ, а потым мы з вамі пагаворым. Сустрэнемся ў апошнім вагоне.
Валерый Арфей: вочная стаўка
Сказана – зроблена. Праз 20 хвілін з поўным пакетам манетак і прыкметна падабрэлым тварам, Валерый Арфей прыйшоў да нас на вочную стаўку.
– Ну, спадарства, што вам трэба распавесці?
– Усё! Усё, што лічыце патрэбным! Але спачатку пра сябе трошкі, калі можна.
– Мяне клічуць Валера. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі. З першай – я дырыжор дзіцячага аркестра, а з другой – выкладчык гісторыі. Але, зразумела, ні па адной з гэтых спецыяльнасцяў у нашай краіне я працаваць не магу, паколькі на заробак у 100-150 рублёў жыць проста немагчыма. Папрацаваўшы некалькі гадоў настаўнікам гісторыі, я зразумеў, што гэта дарэмна, і знайшоў выйсце ў музыцы. Увесну і ўвосень я граю ў нашых электрычках, абкатваю праграму, зарабляю сабе на візу ў Нямеччыну, і там за тры месяцы лета атрымліваю за ігру ў рэстаранах столькі, што на ўвесь год хапае.

– Як людзі ставяцца да вашай ігры?
– У асноўным станоўча. Толькі ў пяці адсотках выпадкаў я сустракаюся з нейкім негатывам. Гэта альбо нейкія агрэсіўныя алкаголікі, якім усё адно з кім скандаліць, альбо проста ў чалавека галава можа балець, усякае ж бывае. Я стараюся з разуменнем да такога ставіцца. Напрыклад, калі бачу, што стаіць калыска з дзіцем, я заходжу з другога боку вагона і граю трохі цішэй, каб яго не напалохаць. Але ў асноўным людзям падабаецца, мяне ўжо шмат хто ведае, падыходзяць, ціснуць руку. Некаторыя просяць даць словы песень, якія асабліва спадабаліся. Я ніколі не адмаўляю.
– Міліцыя моцна вас прэсуе, так? Вашы калегі скардзіліся. Нават з намі размаўляць баяцца ўсе чамусьці.
– Ды ніхто і не будзе з вамі размаўляць, гэта я такі смелы... Міліцыя прэсуе, бывае, гэта так... Кожны раз адна і тая ж песня: «Вы займаецеся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю!» А я кажу: «Якой дзейнасцю, грамадзянін начальнік? У мяне ж не вісіць цэннік “адзін рубель – адна песня”. Хочаш – кідай, не хочаш – не кідай. Гэта права кожнага». Не, яны ўсё адно гнуць сваю лінію і перашкаджаюць мне спяваць.
– Вы падтрымліваеце нейкія кантакты з вашымі калегамі?
– Вядома! У нас ёсць чацік у Вайберы. Мы размяркоўваем там кірункі і цягнікі, каб не перашкаджаць адно аднаму.
– Ух ты! А як трапляюць у гэты ваш чацік?
– А вельмі проста: бачым, што на кірунку з'явіўся хтосьці новенькі. Калі больш за тыдзень вытрымаў – падыходзім, распавядаем пра чат, дадаем, і ўсё – ён у сістэме. Першы час новенькім усе стараюцца дапамагаць, пакуль яны не адаптуюцца.
– Вы спрабавалі граць у электрычках у Нямеччыне?
– Так, але там цягнікі не такія, як у нас, там няма вагонаў, таму вельмі кепска чуваць. На вуліцы – іншая справа. Паліцыя мяне ніколі не чапае, стаю, граю нямецкія народныя песні, міксую з «нашым» рэпертуарам. Мясцовым падабаецца, у мяне там нават ёсць персанальныя прыхільнікі. Ой, Смалявічы – мой прыпынак! Вы выходзіце зараз?

– Так, мы з вамі выйдзем і назад паедзем потым, напэўна. Напрыканцы, пакуль яшчэ час ёсць, раскажыце пра свой баян. Ён выглядае такім старым.
– О, гэта мой гонар! На гэтым «Арфеі» яшчэ мой дзед граў! І бацька. Яму ўжо 48 гадоў. Дарэчы, атрымліваецца, што праз два гады я проста так ужо з ім у Нямеччыну не з'езджу. Прыйдзецца дэклараваць яго як антыкварыят. Гучыць унікальна проста, я такіх мяхоў ні ў каго не чуў. Зараз такіх не робяць. Такія вось справы. Ну, шчасліва, я пабягу ўжо, а то спяшаюся.
«Паліцыя мяне ніколі не чапае, стаю, граю нямецкія народныя песні, міксую з “нашым” рэпертуарам»





Эпілог. Ніна-Садовыя-Пальчаткі
Дзверы адчыняюцца, і Валерый уцякае прэч гэтак жа хутка, як паветра вылятае з мяхоў яго «Арфея». Мы важна выходзім з вагона і накіроўваемся да кас станцыі Смалявічы. У зале чакання сустракаем старую знаёмую – Ніну-Садовыя-Пальчаткі. Жанчына ў дрымоце сядзіць у зале чакання з памятым білецікам у руках.
– Добры дзень яшчэ раз! Можна ў вас што-небудзь купіць? А то мы так і не паспелі ў цягніку.
– Ой, ды можна, вядома, дзеткі! А што вы хочаце?
– Ну вось пальчатачкі ў вас сімпатычныя, напрыклад. Памаранчавыя такія.
– Выдатныя пальчаткі, дарэчы. Сама на лецішчы карыстаюся. Паўтара рубля з вас.
Адлічваю манеткі, перадаю Ніне.
– Дзякуй, насіце на здароўе! Вы прабачце, што я вам так рэзка ад варот паварот дала – проста нас так ганяюць, што ўжо кожнага шоргату баішся. Вы, здаецца, рабяты добрыя, студэнты, напэўна, так? Гэта добра. А як вучоба? Ой, вы ведаеце, у мяне дачка таксама вучыцца на ...
Ніна пачынае блытана і захоплена распавядаць пра нешта сваё. Даверлівасць і прастата гэтай жанчыны прымушаюць набыць у яе штосьці яшчэ на знак удзячнасці, але дробязь да таго моманту ўжо заканчваецца.
«Увесну і ўвосень я граю ў нашых электрычках, абкатваю праграму, зарабляю сабе на візу ў Нямеччыну і там за тры месяцы лета атрымліваю за ігру ў рэстаранах столькі, што на ўвесь год хапае»
Дарэчы, пальчаткі Ніны пратрымаліся куды даўжэй часночніцы Сяргея. Па запэўненнях нашай фатографкі часночніца памерла на трэці дзень актыўнага выкарыстання.
На пероне мы перасекліся з Сашам-Манетніцай. Ён з недаверам зірнуў у наш бок і адышоў далей. Спадзяюся, Валерый і Ніна растлумачаць яму, што мы добрыя рабяты і да падатковай не маем ніякага дачынення. Усю дарогу назад, толькі пабачыўшы нашыя стомленыя твары, прадаўцы спалохана перабягалі ў наступны вагон. Мабыць, пра наш «рэйд» ужо пайшлі чуткі ў агульным чаціку...

История феминизма, женская сексуальность и объективация в популярной культуре.
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Заснавальнік Accidental Point прэзентуе альбом «Krope».
Калі гастраномія выходзіць за межы кухні.
КАМЕНТАРЫ (2)
Годны матэрыял! Так трымаць!
цудоўны рэпорт!