Андрэй Карагода
- 03.11.2016
- 4564
Як развіваецца інфраструктура для людзей на колах у Берасці? 34mag сустрэўся з актывістам «За Вела-Брэст», каб атрымаць вычарпальны адказ на гэтае пытанне.
Герой: Андрэй Карагода, 27 гадоў. Скончыў сацыяльна-педагагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Стыпендыст праграмы імя Лайна Кіркланда. Працуе над тэмай «Адукацыйны патанцыял НГО ў адукацыі». 4 гады працуе ў інфармацыйна-асветніцкай установе «За Вела-Брэст».
Чым займаецца: развіццём безбар’ернага асяроддзя Берасця.
Арыгінальная дата публікацыі – 03.11.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Гісторыя Андрэя
– Я пачаў займацца валанцёрствам яшчэ ва ўніверсітэце, але сур'ёзнай актывісцкай дзейнасцю я заняўся ў 2014-м. Пачалося з таго, што я ўбачыў афішу ў сацсетках аб тым, што ідзе набор у школу «Віртуальнасць для рэальнасці». Моладзевая ініцыятыва «Аазіс» абяцала навучыць удзельнікаў усялякім крутым штукам: як ажыццяўляць грамадскую дзейнасць, з чаго пачаць, як вызначыць праблему і шмат іншага.
Калі я прыйшоў туды, пазнаёміўся з маладымі людзьмі, якія былі блізкія мне па духу. Мы не проста размаўлялі, але і прыдумлялі ўсялякія грамадска-карысныя дзвіжухі. Напрыклад, з удзельніцай школы, актывісткай Ірынай Чаркасавай рэалізавалі акцыю «Стоп батон!», мэтай якой было інфармаваць людзей аб тым, што птушак карміць хлебам нельга, таму што ён для іх шкодны, ад яго яны становяцца гультаяватымі, бездапаможнымі і не ляцяць з горада зімой.
У гэтай школе трэнеры Ганна і Вітаўт Руднікі з Горадні нас вельмі заматывавалі займацца грамадскай актыўнасцю; іх вопыт, якім яны падзяліліся, пакінуў глыбокі след. Мы рэалізавалі круты праект, звязаны з праблемамі людзей з інваліднасцю і безбар’ернага асяроддзя для іх. Мяне вельмі зацікавіла гэтая тэма, таму што пасля знаёмства з гэтымі людзьмі я даведаўся, як складана ім перасоўвацца ў горадзе. З дапамогай маіх аднадумцаў я вырашыў рэалізаваць ідэю па абароне правоў інвалідаў-вазочнікаў і стварэнні спрыяльных умоў для іх.
«У безбар’ерным асяроддзі маюць патрэбу не толькі інваліды-вазочнікі, але і раварысты, а таксама жанчыны з дзіцячымі вазкамі»
Жыць без бар’ераў
– Мы стваралі карту безбар’ернага асяроддзя: хадзілі па грамадскіх месцах у горадзе – крамах, кінатэатрах, прачасалі цалкам Савецкую на прадмет наяўнасці пандусаў, дапушчальнай вышыні бардзюраў.
На карце было тры колеры: чырвоны – для месцаў, недаступных інвалідам-вазочнікам, жоўты – часткова даступных, зялёны – цалкам даступных для наведвання. Перад тым як арганізаваць такога роду маніторынг, мы схадзілі ў беларускае грамадства інвалідаў у Берасці, распавялі пра сваю ідэю, абмеркавалі, атрымалі адабрэнне і рэкамендацыі.
Усё настолькі закруцілася, што нас запрасілі прэзентаваць гэтую карту на семінары «Даступны адпачынак», удзельнікамі якога былі госці з Фінляндыі. Класна было.
Вядома, ёсць людзі, якія сустрэлі гэтую ініцыятыву негатыўна, маўляў, як такія дылетанты могуць ацаніць даступнасць таго ці іншага месца для людзей з інваліднасцю. Але скончылася тым, што нам прапанавалі надалей запрашаць мэтавую аўдыторыю, каб адаптаваць гэты матэрыял пад яе. Так мы падышлі да таго, што ў безбар’ерным асяроддзі маюць патрэбу не толькі інваліды-вазочнікі, але і раварысты, а таксама жанчыны з дзіцячымі вазкамі.
У хуткім часе я прыняў удзел у школе «Будзь валанцёрам!», арганізаванай агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».
«За Вела-Брэст»
– У рамках школы я пазнаёміўся з Уладзімірам Красько, прадстаўніком «За Вела-Брэст». А паколькі я сам актыўны раварыст, Уладзімір змог мяне пераканаць у тым, што ў Берасці трэба дамагацца развіцця інфраструктуры для раварыстаў, праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю веларуху ў горадзе, трэнінгі для школьнікаў па бяспецы роварнага руху.
«Уладзь купіў ровар і зразумеў, што ў Берасці ездзіць вельмі складана»
«За Вела-Брэст» з’явіўся ў 2009 годзе, калі Уладзь купіў ровар і зразумеў, што ў Берасці ездзіць вельмі складана: высокія бардзюры на адзінай на той час веладарожцы былі істотнай перашкодай. Гэта падштурхнула яго на стварэнне руху, асноўным напрамкам якога было развіццё інфраструктуры для раварыстаў горада, а таксама для інвалідаў-вазочнікаў і людзей з дзіцячымі вазкамі.
За 7 гадоў існавання «За Вела-Брэст» правялі шмат мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне спрыяльнага асяроддзя для людзей на колах. Цяпер у горадзе амаль на ўсіх найбуйнейшых вуліцах ёсць веладарожкі з пандусамі, а таксама быў усталяваны першы святлафор для раварыстаў, на якім можна не спешвацца.
Дасягненні «За Вела-Брэст» за 2017 год:
Зладзілі 3 велапрабегі, 2 велафорума, 5 тэматычных веласвятаў, 2 велафэста і 1 велакарнавал;
Сабралі 3144 подпісы берасцейцаў у падтрымку велаінфраструктуры,
Падрыхтавалі Канцэпцію развіцця веларуху ў Берасці;
Падрыхтавалі праект веласцежак у цэнтры гораду;
Сталі членамі Еўрапейскай роварнай федэрацыі ECF;
Разам з «Часам Зямлі» зладзілі экакластар на базе ЗАТ «Тэхнапарк».
У 2018 годзе амаль дзесяцігадовы рух паспяхова прасоўвае свае ідэі ў масы:
29–30 кастрычніка актывісты зладзілі II велафорум прадстаўнікой Брэсцкай вобласці.
У траўні адбыўся традыцыйны фэст «Без матора», а беларуска-польскія пакатушкі ў рамках праграмы «Адкрытыя межы» ужо сталі візітнай карткай «Вела-Брэста».
22 верасня адбыўся чарговы гарадскі велапрабег.
З нагоды безвізавых паслабленняў суполка распрацавала роварныя маршруты па Берасці і ваколіцах.
Распрацоўваецца прыкладанне для смартфонаў, якое падкажа раварыстам актуальныя веламаршруты, кропкі продажу, пракату і рамонту ровараў, а таксама навіны велаасяроддзя.
Актывісты працягваюць працаваць над адкрыццём пункта пропуску «Варшаўскі мост»: польскія памежнікі гатовыя прапускаць вандроўнікаў на роварах праз пераход «Цярэспаль – Берасце», зараз «Вела-Брэст» робіць усё, каб ліквідаваць перашкоды з беларускага боку.
На 23–25 лістапада запланаваны другі роварны форум «ПраРовар». Удзел бясплатны, зарэгістравацца можна тут.
Тэкст by Наталля Майская
Фота by Раман Чмель