Аляксей Барысёнак
- 23.10.2015
- 2656
Куратар выставаў і адзін з заснавальнікаў платформы Kalektar Аляксей Барысёнак распавядае пра сістэмныя хібы мастацкіх інстытуцый, моц марксісцкай крытыкі і вольны дух, якога не стае Менску.
Чым займаюцца: Kalektar – платформа для даследавання беларускага сучаснага мастацтва, увасобленая ў сайце kalektar.org. У межах дзейнасці платформы ладзяцца адмысловыя публічныя мерапрыемствы – выставы, семінары, дыскусіі.
Дата заснавання: 30 сакавіка 2015 года.
Факты: Заснавальнікі і кіраўнікі платформы – Аляксей Барысёнак, Сяргей Шабохін і Сяргей Кірушчанка. На ёй дзейнічаюць некалькі праектаў – энцыклапедыя сучаснага мастацтва Index, архіў эсэ пра найбольш значныя творы апошніх дзесяцігоддзяў ZBOR, а таксама курс лекцый для студэнтаў ФАК.
З кім гутарым: Аляксей Барысёнак, 26 гадоў, скончыў курс «Візуальныя і культурныя даследаванні» ў ЕГУ, куратар выставаў, аўтар артыкулаў па сучасным мастацтве.
Арыгінальная дата публікацыі – 23.10.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
«Што можа быць прасцей, чым узяць у арэнду гараж і зрабіць у ім выставу ці вечарынку?»
Гісторыя Аляксея
– Мой погляд на мастацтва пачаў фармавацца на панк-канцэртах, на якія я хадзіў з 15 гадоў. Асабліва блізкай для мяне сталася DIY-эстэтыка, што прапагандуе простую ідэю: усё можна зрабіць без грошай пры наяўнасці ініцыятывы і добрых сяброў. Панк – гэта і музыка, і палітычная пазіцыя, і камунікацыя з іншымі людзьмі. Таму і ў мастацкім працэсе для мяне важныя тры складнікі, з якімі я працую: мастацтва, палітыка і тэорыя.
Я з’ехаў з Менску ў 2010 годзе. Паступіў у ЕГУ на «Візуальныя і культурныя даследаванні». Да мастацтва, напэўна, гэта мела не шмат дачынення, але я атрымаў добрую базу ў філасофіі, сацыялогіі і культурных даследаваннях. Ну і сама прастора Вільні, магчымасць ездзіць па Еўропе паўплывалі на мяне. Напрыклад, пісаць пра мастацтва я пачаў пасля таго, як наведаў Documenta – адну з найбуйнейшых выставаў кантэмпарары-арту, што праходзіць кожныя пяць гадоў у нямецкім Касэлі. Але менавіта сучаснае мастацтва пачало цікавіць мяне – праз магчымасць камбінаваць розныя тэорыі і практыкі. Я не ўяўляю больш інклюзіўнага поля ведаў і эстэтычнага вопыту дагэтуль.
«Я веру ў патэнцыял маленькіх публічных інстытуцый, якія калісьці будуць даваць фаеру ўсім гэтым кантэмпарары арт-цэнтрам»
Як выглядае куратарская праца знутры
– Для мяне выстава – гэта не зусім тое, што пад ёй разумеецца традыцыйна, калі працы вісяць на сцяне ў галерэі ці музеі. Я разглядаю выставу як прастору для вытворчасці ведаў і эстэтычнага вопыту. Большасць мастацкіх практык, якія прысутнічаюць у Беларусі, разумеюць мастацтва як нешта высокае, метафізічнае, што бярэ пачатак з паняткаў «натхненне», «геніяльнасць», «талент» – гэта мне зусім не цікава. Мяне цікавіць мастацтва, якое перасякаецца з іншымі галінамі ведаў: з палітычнымі рухамі і барацьбой (але я тут не маю на ўвазе актывісцкае мастацтва, гэта тэма для асобнай размовы) і з даследаваннямі. Важнай справай стала адукацыйная школа ў Вільні, якую я рабіў год таму, яна круцілася вакол паняцця «мастацкае даследаванне». У ёй удзельнічалі маладыя мастакі з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. У гэтым працоўна-тусовачным стане завязалася даволі шмат кантактаў, і цэлы шэраг сёлетніх выставаў бяруць пачатак з той школы.
Праца ў калектыве – таксама істотная рэч. Шмат тэкстаў мы напісалі разам з мастачкай Вольгай Сасноўскай. З Таняй Арцімовіч, Інгай Ліндарэнка і Валянцінай Кісялёвай працавалі над шэрагам выставаў: першая была пра цялеснасць, спорт і дысцыпліну ў галерэі «Ў», Offside, потым – ХХУ, звязаная з паняткам «квір», усяго таго, што размыкае межы традыцыйнай суб’ектыўнасці. Затым была выстава, якая стала вынікам маёй працы ў архівах – «Беларускі нонканфармізм і нефармальнае мастацтва 80-х гадоў» (галоўны куратар – Артур Клінаў, сакуратарка – Таня Арцімовіч). Адна з самых істотных праблемаў, што цягнецца з канца 80-х, – траўма недарэпрэзентаванасці беларускага мастацтва за межамі Беларусі і няўлучанасць у больш шырокі кантэкст. Таму я стараюся рабіць выставы, у якіх удзельнічаюць таксама і мастакі з бліжэйшых краінаў.
Мне хацелася, каб у Менску праходзіла больш выставаў не ў галерэі «Ў» ці іншых пляцоўках, дзе сканцэнтраваная большасць падзеяў, а ў месцах, не прызначаных для гэтага. Вельмі істотная выстава для мяне адбылася ў музеі Максіма Багдановіча – «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры». Прастора тут была першаснай, а канцэпцыя выставы ўжо адштурхоўвалася ад яе. Адзін мой знаёмы працаваў у Музеі Багдановіча, і калі я пабачыў гэты закрыты на рамонт другі паверх, пашарпаныя сцены, музейныя канструкцыі, то адразу зразумеў: тое, што трэба.
«На Захадзе заўсёды працуе правіла «выцягнутай рукі» – гэта значыць, што той, хто дае грошы, ні ў якім разе не можа казаць, што і як будзе рабіць мастак ці куратар»
Пра левую куратарскую мову
– Мадэрнісцкія практыкі заўсёды былі леваарыентаваныя і звязаныя з крытычным мысленнем. У Еўропе існуе культурны марксізм, цэлы дыскурс эстэтычных і палітычных тэорыяў, якія дамінавалі ў сацыяльных навуках пасля Другой сусветнай вайны. Пад левай ідэалогіяй разумеецца эмансіпацыйны і эгалітарны праект культуры і грамадства. Перыяд транзіту ад савецкіх часоў у сучасную Беларусь у нас быў даволі мяккі, бязбольны ў нейкім сэнсе ў параўнанні з Украінай і Расіяй, дзе «першапачатковая» акумуляцыя капіталу вельмі моцна паўплывала на культурныя працэсы. У нас левая рыторыка часта зліваецца з афіцыйным дыскурсам, у якім заўсёды гавораць пра сацыяльную дзяржаву.
Праблема з марксісцкім дыскурсам у сацыяльных навуках, мастацтвазнаўстве і куратарстве існуе. Нават на тым узроўні, што з некаторымі мастацтвазнаўцамі ў Беларусі складана размаўляць, бо яны не разумеюць, чаму мы пры апісанні арт-праектаў выкарыстоўваем такія паняткі, як «базіс», «надбудова», «спосаб вытворчасці» і г.д. Я раблю спробу гэта пераадолець. Бо марксізм – адна з самых развітых сістэмаў крытыкі і разумення таго, як працуюць капіталістычныя эканоміка і культура. Таму я хацеў бы актывізаваць пэўныя крытычныя спосабы мыслення і практыкі, якія раней існавалі ў беларускім грамадстве, – прыкладна тое, чым займалася тусоўка вакол газеты «Навінкі» ў свой час. Мабыць, не так весела і дзёрзка, але з тымі ж мэтамі.
Што такое платформа Kalektar
– Kalektar'у папярэднічаў праект мастака Сяргея Шабохіна «Арт-актывіст», для якога я таксама пісаў тэксты. Сама назва нашай платформы пайшла ад прылады, якая штосьці збірае і рэдыстрыбуе – як, напрыклад бібліятэчны калектар, што збірае і размяркоўвае кнігі, ці светлавы калектар, што збірае і перанакіроўвае святло. Таксама назва адсылае да важнай выставы «На калектарнай». Сайт стаўся платформай для ўсёй нашай папярэдняй дзейнасці.
Адна з самых важных для нас – праблема мастацкай адукацыі. Сяргей Шабохін чытаў курс нелегальных лекцый для студэнтаў Акадэміі мастацтваў па тэме, якая ў іх праграме адсутнічае, – тэорыя і гісторыя сучаснага мастацтва. Потым мы пачалі рабіць блог, які называецца «ФАК»: таксама базавыя лекцыі, даволі простыя і зразумелыя для студэнтаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краінаў, дзе гавораць па-руску. У агульную гісторыю намагаемся ўпісваць прыклады беларускіх мастацкіх прац.
У праекце ZBOR змяшчаюцца эсэ пра творы сучаснага беларускага мастацтва, што вельмі важна было кантэкстуалізаваць. Таксама ў платформу ўваходзіць INDEX – база дадзеных пра ключавыя працэсы, інстытуцыі, імёны ў беларускім мастацтве.
«З некаторым мастацтвазнаўцамі ў Беларусі складана размаўляць, бо яны не разумеюць, чаму мы пры апісанні арт-праектаў выкарыстоўваем такія паняткі, як "базіс", "надбудова", "спосаб вытворчасці"»
Сістэмныя праблемы і патэнцыял Дома-музея І з’езду РСДРП
– Пазіцыя куратара заўсёды была нязначнай у Беларусі. Мяне цікавіць перасячэнне практык мастацкіх і куратарскіх. Гэта даволі звычайная рэч на Захадзе, калі мастак выступае як куратар, бо ў гэтай працы шмат мастацкага. Ён працуе з гатовымі аб’ектамі, абірае іх, упісвае ў кантэкст. У Беларусі ёсць мастакі, якія займаюцца куратарствам, але яны часта кажуць: «Калі б у нас хапала нармальных куратараў, я б гэта не рабіў». Пакуль адчуваю, што куратараў насамрэч не стае. Бракуе таксама крытыкаў, гісторыкаў мастацтва і такога рухавіка мастацкай актыўнасці, пачуцця неадкладнасці нейкая справы – адкрыцця выставачнай прасторы, акцыянізму ці запуску часопіса. Мне не хапае культурнага ці палітычнага актывізму па-за межамі любых, афіцыйных ці неафіцыйных, інстытуцый. Ды проста такога тусовачнага вольнага духу! Як у часы існавання газеты «Навінкі» – там заўжды была тусоўка са сваімі героямі. Што можа быць прасцей, чым узяць у арэнду гараж і зрабіць у ім выставу ці вечарынку?
Яшчэ адна праблема – прыватны капітал. Ён стварае музеі накшталт «Гаражу» ў Маскве ці «Пінчук Арт Цэнтру» ў Кіеве. Тут ёсць свая небяспека, бо трэба разумець, з кім працаваць і ў каго браць грошы. На Захадзе заўсёды працуе правіла «выцягнутай рукі» – гэта значыць, што той, хто дае грошы, ні ў якім разе не можа казаць, што і як будзе рабіць мастак ці куратар. У нас яно, зразумела, не працуе. Цяпер у нас гучаць усе гэтыя праекты, ініцыяваныя банкамі, – але гэта зусім не тое мастацтва, да якога хацелася б мець дачыненне, хоць яны й купляюць Суціна і Шагала ў карпаратыўныя калекцыі.
Мне здаецца, зараз шчыльнасць культурных практык высокая: раней было адно мерапрыемства на вечар, а цяпер трэба выбіраць. Але я часам нават больш асалоды атрымліваю ад дзяржаўных музеяў, якія не маюць дачынення да сучаснага мастацтва, а проста з’яўляюцца цікавымі месцамі. Напрыклад, можна было б працаваць з Музеем выратаваных мастацкіх каштоўнасцяў у Берасці. Ці вось Дом-музей І з’езду РСДРП, які мог бы мець даволі істотную цікавую функцыю і мастацкую, і палітычную, а пакуль тут гісторыя бальшавіцкай партыі пераплятаецца з экзатычнымі матылямі. Але я веру ў патэнцыял такіх маленькіх публічных інстытуцый, якія калі-небудзь будуць даваць фаеру ўсім гэтым «кантэмпарары арт цэнтрам».
Фота by Таня Капітонава