Як бегчы марафон?
- 17.09.2020
- 5131
Пакуль бяжыш марафон, паспяваеш пракаціцца па размашыстай сінусоідзе пачуццяў: ад самаўпэўненасці ўніз да панікі і зноў уверх – да эйфарыі. А яшчэ за 42 кіламетры 195 метраў табе падрыхтаваны не адзін інсайт. Удзельніца Mikkeller Running Club Minsk Таццяна Клікун падзялілася з 34mag.net інсайтамі, якія здарыліся з ёй падчас забегаў у Варшаве, Токіа і Дубліне. Чытай і бяжы!
Таццяна Клікун
брэнд-менеджарка, удзельніца Mikkeller Running Club Minsk
Як расстаўляць прыярытэты?
Калі бяжыш марафон, увесь графік будуеш вакол марафону. Спачатку плануеш трэніроўкі і толькі потым – працу, сустрэчы з сябрамі, валанцёрства.
Калі ты займаешся чымсьці сур'ёзна, хочацца ставіць перад сабой мэты і іх дасягаць. Ці не дасягаць і рабіць высновы.
Што важна разумець, калі бяжыш марафон упершыню?
Мой першы марафон – вясновы забег ORLEN Warsaw Marathon. Тады я атрымала вельмі важны інсайт: я магу больш, чым я сабе прыдумала.
На 28-м кіламетры я пачала адчуваць стомленасць. У мяне не адмаўлялі ногі ці сэрца – гэта была толькі паніка: «Я ўжо адчуваю сябе такой стомленай, а мне яшчэ бегчы 14 кіламетраў!» Здавалася, што давядзецца сысці, і я думала, што гэта будзе жудасная ганьба – не фінішаваць на першым марафоне.
Але потым паніка адпускае – і з'яўляецца другое дыханне. Табе можа быць вельмі-вельмі цяжка, але гэта трэба ператрываць. Адчуваць сябе дрэнна ў гэтай кропцы – нармальна. Тое, што табе цяпер дрэнна, не значыць, што ты не зможаш фінішаваць.
Як выбраць тэмп?
Калі ты выбіраеш для сябе занадта хуткі тэмп, то ты не пратрымаешся 3-4 гадзіны. Марафонскі тэмп не такі, на якім ты задыхаешся і не можаш сказаць ні слова, – на забегах людзі знаёмяцца, камунікуюць проста на бягу.
«Тое, што табе цяпер дрэнна, не значыць, што ты не зможаш фінішаваць»
Што рабіць, калі нават надвор'е супраць цябе?
Дождж – гэта не прычына адмяніць трэніроўку, асабліва з нашым надвор'ем, калі дождж можа ісці кожны дзень. Калі ты прывык, то прымаеш гэтыя ўмовы: «Так, яны такія, а што рабіць? Толькі бегчы».
На маім другім марафоне – у Токіа – нягледзячы на тое, што была ранняя раніца, жудасны дождж, вельмі холадна і ветрана, на працягу 42 кіламетраў не было ніводнага месца, дзе не было б заўзятараў. Яны ўвесь час пляскалі ў далоні, прапаноўвалі напоі і ежу. Я ніколі не бачыла столькі людзей, якія выходзілі б падтрымаць бегуноў.
Як настроіцца на вынік?
Калі ты не дасягнуў сваёй мэты па рэзультатах, ты будзеш засмучаны, але сутнасць у тым, што марафон – гэта такая рэч, калі ты ў любым выпадку пераможца. І ты ведаеш: які б ні быў рэзультат, цябе ўсё роўна чакаюць людзі, якія падтрымаюць, абагрэюць, дапамогуць прыйсці ў сябе.
Якімі думкамі сябе падтрымліваць?
Падчас другога марафону вельмі моцна дапамагала тое, што я ведаю: паніка можа здарыцца, і гэтага не трэба палохацца, трэба проста працягваць.
Я была гатовая да таго, што мне можа стаць цяжка, і загадзя падрыхтавала пазітыўныя думкі, успаміны аб людзях, якія мяне натхняюць, і аб тым, чаго я дабілася сама. Я думала пра сваіх сяброў, якія бегалі дзесьці да мяне, пра тое, як яны змаглі справіцца са сваёй стомленасцю, думала пра тое, што ў іх атрымалася – і ў мяне таксама павінна атрымацца.
Мой сябар распавядаў, што, калі ён бег свой першы горны марафон, ён увесь час глядзеў на вяршыню, да якой трэба было ўзбегчы, – і яму было вельмі цяжка. А на іншым сваім забегу ён глядзеў сабе пад ногі – і проста рухаўся. Калі мне стала цяжка, я засяродзілася на самім бегу і думала пра тое, што са мной не адбываецца нічога дрэннага, што гэта ўсё скончыцца, што я проста стамілася. Я бягу ўжо 30 кіламетраў – вядома, я магла стаміцца за 30 кіламетраў.
Калі зараз здацца, зменшыць тэмп ці ўвогуле сысці з дыстанцыі, то потым ты будзеш адчуваць сябе дрэнна. Дапамагае думка: калі я зараз змагу прайсці праз гэта, на фінішы будзе вельмі выдатна.
«Калі я зараз змагу прайсці праз гэта, на фінішы будзе вельмі выдатна»
Як быць, калі вельмі цяжка?
Самы цяжкі марафон для мяне быў у Дубліне. І самы важны інсайт, які я з яго атрымала: ты ўсё роўна можаш працягваць рухацца, нават калі табе вельмі цяжка.
На 22-м кіламетры я зразумела, што не магу дыхаць і ў мяне зусім няма сіл падтрымліваць такі тэмп. Вельмі хацелася спыніцца і сысці. Я трымалася з усіх сіл і ні разу не перайшла на крок, таму што я разумела: калі перайсці на крок хоць раз, то я пачну рабіць гэта пастаянна.
Які адрэзак самы цяжкі?
Калі я ведаю, што фініш блізка. Апошнія 500 метраў у Варшаве – доўгая прамая з чырвонай дывановай дарожкай. Я бягу гэтую прамую – і мне здаецца, што фініш не набліжаецца. Больш за ўсё хочацца спыніцца, пацягнуць ногі або перайсці на крок. З аднаго боку, ты стаміўся. З іншага боку, хочацца не страціць тэмп. Гэты апошні адрэзак вельмі цяжкі.
Як падтрымліваць адно аднаго?
Неяк я бегла 21 кіламетр, а хлопец побач бег 30. Я аддавала яму цукеркі, таму што ён не разлічыў сілы і ежу. Мы прабеглі з ім кіламетраў сем разам і размаўлялі на розныя тэмы. Калі ёсць магчымасць з кімсьці пагаварыць, трошкі адцягнуцца ад таго, як табе цяпер цяжка, – гэта вельмі дапамагае.
Калі ты бяжыш і відаць, як табе цяжка, незнаёмыя бегуны на любых мовах будуць цябе падтрымліваць і казаць, што ты гэта зробіш. Калі я бегла ў Токіа апошні кіламетр, было адчувальна цяжка – я замарудзіла тэмп: «Зараз секундачку перадыхну». Нейкі японец паляпаў мяне па плячы і сказаў: «Давай ужо, тут нічога не засталося – на фінішы адпачнём!» І на фінішы тыя, хто бег наперадзе, апладзіравалі тым, хто быў за імі. Калі ты бачыш, як людзі падтрымліваюць цябе і адно аднаго, – гэта тое, дзеля чаго варта ўдзельнічаць.
Якія адчуванні на фінішы?
Гэта шчасце – больш не трэба бегчы! Палёгка, перамяшаная з эйфарыяй: я столькі трэніравалася, так доўга ішла да гэтага – і я гэта зрабіла.