Аляксандра Дзікан

  • 28.12.2018
  • 10661

Як жанчынам змагацца за свае правы ў краіне, дзе чыноўнікі не валодаюць паняццямі «гендарная дыскрымінацыя» і «сэксізм», а многія грамадзяне не бачаць нічога дрэннага ў тым, каб «выхоўваць» жонку ці дзіця з дапамогай кулакоў? Пагутарылі з заснавальніцай праваабарончай арганізацыі, якая намагаецца палепшыць асабісты, сямейны і прафесійны клімат для беларускіх жанчын.

 

 Гераіня:  Аляксандра Дзікан, 30 гадоў, дырэктарка «Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы».

 Чым займаецца:  прадастаўленне інфармацыйна-прававой дапамогі жанчынам, якія сутыкнуліся з парушэннем правоў і/ці дыскрымінацыяй; садзейнічанне ў складанні іскавых заяў, зваротаў, хадайніцтваў, а таксама ў давядзенні справы да суда.

Сайт    Facebook

 

 

Пра станаўленне асабістай грамадзянскай свядомасці

– У грамадзянскі сектар я трапіла ў 15 гадоў – у арганізацыю «Еўрапейскі моладзевы парламент». Я вучылася ў гімназіі ў Брэсце з англійскім ухілам. Тады дзейнасць многіх грамадскіх арганізацый яшчэ не была забароненая ў Беларусі, яе падтрымлівалі многія ўніверсітэты. Да нас у гімназію і прыйшлі студэнткі-ўдзельніцы руху Еўрапейскі моладзевы парламент з універсітэта і распавялі пра такую арганізацыю ды такую магчымасць. Далей былі дэбаты на англійскай, сустрэчы з людзьмі з розных краін, паездкі на адукацыйныя сесіі за мяжу, мадэляванне работы Еўрапейскага парламента. Гэта адбывалася на базе Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта.

Пасля Еўрапейскага моладзевага парламента я трапіла ў Студэнцкую раду, якая тады зараджалася. Мы былі першым складам, працавалі са студэнцкімі правамі, правамі чалавека, ладзілі трэнінгі і мерапрыемствы. Гэта было мне блізка, і пасля бакалаўрыяту па міжнародным маркетынгу і эканоміцы і працы па размеркаванні я зразумела, што ў мяне не ляжыць душа да камерцыйнага сектара і да маркетынгу. Хацелася чагосьці іншага, і я знайшла працу ў НДА-сектары. Я глядзела на арганізацыі сістэмы ААН, якія здаваліся мне недасягальнымі. Каб туды патрапіць, мне не хапала адукацыйнага бэкграўнду. Таму я паехала ў магістратуру ў Нідэрланды на паўтара года, мэтанакіравана ў інстытут, які займаецца пытаннямі развіцця, правоў чалавека і гендару. Нават факультэт называўся «Перспектывы сацыяльнай справядлівасці».

«Мяне выклікалі для размовы ў КДБ, пагражалі ва ўніверсітэце. Мяне гэта абурыла: такая класная дзвіжуха, навошта вы яе забараняеце?»

Мая грамадзянская свядомасць з'явілася, калі пачалі прэсаваць Еўрапейскі моладзевы парламент. Пачалося ўсё з таго, што Каардынатара з Вялікабрытаніі дэпартавалі з Беларусі, хоць ён па сутнасці прыцягваў у краіну фінансы і дапамагаў актыўна развіваць рух EYP у Беларусі. Пасля дэпартацыі Алана Флаўэрса Камітэт дзяржаўнай бяспекі заняўся актыўнымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі EYP. Мяне выклікалі для размовы ў КДБ, пагражалі ва ўніверсітэце. Мяне гэта абурыла: такая класная дзвіжуха, навошта вы яе забараняеце? Так я прыйшла ў правы чалавека, але мая гендарная адчувальнасць да магістратуры была нулявой. А ва ўніверсітэце былі курсы па гендары, і для мяне адкрылася гэтая тэма. Там я актыўна ўключылася ў працу гендарнага камітэта ў рамках студэнцкага самакіравання, пачала адукоўвацца, пачала прапускаць гэтыя пытанні праз сябе. Гэта былі ўжо не абстрактныя веды пра тое, што хтосьці кагосьці дыскрымінуе, а разуменне, што ты – частка патрыярхальнай сістэмы, а ў несправядлівасці, якая адбываецца, ёсць свае прычыны.

Калі я вярнулася ў Беларусь, мне кінулася ў вочы праблема хатняга гвалту і тое, што няма ніякага закона, з ім звязанага. Агрэсараў ніхто не карае. Раней я лунала ў аблоках і думала, што наша сістэма больш заточаная на прадухіленне гэтых праблем, больш справядлівая.

 

 

Як узнік «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы»

– Потым я патрапіла на гендарны курс для жанчын з НДА. Там была выдатная кампанія аднадумцаў, дзе мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні. А я не магу проста мусоліць, я пачынаю думаць, што я магу зрабіць. Так мы сталі збірацца ў мяне дома, спрабавалі розныя ідэі. Першым праектам была настольная гульня аб гендарных стэрэатыпах. У нас сыходзіліся погляды і бачанне праблем, і мы працягнулі сустракацца пасля першага праекта. Мы не хацелі на гэтым спыняцца, але ідэі, якая б нас зачапіла, яшчэ не было. Потым я паехала на месяц у Швецыю на курс па правах чалавека, і там усё нарэшце склалася. Гэтая праграма была завостраная ў асноўным на прававы аспект працы з праблемамі парушэння правоў чалавека і гендарнай няроўнасці. Я пагрузілася ў свет адвакатавання. Пасля гэтай праграмы і прыйшло разуменне таго, чым варта займацца і ў што менавіта рабіць ухіл.

«У Беларусі забаронена дыскрымінацыя па палавой прыкмеце, але суды не ведаюць, як працаваць з такімі выпадкамі, – не ведаюць нават такога слова»

Мы зразумелі, што гэта тое, што мы хочам рабіць, тое, чаго нам моцна не хапае, тое, у чым у нас ужо была нейкая экспертыза. Таму быў абраны менавіта юрыдычны і праваабарончы падыход да прасоўвання гендарнай роўнасці ў Беларусі. На той момант жанчыне не было куды звярнуцца ў сітуацыях дыскрымінацыі і парушэння яе правоў.

Мы зарэгістраваліся, пачалі шукаць фінансаванне для сваёй працы, пачаліся праекты. Вельмі хутка мы пераканаліся, што наша ідэя была правільнай: мы пачалі даведвацца, што ў рэальнасці адбываецца з жанчынамі, з якімі канкрэтнымі прыкладамі дыскрымінацыі яны сутыкаюцца, якой колькасці жанчын патрэбная дапамога.

 

 

«Прэзідэнт даў указ аптымізаваць дзяржапарат на 30 %. Чыноўнікі вырашылі пайсці па такім шляху: пераводзіць тых, хто ў дэкрэце, на ніжэйшыя пасады або скарачаць»

Складаны дыялог з дзяржаўнымі органамі

– Мы зразумелі, што ў Беларусі недасканалая правапрымяняльная практыка. Існуючых заканадаўчых рамак зусім не дастаткова для якаснай працы па адстойванні правоў. Напрыклад, у Беларусі забаронена дыскрымінацыя па палавой прыкмеце, але суды не ведаюць, як працаваць з такімі выпадкамі, – не ведаюць нават такога слова. Даказаць выпадак дыскрымінацыі вельмі складана і, што таіць, практычна нерэальна, у вялікай ступені яшчэ і таму, што недастаткова проста прапісаць у адным з артыкулаў Працоўнага кодэкса, што дыскрымінацыя па любой прыкмеце забароненая. Калі мы паглядзім, па якім шляху ідуць іншыя краіны, – гэта шлях паглыблення і пашырэння паняццяў, ад агульнай забароны дыскрымінацыі да вузкіх законаў, напрыклад аб роўнай заработнай плаце. У нас жа ёсць вельмі агульная канва, але яе зусім не дастаткова, каб пайсці ў суд і даказаць сваю правату, таму што патрэбныя выразна прапісаныя азначэнні, зразумелыя механізмы доказаў і схемы працы. Зараз атрымліваецца, што ў нас ёсць кейс дыскрымінацыі па палавой прыкмеце ў працоўнай сферы, мы ідзем у суд і не можам даказаць сам факт дыскрымінацыі, а міжнароднае заканадаўства для нашых суддзяў часта не аргумент. Заканадаўчай базы цяпер недастаткова.

Вельмі складана працаваць па тэме сэксісцкай рэкламы. У нас ёсць Закон «Аб рэкламе», дзе прапісана толькі, якая рэклама з'яўляецца нядобрасумленнай і неэтычнай, а вось паняцце сэксісцкай рэкламы адсутнічае. Нам трэба кожны раз такую рэкламу апісваць і абгрунтоўваць, чаму яна не з'яўляецца этычнай. Так мы сутыкнуліся з тым, што ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю няма разумення таго, што такое сэксісцкая рэклама, чаго ў рэкламе не павінна быць (як гэта адбываецца, напрыклад, у Парыжы). Пасля нашумелага кейса «Марк Фармэль» нам удалося выклікаць вялікую дыскусію, людзі сталі задумвацца над рэкламай. Для бізнэсу гэта таксама было падставай звярнуць увагу на сваю рэкламу. З'явіліся прыклады, калі пасля скаргі людзей уладальнікі сталі прасіць прабачэння і прыслухоўвацца да іншай думкі, разумець, што ў доўгатэрміновай перспектыве правакацыі не прынясуць выгады. Ёсць адчуванне, што патрабаванні да бізнэсу па якасці рэкламы павысіліся. Па сэксісцкай рэкламе да нас да гэтага часу шмат хто звяртаецца. Нейкую рэкламу сапраўды прызнаюць неэтычнай пасля нашых зваротаў. Але мы сутыкнуліся з тым, што, прызнаючы неэтычную рэкламу, Міністэрства не хоча нічога рабіць сістэмна. Нас уразіў адзін з адказаў: «Вы, калі ласка, шукайце гэтых вытворцаў, кантактуйце з імі, хай яны прыбіраюць гэтую прадукцыю», – хоць гэта не наша задача, а іх.

 

 

Каму дапамагае «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы»

– Гісторый, калі мы дапамагаем канкрэтным жанчынам, вельмі шмат. Нядаўна, напрыклад, дапамаглі жанчыне, якую ўвогуле пазбавілі бацькоўскіх правоў з неабгрунтаванай прычыны. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах – вельмі складаная працэдура. Мы праходзілі ўсе інстанцыі, абскарджванні, перагляд справы, і нам удалося! Гэта наш поспех, магчымы яшчэ і дзякуючы вялікаму жаданню самой жанчыны і насуперак пазіцыі дзяржорганаў. Яна адна, без мужа і аліментаў, гадавала дзіця, з'ехала з вёскі, працавала на некалькіх працах.

Яшчэ адна вялікая праблема, з якой да нас звяртаюцца, – аптымізацыя дзяржапарату за кошт жанчын у дэкрэтным адпачынку. Гэта відавочны выпадак працоўнай дыскрымінацыі. Ёсць статус дзяржслужачага, які дае пэўныя бонусы. Прэзідэнт даў указ аптымізаваць – гэта значыць паменшыць – дзяржапарат на 30 %. Чыноўнікі вырашылі пайсці па такім шляху: пераводзіць тых, хто ў дэкрэце, на ніжэйшыя пасады або скарачаць. Мы дайшлі да Вярхоўнага суда, але факт дыскрымінацыі там не прызналі. Поспеху мы не дамагліся, але зразумелі, што праблема ёсць, і цяпер рыхтуем скаргу ў Камітэт ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, якую хочам падаць да канца гэтага года.

Прыкладна 50 % зваротаў на інфармацыйна-прававую лінію прыпадае на сямейна-бытавую сферу. Гэта праблема хатняга гвалту, і мы вельмі шмат сутыкаемся з яе наступствамі, калі жанчына, якая была ў сітуацыі хатняга гвалту, вырашае разводзіцца, дзяліць маёмасць і апеку над дзецьмі і звяртаецца да нас – ёй патрэбная юрыдычная дапамога. Прававая пісьменнасць у нашых жанчын вельмі нізкая, дзяржорганы часта іх дэзінфармуюць.

«Прававая пісьменнасць у нашых жанчын вельмі нізкая, дзяржорганы часта іх дэзінфармуюць»

Яшчэ адна праблема – усё, што звязана з сацыяльнай дапамогай і гарантыямі, напрыклад адзінокім маці. Адна наша кліентка, былая нарказалежная, якая цяпер ужо тры гады не стаіць на ўліку, з дачкой ад папярэдніх адносін, цяпер цяжарная, але яе партнёр памёр ад раптоўнага сардэчнага прыступу. Яна можа прэтэндаваць на дапамогу па страце карміцеля, да прыкладу, пра што ёй ніхто не паведаміў. А замест гэтага ёй паступаюць пагрозы адабраць дзяцей – стыгматызацыя былых нарказалежных вельмі вялікая. Часта дзяржорганы замест таго, каб дапамагчы і распавесці аб магчымай дапамозе, ставяць палкі ў колы або бяздзейнічаюць. Тады мы разам з жанчынай патрабуем таго, што яны павінны зрабіць па законе. Прычым з кожным выпадкам аказваецца, што жанчын з падобнымі сітуацыямі вельмі шмат.

У месяц да нас звяртаецца прыкладна 40 жанчын. Гэта не разавая кансультацыя: як правіла, мы ўжо ў далейшым працягваем весці гэтую справу. Ёсць адвакатка, з якой мы супрацоўнічаем пастаянна і якая прадстаўляе інтарэсы гэтых жанчын у судзе. Нашы паслугі абсалютна бясплатныя, а вось адвакацкую дапамогу мы прадстаўляем толькі ў экстранных выпадках – гэта вельмі дорага. Большасць нашых жанчын – сярэдняга сацыяльнага статусу, невысокага дастатку, з рэгіёнаў, ва ўразлівых сітуацыях, цяжарныя або з маленькімі дзецьмі і не могуць сабе дазволіць дарагой дапамогі. Самі мы пішам праектныя заяўкі на фінансаванне ў розныя фонды.

 

 

У жанчын у Беларусі вельмі нізкі ўзровень ідэнтыфікацыі дыскрымінацыі. Вельмі складана сказаць: тое, што адбываецца са мной, – гэта дыскрымінацыя. Шмат хто кажа, што ніколі ў жыцці не сутыкаліся з гендарнай няроўнасцю. Я ў такіх сітуацыях рэкамендую пачаць больш чытаць пра тое, што такое гендарная дыскрымінацыя, якія бываюць яе формы і прыклады. Многія жанчыны самі пагаджаюцца, што гэта нармальна – пытацца на сумоўі пра сямейнае становішча, дзяцей і іх хваробы, што гэта нармальна, калі мужчына за тую ж працу атрымлівае на 25 % больш, проста таму што ён мужчына, што гэта нармальна – кпіць з сябе, бо жанчына эмацыйная і дурная, а мужчына рацыянальны і сур'ёзны, гэта нармальна – на дзелавых перамовах перабіваць і абясцэньваць жанчыну і яе кампетэнцыі. Пакуль жанчыны гэтага не зразумеюць, складана раіць ім нешта, каб абараняць свае правы, – проста запыту няма, яны не бачаць, што іх правы парушаюцца, і спрабуюць знаходзіць у сваім становішчы нейкія выгоды. Калі ты сумняваешся, можна абмеркаваць з намі: ці дыскрымінуюць цябе, ці з'яўляецца дадзеная рэклама сэксісцкай і што можна зрабіць. Важна не толькі абурацца, але і пачынаць нешта рабіць, гаварыць з людзьмі, не маўчаць, звяртацца па дапамогу. Нам вельмі не хапае таго, каб тыя, хто адчувае дыскрымінацыю, ідэнтыфікуе яе, абураныя ёй, пачалі пра гэта казаць. Гэта дапаможа не толькі аднавіць справядлівасць канкрэтнай жанчыне, але і дасць іншым магчымасць зразумець: так, такая сітуацыя была і ў мяне, гэта не норма.

«У жанчын у Беларусі вельмі нізкі ўзровень ідэнтыфікацыі дыскрымінацыі. Вельмі складана сказаць: тое, што адбываецца са мной, – гэта дыскрымінацыя»

Для Беларусі вельмі важны закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Гэта адназначна велічэзная праблема, і, вядома, мы разумеем, што проста прыняцця закона недастаткова. Трэба будзе працаваць над практыкай прымянення, каб гэты закон працаваў. Таксама патрэбны закон аб гендарнай роўнасці, дзе было б прапісана, што такое дыскрымінацыя.

Калі дзяржава не бачыць выгады для сябе, лабіраваць змены ў законах вельмі складана. Гэта відаць на прыкладзе закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту: вялікая група людзей прарабіла велізарную працу, канцэпцыя законапраекта была вельмі добрая, яна ўлічыла бягучыя праблемы і міжнародны вопыт. Мне здаецца, на тое, што канцэпцыя была адхіленая, моцна паўплывалі паводзіны рэлігійных груп, якіх зачапіла тое, што дзяцей нельга караць фізічна, і з'яўленне дыскурсу пра тое, што калі ёсць гвалт, то гэта не сям'я. І тут мы разумеем, наколькі глыбока фізічныя пакаранні ўкаранёныя ў нас як норма, а дзеці і жанчыны бачацца як уласнасць. Гэта абурыла людзей: супраць канцэпцыі падпісалася каля 4000 чалавек. Мы недаацанілі гэтую сілу, і гэта трэба ўспрымаць як каштоўны вопыт на будучыню. Асабіста па мне гэта вельмі моцна ўдарыла маральна.

Адзін з нашых новых праектаў – ментарская праграма для жанчын у лідарстве. Мы ўбачылі, што ў гэтым ёсць вялікая патрэба. У нас вельмі шмат заявак – жанчыны працягваюць пісаць да гэтага часу, хоць удзельніцы ўжо набраныя. Ментарства – гэта тое, што будзе ў нас развівацца. У жанчын ёсць шэраг знешніх і ўнутраных бар'ераў, якія перашкаджаюць прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы, шкляная столь, гендарныя стэрэатыпы, сіндром самазванкі, недастатковая колькасць паспяховых жаночых ролевых мадэляў. Мы вырашылі, што змагацца з гэтым будзе крута праз ментарскую праграму. У ёй зараз 68 жанчын.

 

Фота: Віялета Саўчыц