Аляксандр Веледзімовіч
- 11.11.2015
- 1894
Фатограф і стваральнік праекта «Віцебскія фотамайстэрні» Аляксандр Веледзімовіч распавядае пра актыўнасці сваёй справы і даводзіць уласным прыкладам, што не трэба мець вялікі штат супрацоўнікаў, офіс і жорсткі графік працы, для таго каб сабраць кола паплечнікаў вакол сябе.
Герой: Аляксандр Веледзімовіч, 35 гадоў. Скончыў Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных зносін у 2005 годзе. Вучыўся на факультэце фотакарэспандэнтаў імя Гальперына. Уладальнік II прэміі 2013 Міжнароднага конкурсу фатаграфіі FotoFilmic’13 у Ванкуверы, I катэгорыі ў намінацыі «Партрэт» на конкурсе Belarus Press Photo – 2014. Выкладчык курсаў фатаграфіі «Анатомія партрэта».
Арыгінальная дата публікацыі – 11.11.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Гісторыя Аляксандра
– Сваю першую камеру – Canon 300D – я набыў у 2004 годзе ў Штатах, дзе быў у студэнцкім падарожжы. Гэты фотаапарат параіў мне шэф рэстарацыі, у якой працаваў. Ён растлумачыў розніцу паміж люстэркавай камерай ды «мыльніцай», а да таго я нічога пра гэта не ведаў.
Першыя паўтара года я самастойна, без аніякіх курсаў (бо іх увогуле не існавала), вучыўся разбірацца ў тым, што завецца асновамі фатаграфіі. Чытаць мне асабліва не хацелася, таму я проста хадзіў па горадзе і ціснуў на кнопку. Пазней з’явіліся фотасайты, дзе не было лайкаў, але былі абмеркаванні і можна было запытаць і атрымаць параду. І працавала гэта вельмі проста: ты сам вырашаў, гледзячы на фотаздымкі чалавека, наколькі табе падабаецца, што ён робіць.
У 2009 годзе я, дзеля навучання на факультэце фотажурналістыкі, паехаў у Піцер, але вучобу там так і не скончыў: аказалася, што ўсё самае цікавае здараецца ў майстэрнях фатографаў – Кітаева, Мохарава, «Фотадэпартаменце», галерэі «Барэй», на адкрыцці выстаў. Гэты было захапляльна, весела і шумна. І змяніла напрамак таго, чым бы мне хацелася займацца: я пачаў больш разумець, як працуе сучасная фатаграфія, што гэта ўвогуле такое.
«Вяртаўся з Піцера я з вельмі рамантычнай мэтай – зрабіць так, каб моладзь не пакідала Віцебск»
Стала зразумелым, што ёсць не толькі я сам як фатограф альбо мастак, ёсць яшчэ і свет навокал, які якраз і з’яўляецца падмуркам для творчасці. Простымі словамі: я зразумеў, што натхненне ідзе не толькі знутры, але і звонку.
Падчас майго знаходжання ў Санкт-Пецярбургу я наглядзеўся на тое, што адбываецца ў тамтэйшым творчым асяроддзі фатографаў. І мне гэта вельмі было даспадобы. Таму я вяртаўся адтуль з вельмі рамантычнай мэтай: зрабіць так, каб моладзь не пакідала Віцебск. Для гэтага горад трэба зрабіць цікавым і больш прывабным для маладых людзей. Амбітна? Так. Да таго ж мне хацелася хуткіх вынікаў, маўляў, вось пачнем праводзіць сустрэчы – і адразу з’явяцца людзі, якія будуць здымаць, рабіць штосьці сваё. Так і паўсталі «Віцебскія фотамайстэрні».
«Я не хацеў надаваць заняткам папсовую форму, казаць пра тэхніку, камерцыйную і шлюбныя фотаздымкі»
Гісторыя «Фотамайстэрняў»
– У 2010 годзе створаны аднайменны сайт, і гэта стала пачаткам ініцыятываў. Спачатку былі штотыднёвыя сустрэчы ў маёй кватэры – з размовамі пра фатаграфію і ўсё, што яе датычыцца. Я не хацеў надаваць заняткам папсовую форму, казаць пра тэхніку, камерцыйныя і шлюбныя фотаздымкі. Таму мы больш абмяркоўвалі эстэтыку, разглядалі фатаграфію як частку сучаснага мастацтва. Прысутнічала ад 5 да 10 чалавек. Некаторыя з іх ужо мелі досвед у фатаграфіі, і часам яны прыходзілі не толькі па веды, але і каб цікава прабавіць час у прыемнай тусоўцы. Я рыхтаваўся, шмат чытаў і перакладаў з ангельскай і ніколі не казаў загадзя, якая тэма будзе наступнай. Сустрэчы адбываліся дзесьці паўгода.
За гэтыя шэсць месяцаў мы паспрабавалі разныя фарматы: я распавядаў, потым мне распавядалі, былі таксама лекцыі і прэзентацыі іншых майстроў. Часам атрымоўвалася так, што на сустрэчах больш размаўлялі і займаліся чым заўгодна, але не фатаграфавалі – гэткае «хобі-плэйс фор рэлакс, толк анд спэнт гуд тайм». А мне хацелася вынікаў, каб людзі адразу пачалі здымаць, прыдумляць нешта сваё. Таму я стаміўся чакаць і вырашыў змяніць фармат.
У 2011 годзе сустрэчы адбываліся раз на месяц, але ўжо не са мной, а з кімсьці з прыезджых фатографаў. Мэтай было не зарабіць грошы, а зрабіць майстар-класы і лекцыі даступнымі для большай колькасці наведнікаў. Першым госцем стаў вядомы беларускі фатограф Ягор Войнаў з двухдзённымі заняткамі: лекцыя з партфоліа-рэвю ды васьмігадзінны здымачны дзень. Пасля была сустрэча з не менш вядомым Максімам Шуміліным, потым – двухдзённы майстар-клас з Андрэем Рогавым. Апошнім з мерапрыемстваў стала творчая сустрэча з піцерскім майстрам Яўгенам Мохаравым з Пецярбургу.
У наступным годзе актыўнасць зменшылася, а потым усё перарасло ў віртуальны фармат. Але ў любы неабходны момант «Майстэрні» пераўтвараюцца ў нешта матэрыяльнае – калі патрэбная дапамога альбо пляцоўка для арганізацыі падзеі. З’явілася ідэя прывезці фатографку і выкладчыцу Волю Бубіч з аповедам пра фотакнігі? Крута, добра, займаемся гэтым.
З маштабнага быў фотамаркет «Святло» ў 2014 годзе ў дворыку арт-базы VITEBSK4ME і серыя сустрэч «Забіць Буду» як новы спосаб расповеду пра фатаграфію. Чалавек прыходзіць са сваім пытаннем і атрымоўвае на яго адказ. Часта было вельмі цікава, таму што пытанні розныя і гэта дае магчымасць абмеркаваць розныя тэмы.
З VITEBSK4ME, дарэчы, «Майстэрні» не аднойчы рабілі сумесныя праекты. Адным з першых быў прыдуманы Таняй Блажэвіч практыкум па дакументальных фотаздымках «Аўтсайд». Кожны з удзельнікаў «атрымоўваў» двух людзей – прадстаўнікоў якой-небудзь субкультуры, і іх трэба было зняць. А да таго я даваў тэорыю: рэпартажная фатаграфія, вывучэнне тэхнічных аспектаў і гэтак далей.
Таксама мы цесна супрацоўнічаем з віцебскім Цэнтрам сучаснага мастацтва, яго выдатным кіраўніком Андрэем Духоўнікавым і не менш цудоўнымі навуковымі супрацоўнікамі.
У 2015 годзе мы зрабілі выставу «Пошук страчанага часу». Падчас навучання па праграме арт-менеджараў у інстытуце нас накіроўвалі на сацыяльна-арыентаванае мастацтва. Мне гэта вельмі не падабалася. Казалі, што трэба ўцягваць людзей і ўсё такое, быў нейкі палітычны падтэкст. А мне хацелася іншага, і я пачаў думаць, як гэта ўсё аб’яднаць. Так і нарадзілася ідэя наконт паляроідаў як архіўнай фатаграфіі і людзей, далучаных да працэсу. Удзельнікі атрымалі веды наконт таго, як зрабіць выставу за 2 дні, прытым зрабіць добра, з афішамі і прома. І выдаткаваць на гэта не больш за 10 даляраў.
«Фотамайстэрні» зараз
Зараз «Фотамайстэрні» знаходзяцца не на тым узроўні, якога я чакаў. Але я перастаў думаць, што майстэрні павінны ўвесь час працаваць. Хай будуць тады, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Ёсць агульны напрамак развіцця – каля фатаграфіі, – але дакладных планаў няма.
У апошні час у мяне ўсё зрушылася ў бок асабістага развіцця. У 2015-м у Віцебску прайшла мая персанальная выстава «Тэорыя гісторыі». У 2016-м я выстаўляўся у Менску (калектыўная выстава фіналістаў конкурсу «Prafota»), Берасці (персанальная выстава «Кунсткамера»), Варшаве (персанальная выстава «UTOPIA»). Таксама я пабываў у арт-рэзідэнцыі Gaude Polonia. За паўгода, што я правёў у Варшаве, у меня з’явіліся інтарэсы за межамі фатаграфіі: у выніку ў выдавецтве «Кнізабор» выйшлі мае апавяданні пра Шуру Пераплётава і Віцебск пад назвай «Залаты час».
Па вяртанні з Варшавы мае курсы па анатоміі партрэта перайшлі ў анлайн, а «Фотамайстэрні» я паставіў на паўзу. У 2017 годзе адбыліся мае персанальныя выставы ў Беластоку («Алексіяда») і Менску («Мінулае здзейсненае»).
«На мерапрыемствы прыходзяць зусім розныя людзі: адныя жадаюць пагутарыць, іншыя – падзяліцца інфой, пабыць у цёплай кампаніі»
Тэкст і фота: Таня Аліпчыкава