Душэўныя джэмы By Soulfam

На працягу ўсяго лета 2017-га ў шчыльным закутку бара «Ў» ладзіліся імправізаваныя канцэрты By Soulfam – вялікай музычнай групоўкі, да якой, каб паджэміцца, мог далучыцца кожны. Мы сустрэліся з яе стратэгічным цэнтрам – Дзёнем Бародзічам, Юрам Зверавым і Сашам Жылачам (звычайна выступае ў ярка-чырвоных нагавіцах) – і даведаліся пра тое, чаму не бывае выпадковых сустрэч, навошта выязджаць граць у палі і як дасягнуць гармоніі, калі вас 11 чалавек у гурце.

 


Па пятніцах у бар «Ў» лепш прыходзіць загадзя. Тут не толькі столікі будуць занятыя альбо зарэзерваваныя – нават для таго, каб адзінока пасядзець ля вакна з келіхам віна, трэба злаўчыцца (і не разліць напой!). На момант затрымліваеш дыханне і шпарка ныраеш у шчылінку паміж людзьмі, якая, як партал на Кінгс-Кросе, можа знікнуць ў долі секунды. Ці лепей проста заставайся стаяць – тады дакладна не толькі пачуеш, але і пабачыш цуд, які штотыднёва адбываецца ў маленькім кутку пад карцінай, што з выклікам зыркае на прысутных праз свае акуляры.

Мы на імправізаваным канцэрце By Soulfam – унікальным джэм-балагане, які ледзь не кожны тыдзень сёлетняга сезона ўзбагачаў досвед наведнікаў і саміх музыкантаў нестандартнымі музычнымі хадамі і паваротамі. Гітара, барабаны, труба, саксафон, вакал, клавішы, дуда і скрыпка ў суправаджэнні звонаў келіхаў і нетаропкіх пятнічных размоў – удзельнікі By Soulfam самі ніколі не ведаюць, хто і як будзе граць. Адзінае, у чым яны ўпэўненыя і за што адказваюць, – гэта тое, што будзе душэўна і па-сямейнаму.

 

 

 

Пра пачатак

 

 Дзёня:  Усё пачалося ў 2009-м у хабзе. Там я скарэфаніўся з Сашам, мы абодва моцна захапляліся музыкай. Падсеўшы на джаз, Саша вельмі захацеў граць на саксафоне. Так захацеў, што набыў сакс. Рупліва на ім займаўся і ў выніку стаў прафесійным вулічным музыкам, якім працуе ўжо больш за 5 год. А я граў на гітары, калі ездзіў да бабулі з дзядулем, бо там не было інтэрнэту ды нармальных праграм на тэлебачанні.

Так мы і пачалі паігрываць дома на саксе і гітары, нават выязджалі ў палі, каб ніхто не чуў. Пачалі граць у пераходах – там акустыка класная. Прытым не ставілі нейкіх там валізак ці капелюшоў, проста шукалі, дзе можна пайграць. Наш любімы пераход быў на Фрунзенскай, які выходзіў на Караля. Там заўсёды было мала людзей.

Аднойчы сяброўкі запрасілі нас на джэм у Чырвоным дворыку, які арганізоўваў Захар Шлімакоў. Ідэя была ў тым, каб музыкі збіраліся і пачыналі граць, а людзі слухалі, па сутнасці, іх адкрытую рэпетыцыю. Мы з Сашам спачатку вагаліся, але потым вырашылі далучыцца са сваімі інструментамі. З таго дня мы і ўліліся ў гэтае музычнае асяроддзе. Джэм праходзіў у першы дзень кожнага новага сезона ў розных лакацыях. Ёсць нават запіс ад 1 верасня 2013-га. Потым на працягу года джэм праводзіўся ў «Хулігане» і ў бары «Ў», дзе мы пасябравалі з Мікітам Шацёрам. Ён з сябрамі адкрыў Svobody.4, дзе я некаторы час працаваў, і мы там таксама ладзілі джэмы. Карацей, усе знаёміліся, тусілі разам і класна праводзілі час.

 

 

 

Пра каманду

 

 

На дадзены момант у складзе By Soulfam каля 11 чалавек, але гэтая лічба скача ў залежнасці ад выступлення. Юра на барабанах, на гітары Дзёня, на басе Філіп, за клавішамі Міша (празваны Майклам за свае салодкія акорды), на скрыпцы Марго, за флейту і драўляную дуду адказвае Глеб, на саксафоне Саша, Паша на кларнеце, Нікаля –трубач (з’явіўся пасля «Мірума»), вакалісты – Лера, Ліза і Макс. Гэта асноўны склад, але дадай сюды чыл-вібрацый хлопцаў з Vibeclub, мультыінструменталіста Вову Патапенка, Пафнуція з валторнай, саксафаніста Пашу і яшчэ добры стос людзей з інструментамі пад пахай, якія любяць «падудзець у адну дуду».

У бары ўжо пераваліла за 11-ю, а хтосьці з музыкаў толькі пачаў падцягвацца. Інструменты то расчахляюцца, то хаваюцца. Вось басіст узяў акорд, а праз хвіліну ўжо гучна смяецца на вуліцы. Барабаншчык і гітарыст памяняліся і месцамі, і інструментамі, а ты і не заўважыў. Каб цалкам разумець, што адбываецца на джэме, трэба пільна сачыць і ўважліва слухаць. Тады адкрываюцца дадатковыя экстрасэнсорныя здольнасці і з’яўляецца трэцяе вуха. 

«Я прыбраў усё лішняе ў жыцці і пакінуў 80 % свайго часу творчасці»

 Саша:  Людзі па-рознаму далучаюцца да нас. Аднойчы я граў у пераходзе на саксафоне і мне пачаў падпяваць незнаёмы хлопец з неверагодным тэмбрам. Аказалася, што гэта Мікіта Ходас. Дзёня запрасіў і яго. Потым далучылася Ліза, а пазней хлопцы з Vibeclub, праз якіх мы выйшлі на Леру. У Леры тады быў свой гурт [Dzie mora? – заўвага 34mag], і шапачна мы ведалі яе ўжо 5 год. Гэта насамрэч вельмі цікава, бо ўсе мы дзесьці сустракаліся, але мімалётна. Вось Юра-барабаншчык пры знаёмстве адразу сказаў, што памятае, як я ў пераходах граў. Летась Дзяніс пачаў працаваць у бары «Ў», і джэмы перамясціліся туды.

 

 

Пра фамілію

 

 Дзёня:  Мы з рабятамі хадзілі на джазавыя канцэрты ў філармонію. Пасля выступу хлопцаў з Ізраілю вырашылі з імі пазнаёміцца і запрасіць на наш джэм. Дамовіліся сустрэцца а 10-й увечары. Я нават пост у фэйсбуку зрабіў, што будзе джэм. Граем, граем, а яны не прыходзяць. Ужо 12 ночы, і толькі тады яны завальваюць. Карацей, ключы ад «Ў» засталіся ў нас, і праджэмілі мы з імі ажно 8 гадзін! Да самага золку. Пасля гэтага мы ўжо канчаткова вырашылі неяк абазначыць нашы джэмы і прыдумаць назву.

 Юра:  А ўсё геніяльнае – проста. У назве By Soulfam «by» азначае беларускае. А таксама мае значэнне прыналежнага прыназоўніка. Вось такая гульня словаў. «Soul» – душэўнае, «fam» ад «family» – сям’я.

У нас не было сваіх песень, мы проста джэмілі, а тут куратарка Mirum Music Festival Воля Смок прапанавала нам паўдзельнічаць у фестывалі. Давялося за некалькі тыдняў напісаць праграму выступу, прыдумаць 6 песень. Гэта быў добры штуршок. З тых часоў усё і пайшло-паехала. Зараз у нас ёсць студыя, дзе мы штотыднёва рэпаем па 4-5 гадзін, а потым адразу збіраемся на джэм. Дзякуючы 34 Music Sessions з’явілася песня «Час». Лера і Нікіта напісалі тэкст, і песня нарадзілася літаральна за адзін дзень.


 Саша:  Усе джэмы мы запісваем, потым пераслухваем, аналізуем і бярэм адтуль нарыхтоўкі. Хтосьці першым бярэ акорды, напрыклад Дзёня на гітары, а іншыя падхопліваюць. З-за таго што музыкі ў асноўным з добрым вопытам, музыка пачынае нараджацца сама. Як з зерня разрастаецца, потым трэба толькі прыбраць лішняе.

«Наш любімы пераход быў на Фрунзенскай, які выходзіў на Караля. Там заўсёды было мала людзей»

 Юра:  Вельмі важную ролю грае Лера. Яна хутка генеруе крутыя мелодыі, бо добра адчувае музыку і злучае кавалкі сваім вакалам.

 Дзёня:  Мы яшчэ шукаем сваё гучанне. Шмат людзей у калектыве, усім падабаецца розная музыка, і часам складана знайсці кампраміс. Спрэчкі здараюцца, але, як правіла, бярэцца два меркаванні, дзве ідэі, як развіць музыку. Тады мы граем два варыянты, потым слухаем у запісе і абіраем лепшы.

 Юра:  Без рукапрыкладства.

 

 

 

Пра энергію джэмаў

 

 Дзёня:  Мне, напрыклад, падабаецца вялікі спектр музыкі. Сёння настрой такі – і ты граеш штосьці лірычнае, заўтра хочацца нейкай дзвіжухі, а паслязаўтра – складаных супергармоній. Залежыць ад канкрэтнага прамежку часу.

Джэм пераўтварае атмасферу навакольнай прасторы. Мы прыходзім у бар, і кожную пятніцу тут розныя людзі, якія ствараюць сваю атмасферу. Ад гэтага нараджаецца характар нашай мелодыі – хуткасць, рытм, стыль. Гэта такі своеасаблівы жывы арганізм. Абмен энергіяй і яе пераўтварэнне.

 

«З-за таго што музыкі ў асноўным з добрым вопытам, музыка пачынае нараджацца сама»

 

 Юра:  Джэм – гэта квінтэсэнцыя, сумесь канцэрту і рэпетыцый, пункт адліку ўсяго. Я ўжо пачаў заўважаць, што на джэмы By Soulfam прыходзяць пэўныя людзі. Здараецца, на вуліцы да мяне падыходзіць паўзнаёмы чалавек і наўпрост пытаецца, чаму ў мінулую пятніцу не было джэму. Тады я кажу, што ў наступны раз абавязкова будзе.

 Саша:  Для мяне By Soulfam – гэта штосьці фантастычнае і прыярытэтнае ў жыцці. Так, я гатовы ахвяраваць многім, каб гэтая справа рухалася. Таму што ты творыш з людзьмі, з якімі гэта рабіць прыемна. Ніхто не ведае, як будзе далей, але зараз трэба лавіць і рабіць. Важна проста не баяцца. Рабіць.

 Юра:  Я прыбраў усё лішняе ў жыцці і пакінуў 80 % свайго часу творчасці. Я зрабіў выбар і адчуваю, што нібыта нейкая рука вядзе мяне. Калі ты робіш намер прысвяціць сябе чамусьці, усё атрымліваецца, і свет ідзе табе насустрач.

 

 

 

 

І ты сочыш за тым, як нараджаецца мелодыя. Сама. Без напружвання. Яна не выціскаецца сілай, а паступова складваецца са шматгалосся не толькі інструментаў, але і ўсіх прысутных. Тут усе ўдзельнікі: і той, хто грае на трубе, і той, хто стаіць за барнай стойкай. Кожны – частка гэтага вечара, які адбываецца цяпер і больш ніколі не паўторыцца. І невядома, калі канец, бо ўсё толькі пачынаецца. Вось хтосьці зайшоў і расчахліў саксафон…

 

 

У гэтую пятніцу, у сувязі з закрыццём бара «Ў», там адбудзецца апошні джэм By Soulfam.

 

Сачы за навінамі групоўкі ў сацсетках:

VK  |  Facebook

 

Фота by Таня Капітонава, palasatka

Ад «Салюту» да світання: менскі клубны рух другой паловы 1990-х

Ад «Салюту» да світання: менскі клубны рух другой паловы 1990-х

Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.

Ад «Музыкальнай газеты» да радыёкропкі: хто распавядаў пра электронную музыку ў 90-я?

Ад «Музыкальнай газеты» да радыёкропкі: хто распавядаў пра электронную музыку ў 90-я?

Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.

Галоўныя героі беларускай электроннай сцэны 1990-х – хто яны?

Галоўныя героі беларускай электроннай сцэны 1990-х – хто яны?

Імёны, праекты, альбомы.

«Невозможно воспринимать эту жизнь на серьезных щах»: разговор с фронтменом «Снов Синей Собаки»

«Невозможно воспринимать эту жизнь на серьезных щах»: разговор с фронтменом «Снов Синей Собаки»

О кринжовых концертах, поисках своего «Вудстока» и иронии как броне перед критикой.

«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

Танцы ў школах, ДК, гламурных клубах і ў сценах Белтэлерадыёкампаніі.

Як выглядаў першы беларускі рэйв?

Як выглядаў першы беларускі рэйв?

«Поўная вакханалія», паводле «Знамя юности».

Адкуль пайшла беларуская электроніка?

Адкуль пайшла беларуская электроніка?

Фестываль біг-біту, першыя сінтэзатары і электроншчына ў кіно.

Фотарэпорт: у Менску перазапусціўся «Рэактар»

Фотарэпорт: у Менску перазапусціўся «Рэактар»

Камбэк праз 13 гадоў.

Героі часу – 10 артыстаў новай беларускай сцэны

Героі часу – 10 артыстаў новай беларускай сцэны

Каго паслухаць, каб захапіцца сённяшняй беларускай музыкай.