7 еўрапейскіх ініцыятыў, якія змяняюць свет

  • 29.01.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 6434

Папулярнае валанцёрства, захаванне старых яблыневых садоў, свядомая мода, альтэрнатыўныя гарадскія экскурсіі ды інклюзіўны цырк – сабралі сем еўрапейскіх праектаў, якія хочацца зараз жа паўтарыць у сваім горадзе.

 

 Валанцёрскія выходныя 

Hnutí Brontosaurus, праект Akce Památky

Чэхія

Hnuti Brontosaurus (гэта перакладаецца як рух «Брантазаўр») – адна з самых старых экалагічных арганізацый у Чэхіі. Сорак гадоў таму, калі грамадзянская супольнасць і самастойнае рашэнне праблем зусім не заахвочваліся ўрадам, мясцовая моладзь сабралася, каб правесці маштабную прыборку. Тое, што планавалася як адзінкавая акцыя з дэвізам пра тое, што чалавецтву пара прыцішыць свой апетыт, каб не памерці, як той самы брантазаўр, перарасло ў рух па ўсёй краіне – тэма экалогіі выявілася бяспечнай аддушынай для жыхароў сацыялістычнай дзяржавы.

Цяпер «Брантазаўр» займаецца не толькі прыродай, але і культурнай спадчынай і спецыялізуецца на прасоўванні валанцёрства як спосабу правесці час, што і свет робіць лепшым, і ўласнае жыццё напаўняе сэнсам. Часцей за ўсё яны арганізуюць «уікэндаўкі» – выезды на выходныя, падчас якіх удзельнікі паспяваюць пазнаёміцца, папрацаваць і культурную праграму не прапусціць. Працай можа быць аднаўленне замка (асаблівую ўвагу звяртаюць на невялікія замкі ў нетурыстычных месцах, у якіх менш шанцаў атрымаць раскошную рэнавацыю) або расчыстка старога парку. Ну а ў культурнай праграме – экскурсіі па закрытых для звычайных наведвальнікаў частках замка, паход у пошуках рэдкіх архідэй або магчымасці пагладзіць сапраўдную ламу, навучыцца карыстацца калаўротам (і іншыя рамёствы таксама не забываюць) або паўдзельнічаць у тэатральнай пастаноўцы.

 

 

 

 Старыя сады і забытыя гатункі 

Праекты Staré odrůdy і Zapomenuté odrůdy («Старыя гатункі» і «Забытыя гатункі»)

Чэхія

Колькі ты ведаеш гатункаў яблыкаў? А груш і сліў? Глабалізацыя і сеткі супермаркетаў робяць сваю справу: з дзясяткаў, а то і сотняў розных гатункаў застаюцца адзін-два. А гэта і культурная спадчына, і генетычная разнастайнасць, і наша падушка бяспекі пры зменах клімату (ніколі не ведаеш, які менавіта гатунак выявіцца ўстойлівым у новых умовах). Яшчэ адзін важны момант: старыя сады, у адрозненне ад сучасных, высаджаных роўнымі радамі і апырсканых хімічнымі рэчывамі, даўжэй захоўваюць урадлівасць (усё па пермакультуры) – самаму старому грушаваму дрэву ў Чэхіі чатырыста гадоў, і яно ўсё яшчэ плоданосіць.

У Чэхіі вырашылі ўшчыльную заняцца выратаваннем такога народнага багацця: усё пачалося з захавання старога яблыневага саду ў адной з закінутых вёсак у гарах, а далей яблыневыя актывісты пачалі вучыць людзей правільна даглядаць за дрэвамі, саджаць новыя, адрозніваць гатункі і разбірацца ў іх. Спосаб асветы – простая ўлётка з малюнкамі, як правільна выбраць саджанец і пасадзіць яго, і інфармацыяй аб тым, дзе, уласна, можна яго саджаць. Спосаб прыцягнення ўвагі – арганізацыя дэгустацыі старых гатункаў яблыкаў і груш. Апісанне – не горш за якую-небудзь вінную дэгустацыю (розныя ступені даўкасці і прысмаку, водары, верхнія і ніжнія ноты). Вынік відавочны – садоў становіцца больш па ўсёй краіне.

 

 

 Свядомая мода ў Стакгольме 

Крама і майстэрня Stockholms Stadsmission

Швецыя

Швецыя вывела свядомую моду на новы ўзровень. Выдатны прыклад – сацыяльны бізнэс Stockholms Stadsmission. Гэта некалькі крамаў, якія ўключылі ў сябе, здаецца, усе магчымыя экалагічныя і сацыяльныя ініцыятывы. Частка крамы – гэта адзенне, кнігі і мэбля сэканд-хэнд, што памяншае глабальнае спажыванне новых тавараў. Іншая частка – гэта прадукцыя ўласнага брэнда Remake, дэвіз якога – максімальна выкарыстоўваць ужо існуючыя рэчы, надаўшы ім новае дыханне з дапамогай дызайнерскай думкі.

У выніку сумяшчэння скандынаўскага дызайну і ўніверсальнага экалагічнага прынцыпу reduce, reuse, recycle атрымліваецца незвычайнае адзенне, прадметы інтэр'еру і арт-аб'екты – ініцыятыву нават намінавалі на мясцовую прэмію «Reuser of the Year».

А яшчэ тут праводзяць майстар-класы ў фармаце Repair cafe, якія вучаць рамантаваць рэчы замест таго, каб іх адразу выкідаць. Большая частка прадукцыі – мясцовай вытворчасці, а тая, што прывезена з іншых частак свету, абавязкова адпавядае прынцыпам сумленнага гандлю fair trade. Нарэшце, важны сацыяльны аспект усяго прадпрыемства – тут могуць атрымаць працу людзі з нейкімі праблемамі ў мінулым (напрыклад, тыя, што лячыліся ад залежнасці, ці бяздомныя) – часта ў іх няма ніякіх рэкамендацый і ніхто з працадаўцаў не жадае даць ім нават шанец праявіць сябе. Калі іх стажыроўка ў краме праходзіць гладка, яны атрымліваюць станоўчую рэкамендацыю ад кіраўніцтва – і з гэтым пацвярджэннем пачаць сапраўды новае жыццё ім ужо прасцей.

 

 

 Крэатыўны ўрбанізм 

Альтэрнатыўныя туры Creative sustainability tours Berlin

Германія

Пакуль папулярныя гарады спрабуюць пазбавіцца ад турыстаў, у Берліне вырашылі заняцца іх асветай. Грамадская арганізацыя Institute for Creative Sustainability прыдумала замест аўтобусных турыстычных экскурсій праводзіць крэатыўныя туры па альтэрнатыўных гарадскіх прасторах і праектах.

Калі музеі Берліна ўжо дасканала вывучаны, а да вячэрняга бар-хопінгу яшчэ шмат часу, гэта выдатны шанец пазнаёміцца з крутымі праектамі. Вядома, быць турыстам зусім не абавязкова – мясцовыя на такія экскурсіі таксама ходзяць. Асобныя туры арганізуюць для школьнікаў, студэнтаў, экспертаў у пэўнай галіне. Праграма займае 2-3 гадзіны, за гэты час дапытлівых удзельнікаў і ўдзельніц знаёмяць з гарадскімі садамі, незвычайнымі формамі арганізацыі сумеснага жылля (камуны і кааператывы, энергаэфектыўныя тэхналогіі ў гарадскіх дамах, гендарныя і сацыяльна-інклюзіўныя праекты) ды экалагічнай архітэктурай.

Самы папулярны варыянт для турыстаў – «Альтэрнатыўны Кройцберг» з даследаваннем самага бурлівага берлінскага раёна. Яшчэ арганізатары актыўна падтрымліваюць інклюзіўнасць у гарадской прасторы – Creative Accessibility Tour дае магчымасць пабываць у інвалідным вазку і на ўласным прыкладзе зразумець, як працуюць даступнасць і безбар'ернае асяроддзе. Гэтыя туры праводзяцца адмыслова для архітэктараў і тых, хто займаецца гарадскім планаваннем. Асобны тур прыдуманы «для новых берлінцаў» – ён бясплатны і праводзіцца для маладых мігрантаў і ўцекачоў. Усё для таго, каб ставіцца да гарадской прасторы ўдумліва і адказна.

 

 

 Гарадскія сады 

Gruene Liga Berlin

Германія

Берлінскі «Сад прынцэс» ужо стаў класічным прыкладам і іконай для ўсіх гарадскіх садаводаў: некалькі актывістаў проста ўзялі ды зрабілі сад на пустцы, і цяпер там вырошчваюць гародніну, садавіну і лекавыя травы, а ў кампанію да гарода дадалася буккросінговая палічка, кафэ, што гатуе з вырашчаных побач прадуктаў, і майстэрня па рамонце рэчаў. Зрэшты, тыя, каму не пашанцавала жыць побач з «Садамі прынцэс», могуць арганізаваць нешта падобнае ў сваім двары, а дапамагаць у гэтым узялася экалагічная арганізацыя Gruene Liga.

На семінарах і асабістых кансультацыях эксперты і эксперткі падказваюць усім жадаючым, як лепш распланаваць сад у двары, якія віды раслін выбраць і якія інструменты купіць. Праводзяць і сустрэчы адразу для кампаніі суседзяў, каб усе маглі дамовіцца і ўлічыць інтарэсы кожнага. Тыя, хто ўжо скарысталіся парадамі, могуць паўдзельнічаць у конкурсе гарадскіх садоў.

 

 

 Прыгажосць у разнастайнасці 

Праект Extraodinary bodies

Вялікабрытанія

Extraodinary Bodies – гэта цыркавы праект, у трупу якога ўваходзяць самыя розныя людзі – з інваліднасцю, са слабым слыхам ці зрокам і іншыя. Мэта кампаніі – ствараць «смелыя, радыкальныя і радасныя выступы», наглядна паказваць разнастайнасць грамадства на сцэне, па-за ёй і сярод гледачоў. Праект – вынік нечаканага супрацоўніцтва паміж цыркавой кампаніяй Cirque Bijou і арганізацыяй Diverse City, чыя мэта – роўнасць і разнастайнасць у сферы культуры і мастацтва.

Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву з'явіліся новыя выступы, новыя магчымасці для людзей з інваліднасцю і новыя магчымасці для саміх гледачоў. Extraodinary Bodies праводзяць навучанне для маладых людзей, якія хочуць зрабіць кар'еру ў цырку, і навучанне для саміх цыркаў і падобных прастораў, якія хочуць стаць больш інклюзіўнымі: ёсць спецыяльны гайд па івэнтах, адаптаваных для людзей з самымі рознымі патрэбамі. Так Extraodinary Bodies ствараюць сапраўдны цырк будучыні і даюць прыклад усёй індустрыі забаў. А ўлетку 2018-га яны адпраўляюцца ў тур з новым шоу.

 

 

 

 Печыва, якое дапамагае ў цяжкую хвіліну 

Праект «Горіховий Дім»

Украіна

Печыва можа выдатна дапамагчы ў цяжкую хвіліну, у выпадку гэтага праекта – у прамым сэнсе. 40% даходаў гэтай сацыяльнай пякарні ідуць на карысць спецыяльнага Цэнтра інтэграцыі жанчын у крызісных сітуацыях. Гэта могуць быць жанчыны, пацярпелыя ад гвалту ў сям'і, гандлю людзьмі ці якія з іншых прычын апынуліся на вуліцы. Дзякуючы цэнтру яны могуць нейкі час жыць у спецыяльным крызісным доме і прайсці сацыяльную і псіхалагічную рэабілітацыю. Само печыва не проста смачнае – яго робяць без выкарыстання штучных дабавак, так што яно карыстаецца попытам, нягледзячы на больш высокі кошт. А яшчэ жанчыны, што знаходзяцца ў цэнтры, могуць навучацца ў пякарні прафесійнаму майстэрству.

 

Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.

Фота з афiцыйных суполак iнiцыятыў