Аляксандр Скрабоўскі

  • 26.05.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 2388

Social Weekend – самае буйное ў Беларусі спаборніцтва сацыяльна адказных праектаў. Мы пагутарылі з яго кіраўніком Аляксандрам Скрабоўскім пра тое, чаму варта не блытаць дабрачыннасць і сацыяльную адказнасць, чаму важна ад пачатку думаць пра самастойнасць праекту і чаму для добрай ідэі крызіс – гэта не перашкода.

 

 Чым займаюцца:  Найбуйнейшы ў Беларусі конкурс сацыяльных праектаў, які ладзіцца двойчы на год.

 Дата заснавання:  2013.

 З кім гутарым:  Аляксандр Скрабоўскі, 37 гадоў. Раней займаўся інвестыцыйнымі праектамі ў розных сферах. Кіраўнік Фонду «Добра», арганiзатара найбуйнейшага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend у Беларусi i Офiса Глабальнага Дагавору ААН у Беларусi.

 

Сайт    FB    VK    YouTube    Instagram

Арыгінальная дата публікацыі – 26.05.2017. Матэрыял выходзіць з праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Аляксандра

– Я з маленькага правінцыйнага гарадка Браслава. Скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт» і больш за 10 гадоў таму перабраўся ў Менск з ідэяй рабіць бізнэс. Сваю першую справу за першыя ж паўгода я паспеў заваліць і потым некалькі гадоў працаваў у найме, каб разлічыцца за тую спробу самастойнасці.

Затым быў вопыт будаўніцтва катэджных пасёлкаў, мы ўзводзілі таўнхаусы ў Тарасаве, я адказваў за інвестыцыйнае і фінансавае планаванне. Потым быў праект дыягностыкі анкалогіі на ранніх стадыях, распрацоўкі ўніверсальнага маркера, асаблівасць якога заключалася ў тым, што ён працаваў адразу на мностве лакалізацый, якіх больш за 130. Я рэанімаваў гэты праект, мы аднаўлялі работу ў «Соснах», Бараўлянах, але праз паўтара года ён быў зноў закансерваваны з розных прычын.

«Social Weekend – гэта гісторыя пра тое, як зрабіць першы крок туды, дзе яшчэ нічога няма, або ўварвацца ў тую сферу, дзе ўжо ўсе заседзеліся»

Пасля гэтага я ўзяўся за праект benefit.by па дыстанцыйным падборы крэдытаў і дэпазітаў у Беларусі. Ён стартануў восенню 2008 года, у самы разгар крызісу, у тым ліку і праз гэта не стрэліў так, як мог бы, але змены на рынку адбыліся. Першыя анлайн-заяўкі на крэдыты з'явіліся дзякуючы нашай рабоце з банкамі. У 2011-м я пачаў працу над іншым праектам па перапрацоўцы адкідаў спіртавой прамысловасці і раслінаводства ў каштоўны бялковы кармавы прадукт для жывёлагадоўлі. Тут усё развівалася добра, шмат даследчай работы, апрабацыі. Былі вызначаны пляцоўкі для будаўніцтва заводаў, але гэта складаны рынак сам па сабе – на пэўным этапе праект страціў галоўнага расійскага інвестара, а мясцовыя гульцы не змаглі яго пацягнуць – і ўсё прыйшлося звярнуць.

 

 

«Адно з першых пытанняў, які мы задаем удзельнікам: “Чаму ваш праект немагчыма зрабіць без грошай?”»

Як пачынаўся Social Weekend

– Да таго моманту я трохі прытаміўся ад бізнэсу маленькага і вялікага, з розных абсалютна сфер. Аднойчы ў размове з Юрыем Анатольевічам Зісерам я распавёў, што мне было б цікава займацца тут сацыяльнымі, карыснымі грамадству праектамі. Праз пару месяцаў пошукаў мы сышліся на тым, што такую ініцыятыву трэба рабіць самім.

Гэта было лета 2013 года. Каб не вынаходзіць ровар, я паглядзеў, што на той момант было на рынку: першыя крокі рабіла «Талака», а MaeSens адраджаўся пасля таго, калі Дзяніс Кандратовіч, сузаснавальнік, вярнуўся з Амерыкі. Першы Social Weekend праводзіўся як анлайн-конкурс праектаў і піяр-кампанія для MaeSens. Спачатку ў мяне была ідэалістычная ідэя аб'яднаць гэтыя два праекты, але праз два месяцы стала зразумела, што не атрымаецца. Па канкрэтыцы дзеянняў мне бліжэй Дзяніс і MaeSens, дзе я і з'явіўся як прышлы чалавек.

Калі на першы і другі конкурсы Social Weekend мы мелі па сто заявак, то да чацвёртага – ужо 400 з усёй рэспублікі. На пятым пачалася стагнацыя, а да сёмага конкурсу атрымалі каля 200 заявак. Чаму? Самыя актыўныя ўжо паспрабавалі сябе: хтосьці зразумеў, што гэта не яго, а нехта стаў фіналістам і рэалізаваў праекты. Ну і часы былі не лепшыя: людзі старэйшага ўзросту гублялі працу, ім было не да сацыяльных актыўнасцяў.

Адно з першых пытанняў, якія мы задаем удзельнікам: «Чаму ваш праект немагчыма зрабіць без грошай?» А потым пачынаем рухацца ў адваротны бок – чаму з грашыма гэта будзе эфектыўней, хутчэй, лепш? Такая механіка працы не падабалася аўтарам большасці сталых праектаў, якія прывыклі жыць за кошт грантавай падтрымкі на шырокую нагу. З іншага боку, у нас была вялікая плеяда актывістаў, якім не было куды звярнуцца. Яны не пісалі грантавыя заяўкі, дзесьці валанцёрылі, але не задумваліся аб тым, каб самімі стаць аўтарамі праекту. Вось такія грамадзянскія ініцыятывы пачалі ў нейкі момант пераважаць. Ды і маладыя грамадскія арганізацыі змаглі адаптавацца і атрымаць падтрымку ў першых кроках.

 

 

Як усё працуе

– Другі Social Weekend выйшаў у афлайн і адбыўся восенню 2013-га, і з тых часоў конкурс праходзіць двойчы на год.

Мы першапачаткова вырашылі, што не будзем займацца чыстай дабрачыннасцю. Да другога конкурсу мы зрабілі больш жорсткім крытэр сацыяльнага прадпрымальніцтва і ўзмацнілі адбор па параметры ўстойлівасці праекту. Мы ўсяляк спрабуем данесці думку аб тым, што трэба адразу меркаваць, як праект можа зарабляць, развівацца, як яго можна тыражаваць у Беларусі, каб не хадзіць з вечна працягнутай рукой.

Што тычыцца рэгіёнаў, то заявак заўсёды прылятае пароўну з Менскам. Таму, паспрабаваўшы разныя варыянты, мы зрабілі два напрамкі конкурсу: рэспубліканскі і рэгіянальны. У рэспубліканскім галоўныя крытэры – маштабнасць эфекту ды інавацыйнасць, а рэгіянальныя праекты першапачаткова вырашаюць лакалізаваную праблему і ў іх няма прэтэнзіі на інавацыю. Таксама мы завізіравалі асобны фонд для рэгіянальных праектаў.

«Мы ўсяляк спрабуем данесці думку аб тым, што трэба адразу меркаваць, як праект можа зарабляць, развівацца, як яго можна тыражаваць у Беларусі»

Конкурс праходзіць у некалькі этапаў. Пасля прыёму заявак адбываецца іх адбор і карэкціроўка. Затым выбраныя праекты дапускаюцца да народнага галасавання i прадстаўляюцца экспертнаму журы. На пятым конкурсе мы ўвялі навучанне: фіналісты праходзяць трэнінгі, якія не проста павышаюць якасць праектаў і прэзентацыю да моманту фіналу, але накіраваны на тое, каб ужо пачаць рэалізоўваць праект. Далей надыходзіць паўфінал, дзе праект прэзентуецца «па-даросламу», у тым ліку паказвае праведзеную працу. Фінал жа конкурсу ўяўляе з сябе вялікае мерапрыемства, дзе мецэнаты і журы абіраюць пераможцаў. Пераможцы не класічныя тры прызавыя месцы, а тыя, каго падтрымалі мецэнаты.

У пераможцаў ёсць 4-6 месяцаў на рэалізацыю праекту, большасць укладваецца ў тэрмін, і вось у гэты перыяд мы ўзаемадзейнічаем з праектам. Ва ўстаноўлены час праект дасылае справаздачу аб ходзе рэалізацыі. Часам прыязджаем паглядзець, што як, часам тэлефануем і цікавімся, чым можна дапамагчы, часам па справаздачах глядзім.

Шматлікія праекты былі падтрыманы не ў рамках Social Weekend, а пасля, у такіх выпадках мы просім згадваць нас, каб у наступны раз да нас прыйшло больш людзей. Некаторыя праекты адмаўляліся ад удзелу ў фінале, таму што да таго моманту ўжо збіралі ўсе неабходныя рэсурсы. Даходзіла да смешнага і прыемнага: некаторыя ўдзельнікі распавядалі, што як толькі яны адпраўлялі заяўку, людзі з іх асяроддзя даведвалася, што яны гэтым займаюцца, і самі скідаліся на рэалізацыю таго ці іншага праекту.

 

 

«Некаторыя праекты адмаўляліся ад удзелу ў фінале, таму што да таго моманту ўжо збіралі ўсе неабходныя рэсурсы»

Мецэнаты і крызіс 2016-га

– Як мы шукалі бізнэс-партнёраў? Прапаноўвалі супрацоўніцтва ўсім, каго лічылі рэлевантнымі. Атрымлівалі дзясяткі адмоваў, але хто-ніхто згаджаўся. З мастадонтаў у нас былі tut.by, relax.by, студыя Баравога, Velcom і МТС. Гэта значыць, мецэнат альбо карпарацыі, чыім КСА-аддзелам (КСА – карпаратыўная сацыяльная адказнасць. – 34mag) праект можа быць цікавы, альбо малы і сярэдні бізнэс, які ўжо мае рэсурсы і гатовы падтрымаць праект, альбо проста грамадзяне Беларусі. Гэта, дарэчы, самы стабільны складнік мецэнацкага пулу.

Да пятага конкурсу мы ўвялі намінацыі, то бок мецэнат сам кажа, які менавіта праект у пэўнай сферы яму цікавы. Так Леанід Лознер, зыходзячы са сваёй цікаўнасці да навукі, падтрымаў серыю публічных лекцый «Навука па-за сабой». У Юрыя Зісера намінацыя «падтрымка талентаў» – таму ён падтрымаў маладога музыканта Хандогага, піяніста-падлетка, лаўрэата міжнародных конкурсаў, у якога была бытавая праблема – суседка не давала рэпетаваць. У выніку было набыта электроннае фартэпіяна, што дазволіла яму трэніравацца ў слухаўках, не губляючы пры гэтым у якасці выканання.

У сёмага Social Weekend не было генеральнага фундатара. Але разумны праект, які прапануе арыгінальнае рашэнне нейкай праблемы і ўлічвае пры гэтым бізнэс-спецыфіку партнёра, заўжды знойдзе сродкі. Прызавы фонд усё роўна складаў амаль 400 мільёнаў BR (40 000 BYN. – заўв. 34) – для карысных грамадству праектаў заўсёды зручны час.

 

 

Паспяховыя праекты

– Мне складана вылучыць нейкі любімы праект, для кожнага з іх у душы ёсць месцейка. Мне вельмі падабаюцца тыя праекты, якія нестандартна падыходзяць да вырашэння праблем, якія ўжо нешта робяць або якія просяць дадатковыя сродкі для таго, каб вывесці сваю справу на новы ўзровень. Ну і вядома, важна тое, як ярка гараць вочы каманды.

 

Некаторыя пераможцы Social Weekend:

  Пошукава-выратавальны атрад «Анёл» – фіналіст конкурсу, пасля якога да яго нарэшце прыйшло крыху медыйнага асвятлення.

  Праект «Нити дружбы» – са словаў Арцёма, аўтара, галоўнае для яго – з'яўленне ўпэўненасці ў тым, што ягоная ідэя наогул патрэбна. Да фіналу праект ужо знайшоў свайго асноўнага інвестара.

  Праект «Крылы анёлаў» – арганізацыя прабежак і марафонаў на спецыяльных вазках для дзяцей з ДЦП.

  Праект «Мивия» – экскурсіі для невідушчых. Потым каманда занялася распрацоўкай карцін для невідушчых, была адкрыта экспазіцыя ў Нацыянальным мастацкім музеі.

  Сацыяльная рысайклінг-майстэрня «ТАК», пра якую 34 пісаў асобна.

  Праект развіцця альтэрнатыўнай і дадатковай камунікацыі «free MOWA». Ён накіраваны на развіццё камунікатыўных здольнасцяў у дзяцей з цяжкімі захворваннямі. Атрыманыя сродкі пайшлі на спецыяльныя камунікатыўныя прылады для дзяцей і абсталяванне памяшкання для заняткаў.

 

 

«Мецэнат – альбо карпарацыі, альбо малы і сярэдні бізнэс, альбо проста грамадзяне Беларусі, гэта, дарэчы, самы стабільны складнік мецэнацкага пулу»

Развіццё і перспектывы

– У 2017 годзе мы змаглі зарэгістраваць Фонд «Добра», зараз гэта арганізатар Social Weekend, і гэта значна зручней, больш зразумела і нават правільна для ўсіх бакой. У тым жа 2017-м мы сталі офісам Глабальнага дагавора ААН у Беларусі, што адкрыла для нас вялізную сферу ўключэння бізнесу ў добрыя справы, і не толькі (і не столькі) праз грашовую дапамогу.

Увосень 2016-га мы правялі першы Хакатон SW, які адразу ж стаў амаль стандэлон-мерапрыемствам, колькасна перасягнуўшым конкурс. Заадно мы сталі найбуйнейшым (!) сацыяльным хакатонам ва ўсёй Еўропе і адным з найбуйнейшых наогул, уключаючы айцішныя.

Social Weekend застанецца конкурсам, па меры сталення якога вялікая частка праектаў будзе набліжацца сваімі характарыстыкамі да сацыяльнага прадпрымальніцтва, гэтай нашай блакітнай мары. Мы будзем заставацца абсалютна нефармалізаванымі. У заяўцы трэба проста напісаць, хто вы, якую праблему хочаце вырашаць, і апісаць свой першы крок. Так вы дапускаецеся да конкурсу – і ўсё, пайшла праца. Мы хочам зрабіць працэс галасавання, працу журы і народнае галасаванне яшчэ больш эфектыўнымі і публічнымі.

Social Weekend – гэта гісторыя пра тое, як зрабіць першы крок туды, дзе яшчэ нічога няма, або ўварвацца ў тую сферу, дзе ўжо ўсе заседзеліся. Ягоная місія – даць імпульс да развіцця, натхніць на дзеянне, самастойны праект. Фінал конкурсу ў такім выпадку – гэта толькі вішанька на торце. Цікава, дарэчы, што фіналісты ў пераважнай большасці выконваюць абяцанае на фінале, што для венчурнай па сутнасці індустрыі – нонсэнс.

Фота by latishka