Як гэта працуе: інклюзіўная рэсайклінг-майстэрня «ТАК»
- 08.10.2018
- 6875
У мінулым сезоне праект рэсайклінг-майстэрні «ТАК», дзе людзі з ментальнымі разладамі робяць рэчы са старога адзення, перамог у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Цяпер яго каманда краўдфандынгам збірае сродкі на заробак наёмным спецыялістам. Мы пагаварылі са стваральніцамі «ТАК» пра стэрэатыпы, дзеяздольнасць і ўласна пра перспектыву адкрыцця майстэрні.
19 000 чалавек па ўсёй рэспубліцы жывуць у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах і яшчэ 30 000 могуць туды трапіць. Усе яны прызнаныя недзеяздольнымі, але гэта зусім не значыць, што гэтыя людзі не хочуць ці не могуць працаваць, – проста ў іх няма такой магчымасці. Сацыяльная рэсайклінг-майстэрня «ТАК» – гэта месца, здольнае выправіць сітуацыю.
Мэты майстэрні:
даць магчымасць працаваць і атрымліваць узнагароду за працу людзям, выключаным з жыцця грамадства;
змяніць грамадскія стэрэатыпы ў дачыненні да здольнасцяў людзей з абмежаваннямі;
скараціць колькасць адкідаў, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе.
Каманда «ТАК» складаецца са спецыяльнага педагога, псіхолага і арт-тэрапеўткі Дар'і Яскевіч, псіхолага і танца-рухальнай тэрапеўткі Ірыны Шумскай, праектнай менеджаркі і дызайнеркі Кацярыны Савіцкай.
– Як выглядае ваша майстэрня?
Дар'я: Пачнем з таго, што майстэрні ў тым выглядзе, у якім яна была прэзентаваная на Social Weekend, пакуль не існуе. Існуе пробная мадэль: гэта пакой у псіханеўралагічным інтэрнаце, дзе стаіць швейная машынка, ляжаць матэрыялы для шыцця, тканіна. Людзі, якія жывуць у псіханеўралагічным інтэрнаце, шыюць са старога адзення цацкі і шмат усяго іншага.
– Колькі чалавек працуе ў майстэрні?
Дар'я: Усё залежыць ад складанасці задачы. Вытворчасць аднаго вырабу можа арганізаваць чалавек восем.
Кацярына: Кожны выраб разбіваецца на вельмі кароткія аперацыі. Не ўсе людзі могуць зрабіць усе аперацыі. Хтосьці можа толькі набіваць цацкі, хтосьці ўмее страчыць на машынцы, а хтосьці – толькі сартаваць гузікі.
– А заказы ўжо ёсць?
Ірына: У нас маглі б быць заказы, калі б мы маглі забяспечыць іх выкананне ў незалежнай майстэрні. Зараз мы прыходзім з прадукцыяй на розныя маркеты, дзе яе разбіраюць як гарачыя піражкі. У нас ёсць нават дэфіцыт па цацачных мяккіх зайцах. Але імкнемся мы ў першую чаргу да самастойнасці.
«Зараз мы прыходзім з прадукцыяй на маркеты, дзе яе разбіраюць як гарачыя піражкі. У нас ёсць нават дэфіцыт»
– Апішыце, да якой майстэрні вы імкняцеся.
Ірына: Гэта месца ў горадзе, інклюзіўнае. Цяпер мадэль майстэрні – месца за плотам, і пра яго мала хто ведае. У горадзе ж людзі могуць спакойна прыходзіць да нас.
У майстэрні мы будзем эксперыментаваць з рознымі варыяцыямі дызайну. Вось скажа нам спажывец, што зайцоў не хоча, а хоча коцікаў. І мы ў майстэрні будзем прыдумляць гэтых самых коцікаў, крэатывіць, развіваць любы патэнцыял. Калі чалавек можа толькі разбіраць анучкі па колерах, значыць, спачатку будзе разбіраць анучкі па колерах, а пазней мы прыцягнем яго да больш складанай задачы.
Паралельна мы будзем глядзець кіно, абмяркоўваць яго, праводзіць інклюзіўныя майстар-класы. У ідэале хочацца, каб людзям вярталі дзеяздольнасць.
– Вярнуць дзеяздольнасць складана?
Дар'я: Гэта ў першую чаргу досыць складаная псіхіятрычная экспертыза, якая доўжыцца амаль 21 дзень. Пасля яе суд вырашае, вярнуць дзеяздольнасць чалавеку ці не. Калі чалавек трапляе ў псіханеўралагічны інтэрнат, ён трапляе пад рэабілітацыю. І ў самім доме-інтэрнаце існуе ўнутраная працэдура, па якой чалавеку па магчымасці вяртаюць нейкія страчаныя функцыі. Калі ўсё ідзе добра, то апякун у асобе дырэктара дома-інтэрната разам з лекарамі можа ініцыяваць працэс па вяртанні дзеяздольнасці. Яны пішуць заключэнне, і чалавека адпраўляюць на новую экспертызу, пасля якой суддзя выносіць канчатковае рашэнне. Усё гэта магчыма зрабіць, калі дыягназ дазваляе і калі лекары, рэабілітолагі ды сацыяльныя работнікі прыкладаюць сумесныя намаганні.
Ірына: Для гэтага патрэбныя рэсурсы, а ў дамах-інтэрнатах на супрацоўніках вельмі шмат працы і падапечных, ды і сама колькасць супрацоўнікаў невялікая. Нават калі работнік вельмі хоча, ён фізічна не заўсёды можа займацца рэабілітацыяй. А майстэрня можа ўзяць на сябе вось гэтую частку нагрузкі.
– У колькіх чалавек з вашых падапечных ёсць шанец вярнуць дзеяздольнасць?
Дар'я: Дзесяць чалавек з сотні могуць прэтэндаваць на тое, каб жыць у аддзяленні суправаджальнага пражывання, і з іх толькі адзін чалавек дойдзе да аднаўлення дзеяздольнасці. Груба кажучы, адзін-два адсоткі з усіх жыхароў інтэрната маюць шанец на аднаўленне дзеяздольнасці.
Ірына: Важкасць кожнага чалавека добра адлюстроўваецца ў грошах. Усе мы плацім падаткі. Чалавек знаходзіцца ў псіханеўралагічным інтэрнаце не месяц і не год, а дзясяткі гадоў. І ўсе гэтыя дзясяткі гадоў дзяржава яго ўтрымлівае.
– Колькі каштуе ўтрыманне аднаго чалавека ў псіханеўралагічным дыспансеры?
Дар'я: Пражыванне каштуе каля 300 долараў у месяц, а пенсія па інваліднасці складае 100 долараў. Гэта добрая эканомія для бюджэту – калі чалавеку аднаўляюць дзеяздольнасць.
Кацярына: Каштоўнасць чалавечага жыцця абсалютная. І мы не маем права гаварыць тут у катэгорыях «рэнтабельна-нерэнтабельна». Але карціна становіцца больш выразнай, калі прыводзіш канкрэтныя лічбы.
Наогул мы хочам адкрыць групу дзённага знаходжання. Вельмі шмат людзей з інваліднасцю жывуць у горадзе, і сем'ям такіх людзей даводзіцца адмаўляцца ад уласнага жыцця, каб даглядаць роднага чалавека.
Ірына: Умоўна кажучы, у вас ёсць бабуля і вам выпаў абавязак бабулю глядзець: мыць яе, пераварочваць з аднаго боку на іншы, карміць. Сумяшчаць догляд са сваім жыццём будзе вельмі складана і псіхалагічна нялёгка. Гэта не праца з 9 да 17, а кругласутачны працэс. Майстэрня магла б узяць на сябе дзённы догляд і рэабілітацыю, а вы маглі б у гэты час хадзіць па сваіх справах.
«Калі чалавек можа толькі разбіраць анучкі па колерах, значыць, спачатку будзе разбіраць анучкі па колерах, а пазней мы прыцягнем яго да больш складанай задачы»
– Вы сталі пераможцамі Social Weekend. Што ён вам даў?
Ірына: Гэта быў добры і важны вопыт – з пункту гледжання карысных кантактаў у першую чаргу. Там былі не толькі бізнэсмены, але і прадстаўнікі дзяржаўных структур, да якіх складана трапіць на прыём, а тут можна было наўпрост расказаць пра сябе.
Наш праект цалкам узгоднены з дзяржаўнымі структурамі. Людзі павінны выходзіць з аддзяленняў суправаджальнага пражывання і павінны працаваць. Але наступіла жыццё пасля конкурсу, і тут пайшлі пэўныя цяжкасці.
Дар'я: Ідэя майстэрні была сумеснай. Для мяне важныя сацыяльны бок і магчымасць вяртаць людзям дзеяздольнасць. Каці важныя творчасць і прастора, каб крэатывіць. Іры патрэбны рэабілітацыйны працэс з любімымі бабулямі і дзядулямі.
Ірына: Так, я рэабілітолаг, і я люблю працаваць у якасці спецыяліста. Таму раз-два-тры – і ўсё склалася.
«Усё ўпіраецца не толькі ў фінансавае пытанне, але і ў нежаданне людзей аказвацца ў прасторах агульнага карыстання разам з людзьмі з інваліднасцю»
– Спецыялісты будуць працаваць на валанцёрскай аснове?
Ірына: Добрыя спецыялісты працуюць за грошы. Калі мы запрашаем чалавека, які будзе рабіць нешта добра, нас павінны звязваць абавязацельствы, а абавязацельствы – гэта грошы.
– Варыянты памяшканняў для майстэрні ўжо ёсць?
Дар'я: Ёсць варыянты. Усё ўпіраецца не толькі ў фінансавае пытанне, але і ў страхі звычайных людзей, нежаданне аказвацца ў прасторах агульнага карыстання разам з людзьмі з інваліднасцю.
Арэнда занадта дарагая. Калі мы робім швейную майстэрню, трэба досыць вялікае памяшканне, каб было дзе разгарнуцца, каб было месца, куды прысесці і дзе паесці. Для запуску патрэбныя два інструктары па працатэрапіі, памяшканне ў 50 квадратных метраў і каля 1000 долараў.
Фота з архiваў майстэрнi