Аксана Гайко

  • 11.08.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 2706

Адна з заснавальніц незалежнага тэатра «Крылы Халопа» Аксана Гайко распавядае пра тое, як нарадзілася і каму патрэбная арт-пляцоўка «Прастора КХ» у Берасці.

 

 Чым займаюцца:  правядзеннем лекцый, кінапаказаў і культурніцкіх падзей на новай берасцейскай пляцоўцы «Прастора КХ». Спектаклі тэатра «КХ» былі прадстаўлены на 50 міжнародных тэатральных фестывалях у Польшчы, Расіі, Украіне, Беларусі, Даніі, Францыі. Тэатр рэалізаваў каля 20 перфарматыўных акцый на вуліцах.

 

Кантакты:

Сайт    FB    VK    Twitter

 

 З кім гутарым:  Аксана Гайко, 43 гады. Скончыла Берасцейскі політэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гарадское будаўніцтва» і спецыяльны курс БГУ «Бізнэс і інфармацыйныя тэхналогіі». Рэжысёрка незалежнага тэатра «Крылы Халопа», менеджарка культурніцкай пляцоўкі «Прастора КХ».

Арыгінальная дата публікацыі – 11.08.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Аксаны і тэатра «Крылы Халопа»

– Сярод студэнтаў політэхнічнага ўнівера я апынулася амаль выпадкова. У душы я стоадсоткавы гуманітарый, заўсёды хацела пісаць і перакладаць. Кожную сесію марыла пра тое, каб забраць дакументы і ўцячы куды-небудзь. Але ў пэўны момант у поле маіх інтарэсаў патрапіў тэатр, і ён мяне паглынуў. Пасля сканчэння вучобы ў вольны час мы з сябрамі «бавіліся ў тэатр» ды пераапрананні. Літаральна трызнілі Хармсам, яшчэ тады мы марылі зрабіць пастаноўку па ягонай п’есе «Лізавета Бам».

Тэатр «Крылы Халопа», які першапачаткова называўся «Свабодны тэатр», быў утвораны ў 2001 годзе. З таго часу пастаўлена дванаццаь спектакляў, мы бралі ўдзел у розных майстар-класах і фестывалях у Беларусі, Украіне, Даніі ды Польшчы. Самы яскравы спектакль-шэсце «Малефіцыум» паказваўся ў Берасці, дзе ён аднойчы адкрываў гарадскі фестываль «Белая Вежа», а таксама ў Варшаве і Любліне. Былі пастаноўкі па тэкстах Пражко, Хармса і Кафкі, а таксама калядныя спектаклі і дакументальная п’еса «Чарнобыль».

«Пасля сканчэння вучобы ў вольны час мы з сябрамі "бавіліся ў тэатр" ды пераапрананні. Літаральна трызнілі Хармсам»

У 2016 годзе тэатр «Крылы Халопа» распачаў праект Brest Stories Guide – цыкл дакументальных аўдыёспектакляў ў прасторы горада. Тэма Brest Stories Guide – антысемітызм і знішчэнне берасцейскай габрэйскай абшчыны ў 1941–1942 гадах. Перад пачаткам вайны ў Берасці пражывала каля 24 000 габрэяў (каля 45 % насельніцтва горада). Амаль усе гэтыя людзі былі знішчаны. У выніку Халакоста, рэпатрыяцыі карэнных жыхароў горада, а таксама савецкага антысемітызму з прасторы горада знікла і памяць аб габрэйскай супольнасці і яе ўкладзе ў развіццё Берасця. Праект Brest Stories Guide даводзіць, што тэма Халакоста тычыцца не толькі габрэяў і мінулага, але і праблемы выключэння адных людзей іншымі ў сучасным свеце. Хто застаецца абыякавым да падзеяў мінулага, можа застацца абыякавым і да новых злачынстваў, якія нібыта «тычацца толькі іншых».

 

 

«Мы імкнемся, каб пляцоўка напаўнялася разнастайнымі мастацкімі праектамі ў галіне тэатра, жывапісу ці іншых відаў творчасці, а таксама адукацыі»

Як дзейнічае «Прастора КХ»?

– Паняцце «тэатр» можна разумець двума рознымі спосабамі: тэатр як людзі і тэатр як сістэма, што вырабляе прадукт. Дык вось, тыя людзі, якія рабілі незалежны тэатр «Крылы Халопа», аднойчы перакінулі ўсе намаганні на развіццё ў Берасці культурніцкай пляцоўкі пад назвай «Прастора КХ». Яна адчыніла свае дзверы ўвосень 2014-га.

Назву для культурніцкай пляцоўкі ніяк не атрымоўвалася выдумаць, таму яна дагэтуль завецца «Прасторай КХ». На дадзены момант прыярытэты расстаўленыя такім чынам: на першым месцы для нас – пытанне ўтрымання і развіцця гэтай прасторы.

Мы імкнемся, каб пляцоўка напаўнялася разнастайнымі мастацкімі праектамі ў галіне тэатра, жывапісу ці іншых відаў творчасці, а таксама адукацыі. У «Прасторы КХ» ладзяцца лекцыі, кінапаказы, майстар-класы, прэзентацыі кніг ды творчых праектаў. Да нас прыязджалі таксама замежныя лектары, бо мы верым, што замежны досвед дапамагае пашырыць уласны кругагляд ды ўцягнуць Беларусь у міжнародны кантэкст.

«Прастора КХ» працуе як галерэя. У нас праходзілі выставы беларускіх мастакоў і фатографаў Андрэя Лянкевіча, Аляксандра Велядзімовіча, Вольгі Сасноўскай; Сямёна Маталянца, Артура Бондара (Кіеў/Масква), Калектыву Канкрэтных Дат (Кіеў), а таксама выстава беларускага дэвіянтнага сучаснага мастацтва.

Таксама ў «Прасторы КХ» працуе бібліятэка, сфарміраваная па напрамках тэатр, сучаснае мастацтва, урбаністыка, гендар. Фонд бібліятэкі пастаянна папаўняецца найноўшымі выданнямі Беларусі, Расіі, Польшчы, іншых краін Еўропы.

 

 

Місія

– Навошта я гэта раблю? Раскажу такую гісторыю. Аднойчы пад канец школьнага года мая дачка разам з класам пайшла пагуляць у лазертаг. Ім выдалі зброю і шлемы, і яны некалькі гадзін шмалялі адзін па адным. Мяне гэтыя забавы, што базуюцца на інстынктах і дрэнным пачуцці гумару, вельмі раздражняюць. Я працую дзеля таго, каб берасцейцы мелі доступ не толькі да лазертагу і танных камедый. Мы ствараем альтэрнатыву, прапаноўваем пераасэнсоўваць мастацтва, натхняцца гісторыямі нашых лектараў і ствараць добрыя казкі. Напрыклад, у 2014-м мы зладзілі цэлы спектакль з дзецьмі з вёскі Вялікае Сяло і паказалі яго не толькі на «Прызба-фэсце» ў Белавежскай пушчы, але і ў Берасці. Са сваёй дзіцячай пастаноўкай прыязджала да нас і Бенька.

Нашая мэта – развіваць у жыхароў горада актыўную жыццёвую пазіцыю, заахвочваць іх да ўдзелу ў нашых праектах. Спадзяюся, у каманды хопіць цярпення для гэтай не надта лёгкай місіі.

«Мяне забавы, што базуюцца на інстынктах і дрэнным пачуцці гумару, вельмі раздражняюць»

Фота by Раман Чмель