13 падказак тым, хто рыхтуе анлайн-івэнт

  • 24.08.2023
  • Аўтар: 34mag
  • 2212

Шмат якія актыўнасці з ковідам і пасля яго сышлі ў анлайн, але не ўсе з іх праходзяць аднолькава карысна ды бяспечна для ўдзельніц і ўдзельнікаў. Нядаўна ў падкасце «Трэба спрабаваць» менеджарка адукацыйных ініцыятыў Вера і сулідар:ка менскага сяброўства «тендер на гендер» Тоні Лашдэн давалі практычныя парады тым, хто рыхтуе мерапрыемства анлайн. Публікуем канспект выпуску для тых, хто больш чытае, чым слухае.

 

1 /  Не варта абмяжоўваць палёт думкі класічнымі вэбінарамі.  Фарматаў анлайн-івэнтаў дастаткова: варкшопы, прамыя эфіры, марафоны, квізы, хатнія вечарынкі і чаго толькі яшчэ не бывае. Шукай свой мэтч.

2 /  Над канцэпцыяй анлайн-івэнту можна працаваць як рэкламшчыкі працуюць над брэндам.  Якіх людзей івэнт (твой «брэнд») зацікавіць? Якія праблемы дапаможа ім вырашыць? Што можа перашкодзіць патэнцыйным удзельнікам(-цам) дайсці да івэнту ці атрымаць ад яго карысць? Як падвысіць каштоўнасць мерапрыемства? Ці можаце вы з камандай залучыць экспертак і экспертаў?

3 /  Трэба прадумаць увесь шлях, які маюць прайсці ўдзельніцы і ўдзельнікі.  Якім чынам чалавек «увойдзе» ў мерапрыемства? Што будзе адбывацца з ім «унутры»? І як чалавек «выйдзе»? Калі камандзе івэнту ўвесь шлях зразумелы, ёй прасцей размеркаваць ролі, якія возьме на сабе кожная і кожны.

 

4 /  Не ўскладняй форму рэгістрацыі на мерапрыемства.  Бясконцыя палі, якія трэба запоўніць, могуць адштурхнуць аўдыторыю. Таксама важна патлумачыць, навошта вам тая ці іншая інфармацыя і як вы плануеце яе захоўваць.

5 /  Каб «адфільтраваць» людзей, якія могуць зрабіць анлайн-прастору небяспечнай, часам дастаткова спасылкі на актыўную сацсетку чалавека.  Але май на ўвазе, што не ўсе людзі вядуць сацсеткі, а выключаць кагосьці па гэтым прынцыпе – рашэнне не супер.

6 /  Адэкватна супастаўляй рэальнасць і свае чаканні  наконт таго, як людзі будуць карыстацца інструментамі, якія ты ім прапануеш. Напрыклад, калі івэнт плануецца на летнія выходныя, цалкам верагодна, што людзі будуць падлучацца з тэлефона на лецішчы і не змогуць карыстацца дэсктопнымі праграмамі.

7 /  Калі плануецца інтэрактыў, трэба праінфармаваць пра тое загадзя.  Калі плануецца выкарыстанне нейкіх адмысловых мабільных праграм – таксама.

8 /  Арганізатары мерапрыемства павінны разумець, хто за што адказвае  і хто ў каго на падхопе ў выпадку, калі нешта пойдзе не па плане.

 

9 /  На старце мерапрыемства важна агучыць агульныя правілы камунікацыі.  Напрыклад: «хочаш нешта сказаць – спачатку падымі руку» ці «можна ўмыкнуць мікрафон, калі іншы спікер(-ка) ужо вымкнуў(-ла) свой».

10 /  Зусім не лішне акрэсліць каштоўнасныя рамкі.  Напрыклад, пазначыць, што ў вас на івэнце паважаюць кожнае меркаванне і досвед кожнай і кожнага. Калі нечыя межы будуць парушацца, на гэта трэба рэагаваць адразу. Ва ўразлівых топіках мадэрацыя павінна працаваць асабліва пільна.

11 / Каб зняць напружанне чорных акенцаў,  можна папрасіць удзельнікаў і ўдзельніц паказацца хаця б у пачатку  (калі ў іх гэта, вядома, атрымліваецца). Звычайна людзі не ўмыкаюць камеру без злога намеру, проста ім так камфортней.

12 /  Пасля агучанага пытання выступоўцу варта пакідаць час на пісьмовую рэакцыю.  Многія людзі аддаюць перавагу не казаць нешта голасам, а пісаць у чат. 

13 /  Важна прадумаць фармат follow-up  і не забываць дасылаць людзям тое, што абяцалі даслаць пасля мерапрыемства: напрыклад, дадатковыя матэрыялы.

 

  Падрабязней пра тое, як правесці эфектыўнае і бяспечнае мерапрыемства, а таксама пра тое, якія фарматы цяпер лепш за іншыя заходзяць у Беларусі, – слухай у пятым эпізодзе падкасту «Трэба спрабаваць»:

Apple Podcasts  /  Spotify  /  Soundcloud  /  Castbox  / 
/  Google Podcasts  /  Yandex.Music  /  YouTube