ШІ + архіўныя кінакадры: выйшаў ролік, якія «ажыўляе» даваенны Слонім

  • 16.01.2026
  • 50

Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны выпусціў ШІ-відэа пра даваенны Слонім з выкарыстаннем рэдкіх кінакадраў, зробленых у 1929 годзе. Падкрэсліваюць, што ШІ-інструментамі тут не дадавалі прыдуманых дэталяў – усё гістарычна дакладна.

Відэашэраг заснаваны на змястоўным архіўным даследаванні і грунтуецца на 300+ фотаздымках з архіваў і адкрытых крыніц, а таксама відэа. За прадакшан адказваў Яўген Юшкін, які раней стварыў і выклаў на сваім канале ролік пра стары Менск. Менскае відэа шырока разышлося па інтэрнэце, і цяпер Яўген працаваў разам з камандай Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, якая займаецца праектам віртуальнага Яўрэйскага музея Беларусі, ствараючы лічбавую калекцыю.

Лічбавая калекцыя – гэта новая мадэль працы са спадчынай, якая фрагментаваная і раскіданая па свеце. Сэнс у тым, каб спалучаць матэрыялы з калекцый музеяў і архіваў розных краін з асабістымі рэчамі ды гісторыямі, якімі дзеляцца людзі. Выходзіць база ведаў, а таксама рухавік сапраўднага музея, бо з лічбавай калекцыі могуць збірацца экспазіцыі, сторытэлінг, культурныя і адукацыйныя праекты.

Чаму беларускі штэтл (яўрэйскае мястэчка) вырашылі паказаць менавіта на прыкладзе Слоніма? Адказ просты: бо захавалася шмат візуальнага матэрыялу, ён разнастайны і якасны. На ім можна было прадэманстраваць, як жылі людзі, іх руціну, паказаць сінагогу – цэнтр рэлігійнага і грамадскага жыцця, «узнавіць» рыначную плошчу, адукацыйныя ўстановы, могілкі, ландшафт.