«Ежа – універсальны досвед». Маргарыта Асатран – пра кнігу сняданкаў і майстэрства кухара

  • 30.12.2025
  • Аўтар: 34mag
  • 47

Маргарыта Асатран шэф, фуд- і сэт-стыліст. У снежні яна выпусціла кнігу «More than Breakfast» – зборнік з 22 сняданкаў і тэкстаў аб паўсядзённых рытуалах. Мы пагаварылі з Маргарытай пра кнігу і яе прафесійны шлях, на якім гастраномія паступова выходзіць за межы кухні і становіцца спосабам выказвання.

Фота: dubinkaitem 

 

Пра кнігу, якая ўзнікла на маленькай кухні

Калі ты знаёмішся з новымі людзьмі, як звычайна прадстаўляешся, хто ты?

– Я кажу, што я кухар. Для мяне гэта самая дакладная фармулёўка. У маім жыцці ёсць розныя ролі і фарматы, але менавіта праз ежу я думаю, назіраю і выбудоўваю адносіны са светам. Усё астатняе – толькі спосабы гэта праявіць.

Як людзі на гэта рэагуюць?

– Вельмі цёпла. Думаю, таму што ежа – універсальны досвед. Ва ўсіх ёсць свае ўспаміны, звычкі, рытуалы, звязаныя з ежай. Гэта адразу стварае адчуванне агульнай мовы, нават калі людзі бачаць мяне ўпершыню.

Як з’явілася ідэя кнігі?

– Яна вырасла з вельмі бытавой сітуацыі – жыцця ў здымных кватэрах з маленькімі кухнямі. Калі ў цябе мінімум прасторы, адна дошка, усяго некалькі прадметаў, ты хутка сутыкаешся з адчуваннем абмежавання. У нейкі момант мне стала цікава паглядзець на гэта інакш – не як на праблему, а як на метад. Так з’явілася ідэя кнігі, якая не патрабуе ідэальных умоваў і вялікай прасторы.

А чаму менавіта сняданкі?

– Сняданак для мяне – гэта пункт апоры. Я магу прапусціць абед ці вячэру, але сняданак – ніколі. Гэта момант, калі ты вяртаеш сабе ўвагу і рытм дня. Мне хацелася паказаць, што маленькая кухня не нагода адмаўляцца ад гэтага рытуалу і ад гатавання агулам.

Які фідбэк ты ўжо атрымала?

– Кніга толькі выйшла, але я ўжо чую, што людзям важна адчуванне лёгкасці. Шмат хто кажа, што яна вяртае жаданне гатаваць без ціску і без імкнення да ідэалу. Цяпер жыццё даволі складанае, і, здаецца, людзям хочацца чагосьці шчырага і зразумелага.

 

Фота: sashen_holerik  

 

Пра шлях у прафесіі

У цябе вельмі шматбаковы прафесійны досвед. Якім ты сама яго бачыш?

– Я ніколі не выбірала адну выразную траекторыю. Мне было важна паспрабаваць розныя фарматы: ад камерных праектаў да вялікіх прафесійных кухняў. З часам я зразумела, што мяне цікавіць не столькі рух уверх па кар'ернай лесвіцы, колькі рух углыб: да працэсу, сэнсу, уласнага адчування ад працы.

Ты лёгка бярэшся за новае?

– Калі я не разумею, як гэта зрабіць, ці не адчуваю ўнутранай сувязі, я адмаўляюся. Але калі бачу магчымасць нешта развіць, паспрабаваць, знайсці свой вугал зроку, часцей згаджаюся. Гэты шлях менш прадказальны, але ён дае адчуванне жывога руху.

Бывалі моманты выгарання?

– Так, і не раз. Асабліва калі я аказвалася фултайм у інтэнсіўным кухонным рытме. З часам я зразумела, што мне важнае спалучэнне: заставацца ў рамястве, але пры гэтым мець прастору для ідэй, эксперыментаў і іншых формаў працы.

 

Пра ежу як візуальную і мастацкую мову

Ты шмат працуеш з візуалам. Раскажы, як гэта прыйшло.

– Гэта было ўва мне заўсёды. Мяне цікавіла не толькі ежа на талерцы, але і ўсё вакол яе: стол, святло, прадметы, атмасфера. Паступова мая зона адказнасці пачала выходзіць за межы кухні і ўключаць прастору цалкам.

 

«Мяне цікавіла не толькі ежа на талерцы, але і ўсё вакол яе»

 

У які бок табе цяпер асабліва цікава рухацца?

– Мяне вабяць фарматы на скрыжаванні гастраноміі, візуалу і мастацтва. Часовыя праекты, поп-апы, інсталяцыі – тое, што існуе тут і цяпер. У гэтай часовасці ёсць асаблівая каштоўнасць, якую складана прайграць у пастаянных фарматах.

 

Фота: dubinkaitem 



Пра ідэі і задавальненне ад працы

Што цябе цяпер больш за ўсё матывуе?

– Момант зараджэння ідэі. Гэты стан, калі ты яшчэ нічога не зрабіў, але ўжо адчуваеш, што магчыма ўсё. Ён вельмі крохкі, але менавіта дзеля яго мне хочацца працягваць.

– А што для цябе складаней – прыдумаць або рэалізаваць?

– Рэалізаваць. Таму што ў галаве заўсёды ёсць даволі выразная карцінка, а рэальнасць патрабуе гнуткасці і прыняцця. З досведам ты пачынаеш ставіцца да гэтага спакайней і закладваць больш прасторы для змен.

– Наколькі для цябе важныя ўзнагароды і прызнанне?

– Яны могуць быць важныя, але самі па сабе не ствараюць сэнсу. Для мяне значна больш каштоўная сувязь з людзьмі і адчуванне праўды ў тым, што я раблю. Калі хтосьці кажа, што ежа нагадала яму нешта асабістае ці важнае – гэта і ёсць сапраўдная зваротная сувязь.

 

«Каштоўная сувязь з людзьмі і адчуванне праўды ў тым, што я раблю»



Пра блізкасць

– Як выглядае для цябе ідэальна праведзены час за сталом?

– Калі побач блізкія людзі, ніхто не грае роляў і не спрабуе здавацца кімсьці іншым. Размова, простая, шчырая ежа. Ежа, якая не прыкідваецца.

 


Фота: sashen_holerik 

 

  Кнігу «More than Breakfast» можна замовіць па спасылцы