9 актывісцкіх краўд-праектаў: гісторыі поспехаў
- 31.01.2018
- 6946
Калі ў цябе гараць вочы і ты жадаеш змяніць свет да лепшага, але ў кішэні пуста, то ўзгадай пра краўдфандынг. Як выкарыстоўваць краўдфандынг на карысць свайго праекта? Сабралі сем гісторый паспяховых праектаў на краўд-платформах ды яшчэ два, якія толькі на шляху да зварочвання гор.
Гэты праект выспеў з маленькай прыватнай гісторыі мастацтвазнаўцы і журналісткі Эльвіры Каралёвай. Яна пазнаёмілася з Дзімам Фраловым, які з інваліднасцю навучыўся вытанчана і незвычайна маляваць. Эльвіра зразумела, што прыватныя майстар-класы – сапраўднае свята для кожнага чалавека ў вазку, якому фізічна складана часта выходзіць з дому і стасавацца з людзьмі наўпрост.
Праект сабраў 100% неабходных сродкаў, а ў яго аўтаркі такім чынам з’явілася магчымасць правесці ў бліжэйшыя месяцы каля 100 заняткаў па маляванні ў тэхніцы Эбру, а потым яшчэ і зрабіць выставу. Слоган-назва «А ты прыедзеш?» цяпер мае толькі адзін адказ ад Эльвіры: «Так, я прыеду!»
Эльвіра Каралёва, аўтарка праекта:
– Пасля маіх анлайн-знаёмстваў з маладымі і вельмі актыўнымі і пазітыўнымі хлопцамі з ДЦП, прыйшла ўпэўненасць: трэба нешта рабіць. У той час я трапіла на навучальны курс «Развіццё жаночага прадпрымальніцтва з сацыяльным акцэнтам», дзе мяне і наштурхнулі на ідэю краўдфандынгу.
Хоць мой праект стаўся паспяховым, краўдфандынг – гэта не так лёгка, як можа падавацца. Трэба адказна падысці да структураванага выкладання сутнасці праекта, яго грамадскай карысці, плана прасоўвання ў медыя. Гэта выдатная праверка: не здолеў захапіць, заахвоціць людзей – дык можа, не такая ўжо і класная ідэя ў цябе, можа, не сфармуляваў яе дакладна, няправільна распавёў.
Дакументальны спектакль Лабараторыі сацыяльнага тэатру
Лабараторыя сацыяльнага тэатра вырасла з адной з канцэнтрацый Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі. Паўтара месяцы таму рабяты паспяхова скончылі збор сродкаў на спектакль пра трагічную падзею Беларусі 11 красавіка. Публічныя паказы пастаноўкі адбудуцца ўжо 3 і 4 лютага.
Каця Арчакова, pr-менеджарка праекта:
– Я думаю, што краўдфандынгавая кампанія для дакументальнага праекта «11 красавіка» стала паспяховай, таму што ўсе без выключэння менчукі адчуваюць датычнасць да выбуху ў менскім метро ўвесну 2011 года. Пра гэта і ідзе гутарка ў спектаклі.
У абсалютнай большасці людзей ёсць патрэба ўдзельнічаць у якой-небудзь умоўна важнай справе. Але для гэтага не заўсёды знаходзяцца неабходныя рэсурсы (грошы, час, энергія). Пры рэалізацыі краўдфандынгу для сацыяльнага праекта можна зрабіць патэнцыйным спонсарам вельмі выгадную прапанову: маўляў, глядзіце, зараз вы падтрымліваеце наш праект, проста зрабіўшы аплату ў пару клікаў, – і ўсё, вы ў справе. І што, усё так проста? Так, усяго пару хвілін і рублёў – і вы з намі: у важнай, патрэбнай і вельмі цікавай справе!
Часопіс пра гендар і сэксуальнасць MAKEOUT
Каманда анлайн-выдання пра жыццё ЛГБТ+ супольнасці MAKEOUT загарэлася ідэяй стварыць друкаваны часопіс больш чым на 300 старонак з фактамі, архіўнымі здымкамі і сапраўднымі гісторыямі пра жыццё супольнасці ў апошнія 20 год. 15 снежня ў Менску адбылася прэзентацыя гатовай версіі часопіса.
Нік Антыпаў, сузаснавальнік і ўдзельнік праекта MAKEOUT:
– Упершыню ЛГБТ+ праект збіраў рэсурсы на краўд-пляцоўцы. З 29 жніўня па 15 кастрычніка мы змаглі сабраць каля 4 тысяч еўра, каб надрукаваць часопіс. Мы былі ўпэўненыя, што робім нешта сапраўды вартае і крутое, таму прома-тэксты і матэрыялы ствараліся з лёгкасцю. Але пасля завяршэння гэтай кампаніі я лічу, што поспех падобнай ініцыятывы па зборы сродкаў залежыць не толькі ад сацыяльнай значнасці ці прыгожага візуалу, але і ад таго, наколькі шырока тэма прысутнічае ў інфармацыйным полі.
Нягледзячы на нашы намаганні па супрацоўніцтве са СМІ, мы налічылі толькі 3 унікальныя публікацыі, таму асноўным каналам камунікацыі сталі сацыяльныя сеткі і рэклама ў іх, праца з сяброўскімі паблікамі. Вялікі фідбэк быў ад нашых падпісантаў, бо менавіта дзякуючы іх рэпостам інфа змагла дайсці і да іншых асоб. Толькі так у нас і атрымалася сабраць ажно 112% ад неабходнай сумы.
Праект дызайнера з Берасця вырашае штодзённыя жыццёвыя праблемы людзей, у якіх няма дома. Усяго за месяц праект сабраў нават болей за неабходныя 3500 тысячы BYN, на якія зладзілі святочную вячэру, а таксама сабралі падарункі: пальчаткі, шкарпэткі, абутак, цукеркі і мандарыны. За фінансавую дапамогу праекта спонсары маглі атрымаць невялічкія фігуркі бомжстыкаў з уласнай гісторыяй для кожнага.
Ілля Дудараў, аўтар праекта:
– «Бомжстыкі» – мой першы ўласны праект. Краўдфандынгавую пляцоўку для яго рэалізацыі я абраў як тэставую. Першапачаткова я не моцна канцэнтраваўся на сацыяльнай значнасці праекта, хутчэй, проста хацеў нечым дапамагчы героям маёй творчасці.
Каб усё атрымалася, неабходна «гарэць» уласнай ідэяй, атрымліваць радасць ад працэсу творчасці. Ды й не мудрыць асабліва: нават такая вострасацыяльная тэма мусіць быць рэалізаваная проста і з пачуццём гумару.
Аўтары праекта кажуць, што Менск падаецца чыстым, калі не заходзіць у глыбіню дворыкаў, спальных раёнаў ды паркаў. Слоган праекта – «ваш сабака не можа прыбраць за сабой» – абсалютная праўда, бо часта ўладальнікам жывёлінак бракуе культуры прыборкі.
Межавымі поінтамі праекта сталі ўсталяванне шыльдачак з правіламі паводзінаў і прыборкі пры выгуле жывёл у папулярных для гэтага месцах, пасля – усталёўка спецыяльных сметніц для «сабачых спраў» і прамая раздача пакецікаў для ўсіх, хто выгульвае жывёлаў. Проста і зразумела, але колькі карысці! Глядзіш – хутка і мы ўвесну зможам без асцярог паваляцца на газоне ў парку Перамогі.
Ганна Цішкевіч, удзельніца каманды праекта:
– Ідэя для краўдфандынгу была сацыяльна-скіраванай, але ў нас не было грошай на рэалізацыю. Збор сродкаў быў нервовым. Так склалася, што ў ініцыятыўную групу праекта ўваходзілі ў асноўным рэкламшчыкі ды маркетолагі.
Мы вырашылі рабіць сметніцы на тэрыторыі «Новай Баравой» і шыльдачкі для шпацыраў. Для таго, каб праект атрымаўся, асаблівых сакрэтаў няма: каманда, энергічнасць і нястомнасць кожнага з яе ўдзельнікаў, сапраўднае захапленне ідэяй. А таксама правільнае размеркаванне абавязкаў у камандзе, адказнасць і гатоўнасць шмат працаваць.
Самыя дарагія рэчы на ўсе часы — хэнд-мэйд. Праект «Шкарпэткі ад бабулі» – гэта не проста цёпленькія шкарпэткі, а з сацыяльным складнікам. Аўтары хацелі дапамагчы Дому састарэлых у Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці і падарыць яго жыхарам цёплых шкарпэтак для халоднай зімы. Прычым шкарпэтак, пяшчотна звязаных рукамі бабуляў-майстрыц. Кожны, хто дапамог праекту, мог атрымаць пару дызайнерскіх шкарпэтак сабе ў падарунак. Праект паспяхова скончыўся напрыканцы 2017-га.
Праект для дзетак з прытулкаў па будаўніцтве лялечнага доміка паспяхова завяршыўся яшчэ ў 2015 годзе, але дагэтуль застаецца незвычайным і важным. Глабальная задума праекта: праз гульню і макет сапраўднага дома для тых, у каго яго няма, зразумець рэальныя патрэбы і праблемы дзетак з прытулкаў ды прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці. Праз серыю відэазамалёвак аўтары хочуць паказаць уяўленні дзяцей пра сям’ю, утульнасць, бацькоў, каштоўнасці і мары.
ЯШЧЭ ІДЗЕ ЗБОР СРОДКАЎ
Праект «ЭТНАЎСЁ» – медыятэка па этнаграфіі – актыўна збірае сродкі. Калі слова «этнаграфія» патыхае табе нафталінам, спяшаемся змяніць тваё меркаванне. Каманда актывістаў стварае сайт з самай вялікай і пакуль адзінай у краіне базай па этнаграфіі беларусаў. Тут можна будзе знайсці ўсё – ад любімых прымавак тваёй бабулі з-пад Ціханятаў Віцебскай вобласці да песень беларускіх сялян пачатку мінулага стагоддзя.
Для таго каб праект існаваў, патрэбна 1000 BYN штомесяц, а акрамя гэтага – дапамога кваліфікаваных спецыялістаў і валанцёраў, якія маглі б апрацоўваць і сістэматызаваць інфармацыю. Пагадзіся, ідэя заўсёды мець пад рукой такі зборнік народнай творчасці тваіх жа продкаў – бясцэнная.
Новае жыццё ў абмен на крышачкі
Амбітны праект можна назваць архісацыяльным: ён дапамагае і навакольнаму асяроддзю, і хворым дзеткам. Аўтары прыводзяць статыстыку, якая шакуе: на сметніках Менска за год акумулюецца каля 800 тон пластыкавых крышак, за перапрацоўку якіх можна атрымаць у эквіваленце каля 160 тысяч долараў. А на гэтыя грошы можна набыць каля 300 вазкоў для дзяцей з інваліднасцю. Ідэю падгледзелі ў Турцыі, дзе ўпершыню ладзіўся такі праект. Жыхары ў выніку сабралі каля 280 тон крышак і набылі 1100 вазкоў.
Сярод таскаў праекта абірай задачу, якая больш даспадобы. Набыццё і ўстаноўка кантэйнераў ужо ідуць поўным ходам, а многія яшчэ не ведаюць, як важна збіраць смецце паасобку і што такім простым чынам можна зрабіць жыццё пары соцень дзетак крыху лепей. Не спі ў шапку – у жыцці мала шанцаў стаць супергероем!
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.
Фота з афiцыйных суполак праектаў & Artur Motolyanets