Пяць лепшых тэкстаў пра фемінізм

  • 21.09.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 8430

На выпадак кепскага надвор'я сабралі кніжную паліцу для займальнага чытання. Распыталі пяць феміністак, што пачытаць пра бізнэс, цялеснасць ды мастацтва. Выйшла падборка тэкстаў, якія жанчыны пішуць пра жанчын і для жанчын. Але чытаць можна ўсім!

 

Антаніна Сцебур

даследчыца і куратарка, прадстаўніца ініцыятывы #дамаудобнаявбыту

Лінда Нохлін «Чаму не было вялікіх мастачак?»

 

Для нашай ініцыятывы #дамаудобнаявбыту кананічнай і вельмі важнай з'яўляецца праца амерыканскай даследчыцы Лінды Нохлін «Чаму не было вялікіх мастачак?», напісаная ў 1971 годзе.

Да гэтага часу ў пытаннях роўнасці мужчыны і жанчыны ўзнікае адзін і той жа аргумент, які ўмоўна можна пазначыць так: «Ну і назавіце мне вялікіх жанчын-мастачак, даследчыц, навукоўцаў» і далей па спісе. Важна, што Лінда Нохлін, звяртаючыся да гэтага пытання, зыходзіць з традыцыйнага адказу: такіх жанчын не было, таму што сапраўдным мастаком мог быць толькі белы мужчына-еўрапеец. Яна старанна даследуе сістэму адукацыі і эканамічныя, палітычныя, сацыялагічныя перадумовы. Напрыклад, яна паказала, што забарона на маляванне аголенай натуры для мастачак закрывала ім шлях да паўнавартаснай адукацыі і рэалізацыі ў прафесіі.

Наогул гэтая невялікая праца важная не толькі для свету мастацтва. Яна паказвае, што традыцыйнае пытанне «Чаму ў гісторыі не было ці няма да гэтага часу жанчын у тых ці іншых сферах?» варта разглядаць не проста ў лоб, трэба аналізаваць існуючую структуру ўлады і функцыянаванне сацыяльных інстытутаў.

Як пісала сама Лінда Нохлін, «пытанне пра роўнасць жанчын – у мастацтве або ў любой іншай вобласці – гэта пытанне не пра параўнальную прыхільнасць або супрацьдзеянне асобных мужчын і не пра веру або не веру ў сябе асобных жанчын, але хутчэй пра саму прыроду нашых інстытуцыйных структур і пра той светапогляд, які яны навязваюць звязаным з імі людзям».

 

 

Вольга Ланеўская

трэнерка па самаабароне і асертыўнасці для жанчын і дзяўчынак Wen-Do (ГА «Радзіслава»)

 

Іў Энцлер «Выдатнае цела»

 

Іў Энцлер – гэта пісьменніца і драматургіня, якая закранае ў сваёй творчасці тэму фемінізму і вызвалення жанчын. Адзін з самых яе знакамітых твораў – «Маналогі вагіны», якія я таксама раю прачытаць, але цяпер я б хацела парэкамендаваць «Выдатнае цела».

«У разгар вайны ў Іраку, падчас росквіту сусветнага тэрарызму, калі грамадзянскія свабоды вытанчаюцца, як азонавы пласт, калі кожная трэцяя жанчына згвалтаваная або збітая, які сэнс пісаць пра мой жывот?» Кніга пра цела і пра яго прыняцце альбо непрыняцце, пра «дасканаласць», якой не існуе, і пра нестабільнасць у свеце як нашага цела, так і ўсяго астатняга. Пра тое, што дае нам наша цела, навошта мы яго выкарыстоўваем і якім яно павінна / можа быць для нас, а потым ужо для ўсіх астатніх.

Энцлер наведала многія краіны свету і камунікавала з жанчынамі з розных супольнасцяў, але прыйшла да высновы, што многіх з іх аб'ядноўвае адно: імкненне да прыдуманага капіталістычным светам ідэалу – плоскага жывата. Аўтарка апісвае ўспрыманне цела скрозь прызму свайго досведу, яна кажа: «Любі сваё цела, хопіць яго чыніць. Яно ніколі не ламалася». Думаю, гэтая кніга – добры старт да разумення свайго арганізма і думак ды гармоніі з імі. Рэкамендую прачытаць усім тым, хто яшчэ сумняваецца, што цела не ўплывае на ўзровень упэўненасці і любові да сябе і на тое, ці будзе нас шанаваць і паважаць гэты свет.

 

 

Юлія Малькова

заснавальніца праекта для прадпрымальніц ProWomen By і праекта Botanika, Амбасадарка Сусветнага дня жаночага прадпрымальніцтва ў Беларусі

Шэрыл Сэндберг «Не бойся дзейнічаць. Жанчына, праца і воля да лідарства»

 

«Папрасіце мужчыну растлумачыць, як ён дамогся поспеху, і ён, хутчэй за ўсё, стане казаць пра ўласныя таленты і ўменні. Задайце тое ж пытанне жанчыне, і яна, верагодна, патлумачыць свой поспех вонкавымі фактарамі». Як чалавек, які мае дачыненне да развіцця жаночага прадпрымальніцтва, я не магла прайсці міма кнігі Шэрыл Сэндберг. Шэрыл уваходзіць у раду дырэктараў Facebook, Walt Disney, Starbucks. Распавядаючы сваю гісторыю, яна падымае важныя праблемы, з якімі можа сутыкнуцца жанчына, што прэтэндуе на кіруючыя пазіцыі: кар'ера і нараджэнне дзяцей, няўпэўненасць у сабе, незадавальненне з боку навакольных і гэтак далей.

Хоць кніга і пабудаваная на асабістай гісторыі Шэрыл, з яе можна даведацца пра існуючыя гендарныя стэрэатыпы і пра несправядлівасць у адносінах да жанчын, якая пануе ў свеце вялікіх карпарацый. Асаблівую каштоўнасць уяўляе вялікі спіс спасылак на розныя даследаванні ў канцы кнігі.

Шэрыл заклікае жанчын настойлівей дамагацца лідарскіх пазіцый, не адмаўляцца ад кар'еры з нараджэннем дзіцяці, будаваць партнёрскія адносіны ў сям'і. Галоўнае пытанне, якое яна прапануе задаць сабе для пачатку: «Што б я зрабіла, калі б не баялася?»

 

 

Алена Агарэлышава

кіраўніца канцэнтрацыі «Гендарныя даследаванні» ECLAB, каардынатарка Community Centre для ЛГБТ-людзей і іх блізкіх.

 

Маргарэт Этвуд, «Аповед служанкі»

 

Гэтая кніга дазваляе разабрацца, як працуе патрыярхальнае грамадства. Каму належыць праславутая ўлада і чаму ў гэтым утрыраваным патрыярхальным свеце дрэнна як мужчынам, так і жанчынам – але дрэнна па-рознаму. Гэтая кніга на прыкладах паказвае, чаму гендарная роўнасць – гэта заўсёды пра працэс i нiколi пра вынік.

Карыстаючыся прыкладам з кнігі, роўнасці «ўжо даўно дасягнулі і няма чаго пра гэта казаць», а потым ты не можаш карыстацца сваімі грашыма, цябе звальняюць з працы і адбіраюць дзяцей. Паралелі з Беларуссю прасачыце самі.

Я рэкамендую менавіта кнігу, а не серыял. Чытаючы кнігу, можна наглядна прасачыць паралелі з рэальнасцю. Ёсць магчымасць смакаваць асобныя фразы і супастаўляць іх з сюжэтамі, якія бачыш у сваёй штодзённасці. Я чытала на рускай, і пераклад вельмі і вельмі добры. Карціны фільма настолькі гіпертрафавана яркія і эмацыйныя, што нараджаюць адчуванне поўнай нерэальнасці таго, што адбываецца. Можа скласціся адчуванне, што гэта чарговая фантастыка, якая не мае нічога агульнага з рэальнасцю.

 

 

Аляксандра Дзікан

дырэктарка «Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы»

Юлія Лапіна «Цела, ежа, сэкс і трывога: што турбуе сучасную жанчыну»

 

Кніга падымае актуальныя праблемы, якія ўсіх хвалююць, але па іроніі амаль не знаходзяць выйсця ў публічнае поле. Сучасная псіхалагіня Юлія Лапіна вывучае, як уладкаваныя патрабаванні, што прад'яўляюцца сучасным жанчынам у сферы цела і сэксуальнасці, і расплюшчвае вочы на тое, як практыкі, што сталі нам звыклымі, навязаў нам капіталізм.

Кніга мякка падштурхоўвае адкінуць паніку і ўсякія спробы пастаянна імкнуцца да стандартаў, што ўвесь час мяняюцца. Замест гэтага прапануецца прыслухацца да сябе, знайсці самасць.

Важная перавага менавіта гэтай кнігі ў тым, што яна напісана расійскай даследчыцай, а гэта значыць дзве рэчы. Па-першае, аўтарка ўлічыла асаблівасці кантэксту СНД, дзе дыскурсы, напрыклад у полі сэксуальнасці, часта супярэчаць адзін аднаму. Па-другое, важныя выказванні робяцца тактоўна і акуратна, каб нават кансерватыўныя людзі з цікаўнасцю дачыталі да канца. Акрамя таго, аўтарка інтэнсіўна працавала з людзьмі з разладам харчовых паводзінаў, таму главы, прысвечаныя тэрору ўласнага цела, атрымаліся асабліва пранікнёнымі.

Гэта базавая кніга для сучасных дзяўчат і жанчын, якая стане добрай падтрымкай на шляху здабыцця спакою і збавення ад залішніх трывог пра ўласнае цела. Больш за тое, рэкамендую да чытання дзяўчынкам-падлеткам – дапаможа пазбегнуць шматлікіх праблем.

КАМЕНТАРЫ (1)

Алена
Алена | 24.09.2018 14:06

*найлепшых
(ступені параўнання)

0 0