Прыгажосць у вачах невідушчай

  • 11.04.2016
  • 8429

Жыць у Менску і ні разу не ўбачыць яго: на просьбу 34mag 21-гадовая Крысціна Дайнека, якая яшчэ ў дзяцінстве страціла зрок, зрабіла фота свайго ледзьве не адзінага маршруту «дом–праца» і распавяла пра навакольны свет, прыгажосць гораду і дзіўных людзей.
 

 

Крысціна Дайнека, 21 год.

Тры гады таму пераехала з пасёлку Акцябрскі (Гомельскі раён) у Менск. На той момант ейны свет ужо цалкам акунуўся ў цемру. Дактары сказалі: «Адслаенне сеткавіцы. Нічога не зробіш». Дзяўчына ўздыхнула і прыняла жыццё са зменамі. Сёння яна працуе ў Менску на заводзе, дзе збіраюць электраўстаноўкі, жыве ў інтэрнаце ад прадпрыемства і марыць стаць аранжыроўшчыцаю.


«Я ведаю, што значыць давяраць камусьці як сабе»

 

– Ведаеце, шмат якіх невідушчых вашая прапанова ўзяць на шпацыр камеру як мінімум напалохала б. Па-першае, яны баяцца вуліцы. Па-другое, некаторыя з іх не ведаюць, як выглядаюць машыны, дамы, сонца, туман.

Іншая справа, калі зрок сыходзіць паступова: у дзяцінстве мае левае вока давала магчымасць даследаваць сусвет ува ўсіх фарбах. Вось чаму цяпер я магу размаўляць на адной мове з відушчымі. Разумею значэнне словазлучэнняў «прыгожая кветка», «вялікае дрэва», «сіняя кофта». Я дзякую богу, што паспела зразумець, як выглядаюць людзі. Праўда, некаторыя нацыянальнасці бачыла толькі на малюнках. З часоў школы памятаю, якія бываюць жывёлы, магу адрозніваць колеры. І, хоць мой Менск пафарбаваны толькі ў чорны, кожны дзень адчуваю, як жыццё змяняецца і становіцца прыгажэйшым.

Цяпер мы стаім каля інтэрнату. Высокі ён? Колькі паверхаў? Пытанне, вядома, цікавае, але навошта ведаць адказ? Галоўнае, што гэта месца, дзе жыву я, мае сябры, дзе стаіць любімая гітара. Дарэчы, тут, каля прыступак, ёсць лавачка. Улетку я сяджу на ёй з інструментам, спяваю. Напэўна, у такія моманты куточак каля пад’езду ператвараецца ў імправізаваную сцэну, а вокны – у залу для гледачоў. Паху фарбы няма, а значыць – лаўка не новая. Крыху далей, метраў за дваццаць, ёсць яшчэ адная. Толькі датуль я ніколі не даходзіла.

«Кожны дзень адчуваю, як жыццё змяняецца і становіцца прыгажэйшым»

Дзве лаўкі, дом і турнікет (плот уздоўж ходніку, пафарбаваны ў яркі колер, дапамагае людзям са слабым зрокам і невідушчым арыентавацца ў прасторы – 34mag), на які мы абапіраемся пры хадзьбе, утвараюць прамавугольнік зямлі. Мне падаецца, што цяпер гэты агародчык засыпаны брудным снегам, але хутка прыйдзе сапраўдная вясна і зацвітуць кусты. Адкуль я ведаю, што тут расце? Калі б мне дазволілі акультурыць гэты надзел, я б абавязкова пасадзіла ружы, каб яны пляліся па агароджы. Было б прыгожа.

А мне вельмі прыемна, калі прыгожа. У маёй галаве ёсць прымяральня, у якой штодзень гляджуся ў люстэрка і падбіраю адзенне. Абноўкі ў гардэроб вымушаная набываць з відушчымі. Дзяўчаты кажуць, якога колеру кофта ці штаны, што на іх намаляванае. Карацей, я ведаю, што значыць давяраць камусьці як сабе.

Напрыклад, гэтыя чаравікі мама жартам называе каўбойскімі, а мне ў іх зручна. Яны без абцасаў і падэшвы не слізгочуць – асцярожнасць патрэбная пры любым надвор’і. Узімку пад нагамі лёд і змерзлыя кавалачкі снегу. Калі ўпадзеш – устанеш, гэта зразумела, але вось як потым самастойна знайсці дарогу – цяжкае пытанне. Увесну можна незнарок стаць у велізарную лужыну. Улетку жалезныя прадметы награюцца і стараешся не апячыся. Увосень выходзіш на двор у абутку аднаго колеру, вяртаешся дамоў у шэрым ад бруду.

 

 

 

Джынсавае неба

 

– Дарэчы, пытанне: куды мы ўсё ж такі накіроўваемся? Няміга? Дзе гэта? Там прыгожа? Я ведаю, што прыгожа на арэлях за інтэрнатам. Пойдзем туды!

Туды-сюды, туды-сюды – адразу ўспамінаю сябе маленькай. Тата нацягваў павады паміж дрэвамі – гэта і былі мае першыя арэлі. Сядзіш такая, а перад вачыма то зямля, то неба. Дарэчы, я любіла глядзець на неба. Адгадвала, да чаго ці каго падобныя аблокі. Шчыра кажучы, ужо не памятаю, якія яны бываюць. Пухнатыя? Як снежныя хвалі? Аднойчы бачыла блакітнае-блакітнае неба, як цяпер мае джынсы, а можа нават крыху святлейшае. Цудоўна! Думаю, сёння неба таксама светлае, сонечнае, усяго пару белых плямаў. І, нават калі памыляюся, нічога страшнага, бо яно пастаянна змяняецца. У адрозненне ад майго маршруту на працу.

Раніцаю іду на прадпрыемства. Раблю ўсё па памяці. Нават не ведаю дакладна, на якім паверсе працую. Галоўнае, не памыліцца з колькасцю прыступак і своечасова павярнуць. Працуеш, працуеш… Адное і тое ж. Сумна. Толькі калектыў добры. Не памятаю, казала ці не, у мяне ёсць мара: хачу заняцца аранжыроўкамі.

Колькі мы ўжо прайшлі? Яшчэ трошкі наперад і апынемся ў Мядзведжына. Я рэдка хаджу туды – калі на дварэ суха, няма снегападу, гурбаў, ветру, спякоты і, галоўнае, калі мая суседка ў добрым гуморы. Шпацыр – гэта выдатна. Было б з кім. Праўда, у інтэрнаце жыве Віталя. Мы думаем, што ён супермэн. Хлопец сляпы з нараджэння, але можа пайсці, куды захоча, паехаць на аўтобусе. Як гэта? Вы ўяўляеце?

 

 

Дзіўны народ

 

– Ніколі не ведаеш, каго сустрэнеш на сваім шляху. Бывае, ідзеш з кіем уздоўж турнікету і натыкаешся на людзей. Яны, напэўна, не разумеюць, у чым справа, і не адыходзяць. Спрабуеш зрабіць крок наперад, а там зноў жывая перашкода. Аднойчы мінак нават прысеў, трымаючыся рукамі за турнікет, але не адышоў. Дзіўны народ.

Калі жадаеце ўбачыць зруйнаваны свет сляпога чалавека, то глядзіце: турнікет, які нехта зламаў. У звычайным жыцці такія, як вы, наўрад ці звернуць увагу на гэта. А для мяне гэта велізарная перашкода на шляху. Як знайсці дарогу дамоў? Куды паварочваць?

«Я – мера ўсіх рэчаў на свеце»

Нарэшце мы ў лесапарку. Я ўжо казала, мне пашанцавала: ведаю, як выглядаюць елкі. Яны зялёныя, і да іх хочацца дакрануцца. Ёсць фотка, дзе я абдымаю вялікае дрэва. Не ведаю, якое. Дзе фотка, таксама не ведаю. Цяпер падыду да ствала і падыму галаву. Памятаю, рабіла так у дзяцінстве. Колькі ж людзей трэба паставіць на плечы адзін аднаму, каб дастаць да верхавіны? Дайце здагадаюся, гэтая елка дзесяць метраў вышынёй? А можа, дваццаць? Можа быць, тут усе такія дрэвы, а можа і не – магу ўявіць што заўгодна. Вось ужо сапраўды: я – мера ўсіх рэчаў на свеце.

 

Фота by Крысціна Дайнека і Dmitry Kumashov
 
 

КАМЕНТАРЫ (1)

alenaizjum
alenaizjum | 18.04.2016 12:29

Моцна.

12 0 +12