5 экаканцэпцый, якія ламаюць сістэму
- 18.10.2018
- 8972
Ты закрываеш кран, калі чысціш зубы, ходзіш у краму са сваім пакетам і з задавальненнем тлумачыш прадаўцам, чаму так робіш, просіш у кавярні наліць кавы ў свой кубак і нават сартуеш смецце. Але табе гэтага мала – хочацца больш грунтоўных зменаў. 34mag запытаўся ў экспертаў і экспертак з розных экалагічных арганізацый Беларусі, якія канцэпцыі варта вывучыць і выкарыстаць, каб пачаць змяняць сістэму: у сваёй галаве і вакол сябе.
Замест фастфуду – пермакультура
Стандартная парада са спісу «Як выратаваць планету не напружваючыся» – купляць сезонную і мясцовую садавіну і гародніну: так зніжаецца транспартная нагрузка на навакольнае асяроддзе (а, значыць, і выкіды СО2). Наступны этап – пермакультура, метад вядзення сельскай гаспадаркі (і жыцця ў цэлым), калі градкі закручваюцца ў спіралі, гародніна расце разам з кветкамі, а пустазелле з ненавісных ворагаў ператвараецца ў расліны, якія абараняюць глебу. Расказвае Лана Семенас («Агра-Эка-Культура»).
– Пермакультура паўстала ў сярэдзіне XX стагоддзя як адказ на інтэнсіўную эксплуатацыю прыроды і прамысловую сельскую гаспадарку. Часта пермакультуру называюць экалагічным дызайнам. Дызайн тут разумеюць у шырокім сэнсе як метад устойлівай арганізацыі прасторы і аптымізацыі працэсаў, якія ў ім працякаюць. Сутнасць пермакультуры – мінімальнае выкарыстанне рэсурсаў, у тым ліку працы, але пры гэтым – атрыманне максімальнага выніку. Гэта рашэнні, заснаваныя на павазе да прыроды, на традыцыйных практыках карэнных народаў і проста на здаровым сэнсе. Гэта – аснова ўстойлівасці.
Пермакультура ахоплівае не толькі сельскую гаспадарку і будаўніцтва. Яе прынцыпы можна ўкараняць у эканоміцы, у арганізацыі працы – гэта аптымізацыя працэсаў у любой дзейнасці. На аснове этыкі і прынцыпаў пермакультуры можна пераставіць мэблю ў кватэры, наладзіць адносіны ў сям'і ды з суседзямі, паменшыць выдаткі – увогуле, зрабіць сваё жыццё лепшым. Калі б гарадской гаспадаркай кіравалі пермакультуршчыкі, не было б праблем з высечкай дрэў, забудовай паркаў і «добраўпарадкаваннем» двароў, якое пагаршае якасць жыцця людзей. Вынік прытрымлівання пермакультурнай этыкі, прынцыпаў і метадаў – стварэнне жывой, гнуткай і ўстойлівай сістэмы ў любым відзе дзейнасці.
Падрабязней пра пермакультуру можна пачытаць тут.
Замест грамадства спажывання – «zero waste»
Ты ўжо сартуеш смецце, але задумваешся пра тое, адкуль усё гэтае смецце бярэцца, і пра тое, што нават сартаванае яно цалкам не перапрацуецца? Віншуем, ты робіш першы крок да канцэпцыі «zero waste» і да таго, каб адкіды наагул не з'яўляліся. Распавядае Марыя Сума («Цэнтр экалагічных рашэнняў»).
– Шмат якія людзі ведаюць, як сартаваць смецце, аднак смецця менш не становіцца. Паперу і пластык нельга перапрацоўваць бясконца. Пластык, напрыклад, можна перапрацоўваць да васьмі цыклаў – але гэтага не адбываецца. У любым выпадку, нават самая класная перапрацоўка не вырашыць праблемы, якая пачынаецца на этапе пакупкі.
Канцэпцыя «zero waste» дазваляе паглядзець на праблему маштабна: думаць не толькі пра перапрацоўку, але і пра тое, як дамагчыся таго, каб адкіды не ўтвараліся або ўтвараліся ў меншай колькасці.
«Zero waste» – гэта альтэрнатыва будаўніцтву новых заводаў для спальвання смецця. Важна ў першую чаргу не дапускаць з’яўлення новых адкідаў, а тыя рэчы, якія ўжо зробленыя, выкарыстоўваць паўторна. І толькі ў тым выпадку, калі паўторнае выкарыстанне катэгарычна немагчымае, адкіды адпраўляюцца ў перапрацоўку.
Больш падрабязна пра канцэпцыю можна пачытаць тут.
Замест 10 пералётаў на год – удумлівы турызм
Цяжка супрацьстаяць спакусам распродажаў лоўкостэраў, якія дазваляюць купіць квіткі за 10 еўраў, але за кожны такі пералёт у атмасферу выкідаецца столькі кг СО2, што яны зводзяць на нішто ўсе твае экалагічныя звычкі. Пра новую канцэпцыю турызму распавядае Вольга Каскевіч («Багна»).
– Я – частка гэтага свету, не гарадской прасторы, а прыроднага асяроддзя, яе адзінка. Калі мне сумна, дрэнна, мая галава перапоўненая рознымі думкамі, я іду блукаць, праветрываць галаву, глядзець удалячынь на захад, ахінацца ў зеляніну або сінь ландшафту, знаходзіць сваё месца сілы.
Ахова здароўя часта разглядае ўзаемадзеянне з «зялёнаю і сіняю прасторай» – лесам, балотамі, рэкамі, азёрамі – выключна з пункту гледжання рызыкі (напрыклад, затапленне, пагроза віруснага і бактэрыяльнага забруджання, агрэсія біялагічных відаў). Аднак уздзеянне прыроды ў першую чаргу ўмацоўвае здароўе і дабрабыт чалавека.
У Беларусі адсутнічае панятак «wellness & wellbeing». Наша культура не ведае адпачынку. Узаемасувязь паміж навакольным асяроддзем, здароўем і дабрабытам чалавека для нас эфемерная, мы з ёй абсалютна не працуем і надаем сабе мала часу. Панятак «wellness & wellbeing» адсутнічае і на дзяржаўным узроўні: гэта можна заўважыць па гарадскім планаванні і нядбайнасці ў прыняцці рашэнняў адносна прыродных рэсурсаў. З пачатку 2014-га мы ў «Багне» працуем над развіццём гэткага кшталту канцэпцый. Гэта не пра азеляненне гарадоў і масавы турызм, хутчэй, гэта пра адзіночную практыку, пра магчымасць звычайнага чалавека пабыць з сабой у прыродзе, лепш спазнаць сябе і свет, палепшыць свой псіхічны стан.
Сваймі праектамі, якія прысвечаныя ландшафтнай архітэктуры, развіццю экалагічных сцежак і маршрутаў і лэнд-арту, мы намагаемся дапамагчы дзяржаве прааналізаваць каштоўнасць гэткіх інтэрвенцый у прыроду, паказаць і эканамічны патэнцыял для раёна ад адпачынку мясцовых жыхароў ды іншых падарожнікаў.
Беларусь яшчэ захавала «багну» ў натуральным стане, у нас 863 тысячы гектараў балот, дзікай прыроды – каля 2 %. Гэта менш за траціну таго, што было больш за 60 гадоў таму. Таму «Багна» і пачала займацца папулярызацыяй балот і дзікай прыроды ў нашай у краіне. Некаторыя беларусы ўжо выдатна разумеюць, што іхны ўласны дабрабыт звязаны са здароўем экасістэм.
Балота – мой асабісты ландшафт сілы. У свеце балот людзі аўтаномныя і незалежныя. Чалавек там аказваецца сам-насам з дзікім светам, небяспечным светам, здольным цябе забіць, але таксама і выратаваць. Балота – адкрыты тып ландшафту з вялікай палітрай колераў, воку ёсць дзе разгуляцца. Плюс гэта месца нашай культуры, гісторыі, містыкі. Складаны комплекс прыродных працэсаў, унікальнае асяроддзе, якое здольнае фармаваць клімат і рэгуляваць яго, гэта рэдкі для ўсяго свету і тыповы для нас ландшафт. І гэты ландшафт фармуе нашае ўспрыманне, менталітэт, а разам з тым і ўнікальнае карэннае насельніцтва, якое жыве ў цяжкадасяжных умовах, ва ўмовах высокай вады.
Больш падрабязна прачытаць пра балотны турызм можна тут.
Замест транспарту – гульня ў транспарт
Праехаць улетку на ровары могуць усе, а ты паспрабуй радыкальна адмовіцца ад усіх транспартных сродкаў, што паглынаюць бензін і вывяргаюць выхлапныя газы! Калі складана – трымай падказкі ад Паўла Гарбунова («Менскае веласіпеднае таварыства»).
– Транспарт – гэта сфера, дзе важныя дзеянні як з боку гарадскіх уладаў – па стварэнні добрай сістэмы, так і з боку людзей – па змяненні ўласных звычак. Для самога чалавека гэта гульня з ненулявой сумай. Напрыклад, выбіраючы ровар, электрасамакат, нанабот ці нешта падобнае, ты можаш стаць гарадскім даследчыкам ці даследчыцай, кожны раз спрабуючы новы маршрут ад працы да хаты, адкрываючы пры гэтым для сябе горад. Увосень і ўзімку ты можаш выпрабаваць самога ці самую сябе, знаходзячыся ў новых умовах, пашырыць зону камфорту і папрактыкаваць нонканфармізм.
Ты павінен(-на) адчуць самастойна: гэта сродак, які ашчаджае твой час, прыносіць свабоду, а, можа, паляпшае здароўе? Усё суб'ектыўна, але гэта варта даследаваць.
І яшчэ парада: стаўся да перамяшчэння і транспарту творча. Можна, напрыклад, згуляць у гульню – «Падсадзі на ровар калегу».
Больш падрабязна пра тое, які транспарт самы экалагічны, чытай тут.
Замест школьнай праграмы – адукацыя для ўстойлівага развіцця
Аповедаў пра колазварот рэчываў у прыродзе ўжо даўно недастаткова, каб разумець колазварот сучаснай эканомікі, спажывання і ўзаемасувязяў усяго. Кацярына Спосаб («Адукацыя для ўстойлівага развіцця») распавядае, як выхоўваць дзяцей у свеце, дзе школы ўжо недастаткова.
– Апошнім часам я чую пытанні: «Калі я сартую дома смецце, выбіраю сертыфікаваную экакасметыку, памятаючы пра шкоду мікрапластыка, выключаю святло і ваду пры кожным зручным выпадку, ці значыць гэта, што я вяду экапрыязны лад жыцця і магу быць прыкладам для сваіх дзяцей?». Гадоў 5–7 таму я б дакладна сказала: ты – проста прыклад экаадукацыі ў дзеянні, працягвай у тым жа духу, і твае маленькія крокі разам з такімі ж крокамі іншых людзей у іншых краінах стануць вялікай зброяй у барацьбе са зменай клімату. Але сёння, на жаль, ужо мала быць проста экаадказным у сваім асяроддзі. Без сацыяльнай адказнасці і актыўнага ўдзелу ў розных дзеяннях па змяненні навакольнага свету не абысціся. Экаадукацыя набывае новыя вымярэнні, часам гэта называюць адукацыяй для ўстойлівага развіцця, часам – актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Калі ты – мама ці тата з такой пазіцыяй, калі ты падтрымліваеш анлайн-петыцыі супраць вырубкі найбліжэйшага лесапарку, удзельнічаеш у інклюзіўных лагерах або трэнінгах, то як ты можаш перадаць свае веды дзецям? Зразумела, што ні ў школе, ні ва ўніверсітэце іх гэтаму не навучаць, хутчэй, наадварот. Таму нам, бацькам, дастаецца сёння задача развіць праектнае, творчае, неабыякавае стаўленне да свету.
Маючы дваіх дзяцей, 9 і 11 гадоў, якія бяруць актыўны ўдзел у моладзевых абменах, міжнародных трэнінгах або лагерах, магу дакладна сказаць адно: я ніколі не ўкладала ў іх гатовая веды і нічому не вучыла. Дзеці ўспрымаюць мадэль паводзін, а не словы. Калі яны бачаць, што тое, пра што ты ім кажаш, не адлюстроўваецца ў тваіх справах, яны не стануць цябе слухаць. Але калі яны бачаць, што ты верыш у тое, чым займаешся, яны табе павераць.
І яшчэ: хочаш, каб паверылі, заўсёды гавары на роўных, даведвайся іхнае меркаванне і дзяліся сваім. Тады смецце будзе сартавацца, а паркаў не будуць высякаць.
Фота: palasatka