15 адборных падзей сакавіка

  • 03.03.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 3877

У сакавіку ў Менску што ні дзень, то канцэрт, таму ты лёгка аформіш асабісты саўндтрэк для сваёй вясны. Для афішы мы суб’ектыўна выбралі некалькі выступаў, якія дакладна заслугоўваюць больш увагі, праслаіўшы іх лекцыямі, дыскусіямі, вечарынамі і кінапаказамі.

 

«СУЧАСНАЕ СЛОВА»

 Калі:  3 сакавіка, 19:00

 Дзе:  «Грай-кафэ» (вул. Інтэрнацыянальная, 33)

 Кошт:  free

Трэцяга сакавіка ва ўсім свеце адзначаюць прафесійнае свята пісьменнікаў. Таму складана прыдумаць вечаровы занятак, які будзе лепей за імпрэзу, дзе гэтыя самыя пісьменнікі выступаюць. Раскрываць «таямніцы літаратуры» будуць: Андрэй Хадановіч, Людміла Рублеўская, Ілля Сін, Віталь Рыжкоў, Сяргей Календа, Ганна Комар і Дар’я Бялькевіч. Адухаўляйся.

«ШТО БЕЛАРУСЬ МОЖА ДАЦЬ ФОТАСВЕТУ?»

 Калі:  4 сакавіка, 19:00

 Дзе:  офіс БАЖ (вул. Кальварыйская, 16, офіс 265, 4 паверх)

 Кошт:  free

Упершыню фотапраект made in Belarus будзе змагацца за прыз на самым прэстыжным фотаконкурсе – World Press Photo: Таццяна Ткачова трапіла ў фінал WPP з серыяй пра жанчын, якія перажылі аборт. З гэтай нагоды БАЖ ладзіць дыскусію пра тое, якія сюжэты можа даць Беларусь планеце, а таксама пра трэнды сучаснай фатаграфіі і фотаконкурсаў. У івэнце прымуць удзел топавыя фотажурналісты і рэдактары айчынных СМІ.

«ГАРЫЗОНТ ПАДЗЕЙ»

 Калі:  7–8 сакавіка, 19:00

 Дзе:  Silver Screen в ТЦ «Галилео» або Falcon Club Бутик Кино

 Кошт:  ад 15 BYN

У паветры каханне, у галаве «не потерять бы в серебре», а ідэя паглядзець канцэрт «Би-2» у кінатэатры ўжо не здаецца такой сумнеўнай. Лаві магчымасць зацаніць крутое шоу, знятае пятнаццацю камерамі Red Epic, атрымаць асалоду ад арыгінальнай сцэнаграфіі і светлавога дызайну без штурхялёў актыўных «танцораў» і неабходнасці ўставаць на дыбачкі, каб убачыць хоць штосьці. На канцэрце, запісаным у «ВТБ Лядовым палацы», Лёва і Шура выканалі песні з альбома «Горизонт событий», а таксама ўсё з катэгорыі зэ бэст оф зэ бэст. Калі ў кіно ісці лянота, паглядзі які-небудзь клёвы канцэртнік на ютубе.

 

 

LINDEMANN

 Калі:  4 сакавіка, 20:00

 Дзе:  Палац спорту (пр-т Пераможцаў, 4)

 Кошт:  79–275 BYN

Франтмэн Rammstein Тыль Ліндэман і мультыінструменталіст-натхняльнік метал-груп Pain і Hypocrisy Пітэр Тагтгрэн знатна скалынаюць інтэрнэты і хістаюць духоўныя скрэпы, так што гэтым рабятам можна пакорліва даверыць вечар серады, каб яны ператварылі яго ў хаос і ракешны карнавал. Менск уключаны ў турнэ з нагоды выхаду другога альбома Lindemann «F&M». Яшчэ засталося троху квіткоў на сектары, танцпол і ў фанзону.

DAKOOKA

 Калі:  8 сакавіка, 20:00

 Дзе:  Ok16 (вул. Кастрычніцкая, 16)

 Кошт:  25 BYN

Украінская поп-спявачка, аўтарка песень і кампазітарка Dakooka прывязе ў Менск акустычную праграму. Каця прэзентуе новы EP і прадэманструе, як гучыць без электрыкі, напрыклад, трэк пра «умри, если меня не любишь».

HOUS3DAY

 Калі:  13–15 сакавіка

 Дзе:  розныя лакацыі, чэкай тут

 Кошт:  ад 10 да 80 BYN, рэгістрацыя па спасылцы

Тусоўка Dance City Bitch ладзіць уік-энд, прысвечаны хаўс-культуры. У трохдзённую праграму ўвайшлі танцы, танцы, танцы, а таксама культурна-адукацыйная праслойка: тэматычны кінапаказ і майстар-клас ад дансара з Нідэрландаў Wesley. На кантэстах абяцаюць стварыць атмасферу вечарынкі – каб магчымасць патанчыць была не толькі ва ўдзельнікаў(-іц), але і ў гледачоў(-ак). Увага: месцы на ўсе івэнты гарантуюць толькі пры ўмове папярэдняй рэгістрацыі і аплаты квіткоў.

 

 

«НЕФІЛЬТРАВАНАЕ КІНО»

 Калі:  13–15 сакавіка

 Дзе:  Lo-Fi Social Club (вул. Кастрычніцкая, 16/3)

 Кошт:  6 BYN за прагляд праграмы

Цудоўны варык укладання шасці рублёў: за гэтыя шалёныя бабкі ты спажывеш адразу некалькі кароткаметражных шэдэўраў рознай ступені шэдэўральнасці. Фестываль укамплектаваны чатырма праграмамі: ігравой, дакументальнай, эксперыментальнай і анімацыйнай. Асабліва рэкамендуем апошнюю. Ну калі ты яшчэ паглядзіш мульцік пра жанчыну-саву, якая стамілася ад свайго агарода, або пра школьніка-графіціста, які мае праблемы з законам і ўвогуле напалову акула?

MECHTA: IMPULSE (4 YEARS)

 Калі:  14 сакавіка, 23:00

 Дзе:  Ok16 (вул. Кастрычніцкая, 16)

 Кошт:  14,5 BYN

Тэхна-праект «Мечта» задзімае чатыры свечкі на ўяўным святочным торце. Падчас святкавання будуць дзейнічаць тры сцэны, два бары і чыл-зона. Вечарыну робяць мультыжанравай: на гэты раз да музыкі падключаюцца жывапіс, мова цела і тэатр. Адна з вішанек праграмы – сэт на тэрменвоксе ад унука чалавека, які гэты інструмент прыдумаў. Таксама цябе чакаюць перформансы і шмат візуальнай прыгажосці. Цікава, што арганізатары вырашылі адысці ад фармату прывозаў і амаль увесь лайнап запоўняць сваімі. Ноч запаляць Dirty Owl, Morgotika, Olya Smok, I/dex, Gaamer і іншыя знаёмыя ўладары вяртушак.

КЛЮЧАВЫЯ ТРЭНДЫ SMM

 Калі:  16 сакавіка, 19:00

 Дзе:  Space (вул. Кастрычніцкая, 16/4)

 Кошт:  free, рэгістрацыя тут

Франак Вячорка – віцэ-прэзідэнт Digital Communication Network, аналітык лічбавых стратэгій U.S. Agency for Global Media, Vaclav Havel Fellow на Радыё Свабода – прачытае free-лекцыю для інфлюэнсераў, журналістаў ды актывістаў. Можаш пашукаць тут адказы на пытанні, як раскруціць свой канал у 2020-м, якімі спосабамі эфектыўна прасоўваць кантэнт у розных крыніцах, якія прылады юзаць для аналізу трафіка і што за фарматы цяпер у трэндзе. Пра TikTok гаворка таксама пойдзе.

 

 

X AMBASSADORS

 Калі:  17 сакавіка, 19:00

 Дзе:  Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)

 Кошт:  застаўся толькі танцпол па 78 быноў

Упершыню заедуць у Беларусь бруклінцы X Ambassadors, якія паспяхова існуюць на рок-сцэне больш за дзесяць гадоў, захоўваючы склад у першапачатковым выглядзе (музыкі ведаюць адзін аднаго з вельмі юнага ўзросту). Да нас артысты прыедуць у статусе суперзорак, у актыве якіх – сумескі з Imagine Dragons і Эмінемам, трэкі для «Атрада самазабойцаў» і «Трансформераў», сусветная вядомасць.

PLASTFORMA

 Калі:  18–22 сакавіка

 Дзе:  розныя пляцоўкі, чэкай тут

 Кошт:  ад 18 BYN

Харэаграфічныя і пластычныя спектаклі – пяшчотны падарунак чалавеку, які выходзіць з авітамінозу і зімовай спячкі пачуццяў. Артысты з Беларусі, Аўстрыі, Лівана і Польшчы раскажуць табе выразныя гісторыі на мове цела. Тут зусім не важна, як ты зразумееш убачанае, – яркія эмоцыі і ўзварушэнне табе гарантаваныя абсалютна дакладна. Прадстаўленні разгорнуцца на ўжо звыклых заўсёднікам форуму пляцоўках Ok16 і Музея Азгура, а таксама на падмостках Купалаўскага і ТЮГа.

34TRAVEL DAY

 Калі:  21 сакавіка

 Дзе:  культ. цэнтр «Корпус» (Машэрава, 9, корп. 8)

 Кошт:  20 BYN (першыя ластаўкі, далей даражэй)

Першы 34travel Day у 2020-м прысвечаны гарадской культуры (не ўсё ж па гарах скакаць). Будзем разважаць пра тое, як і чаму змяняюцца нашы гарады, што дапамагае фармаваць гарадскія кам'юніці, чаму Менск-2020 так мала падобны да Менска-2010. Сярод спікераў – рэстаратар, экскурсаводка, рэдактар гарадскога часопіса, арганізатаркі музычнага фестывалю.

 

 

ВЯЛІКАЯ ГАРАДСКАЯ БАРАХОЛКА

 Калі:  21–22 сакавіка, 11:00–19:00

 Дзе:  «Б/Уржуазные ценности» (вул. Кальварыйская, 18, праз прахадную завода «Луч»)

 Кошт:  1 BYN

Гэтую барахолку ладзяць у Менску не ўпершыню, але ж сакавіцкая падборка падзей была б без яе няпоўная: вясну добра распачаць з разбарахлення. Тут можна збагрыць ці набыць: адзенне і абутак, упрыгожванні, парфуму, мэблю, карціны, посуд, бытавую тэхніку, кнігі, плыткі, антыкварыят. Заяўкі на ўдзел прымаюць па мэйле gorod.baraholka@gmail.com. З наведнікаў бяруць рубель – сімвалічная цана доступу да цікавых рэчаў з гісторыяй.

«ХАДН ДАДН»

 Калі:  28 сакавіка, 19:00

 Дзе:  культ. цэнтр «Корпус» (вул. Машэрава, 9, корп. 8)

 Кошт:  25 BYN

Індзі-гурт з Масквы ўпершыню выступіць у нас з сольнікам. Артысты прэзентуюць новы альбом «Ностальгия» ў рамках тура «Пацаны, только в голову не бейте». Арганізатары абяцаюць гіг «містычны, выдатны, поўны тугі, фальклору, тэхна і меладрамы», а кожны з гэтых эпітэтаў выдатна кладзецца на душу беларускую.

ATL

 Калі:  29 сакавіка, 19:00

 Дзе:  Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)

 Кошт:  40 BYN

Рэпер ATL прыбывае ў Менск з новым альбомам «Кривой эфир» пры традыцыйнай падтрымцы каманды Acidhouze: ИЧИ, Ripbeat і бубнача групы Amatory Данііла Святлова. На выступах ATL заўсёды творыцца нешта вар’яцкае, і гэта роўна той выпадак, калі месцы за столікамі раскупленыя, а ты не разумееш, які сэнс у століку на «свяшчэнным рэйве».

Менск – горад жывы. Кожны дзень тут адбываецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш тэлеграм-канал Lost in Minsk