Фатографка Таццяна Ткачова выйшла ў фінал World Press Photo
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.02.2020
- 4710
Беларуская фатографка Таццяна Ткачова трапіла ў фінал самага прэстыжнага конкурсу прафесіянальнай фатаграфіі – World Press Photo. Яе серыя «Паміж правам і сорамам», прысвечаная жанчынам, якія перажылі аборт, мае шанец атрымаць прыз у катэгорыі «Партрэт».
Фото: Татьяна Ткачева, worldpressphoto.org
14 жанчын падзяліліся з Таццянаю сваімі няпростымі гісторыямі перарывання цяжарнасці. Сярод прычын, якія паўплывалі на іх рашэнне, – аварыя на Чарнобыльскай АЭС, здрада мужа, гвалт, ранняя цяжарнасць, цяжкія роды, хвароба, беднасць, страх адзіноты.
Фотагісторыя апублікаваная ў часопісе «Такие дела» год таму.
На сайце WPP сутнасць праекта апісваецца так: «Беларускі закон дазваляе перарываць цяжарнасць на тэрміне да 12 тыдняў, а пры пэўных медыцынскіх або сацыяльных абставінах – да 28 тыдняў. Гэта робіць яго адным з самых ліберальных у Еўропе. Тым не менш аборт усё яшчэ з'яўляецца табу для многіх жанчын, і многія з іх неахвотна прызнаюць, што ў іх было перапыненне цяжарнасці. Кампаніі "Тыдзень без абортаў" праводзяцца штогод, і рашэнне аб спыненні цяжарнасці можа суправаджацца пачуццём сораму».
Пераможцы World Press Photo будуць абвешчаныя ўвечары 16 красавіка на Сусветнай выставе фатаграфій у Амстэрдаме. У намінацыі «Партрэт» прадстаўленыя шэсць фотапраектаў. Працы ўсіх удзельнікаў сёлетняга кантэсту можна паглядзець на сайце WPP.
Таццяна Ткачова нарадзілася ў Краснаполлі (Магілёўскай вобласці). У фатаграфіі – з 2015 года. Скончыла Акадэмію дакументальнай фатаграфіі і фотажурналістыкі Fotografika ў Санкт-Пецярбургу (2016). Працуе ў газеце «Звязда». Супрацоўнічала з выданнямі «Такие дела», The Guardian, Spiegel Online, Ostpol Magazine, Lenta.ru, Bird in Flight, TUT.BY. Выставы яе фотаработ, акрамя Беларусі, праходзілі ў Расіі, Літве, Грузіі.