Дзеля якіх спектакляў варта паехаць у іншы беларускі горад?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 02.07.2024
- 3185
Калі ты з тых адчайных тэатралаў(-ак), якім не раз даводзілася выстаяць чаргу ў тэатральную касу ў надзеі ўхапіць квіток, у нас для цябе добрая навіна: не Менскам адзіным. Прапануем разам з падкастам пра сучасны беларускі тэатр «Контровые» пашыраць межы нагледжанасці і знаёміцца са спектаклямі за МКАДам, вартымі ўвагі не меней за сталічныя прэм’еры.
Магілёў
Старэйшы за Купалаўскі
Пачнём падарожжа з горада, вядомага пешаходнай вуліцай Ленінскай, «Аксанай, якая бяжыць з “Лаўсана”», і найстарэйшым беларускім тэатрам. Не, гэта не памылка: Магілёўскі абласны драматычны тэатр займеў пастаянны дом на два гады раней за Купалаўскі тэатр у Менску.
Калі апынешся ў горадзе, паўз гэты чырвонацагляны будынак не праскочыш. Размешчаны ён вельмі ўдала: на скрыжаванні дарог, якія вядуць да дзвюх галоўных славутасцяў Магілёва: Плошчы Славы (дзе бяжыць тая самая Аксана – жанчына, што сімвалізуе Перамогу) і парку «Падніколле».
Крышталь, шкілет і кулямёт
Тэатр унікальны не толькі ў архітэктурным, але і ў тэхнічным рашэнні. Пры яго ўзвядзенні выкарыстоўвалі маленькі, ды вельмі важны гукарэжысёрскі сакрэт: акустычныя нішы засыпалі бітым крышталём, каб артыстаў было добра чуваць нават у імператарскай ложы.
За стогадовую гісторыю Магілёўскі драматычны тэатр не раз меў патрэбу ў рамонце. У 1960-х падчас планавых работ не толькі паправілі правіслую столь, але і выцягнулі адтуль кулямёт часоў грамадзянскай вайны, а яшчэ – шкілет чырвонаармейца. Вось такія таямніцы часам захоўваюць у сабе паддашкі беларускіх тэатраў.
Да пачатку новага стагоддзя будынак магілёўскага тэатра прыйшоў у жаласны стан. Улады горада хацелі ўжо было знесці яго і пабудаваць новы. Але ў абарону родных муроў выступілі акцёры. Колькасць петыцый і скарг супраць рашэння аб зносе была такой вялікай, што было прынята рашэнне аб рэстаўрацыі.
«Пікавая дама», «Без пудры» ды іншыя
Рэпертуар Магілёўскага драматычнага тэатра не менш цікавы за яго гісторыю. У афішы – шырока вядомая класіка, інсцэніроўкі п'ес сучасных беларускіх драматургаў і пастаноўкі ад аўтараў, чые імёны сталі сінонімам ажыятажу гледачоў у наш час.
Кацярына Аверкава, знаёмая менскай публіцы па супрацоўніцтве з Яўгенам Карнягом, некаторы час працавала ў Магілёўскім драматычным тэатры галоўнай рэжысёркай. Ужо які сезон пастаўленыя ёю «Тарцюф» і «Без пудры» ідуць на вялікай сцэне, радуючы магіляўчан эпатажнасцю і адкрытасцю да абмеркавання табуяваных тэм.
Фота з сайта тэатра
«Тарцюф». Аснова спектакля – аднайменная п'еса французскага класіка Жана-Батыста Мальера. Кацярына Аверкава пакідае сюжэт першакрыніцы, але гэта зусім не закансерваваная сярэднявеччам дэкламацыя тэксту. Тут рэжысёрка кідаецца ў візуальны абсурд: яркія вобразы, якія насяляюць дом Аргона, больш падобныя да нефармалаў эпохі MTV, чым да набожнай парафіі. Фрык-шоу, карнавал тыпажоў і новых сэнсаў – цудоўны спектакль пра ашуканца і ашуканых, пра асляпляльную веру і ідалапаклонства.
Фота з сайта тэатра
«Без пудры». Аўтарскі спектакль Кацярыны Аверкавай пра клішаванасць грамадскіх уяўленняў і чаканняў. Якая яна, сучасная жанчына? Закаханая жонка, клапатлівая маці, эфектыўная супрацоўніца, верная сяброўка… Яна робіць тысячу спраў за палову дня, каб у другой палове паспець яшчэ столькі ж. Пералік клішэ можна працягваць. Рэжысёрка сабрала ўсе стэрэатыпы пад адной назвай, выракаючы іх на высмейванне і іранічны гратэск, і прадставіла новы погляд на эталон жанчыны, сумясціўшы ідэю women power з душэўнай лірыкай.
Фота з сайта тэатра
«Гэта ўсё яна». Спектакль рэжысёра Уладзіміра Пятровіча паводле п'есы сучаснага беларускага драматурга Андрэя Іванова. Чацвёрты год гэтая пастаноўка расказвае магілёўскаму гледачу гісторыю маці, якая стварыла фэйкавую старонку ў сацсетцы, каб больш даведацца пра свайго сына. Камернасць малой залы дае адмысловую атмасферу вастрыні і датычнасці да таго, што адбываецца тут, літаральна на адлегласці выцягнутай рукі. «Гэта ўсё яна» – перапляценне рэальнага і віртуальнага светаў на фоне адвечнага канфлікту бацькоў і дзяцей.
Фото Алины Белясовой
«Пікавая дама». У новым сезоне тэатр парадуе гледачоў вяртаннем кітчу ў двух актах паводле аповесці Аляксандра Пушкіна «Пікавая дама» (рэжысёр – Ігар Казакоў). У анатацыі да спектакля можна заўважыць знаёмыя сталічнай публіцы імёны: над інсцэніроўкай працаваў Дзмітрый Багаслаўскі, а над сцэнаграфіяй – Таццяна Нерсісян. У апрацоўцы МАДТ выйшла постмадэрнісцкая гульня, у якой пушкінскія героі ўжываюцца з Бродскім, Ван Гогам і Брытні Спірс. Тут рэальнасць ператвараецца ў ілюзію і абсурднае шоу, дзе жыццё гульца Германа паступова выходзіць з-пад кантролю, становячыся трызненнем вар'ята.
Гомель
Першы прыватны
Далей рушым на поўдзень Беларусі. Многім гэты рэгіён вядомы экалагічным запаведнікам, павольным Сожам, палацамі, сядзібамі і мастацкімі майстэрнямі. Аднак ёсць тут і пункт прыцягнення для тэатралаў і тэатралак – Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр. Заснаваны ў 1992 годзе як першы ў Беларусі прыватны тэатр, праз шэсць гадоў Маладзёжны аказаўся пад пагрозай закрыцця. Але гараджанам і акцёрам не хацелася страчваць месца акумуляцыі творчай энергіі і яркіх эксперыментаў, таму было вырашана перавесці тэатр пад патранаж дзяржавы.
Круцей за кіно
Гомельскі маладзёжны тэатр з першага дня існавання рабіў стаўку на пастаноўкі, якія закранаюць спрэчныя тэмы, што хвалююць маладых людзей. Яго гастролі заўсёды сустракаюцца ў Менску ажыўленай цікавасцю, бо гледачы ведаюць: будзе як заўгодна, але толькі не нудна. Сёння ў афішы тэатра можна ўбачыць камедыі і драмы, дэтэктывы і фантастыку, пластычныя і музычныя спектаклі – жанравая разнастайнасць шырэйшая, чым у кінатэатрах. І вось пара пастановак, якія дакладна ўпрыгожаць гомельскае падарожжа.
Фота з сайта тэатра
«Як забіць яшчэ адзін вечар?» Гэта тэатральная фантазія паводле някрасаўскай «Восеньскай нуды». Рэжысёр Кірыл Саленаў выводзіць на пярэдні план крывадушнасць рускага паэта, які апявае сялянскую душу і жорстка збівае ўласных прыгонных. У пастаноўцы вядзе рэй адчуванне бессэнсоўнай нуды, якая знішчае чалавечую асобу і прыводзіць да дэградацыі. Асаблівы шарм «Як забіць яшчэ адзін вечар?» надаюць фальклорныя матывы і зачаравальная пластыка акцёраў.
Дарэчы, у адным з эпізодаў падкасту «Контровые» вядоўцы дзяліліся ўражаннямі ад прагляду спектакля «Як забіць яшчэ адзін вечар?», а заадно абмяркоўвалі савецкую эстэтыку рэстаранаў і вуліц горада і ўсведамлялі будысцкія мудрасці. Так што раім паслухаць гэты выпуск перад паездкай.
Фота з сайта тэатра
«Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Спектакль паводле п'есы амерыканскага драматурга Эдварда Олбі. Але рэжысёр Данііл Філіповіч разбаўляе апавяданне пра сямейную пару, гатовую пайсці на ўсё, каб разбурыць абыякавасць ва ўласных стасунках, гісторыяй хворага і балючага кахання брытанскай пісьменніцы Вірджыніі Вулф. Пастаноўка без усялякага пафасу гаворыць з гледачом пра творчы крызіс, псіхалагічнае здароўе і трагедыю асобы.
Фота з сайта тэатра
«Мой дзядуля быў вішняй». Спектакль, пастаўлены па дзіцячай кнізе Анджэлы Нанеці, становіцца тэрапіяй для стомленых і расчараваных дарослых. Рэжысёр Дзмітрый Міронаў стварыў пастаноўку, у якой ударам пад дых адпраўляе гледача ў мінулае, дзе ёсць і шкадаванні, і смутак аб страчаным. Спектакль-успамін, спектакль-прадказанне. Часам карысна задумацца аб тым, што ўсе мы тут не назаўжды, без павучальнасці, але з лёгкай іроніяй, смяшкамі і няёмкімі паўзамі паміж этапамі сталення.
Фота з сайта тэатра
«451° па Фарэнгейце». Двухсерыйны спектакль – як табе такое? У Гомельскім маладзёжным тэатры антыўтапічны тэкст Рэя Брэдберы прадстаўлены ў дзвюх частках, якія паказваюцца ў розныя дні: «451° па Фарэнгейце: шлях Кларысы» і «451° па Фарэнгейце: шлях Мілдрэд». Рэжысёр Дзмітрый Міронаў стварыў аўтаномныя творы, героі якіх спрабуюць зрабіць свет лепшым. Спектакль вытрымлівае грань паміж абсурдам і гіперрэалізмам, няхай і з цяжкасцю. А каб даведацца, чаму беларускі Гай Мантэг куды менш удачлівы, чым амерыканскі, трэба апынуцца ў глядзельнай зале.
Замацаваць уражанні
Паслухай «Контровые» – падкаст дваіх сяброў, якія любяць не толькі «глядзець тэатр», але яшчэ і гаварыць пра яго. Аўтары кажуць, што жаданне быць снобамі ў іх адбіў вонкавы свет, таму яны не хацелі б душніць пра найвялікшае з мастацтваў, падаючы сказанае як апошнюю ісціну. Іх мэта – усяго толькі акрэсліць межы тэмы, даць імпульс да разважання пад келіх віна.