Адноўлены спектакль «Імжа» пра лёс беларуса пакажуць анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.05.2021
- 13277
Беларускі фонд культурнай салідарнасці запрашае 20 траўня ў 20:00 уключыць YouTube, каб паглядзець легендарны спектакль «Імжа» пра лёс ці то беларуса, ці то ўвогуле чалавека на зямлі.
Імпрэза ўяўляе сабой адноўленую пастаноўку Міколы Трухана, якую ён зрабіў у 1991 годзе ва ўласным тэатры «Дзе-я?» паводле п'есы «Сялянская вайна» польскага драматурга Йонаша Кофты. Рэжысёр-наватар, Трухан зрабіў з п’есы алегарычную прамову, гэта спектакль-алегорыя, спектакль-метафара, і кожная рэпліка тут напоўненая глыбокім сэнсам. «Героі яго – гэта архетыпы "племені людскога", – пішуць аўтары рэмэйка. – Яны быццам падарожнікі, якія блукаюць у нявызначанай, варожай прасторы... Імжа. Імжа не дае бачыць, чуць, разумець… Існаванне навобмацак. Дыялогі іх таксама размывае Імжа, таму часам падаецца, што размаўляюць яны не адно з адным, а проста з Богам...»
Значны для беларускай культуры спектакль аднавіў колішні акцёр тэатра «Дзе-я?» Генадзь Гатоўчыц. Разам з былымі акцёрамі «Дзе-я?» у рэканструкцыі ўзялі ўдзел артысты, якіх за грамадзянскую пазіцыю звольнілі з Новага драматычнага тэатра. Каманда сама рабіла ўсе дэкарацыі, а часткова і рэквізіт і касцюмы.
Глядзець «Імжу»