14 адборных падзей ліпеня

  • 04.07.2019
  • Аўтар: Rondo
  • 4442

Разам з ліпеньскай прахалодай у Менск прыйшлі крутыя івэнты. Мы маглі напісаць пра канцэрты 30 Seconds To Mars і Bring Me The Horizon, але пра іх і так усе ведаюць. Замест гэтага трымай 14 невідавочных івэнтаў, з якімі тваё лета пройдзе максімальна яскрава.

 

THE GLITCHHH BY | ENTHA UK
 
 Калі:  4 ліпеня, у 20:00.

 Дзе TNT Rock Club (вул. Рэвалюцыйная, 9А).

 Кошт:  free.

У Менск вязуць гурт éntha – каманду з Манчэстэра, якая выдае хвацкі шугейз. Падтрымліваць брытанцаў будуць The Glitchhh – менскія музыкі, якія ствараюць якасны эксперыментальны рок.

 

1234 Х FOUNDAMENTAL
 
 Калі:  5 ліпеня, у 23:00.

 Дзе Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16).

 Кошт:  з рэпостам афішы – 10 BYN, да паўночы – 5 BYN. Без лішніх рухаў – 15 BYN.

Выдатная магчымасць уляцець на сумесную вечарыну аб'яднанняў «1234» і Foundamental Network. Музыка вечара – саўндтрэкі ад Verde, Salut 80, Viikatory, Foundamental Dj's і Elena Sizova.

ЭКСКУРСІЯ «ПОКЕД ПАКЕТ»

 Калі:  6 ліпеня, у 10:00.

 Дзе Палігон «Трасцянецкі», адпраўленне са станцыі метро «Магілёўская».

 Кошт:  экскурсія бясплатная, але патрэбная рэгістрацыя.

Працягваем тапіць за экалогію. Гэтым разам ты зможаш бясплатна наведаць палігон «Трасцянецкі» і ўразіцца горамі пластыкавага смецця: пасля ўбачанага дакладна не захочацца чапаць бясплатны пакет у гіперы. Таксама табе абяцаюць экскурсію па сартавальным заводзе, дзе пластыкавую ўпакоўку ператвараюць у футбольную форму, садовую мэблю і іншыя патрэбныя штукі.

 

«АПОШНІЯ СВЕДКІ»

 Калі:  6 ліпеня, у 20:00.

 Дзе Культ. цэнтр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9, корпус 8).

 Кошт:  5 BYN – папярэдне, 7 BYN – у дзень спектакля.

Спектакль «Апошнія сведкі» – гэта сумесная праца Святланы Алексіевіч і нямецкага рэжысёра Ёхана Лангнера. У пастаноўцы сабраныя ўспаміны аб нацысцкім тэроры і злачынствы вермахта ў Беларусі. Пасля паказу цябе клічуць на дыскусію – выказаць свае думкі і абмеркаваць убачанае.

«ДЫЛДА»

 Калі:  да 18 ліпеня, у 18:40.

 Дзе кінатэатр «Піянер» (вул. Энгельса, 20).

 Кошт:  6 BYN.

Юрый Дудзь паглядзеў «Дылду» ў Канах, а табе нічога не застаецца, як глянуць гэты фільм у Менску, пакуль ён яшчэ ў пракаце. У новай кінастужцы малады, але аблашчаны крытыкамі расійскі рэжысёр Кантэмір Балагаў распавядае пра жыццё франтавічак у пасляваенным Ленінградзе. Водгукі гледачоў самыя розныя: ад поўнага захаплення да расчаравання зацягнутымі дыялогамі. Тым цікавей сфармаваць сваё меркаванне.

CINEMA OPEN-AIR

 Калі:  7, 14 і 28 ліпеня ў 21:00.

 Дзе Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16).

 Кошт:  free.

Хочаш глядзець фільмы, але кінатэатравы фармат табе не вельмі? Прыходзь на ўлюбёную Кастрычніцкую: тут ва ўнутраным дворыку «Ok16» пройдуць кінапаказы ад «Белкіналета», «Нефільтраванага кіно» і «Кінабалагана». Прыемны бонус – на тэрыторыі працуе бар!

 

«ПЕРАСТВАРАЮЧЫ СЯБЕ»

 Калі:  9 ліпеня, у 19:00.

 Дзе кніжная крама «Сон Гогаля» (вул. Леніна, 15).

 Кошт:  free.

Беларуска-амерыканская паэтка Вальжына Морт і пісьменнік – прэтэндэнт на «Большую книгу» Альгерд Бахарэвіч у прыемнай абстаноўцы паразважаюць пра мову і нюансы перакладу мастацкіх твораў. Курыраваць дыскусію будзе, вядома ж, Юля Цімафеева – беларуская паэтка і перакладчыца.

«ПАСОШ»

 Калі:  12 ліпеня, у 20:00.

 Дзе «Меламаны» (пл. Свабоды, 23).

 Кошт:  30 BYN.

Прыезд «Пасош» – гэта не толькі магчымасць пашалець пад музыку расійскага поп-панк-трыа, але і важкая нагода наведаць новенькую пляцоўку «Меламаны» на плошчы Свабоды. Чытай наша інтэрв'ю з прадстаўнікамі «новай гітарнай хвалі» і спяшайся пачуць музыкаў ужывую – упэўненыя: будзе крута.

«КОСМАС НАШ 2019»

 Калі:  13 ліпеня, у 19:00.

 Дзе клуб Hide (вул. Кастрычніцкая, 19).

 Кошт:  да 7 ліпеня – 20 BYN, з 8 па 12 ліпеня – 25 BYN, на ўваходзе – 30 BYN.

Адзін фестываль электроннай музыкі, чатыры танцпляцы і 24 артысты з Даніі, Расіі, Ізраіля і Беларусі. Дарэчы, сёлета «Космас наш» адзначае пятнаццацігоддзе: выдатная нагода пратанцаваць да світання.

 

FRIDA KAHLO. DANZA DE LA MUERTE

 Калі:  14 ліпеня, у 17:00.

 Дзе Культ. цэнтр «Корпус» (пр-n Машэрава, 9, корпус 8).

 Кошт:  free.

65 гадоў таму памерла мексіканская мастачка Фрыда Кала. Гадавіна смерці ў Мексіцы – гэта не горкія слёзы, а падстава ўспомніць добрага чалавека песнямі і скокамі. Менавіта за гэтым цябе і запрашаюць у «Корпус»: падрыхтуй сваю калаверу і трымай пляшку тэкілы напагатоў!

BEERJS SUMMIT MINSK 2K19

 Калі:  20 ліпеня, у 11:00.

 Дзе Культ. цэнтр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9, корпус 8).

 Кошт:  90 BYN.

Івэнт для тых, хто прагне трапіць у IT-індустрыю. Дакладчыкі з Масквы, Кіева, Піцера, Харкава ды іншых гарадоў збяруцца ў Менску з выступамі, прысвечанымі мове JavaScript. Ніякіх запісаў дакладаў – толькі эксклюзіўны кантэнт, dev-кам'юніці і піва ў перапынках.

«БУКІДС ПРАФЕСІІ»

 Калі:  20–21 ліпеня, у 19:00.

 Дзе Цэнтральны Батанічны сад (вул. Сурганава, 2В).

 Кошт:  15 BYN – адзін чалавек, 25 BYN – сямейны білет. Дзецям да 12 гадоў уваход вольны.

Летась Батанічны сад запаўнялі музыкі. Цяпер тут ладзяць усё больш сямейныя фэсты. 20–21 ліпеня гэтую пляцоўку зоймуць прадстаўнікі разнастайных летніх прафесій (якіх – пакуль сакрэт). Прастора саду будзе падзеленая на тэматычныя вуліцы, і маленькія наведвальнікі змогуць паспрабаваць сябе ў новай справе, атрымаць за гэта зарплату і выдаткаваць яе на цацкі ў спецыяльнай краме. У даважак – тэатральныя і музычныя пастаноўкі, фуд-корт і куча майстар-класаў.

 

IC3PEAK

 Калі:  25 ліпеня, у 19:00.

 Дзе Re:Public (вул. Прытыцкага, 62).

 Кошт:  30–60 BYN.

Летась выступ IC3PEAK падоўжыўся ўсяго паўгадзіны, але ў гэтым месяцы расійскі дуэт мае намер адыграць поўную праграму. Змрочная эстэтыка, ламаная электроніка і гісторыі пра смерць, якой больш няма, – час нагнаць усё тое, што мы прапусцілі.

VULICA BRASIL 2019

 Калі:  29 ліпеня, у 11:00.

 Дзе вуліца Кастрычніцкая.

 Кошт:  free.

Фестываль Vulica Brasil, які перайшоў у фармат біенале, вяртаецца. Менскія вуліцы рыхтуюцца да ператварэння ў вулічныя галерэі: узбройвайся камерай і адпраўляйся пстрыкаць муралы, скульптуры і графіці. У апошні дзень фестывалю на Кастрычніцкай пройдзе традыцыйнае свята. Глядзі, як гэта было ў 2017-м. І чакай у хуткім часе наш падрабязны гайд па фэсце!

 

Менск – горад жывы. Кожны дзень тут здараецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш тэлеграм-канал Lost in Minsk.