Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» выйшаў на рускай мове
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.05.2019
- 6997
Цяпер «Сабак Эўропы» можа прачытаць і чалавек, які беларускай мовы не ведае, але азнаёміцца з таўсценным творам Альгерда Бахарэвіча вельмі жадае. Раман у аўтарскім перакладзе пабачыў свет у выдавецтве «Время».
Летась за «Сабак Эўропы» Альгерд Бахарэвіч атрымаў прэмію «Кніга году» (сёлета аўтар таксама мае шанец яе атрымаць – за «Мае дзевяностыя»). Цікава, што раман высока ацанілі не толькі эксперты, але і чытачы: яны нават прыдумалі адмысловую прэмію, каб ушанаваць літаратара, які «падняў сучасную беларускую літаратуру на зусім новы ўзровень».
У рускай версіі «Сабакі» паб’юцца за «Большую книгу». Сярод іншых намінантаў – Віктар Пялевін («Тайные виды на гору Фудзи»), Яўген Вадалазкін («Брисбен»), Аляксей Сальнікаў («Опосредованно»), Лінор Гаралік («Все, способное дышать дыхание»).
Альгерд Бахарэвіч падкрэслівае, што зрабіў не проста пераклад, а новую кнігу на аснове старой. «Дапрацаваная, адшліфаваная, удасканаленая, месцамі перапісаная, з новымі вершамі, з больш выразна прапісанымі хадамі, вычышчаная ад непазьбежных для такога вялікага тэксту аўтарскіх неахайнасьцяў, з больш празрыстым і прыгожым тэкстам. Расейская вэрсія атрымалася лепшай і больш цікавай за беларускую – выключна таму, што кніга, над якой аўтар працаваў два гады, заўсёды будзе лепшай за тую, над якой ён працаваў год», – адзначыў аўтар на Facebook і паабяцаў засесці за перапрацоўку беларускай версіі.
Калі ты за «Сабак Эўропы» нават у арыгінале не браўся(-лася), вось табе кусок анатацыі: «Гэты раман – шэсьць вялікіх гісторый, сплеценых у адзін мудрагелісты вузел, разблытаць які ня дасьць рады ніхто. Прынамсі, на гэта спадзяецца аўтар. На амаль дзевяцістах старонках кнігі ўступаюць у складаныя альхімічныя рэакцыі гарады, сюжэты, людзі, алюзіі, словы».
Калі хочаш падпісаць сваіх «Сабак», зможаш гэта зрабіць у пачатку чэрвеня ў кнігарні «Акадэмічная кніга» па адрасе: Менск, пр. Незалежнасці, 72.
Фота: Юлiя Цiмафеева