Рэпетыцыйныя кропкі Менска: частка другая

У першай частцы нашага гайда мы апісалі пяць менскіх студый, куды ты можаш выправіцца са сваім гуртом на рэпетыцыю. Але пяць – гэта відавочна не ўсе, то трымай абяцаны працяг. Цяпер выбар будзе сапраўды шырокі.

 

 

 Chilli Records 

Адрас: вул. Змітрака Бядулі, 15

  VK

«Чылі» знаходзіцца ў дзесяці хвілінах пехам або ў пяці на 18-м аўтобусе ад метро «Плошча Перамогі». Класічная гісторыя для рэп. кропак – гэта тэрыторыя былых заводскіх цэхаў, таму ў першы раз можна крыху паблукаць, але тваю дарогу будзе суправаджаць прыемны пах свежых булачак з хлебазаводу, які працуе побач.

Chilli Records мае два пакоі: маленькі Black і вялікі Big. Пра акустыку тут патурбаваліся, і гук у абедзвюх залах выразны і разборлівы, нягледзячы на адсутнасць спецыяльнага паралону. Верагодна, на гэта ўплывае дызайн і матэрыялы, якімі аздоблены пакоі.

 

Апаратура

Апарат на «Чылі» такі: у маленкім пакоі для баса ўсталяваны узмацняльнік Ashdown Mag300, а ў гітарыстаў будзе выбар ажно з трох комбікаў: Peavey VK212, Line6 Spider II і Laney Lv300. Вакал падгучваць будуць два Shure C606, а бубнач атрымае ў карыстанне ўсталёўку Sonor 505.

Вялікі пакой дасць басісту ўзмацняльнік Marshall MB210 з кабінетам на чатыры дынамікі па 10 дзюймаў, гітарысты сыграюць у Marshall MG100 з кабінетам 4x12 і вінтажны, але моцны лямпавы комбік Crate Palomino V50. Для вакалу ёсць такія ж, як і ў маленькім пакоі, Shure C606, і пры патрэбе можна папрасіць яшчэ адзін мікрафон. Ударніка тут чакае усталёўка Pearl Exx.

Усё падрабязней знойдзеш тут.

Кошты

Кошты, як і ў многіх студыях, цалкам залежаць ад вашай колькасці, часу і дню, калі прыйдзеце парэпаць. Мінімум тут – 8 BYN. Столькі ты аддасі за адзіночную рэпетыцыю ў будні дзень да 17:00. За дваіх – 10 BYN, за гурт – 12 BYN. Пасля 17:00 для гурта кошт будзе 16 BYN, а пасля 19:00 – 18 BYN. Па выходных усё проста: для адзіночных і дуэтных рэпетыцый кошты тыя ж, а для гурта – 18 BYN у любы час. Сем гадзін начной рэпетыцыі каштуюць на «Чылі» 35 BYN. Самая актуальная інфа тут.

 

Водгукі музыкаў

Антон, гітарыст, Electric Bishops: «Някепская студыя з добрым гукам, даволі вялікімі пакоямі і добрым персаналам».

Арына, клавішніца, гурт Іллі Сіўцова: «Ва ўсіх пакоях ёсць усё, што трэба для рэпетыцый, а калі не хапае, напрыклад, джэка, цюнэра або стойкі, то можна смела папрасіць. Адміны прыязна ставяцца, дапамагаюць з апаратурай. Больш падабаецца вялікі пакой: рэпаць вельмі прасторна. Гучанне добрае, часам не чуваць вакал, але так шмат дзе, таму мы ўжо звыкліся.

Ягор, басіст, V O I D: «Мне на Chilli Records спадабалася агульная атмасфера і аўра студыі. Шмат месца, прыемны адмін, някепскі гук. Быў там на начным канцэрце і два разы на рэпетыцыях. Слухаў усе пакоі: уражанне добрае. Тапачкі і бясплатныя медыятары былі неверагодна дарэчныя».

 

 

 

 ARec 

Адрас: вул. Кнорына, 50

  Сайт   VK

Гэтая кропка знаходзіцца на поўначы гораду па вуліцы Кнорына, 50. Далячынь заводу «Тэрмапласт» ад накатаных цэнтральных гарадскіх шляхоў камусьці мо і замінае дабрацца, але калі чалавек вырашыў парэпаць на добрым апараце, яго ўжо не спыніць. Ты не ты, калі не рэпаў, карацей.

Толькі вазьмі з сабой пашпарт, бо спытаюць на прахадной.

Студыя складаецца з адной залы, у якой праводзяцца рэпетыцыі. Тут жа робіцца і гуказапіс, таму пакой абсталяваны правільна ў акустычным плане.

 

Апаратура

Падыход да ўсталявання рэпетыцыйнай апаратуры тут адназначна цікавы. Ты можаш абіраць абсталяванне амаль з усяго дасяжнага на студыі. Для гітар можна замовіць дзве галавы з MESA Boogie, ENGL, Marshall або Randall на выбар і да іх кабінеты з трох ад  MESA, Marshall і Randall. Басіст зможа абраць з трох узмацняльнікаў і двух кабінетаў ад Ampeg. У вакаліста будзе выбар з усіх вакальных мікрафонаў, сярод якіх тут шмат Shure. Толькі для драмера ўстаноўка адна, але затое ад Pearl і з сольнікам Yamaha Steel Shell. Насамрэч на студыі шмат чаго, і ўвесь дадатковы апарат і падрабязнасці ты можаш паглядзець тут.

Кошты

Коштавая палітыка на ARec таксама адрозніваецца ад большасці іншых студый. Тут, напрыклад, няма зніжак адносна дзён тыдню і часу рэпетыцый, а сума выстаўляецца за гадзіну. Так для сольнай рэпетыцыі на дзве гадзіны спатрэбіцца заплаціць 15 BYN, для дуэту – 16 BYN, а для гурта ад трох чалавек – 17 BYN. Не зусім рэнтабельна, калі пойдзеш адзін, затое гуртом кошт вельмі прыемны. Тут інфа пра ўсе расцэнкі студыі.

 

Водгукі музыкаў

Ягор, гітарыст, ex-KofeeMachine: «A-Rec – напэўна, лепшае рашэнне па горадзе для мяне. Адміністрацыя і апарат цудоўныя, велізарнае памяшканне з добрай расстаноўкай. Раней кошты кусаліся, але цяпер сталі крыху не ніжэй, чым ва ўсіх астатніх. Адзінае што далекавата: мне прыходзілася дабірацца паўтары гадзіны, але яно было варта таго».

Іван, бубнач, Eightandout: «З персаналам не паладзіў, але ў цэлым студыя някепская».

Саша, басіст, Friendly Fingers: «Месцазнаходжанне не вельмі зручнае, але ў цэлым лепшая кропка, на якой бываў. Месца шмат, акустыка выдатная, абсталяванне зая*ок. Адміны заўсёды дапамогуць, у тым ліку і з арэндай апарату. Запісваюць таксама годна».

 

 

 Maple Tree 

Адрас: вул. Макаёнка, 23

  Сайт   FB

Каб дабрацца да Maple Tree ад метро «Парк Чалюскінцаў», трэба прагуляцца па аднайменным парку. Паглядзіш на вавёрак па дарозе.

У гэтай студыі тры рэпетыцыйныя пакоі аднолькавага памеру і яшчэ адзін асобны для запісу. Усе памяшканні невялікія і ў асноўным аздоблены дрэвам і мяккімі шыльдамі з паралону. Гэта не акустычныя пірамідкі, але такая канструкцыя так ці інакш прыбірае лішняе рэха і спрыяе сухому, разборліваму гуку. Таксама з ростам нумару расце і ўзровень апаратуры.

 

Апаратура

У першым пакоі для ўдарніка стаіць усталёўка Mapex QR. Басісту дастанецца комбік Warwick Sweet 15. У гітарыстаў будуць комбікі Peavey VK112 і  Laney LV300Twin. Для вакалу тут прыстасаваныя мікрафоны Electrovoice Co9.

У другім пакоі гітарныя комба роўна такія ж, як і ў першым, а вось для басіста ўжо будзе ўзмацняльнік ад Hartke і кабінет да яго ад Ampeg. Вакалісту(-цы) і бэкам таксама дастануцца такія ж мікрафоны Electrovoice Co9, як і ў першым памяшканні. Ударка тут – Sonor 507.

Трэці пакой адразу парадуе ўдарніка Tama Rockstar Custom. Разам з ім рытм-секцыю дабудуе басіст на ўзмацняльніку і кабінеце ад фірмы Eden. Гітарныя галовы тут ад Engl і Traynor, а кабінеты да іх ад кампаній Hughes&Kettner і Laney адпаведна. Для вакалу класічны Shure SM58 і той жа Electrovoice Co9. Варта сказаць, што гэты пакой, у адрозненні ад астатніх двух, мае яшчэ і асобнае памяшканне для адпачынку.

Тут вось падрабязная інфа пра ўвесь апарат.

Кошты

З коштамі на Maple Tree усё проста: першы пакой – 12 BYN, другі пакой – 13 BYN, трэці пакой – 16 BYN. Гэта, вядома, за дзве гадзіны і ні ад часу, ні ад дня тут залежнасці няма.

 

Водгукі музыкаў

Іван, гітарыст, вакаліст, Psycho Metro Band: «На “Мэйпл” суадносіны кошт/якасць – 10/10. Гук добры, нядорага, нюансы накшталт расхістанага крэсла для драмера ёсць, але куды без іх?»

Антон, гітарыст, Electric Bishops: «Тут мне спадабалася нядрэнная абстаноўка. Гук адносна някепскі і нават добры, калі ты граеш штосьці не вельмі цяжкае і гучнае».

Павал, гітарыст, клавішнік, вакаліст, The Restriсtions: «Вядомая праблема гэтай кропкі – занадта малыя памяшканні. Адсюль і праблемы з гукам, асабліва калі граеш з жывой ударкай. Яшчэ з мінусаў адзначу занадта старое абсталяванне. Затое для мяне там асаблівая атмасфэра, мабыць з-за таго, што пачынаў там сваю музычную дзейнасць».

 

 

 

 Live Sound 

Адрас: вул. Кульман, 16

  VK

Гэтая студыя складаецца з аднаго пакою і знаходзіцца ў падвале інтэрната па вуліцы Кульман 16, – роўна за Камароўкай, недалёка ад «Манеткі» – за шавухай зручна будзе бегаць.

Цікавая асаблівасць тут у тым, як прабірацца да студыі. Памяшканні падвала, што вядуць да яе, не больш чым паўтары метра ў вышыню, і без адміна ў «катакомбах» у першы раз не праберацеся. Але сама студыя, вядома, паўнавартасная, як і ўсе іншыя кропкі.

Таксама, нягледзячы на падабенства пакою з «бумаўскімі» ў плане бетонных сцен (глядзі першую частку гайду), гук тут зусім не такі. Уладальнікі, відавочна, добра ўклаліся ў акустычную падрыхтоўку і не пашкадавалі спецыяльнага паралону ды іншых прымочак.

 

Апаратура

Апарат на Live Sound, можна сказаць, класічны. Гітарныя комба Marshall JVM205C і MESA Single Rectifier. Басіст будзе ствараць сваю магію на комбіку Hughes&Kettner Basskick, а ўдарнік разам з ім рабіць рытм на Tama Superstar. Мікрафоны для вакалу тут – Sennheiser E845S і Shure Beta 58A. Усё па канонах, карацей кажучы.

Кошты

Кошты за дзве гадзіны размеркаваныя такім чынам: усё, што да 19:00, каштуе 14 BYN у любы дзень, а ўсё, што пасля 19:00, – 17 BYN. Начная рэпа стане гурту ў 50 BYN.

 

Водгукі музыкаў

Антон, гітарыст, Electric Bishops: «Вельмі класны дзядзька кіруе гэтай кропкай. Заўсёды дапамагае як у плане гуку, так і ў плане нейкага абсталявання, правадоў і таму падобнага. Гук таксама нядрэнны, на ўзроўні іншых кропак».

Іван, гітарыст, вакаліст, Psycho Metro Band: «Уласна мне Live Sound  падабаецца, але маім аднагрупнікам не, бо, маўляў, па катакомбах гэтых поўзаць трэба. А так, калі ў будні дзень да сямі рэпаць, то і па грошах няшмат, і гук збс. Асобна скажу, што там раскошная ўдарка і басовы комба, ну а гітарнае як і паўсюль, зрэшты».

Андрэй, гітарыст, Friendly Fingers: «Плюсы: збалансаваны якасны гук у пакоі, вясёлы персанал і добры апарат. Мінусы: далёка ад метро. Але, з іншага боку, блізка да “Манеткі”, што значны плюс для аматараў шаурмы».

 

 

 

 «Звук Планеты» 

Адрас: вул. Ціміразева, 9

  VK

Гэтая студыя знаходзіцца паміж «Ветразем» і «Каронай» на абутковай фабрыцы «Луч». Бліжэй за ўсё да яе дабірацца ад метро «Маладзёжнай».

На «Гуку» два рэпетыцыйныя пакоі: зялёны і аранжавы. Зялёны таннейшы і меншы, аранжавы, адпаведна, наадварот. Але і ў тым, і ў іншым прасторы шмат, ёсць, дзе разгарнуцца. Дызайн таксама быў не на апошнім месцы пры іх праектаванні. Акрамя таго, аранжавы пакой максімальна абсталяваны апаратурай ад Orange. Арыгінальны каламбур ад уладальніка. Дадатковы антураж адназначна ствараюць карціны Шывы на сценах. Магчыма, гэта і на творчы працэс уплывае, хто ведае?

 

Апаратура

Калі казаць пра апаратуру дакладней, то зялёны пакой мае ў сваім распараджэнні ўдарную ўстаноўку ад фірмы Premier. На бас тут працуе стэк ад Gallien-Krueger. Гітарнае ўзмацненне даюць галовы Diezel D-Moll і падпісная мадэль Engl беларускага віртуоза Віктара Смольскага. Мікрафонны парк складаецца з мадэляў AKG C5 і RØDE M2.

Аранжавы пакой назапасіў для гітар кабінеты ад Orange і ўзмацняльнік Orange Rockerverb, а таксама яшчэ адну галаву ад Diezel. Для баса стаіць такі ж стэк з узмацняльніка і двух кабінетаў па чатыры дынамікі ад Gallien-Krueger, як і ў зялёным пакоі. Для драмера абсталявана «кухня» фірмы Mapex. Вакал на вашай рэпе будуць здымаць мікрафоны Shure Beta 87A і Electro-Voice RE510.

Кошты

Коштавая сістэма ў «Гука Планеты» нескладаная: зялёны пакой каштуе 18 BYN за дзве гадзіны, аранжавы – 20 BYN. Зніжкі ў 50% зробяць сольным музыкам і дуэтам, калі яны прыйдуць граць у буднія дні да 17:00. Начныя рэпетыцыі робяцца ў аранжавай залі і каштуюць 40 BYN.

 

Водгукі музыкаў

Іван, гітарыст, вакаліст, Psycho Metro Band: «На “Звуке Планеты” я запісваў ударку. У гэтым плане там усё супер. Якасць атрымалася прама на еўрапейскім узроўні.

Лёня, гітарыст, «Кашлаты Вох»:  «Не вельмі падабаецца, што “Звук” знаходзіцца на тэрыторыі заводу, але з гэтым можна жыць. Там прыемныя адміны і зручныя пакоі. Гучанне і апаратура на 10 з 10. Наконт кошту адзначу, што ён бярэ за свае паслугі нямала, але яно таго варта».

Фота з афiцыйных суполак студый

КАМЕНТАРЫ (2)

Андрей
Андрей | 19.07.2018 01:41

Под описанием студии Maple Tree комментарии о студии Growling Far. Исправьте, пожалуйста

0 0
34mag
34mag | 19.07.2018 10:52

Дзякуй, выправілі!

0 0
Главные музыкальные новости начала января

Главные музыкальные новости начала января

Новые клипы Бакея и Jay-Z, скандал со Spotify и рыцарь Ринго Старр – что мы пропустили в первую неделю нового года.

Как записать трек с Awlnight

Как записать трек с Awlnight

Пошагово рассказываем, как беларусский кассетный битмейкер делает хип-хоп эдиты из буги и фанка 80-х.

Навагоднія міксы 2018

Навагоднія міксы 2018

Неўміручая штогадовая рубрыка 34mag зноў on air!

Музыкальные итоги 2017 года в Беларуси

Музыкальные итоги 2017 года в Беларуси

Вездесущий рэп с его баттлами, новые герои на сцене, популярность стриминга и другие музыкальные засечки 2017-го.

Как записаться в студии?

Как записаться в студии?

15 советов новичкам от звукорежиссеров.

 Оксимирон и другие герои

Оксимирон и другие герои

Главред 34mag Антон Кашликов сходил на концерт Оксимирона в Минске и не удержался от очевидных сравнений.

Як абраць вінілавы прайгравальнік?

Як абраць вінілавы прайгравальнік?

Што такое танарм і гуказдымальнік, на што трэба звярнуць увагу, калі купляеш прайгравальнік, і чым адрозніваюцца мадэлі за $150 і $8000.

Гульня ў класіку: інтэрв’ю з Марыяй Калеснікавай

Гульня ў класіку: інтэрв’ю з Марыяй Калеснікавай

Як працуе сучасны авангард і дзе знайсці грошы на оперу – гутарым з арганізатаркай лекцый пра музычную класіку Марыяй Калеснікавай.

Новогодний плейлист молодых музыкантов

Новогодний плейлист молодых музыкантов

Dlina Volny, Weed & Dolphins, Deech и еще семь беларусских музыкантов делятся своими новогодними треками.