Прафесія: дырыжор. Інтэрв'ю з Аляксандрам Хумала

Працягваем даследаваць сучасную класічную музыку (чаму б не). Мы ўжо гутарылі з менеджаркай праекта Artemp Марыяй Калеснікавай, нямецкім кампазітарам Марцінам Шутлерам, сёння чарга аднаго з самых вядомых беларускіх дырыжораў сучаснасці – Аляксандра Хумала. Мы сустрэліся з артыстам у патаемнай штаб-кватэры Sonorus і даведаліся пра авангардны рэпертуар беларускай капэлы, як опера спалучаецца з рэпам і чаму лепш на карачках паўзці на сваю гару, чым падымацца туды на фунікулёры.

 

Кажуць, калі ты аднойчы паспрабуеш падырыжыраваць, табе абавязкова захочацца гэта паўтарыць. Мы ніколі не спрабавалі, але верым на слова Аляксандру – галоўнай «палачцы» і мастацкаму кіраўніку музычнай капэлы Sonorus. Ён ставіць сваіх музыкаў на лёд, знаёміць беларускую публіку з авангарднай музыкай і запрашае слухаць Філіпа Гласа ноччу.

Наша размова адбываецца ў штаб-кватэры капэлы Sonorus – утульным кабінеце ў бібліятэцы імя Пушкіна, які нечым нагадвае патаемны пакой Хогвартса. На фоне грае Макс Рыхтар (пра яго крыху пазней), а насупраць нас – рамантычны вобраз фігуры ў чорным фраку, якая кіруе дзясяткамі музыкаў з сур’ёзнымі тварамі.

 

 

The Beatles замест калыханкі

Бацька ў Аляксандра – штурман далёкага плавання, які граў савецкі рок у доўгіх кляшах і спяваў дзецям «Бітлоў» замест калыханкі. Маці скончыла клас фартэпіяна, а бабуля спявала драматычным сапрана ў опернай студыі. Аляксандр пачаў гастраляваць яшчэ ў пачатковай школе, і нібыта ўсё прадвяшчала яго музычную кар’еру. Але, натхніўшыся серыялам «Хуткая дапамога», хлопец ледзь не абраў кар’еру паталагаанатама. Тут бацькі своечасова ўмяшаліся, і медыкам сям’я не абзавялася. Было прынята рашэнне стаць дырыжорам. Музычны ліцэй, вучылішча імя Глінкі, кансерваторыя, магістратура і вучоба ў Галандыі – дзякуючы таленту і канцэнтрацыі будучаму дырыжору лёгка было заваёўваць гэтыя музычныя цытадэлі. Але ў пэўны момант Аляксандр вырашыў вярнуцца.

«Будучы ў Галандыі, я доўга думаў, навошта мне ўдзельнічаць у конкурсе на дырыжора Sonorus, – успамінае Аляксандр. – Тады я вырашыў, што для мяне самае важнае – гэта дзяліцца музыкай, якую я люблю і якая дае мне жыццёвыя сэнсы. Спачатку музыка мая, потым я дзялюся ёю з табой, каб яна заўсёды была з табой». Але пасля пераезду сувязі з Захадам Аляксандр не парваў і выступае шмат за мяжой, што дапамагае развівацца і ладзіць цікавыя мерапрыемствы дома.

 

«Для мяне самае важнае – гэта дзяліцца музыкай»

 

Класіка, эмбіент і джаз

Ужо чатыры гады Аляксандра запрашаюць дырыжыраваць у Дзяржаўны сімфанічны аркестр польскага радыё ў Катавіцах, дзе ён працаваў з такімі сусветна вядомымі зоркамі, як саксафаніст Брэнфард Марсаліс (той самы, што акампаніраваў Стынгу «Englishman in New York» у 1987-м), легендай джазу Чыкам Карыя, піяністам-імправізатарам Адамам Маковічам, джаз-вакалістам Куртам Элінгам. Разам з Тэрансам Бланчардам ён выконваў саўндтрэкі з фільмаў Спайка Лі.

Класіка і джаз сябруюць даўно, а што ты скажаш наконт саюзу рэпу і сімфанічнага аркестра? Рэчытатыў польскага рэпера Mioush стаў першай скрыпкай у аркестры пад кіраўніцтвам Аляксандра і добра пераплёўся з іншымі інструментамі. Сем патоў сышло з дырыжора падчас працы з каралём эмбіенту Басінскім і выкананнем яго апакаліптычных сэмплаў «The Disintegration Loops», створаных у час тэрактаў 11 верасня. Пакуль публіка ўслухоўвалася ў цыклічныя сэмплы, аркестр рабіў усё магчымае, каб захаваць канцэнтрацыю. «Калі мне прапанавалі прадырыжыраваць музыку Басінскага, я неабдумана згадзіўся, але, пабачыўшы партытуру, доўга лаяўся».

У планах – эксперыменты з новымі пляцоўкамі, ахутванне слухачоў тканінаю для ўзмацнення эфекту і ўсыпленне Максам Рыхтарам. Выкананне яго твораў «Vivaldi Recomposed» і «Sleep» – вялікая мара нашага героя.

 

 

Рэпертуар Sonorus

Рэпертуар капэлы Sonorus складаецца ў асноўным з твораў кампазітараў, якія раней не выконваліся ў Беларусі, але асабліва падабаюцца яе галоўнаму дырыжору. Прытым за мяжой гэта ўжо даўно вядомыя імёны, якімі нікога не здзівіш.

Сваю працу з аркестрам Sonorus Хумала распачаў малавядомай Першай сімфоніяй эстонскага кампазітара Арвы Пярта, якая адносіцца да яго савецкага перыяду. На аркестр, звыклы выконваць класіку, сімфонія аказала эфект бадзёрасці. Далей – яшчэ цікавей і авангардней! Пачалі выконвацца творы складанага венгерскага кампазітара Дзьёрдзя Лігеці, напрыклад «Lux Aeterna». Выкананнем жа яго «Рэквіема» Хумала плануе абазначыць сканчэнне пэўнага этапу свайго жыцця. «На мой погляд, жыццё павінна вымярацца нейкімі крокамі, каб чалавек не заставаўся ўвесь час на адным месцы і развіваўся», – кажа ён.

Таксама ўпершыню прагучалі некалькі твораў фінскага кампазітара Эйнаюхані Раўтаваара, эстонца Эркі-Свэн Цюйра, паляка Хенрыка Мiкалая Гурэцкага. З усімі фішачкамі была выканана опера па Булгакаве «Сабачае сэрца» сучаснага расійскага кампазітара Аляксандра Раскатава. Абавязкова паглядзі відэа гэтай эксперыментальнай оперы ў выкананні галандцаў.

 

 

Беларускі авангард таксама з’яўляецца часткай рэпертуару Sonorus. Напрыклад, творы кампазітаркі Волі Падгайскай. «Ёсць такія імёны, якімі ўсе ганарацца. Эстонія знакамітая Пяртам, Амерыка – Джонам Кейджам і Райхам, Польшча – Пэндэрэцкім. І я ўпэўнены, што Беларусь можа ганарыцца Вольгай Падгайскай – кампазітарам сусветнага маштабу. Але, каб Пэндэрэцкі стаў Пэндэрэцкім, а Пярт – Пяртам, іх трэба ўзнімаць і падтрымліваць. Ты як ракета – табе трэба падтрымка, каб разагнацца і ўзляцець», – дадае Аляксандр.

Музычная драма «Месяцовы П’еро» аўстрыйскага кампазітара Арнольда Шонберга ставілася ў Менску ўжо двойчы. Гэта ён прыдумаў 12-тановую сістэму дадэкафоніі. Фішка яго музычнай драмы ў тым, што салістка ў ёй не спявае, а размаўляе на пэўнай вышыні ў тэхніцы sprechstimme, а кожны з пяці музыкаў грае на некалькіх інструментах. Сам Шонберг правёў сто рэпетыцый, каб выканаць сорак хвілін музыкі, але ўсё роўна застаўся незадаволены вынікам. У Менску твор аўстрыйца сумясцілі з Сімфоніяй № 41 «Юпіцер» Вольфганга Амадэя Моцарта – дыяметральна супрацьлеглага па поглядах і эпосе кампазітара. Асабліваму пранікненню садзейнічаў канцэптуальны відэа-арт – у выніку выкананне «Месяцовага П’еро» мела своеасаблівы эфект шоку. «У мяне палова жыцця аднялася, калі я працаваў над Шонбергам», – тлумачыць Аляксандр сваю няўпэўненасць у трэцім выкананні гэтага твора.

 

 

«Эстонія знакамітая Пяртам, Амерыка – Джонам Кейджам і Райхам, Польшча – Пэндэрэцкім. І я ўпэўнены, што Беларусь можа ганарыцца Вольгай Падгайскай»

Праца над партытурамі

Любы музычны праект, за які бярэцца аркестр, патрабуе шмат сіл. Праца пачынаецца з вучобы партытуры, якая чытаецца як кніга, аналізуецца, каб потым быць тэхнічна рэалізаванай (у Аляксандра цэлая шафа партытур). Гэта патрабуе скрупулёзнасці, увагі і дужа вымотвае. Калі ўсе партыі вывучаны (а дырыжор павінен ведаць партыі ўсіх інструментаў), надыходзяць рэпетыцыі. Калі на «Месяцовага П’еро» спатрэбілася паўтара месяца, то опера патрабуе як мінімум шэсць. Перад канцэртам аркестр рэпетуе звычайна па чатыры гадзіны штодня, але потым усё акупляецца спаўна: «Я атрымоўваю сапраўдны кайф ад таго, што працую з цудоўнымі музыкамі, дырыжырую выдатную музыку, якая льецца з маіх рук і вачэй», – расказвае Аляксандр.


Дзе браць партытуры?

Каб сыграць той ці іншы кампазітарскі твор, яго ноты арандуюць у выдавецтве, якое трымае на яго маёмасныя правы. Кожнаму ўдзельніку аркестра раздрукоўваецца асобная партыя, таму ўсе ноты разам каштуюць нямала. «Сучаснае мастацтва вельмі дарагое. Ты не можаш проста ўзяць ноты з інтэрнэту і сыграць – гэта незаконна. Прытым іх там можа і не быць», – расказвае Аляксандр.

У Беларусі ёсць таленавітыя кампазітары, але замежныя калектывы не ведаюць пра іх. Адна з асноўных прычын – адсутнасць свайго музычнага выдавецтва, якое б займалася распаўсюджваннем нот беларускіх кампазітараў, а таксама адлічэннем ім пэўных ганарараў. А пакуль што беларускія ноты разлятаюцца па свеце праз фэйсбук, але ў сур’ёзных, маштабных праектах так не робіцца.


Галоўны чэлендж дырыжора

Дырыжор адказвае за характар выканання твора, і паказвае ён гэта не вербальна, а мануальна – сваёй пластыкай і рукамі. Асноўны чэлендж тут нават не ў тым, што гэта сур’ёзная фізічная нагрузка, не. Перш за ўсё ён павінен быць здольным пераканаць аркестр – высокапрафесійных музыкаў, якія займаюцца сваім рамяством з маленства, – у сваім бачанні твора. «Самае складанае для мяне ў прафесіі дырыжора – кожны дзень быць пераканаўчым для сваіх музыкаў, для сваёй публікі, для ўсіх тых, хто мяне слухае і мне верыць. Пераконваць у тым, што яны робяць правільна, – дзеліцца Аляксандр. – Дырыжор раздае энергію. Ён працуе з аркестрам, у якім 60-100 чалавек, і з кожным трэба мець сувязь. На такую працу трэба сілы, і бяруцца яны з унутранага рэсурсу. Калі я аддаю свае ідэі, не хаваю іх, то адчуваю ў гэтым сваё прызначэнне».

 

 

Нябачнасць мастацтва

Музыка для Аляксандра – бясконцы працэс пазнання, яе можна толькі спасцігаць. Але ідэалу, які закладвае ў свой твор кампазітар, дасягнуць немагчыма. «Кампазітар – гэта творца, а дырыжор – прызма, праз якую музыка дасягае вушэй і сэрцаў людзей», – працягвае ён. Складанасць, на думку Аляксандра, хаваецца ў немагчымасці пабачыць вынік сваёй працы. Калі ты ў пастаянным працэсе дасягнення, цябе могуць чакаць як расчараванне, так і шчасце. Тут жа і асноўная прычына неразумення людзей мастацтва грамадствам: «Лёгка пабачыць стол, зроблены сталяром, дарогу, збудаваную будаўніком, кубак, створаны керамістам. А што з музыкай? Дай мне дакрануцца, дай мне пабачыць! Дзе дарога? А няма дарогі. Бо вынік – адчуць. І прытым – вельмі хутка!»

«Свет у асноўным аперыруе матэрыяльнымі каштоўнасцямі, і людзі мастацтва таксама залежаць ад іх, але адначасна стаяць па-за імі. Я не ведаю, як яно адбываецца. Чаму мне гэтая музыка так падабаецца, чым зачапіла? Не ведаю. Але разумею, што жыць не магу, пасля таго як яе пачуў, ці, наадварот, не хачу – такое таксама бывае», – смяецца Аляксандр Хумала.

 

 

Не на фунікулёры

Восенню наш герой быў на гары Масада, іўдзейскай крэпасці, апошняй захопленай рымлянамі. Масада – 450 метраў, на вяршыню можна дабрацца пешшу альбо на фунікулёры. «Спачатку я збіраўся скарыстацца фунікулёрам, але сяброўка пачала смяяцца з таго, што нават маленькая дзяўчына побач збіралася ісці сама. І я вырашыў ісці, нягледзячы на пякучае сонца і гарачыню. Мы яшчэ да першага падножжа не дайшлі, а я ўжо паміраў».

Але неўзабаве сям’я з маленькай дзяўчынкай вырашыла вярнуцца назад. «Гэта і ёсць розныя этапы на нашым шляху, – тлумачыць герой. – Спачатку ёсць матывацыя – тое, дзякуючы чаму ты пачынаеш свой шлях. Але потым гэты пачатковы этап адпадае, бо матывацыя знікла, дзяўчынка пайшла назад. І выніку яшчэ няма, бо ты толькі ў падножжы гары – табе яшчэ тры гадзіны пад сонцам, ты ўжо знямог. Ты можаш вярнуцца назад – так людзі і робяць: кідаюць сябе ў мастацтве, адносінах. Альбо можаш перабароць сябе і працягнуць свой шлях, каб паглядзець, што будзе далей. І ты ідзеш, каб дайсці да флагштока».

«Той, хто лічыць, што ўжо дасягнуў вяршыні, хутчэй за ўсё, прыехаў на фунікулёры»

Злуючыся на маленькую дзяўчыну, якая пакінула яго пад пякучым сонцам, Аляксандр цешыў сябе тым, што на флагштоку яго чакае запаветная зямля. Але ў рэальнасці на вяршыні гары былі краявіды, якіх хапала прыкладна на дзесяць хвілін. Былі там і людзі, што прыехалі на фунікулёры. У іх былі маркотныя твары, бо яны чакалі чагосьці асаблівага. «А мне так у кайф! Я там лажу, усё даследую, цэлы дзень там правёў! – з захапленнем працягвае Аляксандр. – Калі няма знешняй матывацыі, пачынаеш шукаць яе знутры. На тваім шляху табе могуць дапамагчы, а дзесьці ў цябе скончыцца вада, і ты будзеш на карачках паўзці. Гэта і ёсць твой шлях. Я думаю, пры жыцці нам не наканавана дайсці да гары. А той, хто лічыць, што ўжо дасягнуў вяршыні, хутчэй за ўсё, прыехаў на фунікулёры. Яму хапае 15 хвілін, і потым становіцца маркотна, ён хоча назад альбо шукае іншую гару, куды можна ўзняцца на фунікулёры».

 

 

Фота – Максiм Шумiлiн

9 любимых треков Ana Zhdanova

9 любимых треков Ana Zhdanova

Слушаем подборку любимой музыки от минской girl and the guitar – Ани Ждановой.

10 фаворитов Young Blood на Jager Music Awards. Выбор 34mag

10 фаворитов Young Blood на Jager Music Awards. Выбор 34mag

Выбираем 10 беларусских финалистов премии Jager Music Awards, которые, на наш взгляд, достойны побороться за главный приз.

Восеньская «Петля»: фотарэпорт з канцэрта

Восеньская «Петля»: фотарэпорт з канцэрта

Фіксуем адзін з галоўных канцэртаў гэтай восені – сольны выступ «Петли Пристрастия» ў Менску.

3,5 альбома, которые выходят сегодня

3,5 альбома, которые выходят сегодня

Тэтчер-рок от Destroyer, зрелый соул от Jessie Ware и прощальная ипишка Wild Beasts.

Што такое буцік-фестываль?

Што такое буцік-фестываль?

Распавядаем пра чарговую slow-плынь, на гэты раз у фестывальным руху.

Сталовыя прыборы: фотарэпорт са Stolovka Fest

Сталовыя прыборы: фотарэпорт са Stolovka Fest

Фотарэпорт з буцік-фестывалю электроннай музыкі Stolovka Fest.

Прэзентацыя кліпаў: SnopSnoŭ

Прэзентацыя кліпаў: SnopSnoŭ

Менскі гурт SnopSnoŭ прадстаўляе два музычныя лайв-відэа пра боль душы, разадранай знешнімі і ўнутранымі пантэрамі.

Разношенные кроссовки Wu-Tang Clan

Разношенные кроссовки Wu-Tang Clan

Обзор новой пластинки шаолиньских рэперов «The Saga Continues».

Дорнблюз: эксперименты Ивана Дорна в Минске

Дорнблюз: эксперименты Ивана Дорна в Минске

Блиц-интервью с Дорном и фоторепорт с первой концертной презентации альбома OTD.