Як выглядаў першы беларускі рэйв?
Працягваем цыкл тэкставых версій падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі». Ад аповеду пра першыя эксперыменты нашых суайчыннікаў на электронным полі рухаемся далей – трасянуць галовамі на першым беларускім рэйве.
Як хаус і тэхна траплялі ў беларускую сталіцу? Як фарміраваўся музычны густ у арганізатараў тутэйшых дыскатэк? Калі і дзе адбылася першая тэхна-вечарынка ў Беларусі і хто ўдзельнічалі ў яе арганізацыі? Усе адказы знойдзеш, націснуўшы на плэй ніжэй. Або чытай тэкставую версію і разглядай дадатковы матэрыял, уяўляючы, як яно было.
Вірус свабоды ляціць праз акіяны і дзяржаўныя межы
Хаус і тэхна – дзе іх вытокі? Першапачаткова хаусам сталі называць музыку, якую можна было пачуць у чыкагскім клубе Warehouse. Там рэзідэнціў Фрэнкі Наклс і ставіў непапсовае дыска. Але ён не проста граў трэк за трэкам, а ўжывую рэміксаваў: напрыклад, уводзіў у мікс пэўныя фрагменты песень, накладваў акапэлы адной на пройгрыш іншай, паўтараў брэйкі па некалькі разоў. Карацей, Наклс рабіў усё тое, што зараз робіць любы таленавіты дыджэй, але па тых часах гэта быў шок-прарыў. Апроч Фрэнкі, такую тэхніку мікшавання таксама актыўна практыкавала радыётусоўка Hot Mix 5 на WBMX. Іх шоу хутка стала самым папулярным у горадзе і распаўсюдзіла хаус-музыку далёка па-за межы чыкагскіх клубаў.
Яшчэ адзін моцны пуш сцэне надаў распаўсюд драм-машынак. Цяпер можна было ствараць свой уласны біт і цягнуць яго ў трэку столькі, колькі патрэбна. Неўзабаве з’явіўся і хіт. Ён проста кардынальна змяніў уяўленне аб тым, якой можа быць танцавальная музыка, – гэта «Planet Rock» ад Africa Bambaataa. У ім былі скрыжаваныя электронная эстэтыка Kraftwerk з нью-ёркскім блэк-урбанізмам хіп-хопу. І гэта быў сапраўдны музычны футурызм, які даў старт такому жанру, як электра, а таксама задаў новы кірунак хіп-хопу і натхніў дэтройскую троіцу – Хуана Аткінса, Дэрыка Мэя і Кэвіна Сандэрсана – на стварэнне ўласнага афрафутурызму, які хутка стане вядомы як тэхна.
Сярод прадзюсараў таксама атрымлівае распаўсюд басовы сінтэзатар Roland TB-303 з характэрным «кіслотным» гучаннем бэйслайна. Такі напрамак хаусу назавуць эйсід-хаусам. І менавіта ён у першую чаргу выправіцца праз Атлантыку на брытанскія выспы, дзе стане сапраўдным саўндтрэкам двух вар’яцкіх клубных сезонаў і нелегальных рэйваў, якія атрымаюць назву The Second Summer of Love. Хаус і тэхна становяцца глабальным феноменам.
Гэты саўнд хутка пранікае і ў Нямеччыну, тым болей што культурная глеба пасля Kraftwerk і краўт-року там была больш чым прыдатная. У 1989 годзе ў Берліне праходзіць першы лаў-парад, а ўжо праз некалькі месяцаў Берлінскую сцяну пачынаю разбіраць на цаглінкі – шлях хаусу, тэхна і рэйваў на ўсход становіцца расчышчаным.
«Берлінскую сцяну пачынаю разбіраць на цаглінкі – шлях хаусу, тэхна і рэйваў на ўсход становіцца расчышчаным»
Трошкі раней, у 1987 годзе, нямецкага дыджэя Westbam, псеўданім якога, дарэчы, скарачэнне ад Westphalia Bambaataa – даніна павагі Africa Bambaataa, – запрашаюць у Рыгу на «Выставу прыблізнага мастацтва», дзе Westbam прэзентуе наватарскія тэхнікі міксавання рыжскім дыджэям – Янісу Краўклісу, Угісу Полісу і DJ Eastbam (так, пераемнасць працягвалася). На фестываль таксама прыехалі ленінградскія мастакі, Сяргей Курохін са сваёй парадаксальнай «Поп-механікай» і ўдзельнікі гурта «Кіно», у тым ліку і Віктар Цой. Westbam выступіў сумесна з савецкімі музыкамі, дзе ўключыўся ў авангардны дзвіж разам з тэхнікамі сэмплінгу і скрэтчаў. Так упершыню хаус-вірус прасачыўся ў СССР.
У Ленінградзе таксама глеба была шчодра падрыхтаваная: мясцовыя мастакі актыўна эксперыментавалі, жылі пераважна на сквотах. Адзін з такіх – на Фантанцы 145 – стаў ачагом распаўсюду электроннай танцавальнай музыкі ў Расіі. Праводзіліся вечарынкі ў Доме культуры працаўнікоў сувязі і ў Планетарыі, а праз тыдзень пасля спынення існавання СССР, 14 снежня 1991 года, у маскоўскім ВДНГ грыміць грандыёзная вечарынка Gagarin Party, якая стала зыходным пунктам для масавага распаўсюду культуры рэйва ва ўжо былых савецкіх рэспубліках. На ёй адбываецца і першы канэкт менскай сцэны з футурыстычным канцэптам рэйв-вечарынак. Будучыя прамоўтары першай тэхна-паці ў Беларусі Клаус, Саша Лісіц і Айрат Хузін (Алік) прымалі ўдзел у яе арганізацыі.
«Сузор’е» – першая менская дыскатэка
Што адбывалася ў Менску ў тыя часы? У 1974 годзе студэнты Радыётэхнічнага інстытута з’ездзілі па праграме культурных сувязей у эстонскі Тарту і ўпершыню трапілі на дыскатэку. Па словах аднаго з тых студэнтаў Віктара Калчанава, у нас яшчэ такое слова нават не выкарыстоўвалася. Тады па вяртанні яны звярнуліся ў рэктарат і райком камсамола з прапановай стварыць студэнцкую кавярню. Там пагадзіліся і прадаставілі двухпавярховую сталовую каля інтэрната РТІ на Якуба Коласа, 28. Распавядае Віктар, які стаў адным з заснавальнікаў кавярні:
– Мы абшылі сцены пласцінамі з ДСП, паралонам і скуразаменнікам, аформілі інтэр'ер у чырвоным колеры, зрабілі двухузроўневую падлогу, стойку бара і ўнікальную для таго часу сцэну: уся яе задняя сценка была занятая колерамузыкай (з трыма асноўнымі колерамі: сінім, чырвоным і жоўтым). Перад сцэнай быў павешаны шар, выраблены з глобуса і абклеены люстэркамі. На яго быў накіраваны тонкі прамень, які прымушаў святло бегаць па зале. Нічога падобнага ў Менску тады не было.
«Перад сцэнай быў павешаны шар, выраблены з глобуса і абклеены люстэркамі»
Адкрылася кавярня, а разам з ёй і першая менская дыскатэка, 28 кастрычніка 1976 года. Там жа, дарэчы, быў заснаваны і знакавы для беларускай культуры рок-гурт «Сузор’е». Стваральнікі дыскатэкі былі фанатамі гуртоў Led Zeppelin, Deep Purple і Black Sabbath, музыку якіх яны актыўна і прасоўвалі на танцпляцоўцы. У тыя часы кружэлкі заходніх выканаўцаў было вельмі цяжка знайсці, але дыджэям «Сузор’я» пашанцавала:
– Праз дарогу ад кавярні знаходзіўся інтэрнат Беларускага політэхнічнага інстытута. На чацвёртым паверсе, арандаваным РТІ, жыў я, а на трэцім жылі замежныя студэнты з Афрыкі, Індыі, ГДР, Чэхаславакіі... Многія з іх прыязджалі ў Менск толькі на здачу сесіі, а ў астатні час калясілі па свеце. Яны і былі аднымі з нашых пастаўшчыкоў.
У 1980 годзе напярэдадні Алімпіяды ў Маскве прайшоў адбор дыскатэк, якім давалася права працаваць у алімпійскай вёсцы і манрэальскім павільёне ВДНГ. У пяцёрцы найлепшых аказалася і дыскатэка «Сузор’я».
З пачаткам перабудовы, прыкладна з 1985 года, музыка на дыскатэках практычна цалкам стала складацца з «рытмаў замежнай эстрады», папулярнымі былі такія групы, як ABBA, Modern Talking, CC-Catch, Boney M. У апошнія гады існавання СССР былі таксама папулярныя сінтпоп-каманды накшталт Depeche Mode, Pet Shop Boys і Erasure. У гэтыя часы дыскатэкі круцілі ледзь не ў кожным доме культуры, кінатэатры і школе, але фармат заставаўся падобны – блок замежнай эстрады, блок савецкай эстрады, конкурсы, «медлякі». Але моладзь прагнула перамен.
20-хвілінныя блокі тэхна на вечарынках у ДК
У канцы 80-х андэрграўндная электронная музыка пачала з’яўляцца і ў Беларусі. Адным з першых дыджэяў, хто пачаў яе граць на менскіх дыскатэках, стаў Аляксей Кутузаў, ён жа вядомы як DJ I.F.U.
Аляксей Кутузаў:
– Мне стукнула 14 гадоў, калі мая сястра пазнаёміла мяне з мужам сваёй сяброўкі, ён працаваў на дыскатэцы ДК Чыгуначнікаў. А я ўжо ездзіў з мамай у Польшчу гандляваць нейкімі прышчэпкамі і ў Польшчы знаходзіў усе гэтыя музычныя шапікі, дзе можна было купляць касеты. Муж сяброўкі прыйшоў да нас у госці, убачыў мае касеты і кажа: «Слухай, а дай перапісаць. У цябе тут такі цікавы музон. І ўвогуле прыходзь да нас на дыскатэку». Гэта быў красавік 1991 года.
Мне, вядома ж, было цікава прыйсці. Там былі вечары для моладзі, вечары тым, каму за 30, і тым, каму за 50 ці 60. Апошнія – гэта танга, вальс. Я адразу ўліўся ў калектыў. Спачатку працаваў на святле, націскаў клавішы, каб свяціліся агеньчыкі і шарык круціўся.
Пачатак жа маёй дыджэйскай кар'еры здарыўся ў чэрвені 1991 года. Дыджэй захварэў, і хлопцы кажуць: «Не хочаш паспрабаваць? Вось дыскатэка “Тым, каму за 60”». Працавалі мы на бабінных магнітафонах. Я разам з вядучай дыскатэкай добра адыграў на гэтых танцах, потым паспрабаваў на «Тым, каму за 30», а затым ужо пайшла і маладзёжка. У прынцыпе, папярэдняму дыджэю станавілася ўсё менш цікава, таму я стаў граць там пастаянна.
У ДК Чыгуначнікаў мы прабылі нядоўга, яшчэ месяц, а пасля сышлі: хлопцы не дамовіліся з дырэкцыяй ДК і знайшлі новую пляцоўку ДК Прафтэхадукацыі «Юнацтва» на вуліцы Маскоўскай. Там я прабыў да восені 1993 года.
У выніку муж сяброўкі сястры стаў маім партнёрам. Мы адкрылі там бар: закуплялі 20 скрыняў піва ў суседнім гастраноме і перапрадавалі іх па падвойным кошце. Мы назвалі гэта Music Cafe Red Hall. У нас быў зверху бар і танцпляц на 150 чалавек, унізе – вялікае фае. У нас было ўсё: саўндсістэма, бабінныя магнітафоны, пульт. На балансе ДК Прафтэхадукацыі «Юнацтва» знаходзіліся вучылішчы і тэхнікумы, таму мы мусілі адпрацоўваць для іх дыскатэкі, а калі не трэба было гэтага рабіць, мы рабілі дыскатэкі для раёна. Да нас прыязджала братва з Курасоўшчыны, гэта ж быў амаль цэнтр, вуліца Маскоўская за Домам быту.
Пасля я стаў там ужо адзіным рэзідэнтам. У мяне было святое правіла: не ставіць рускую і савецкую музыку, эстраду. Была толькі замежная танцавалка і павольныя песні. Я пачаў устаўляць андэграўндныя электронныя трэкі, рабіў гэта блокамі, каб не раздражняць публіку, якая прывыкла да Dr. Alban, Ace of Base і Haddaway. Літаральна на 20 хвілін такія кавалачкі якога-небудзь галандскага тэхна, першыя The Prodigy, пазней Orbital, A Guy Called Gerald. Тое, што я купляў у Польшчы, і тое, што абменьваў у Клубе меламанаў.
Пайшла слава на ўвесь горад, што тут ёсць такая дыскатэка на вуліцы Маскоўскай. Пачалі прыязджаць людзі з іншых раёнаў, не толькі з Курасоўшчыны – з Захаду прыязджала вялікая тусоўка, хлопцы, з якімі я тусаваўся на стадыёне «Дынама». Яны збіралі сваю, заходнюю братву. Прыязджалі цэнтральныя. Я там пратрымаўся яшчэ паўгода і гучна грукнуў дзвярыма, калі курасоўшчынскім надакучыла і яны пабілі маіх сяброў з Захаду.
У гэты ж час адзін мой таварыш расказаў, што ў Менску з'явілася вечарынка, дзе ўся музыка была без слоў, без павольных танцаў і без перапынкаў. І без вядучага з мікрафонам. І ён кажа: «Вам трэба абавязкова пазнаёміцца!»
Гэтую вечарынку якраз і ладзілі тыя хлопцы, якія на ўласныя вочы бачылі дзвіж на Gagarin Party.
«З'явілася вечарынка, дзе ўся музыка была без слоў, без павольных танцаў і без перапынкаў»
Gagarin Party з касманаўтамі і амбасадарам Францыі
«Усё пачалося з таго, што ў 1991 годзе я пазнаёміўся з хлопцам сяброўкі маёй знаёмай – Андрэем Афанасьевым, або дыджэем Клаусам, – расказваў парталу Relax Айрат Хузін. – Мы тады разам тусаваліся ў цэнтры: усе нефармалы збіраліся на Панікоўцы, у Траецкім, у кавярні “Пінгвін”. Ужо ў той час мы сілкаваліся музыкай, уся нашая тусоўка была на музычнай хвалі. Раней дастаць добрую музыку было вельмі складана – мы ездзілі аднода аднаго, перапісвалі касеты. Трэба было мець добрыя стасункі з людзьмі, якія разбіраюцца ў гэтай музыцы і ў якіх яна ёсць».
У нейкі момант Андрэй пачаў расказваць пра свайго добрага сябра Івана Салмаксава, які займаўся музыкай і збіраўся ў Піцеры і Маскве арганізоўваць начныя вечарынкі. Іван Салмаксаў – расійскі дыджэй і прамоўтар, адзін з арганізатараў першых маскоўскіх рэйваў Gagarin Party і Mobile. Клаус пазнаёміўся з ім у Польшчы, дзе служылі іх бацькі.
«У першы ж дзень мы неяк з ім сышліся, у нас знайшлася агульная цікавасць – музыка. Ён пазнаёміў мяне са сваёй хатняй фанатэкай, і літаральна праз месяц мы сталі праводзіць школьныя дыскатэкі, – узгадвае Андрэй «Клаус» Афанасьеў. Затым іх сем’і вярнуліся дадому: Клауса – у Менск, а Салмаксава – у Ленінград. – Калі я прыехаў у Менск, то стэлефанаваўся з Іванам, а ён у гэты час вярнуўся з Амерыкі, прывёз адтуль музычную апаратуру: сінтэзатар, клавішы, рэвербератар, драм-машынку – той электронны мінімум, на якім можна было ствараць мінімалістычную электронную музыку ў духу Depeche Mode. Ён мяне запрасіў у Пецярбург, і мы тыдзень не выходзілі з дому, запісалі касету на дзевяноста хвілін.
А потым Іван, яго сябар Жэня Бірман і Лёша Хаас з Фантанкі прыехалі ў Маскву і заняліся непасрэдна падрыхтоўкай Gagarin Party. Уся арганізацыя адбывалася на маіх вачах, я непасрэдна ўдзельнічаў у рэкламнай кампаніі, распаўсюджваў флаеры, сустракаў гасцей і музыкаў і размяшчаў іх у гасцініцы».
У працэсе арганізацыйнай мітусні зусім забыліся пра персанал у гардэроб. На дапамогу прыйшлі менскія сябры Андрэя – Саша Лісіц і Айрат Хузін, якія прыехалі ў Маскву на вечарынку на запрашэнне Андрэя. Рабяты ўзгадвалі пра тую падзею ў LiveJournal:
«Убачанае ў павільёне “Космас” зрабіла на нас проста ашаламляльны эфект. Новая прагрэсіўная музыка, святло, лазеры, вялізная колькасць людзей і галоўнае – сама атмасфера. Гэта было незабыўна. На вечарынку прыйшло больш за тры тысячы чалавек. Сярод гасцей былі заўважаны папулярныя артысты, касманаўты. Быў нават амбасадар Францыі. Тысячы маладых прыгожых людзей няспынна танчылі ў асяроддзі экспанатаў павільёна. Вакол панавала прыязная атмасфера. Усё, што адбывалася, рэзка кантраставала з тым, што было ў Менску. Пад уражаннем ад убачанага мы загарэліся жаданнем арганізаваць падобную вечарынку дома».
«Горад спаў і не ведаў»
Па вяртанні ў Менск хлопцы пачалі рыхтавацца да арганізацыі – і восенню 1992 года былі гатовыя. Для першай нон-стоп-тэхна-паці яны абралі Палац прафсаюзаў: па суботах там ужо ладзіліся дыскатэкі, а да вулічных тусовак нефармальнай моладзі было рукой падаць. Яны намалявалі ад рукі ўлёткі з апісаннем канцэпцыі мерапрыемства, адксерылі патрэбную колькасць і выйшлі на вуліцу раздаваць запрашэнні на бясплатную вечарынку ўсім людзям, якія спадабаліся.
З-за арганізацыйных момантаў вечарынку перанеслі, і першая дыскатэка Non-stop Techno адбылася 10 лістапада 1992 года. На ёй круцілі перадзапісаныя міксы, прывезеныя з Масквы і Піцера, а таксама Саша Лісіц меў прыстойную калекцыю дыскаў, прыдбаную ім у Нямеччыне. На імпрэзу прыйшло шмат людзей, якім усё спадабалася, але, як прызнаюцца арганізатары, гэта была зусім нямэтавая аўдыторыя.
Алік:
– Для нас гэта была няўдалая спроба арганізаваць тэхна-вечарыну. Па-першае, яна была вячэрняй, як і ўсе астатнія мерапрыемствы ў горадзе, а па-другое, на бясплатную халяву зляцеліся ўсе, акрамя тых, на каго дыскатэка была разлічана.
Пасля таго як на першую «пробную» вечарынку прыйшло шмат народу, хлопцы вырашылі замахнуцца на паўнавартасны начны рэйв. Па сцэнары, які выкарыстоўваўся пры арганізацыі мерапрыемстваў у Маскве і Піцеры, яны абралі самае вялікае на той час памяшканне – лёгкаатлетычны комплекс «Дынама» на Даўмана. З тых часоў, дарэчы, у інтэр'еры комплексу нічога не памянялася: такі ж сіні колер сцен, балконы, падлогавае пакрыццё. Хіба што велатрэк дадалі.
Знайшлі і прыдатную для такой плошчы гукавую апаратуру. Адзінай арганізацыяй у горадзе, якая валодала дастатковым камплектам на той момант, быў Дзяржаўны аркестр пад кіраваннем Міхаіла Фінгберга. Засталося толькі знайсці на гэтую грандыёзную задумку грошы.
Неўзабаве Манешын і Хузін сустрэлі свайго сябра Аляксандра Цярлецкага, вядомага ў тусоўцы як Саша Кролік. Ён круціў музыку на адной з модных у той час дыскатэк – 8-м корпусе БПІ. Саша Кролік хутка зразумеў задумку хлопцаў, бо бываў у Ленінградзе і на Фантанцы і ясна ўяўляў сабе, пра што ідзе гаворка. Выпадкова яны сустрэлі інстытуцкага таварыша Сашы Кроліка – Ігара Шупляцова. Ігар з цікавасцю ўспрыняў прапанову аб правядзенні рэйва ў манежы і пагадзіўся прафінансаваць гэтае мерапрыемства.
Вечарына была запланавана ў ноч з 24 на 25 снежня 1992 года і называлася Christmas Party. Рэкламныя флаеры і афішы, намаляваныя Сашам Манешыным, распаўсюджвалі па горадзе. Пра будучую дыскатэку новага фармату аб'яўлялі нават па радыё і тэлебачанні.
Алік:
– Мы былі поўныя амбіцый і завышаных чаканняў, таму ўсім расказвалі, што на вечарынку прыйдзе шмат людзей і мы зможам сабраць вялікую касу. Абяцалі ўсім залатыя горы і самі ў гэта верылі.
Аднак мерапрыемства было такім нетыповым і ненатуральным для Менска таго часу, што насуперак усім чаканням на рэйв увогуле прыйшло не больш за сто чалавек, большасць з якіх былі сябры і тусоўшчыкі з «трубы» – перахода на «Купалаўскай». Калі вялізныя калонкі прывезлі і ўсталявалі ў зале манежа, стала зразумела, што гуку будзе занадта шмат. У выніку выкарыстоўвалі не ўсю магутнасць, а толькі каля шасці кілават. І ўсё роўна было так гучна, што перад калонкамі на адлегласці 3-4 метраў стаялі агароджы, каб людзі не падыходзілі заблізка.
«Было так гучна, што перад калонкамі на адлегласці 3-4 метраў стаялі агароджы, каб людзі не падыходзілі заблізка»
Валодзя, адзін з удзельнікаў рэйва, узгадваў:
– На самім танцпляцы было чалавек 10-15 максімум. Астатнія стаялі ў холе і баяліся зайсці. Многія ўвогуле не разумелі, што адбываецца: замест Пугачовай і Лявонцьева грае гучная музыка, булькае святло, паўсюль лазеры, па зале носяцца нейкія транссэксуалы ў аранжавых жаночых майках у абліпку і вузкіх штанах – сапраўднае зборышча людзей з пекла. У непадрыхтаваных гасцей, якія не былі знаёмыя з гэтай музыкай, здараліся сапраўдныя псіхадэлічныя прыпадкі. Сама атмасфера дзейнічала на іх як наркотык – яны ў паніцы кідаліся па зале і не заўсёды маглі знайсці выйсце. Цяпер гэта здаецца неверагодным, але менавіта так усё пачыналася.
«Па зале носяцца нейкія транссэксуалы ў аранжавых жаночых майках у абліпку і вузкіх штанах – сапраўднае зборышча людзей з пекла»
Саша «Кролік» Цярлецкі:
– У мяне быў знаёмы хлопец, які працаваў журналістам у газеце «Знамя юности». Ён заўсёды з цікавасцю слухаў нашыя апавяданні і вельмі прасіў, каб мы запрасілі яго на гэтую вечарынку. У выніку ён прыйшоў, а праз некалькі дзён у газеце на вялікім развароце з'явіўся артыкул пад назвай «Горад спаў, але не ведаў», у якім дыскатэка была апісана як поўная вакханалія, на якой разгубленая моладзь блукала па зале і шалела, як сатаністы.
***
На першым рэйве зарабілі ўсе, апроч спонсараў і арганізатараў. Але гэта зусім не збянтэжыла хлопцаў. Для іх была важна тая эмансіпацыя, якую несла рэйв-культура – тая капсула свабоды, якая праз акіянскія адлегласці распаўсюджвала дух роўнасці і экспрэсіі нью-ёркскіх і чыкагскіх клубаў. Асабліва гэтая эмансіпацыя была важная на постсавецкай прасторы, дзе на адной шалі быў увесь папярэдні савецкі досвед, а на другой – толькі гэта: моцны гук, няспынныя рытмы новай музыкі і маладыя прыгожыя танцуючыя людзі. І гэтага было дастаткова.
Менш чым праз тыдзень рабяты адыгралі яшчэ адну паці ў 8-м корпусе БПІ (цяперашні БНТУ) і пачалі рыхтавацца да наступнага рэйву. Паволі запрацавала сарафаннае радыё: па горадзе пайшлі чуткі, што ёсць пэўная тусоўка рабят, якія ладзяць начныя вечарынкі новага фармату. Пачала падцягвацца новая культурная эліта – мастакі, рэжысёры, музыканты і проста тусоўшчыкі, якія ўжо паспелі пабываць на такіх івэнтах у Заходняй Еўропе ці расійскіх сталіцах і ведалі, чаго чакаць. Вечарынкі перамясціліся ў менскія тэатры, палацы мастацтваў і кінатэатры. У першай палове 90-х пачаўся рэнесанс беларускай культуры – і танцавальныя андэграўндныя вечарынкі былі часткай гэтага ўздыму. Пра гэта – у наступным эпізодзе падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі», а на старонках 34mag чытай яго тэкставую версію.
Слухай падкаст у Spotify, SoundCloud і Apple Podcasts