Як стварае музыку Applepicker? На ютуб выйшаў 1,5-гадзінны адказ
На ютубе выйшла паўтарагадзінная размова з «хросным бацькам беларускага андэграўнду» Мікітам Арловым, вядомым па сольным праекце Applepicker, гурце «СОЮЗ» і мностве іншых гуртоў.
Відэа супольна зрабілі каманды праектаў К6 і «Твары», якія вырашылі аб’яднаць намаганні ў прасоўванні незалежнай беларускай сцэны і падсвятленні ключавых індзі-персанажаў. Цяпер на ютуб-канале К6 можна будзе глядзець новыя дакументальныя фільмы-інтэрв’ю ў серыі «Твары», а таксама праект «Live» – жывыя выступы ў студыі, абрамленыя Q&A (мы распавядалі пра выпуск з «Сербскім нажом» тут).
Гутарка з Мікітам заходзіць ва ўсе куты: тут і пра дзяцінства ў Пінску, і пра ўлюбёную каву, і пра калекцыю вінілу, і пра творчыя крызісы – карацей, усё, што ты хацеў(-ла) бы спытаць у Applepicker, калі б захацеў(-ла) штосьці ў яго спытаць. Здымачная каманда зазірнула да Мікіты дамоў, пабывала на музычнай студыі, наведала некалькі канцэртаў і выправілася з ім разам у музей камп’ютарных гульняў.
