Зміцер Быліновіч

У Менску ўжо колькі год працуе лекторый «Массаракш», куды можна прыйсці і бясплатна паслухаць пра тыраназаўраў, чорныя дзіркі, робатаў ці міфы наконт здароўя. 34 сустрэўся са стваральнікам гэтай цудоўнай гісторыі Змітром Быліновічам і спытаўся пра ўсё (пытанне грошай раскрытае таксама).

 

 Праект:  «Массаракш» – штомесячны навукова-папулярны лекторый. Валанцёры робяць яго за нуль рублёў і клічуць туды спікераў з самымі рознымі тэмамі: ад прыродазнаўчых навук да паліталогіі і рэлігіязнаўства. Прывозяць крутых гасцей з-за мяжы і паказваюць фільмы пра навуку.

 Герой:  Зміцер Быліновіч, 22 гады, студэнт магістратуры факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

 

Facebook    VK    Instagram    YouTube    Telegram

 

 

Вакансія мары

– Быў канец 2015 года. Я гартаў стужку «Укантакціка» і ўбачыў у пабліку «Образовач» аб'яву, што «Курилка Гутенберга» шукае арганізатараў лекторыя. З патрабаванняў там была толькі пунктуальнасць. Я ані разу не пунктуальны, але вырашыў, што мне падыходзіць.

Нас сабралі ў адну вялікую канфу, дзе былі людзі з многіх гарадоў. Расказвалі, што нам рабіць далей і ў чым мэта ўсяго. Растлумачылі, што гэта некамерцыйны праект. Праз нейкі час мне піша ў прыват хлопец з Гомеля, які прывозіў у Менск класнага папулярызатара касманаўтыкі Віталя Ягорава, прапанаваў прывезці яго зноў разам і запусціць усю гэту справу як «Курилку».

Што нам трэба было рабіць? Знайсці пляцоўку, знайсці людзей, якія прыйдуць слухаць, і знайсці тых, хто будзе расказваць. З апошніх і трэба пачынаць. У нас быў Ягораў, так што гэты пункт ёсць, выдатна. Па пляцоўцы ў мяне адразу была ідэя пайсці ў менскі планетарый, бо яны крутыя. Засталося знайсці гледачоў: праз «Образовач» мы выцягнулі людзей з «Лентача», праз «Лентач» – з «Чаю з малинавым варэннем», а праз іх выйшлі на Onliner.

Потым наш запланаваны лектар папрасіў перанесці прыезд, але ў мяне ўжо загадзя быў план дамовіцца з некім яшчэ. (І «Курилка», і «Массаракш» – гэта звычайна некалькі лектараў і розныя тэмы.) Я хацеў запрасіць Віктара Малышчыца – беларускага астранома і астрафатографа. Ён выкладаў у мяне ў ліцэі астраномію, вельмі класны дзядзька. Другім лектарам быў Дзіма Вайда з «Науки вне себя».

«Ззаду стаялі шасты для стрыптызу – мы жартавалі, што паставім побач фатографа і будзе зусім выдатна»

Першая імпрэза прайшла 13 лютага. Тэмы падабралі пад Дзень святога Валянціна: пра каханне, зоркі, гармоны. Вырашылі зрабіць рэгістрацыю, каб не прыйшло зашмат людзей і мы не зламалі пляцоўку. Памятаю, за тыдзень запусцілі анонс, я паставіў пост і ўцёк ва ўнівер. Забягаю ў метро, і тут рабяты з «Чаю» і з «Анлайнера» мне пішуць: «Слухай, Зміцер, нешта не працуе рэгістрацыя». Адказваю: «Блін, хлопцы, сам не ведаю, што адбываецца». Потым зразумеў, што ў нас недзе за паўгадзіны скончыліся ўсе сто месцаў на рэгістрацыю. Так мы забілі поўную залу і зрабілі першы лекторый.

Усе навуковыя лекторыі, якія я раблю, – чыста валанцёрская гісторыя. Гэта пра тое, каб звесці людзей, якія варацца ў навуковым кантэксце, і людзей, якія хочуць пра гэта слухаць. Лектары выступаюць задарма, уваход вольны. Мы думалі пра краўдфандынг, але для мяне асабіста гэта не мае сэнсу. Я айцішнік, мне лягчэй зарабляць самому, чым спрабаваць нешта атрымаць з лекторыя, тым больш гэта злучана з дадатковымі клопатамі. Увогуле лічу, што слушна на гэтым не зарабляць.

Дарэчы, у нас ёсць такі папулярны жарт: галоўны спонсар лекторыя «Массаракш» (у мінулым «Курилка Гутенберга») – кішэнь маёй мамы, дзякуй, мама. Вядома, гэта жарт, але ў кожным жарце толькі доля жарту, асабліва калі вучышся на другім курсе.

 

 

«У нас ёсць такі папулярны жарт: галоўны спонсар лекторыя “Массаракш” – кішэнь маёй мамы»

Лекцыі ў начным клубе

– Пасля планетарыя нам захацелася буйнейшую пляцоўку. Трэці лекторый у нас адбыўся ў клубе «НЛА». Памятаю, прыходзім – а там круглы экран. І мы такія: блін, а ў нас квадратная прэзентацыя, няёмка. Яшчэ там ззаду стаялі шасты для стрыптызу – мы жартавалі, што паставім побач фатографа і будзе зусім выдатна.

Звычайна мы з пляцоўкамі дамаўляемся на бартарным прынцыпе: вы нам даяце месца, а пра вас даведаецца куча людзей. Шукалі пляцоўкі з дапамогай халодных званкоў і праз знаёмых, тлумачылі, што мы ад гаспадароў нічога не патрабуем, для іх выдаткі мінімальныя. Потым мы прыйшлі ў Space. Гэта было ў кастрычніку 2016 года, з таго часу там і застаёмся.

Далей мы разышліся ў светапоглядах з маскоўскай «Курилкой». Так склалася, што мы функцыявалі незалежна, але чамусьці ім захацелася больш кантролю. Памяняўся падыход, пачаліся нейкія гісторыі з краўдфандынгам і платнымі лекцыямі – а для нас гэта было непрымальна. Вырашылі, што прасцей будзе самім.

Усё гэта здарылася пад Новы год, у нас была пара месяцаў да новага лекторыя, каб прыдумаць назву. Зламалі нямала копій. У нейкі момант я проста сказаў: «Давайце звернемся да класікі». Праглядалі шмат усяго, але я перачытваў «паўдзённы» цыкл Стругацкіх, падсерыю пра прагрэсара Максіма. Падумаў: чаму б не назвацца «Массаракш»? «Массаракш» перакладаецца з выдуманай мовы як «свет навыварат», і для навукова-папулярнага праекта гэта гучыць крута.

Спачатку лектарамі былі мае класныя выкладчыкі і добрыя знаёмыя знаёмых, потым сталі прыходзіць новыя. У нас ёсць залатое правіла, што кожны лектар прыводзіць яшчэ двух. Працуе не заўсёды, але адзін наш лектар неяк скінуў спіс з дваццаці чалавек. Асноўны прынцып у выбары спікераў – ніякай прапаганды, ні палітычнай, ні рэлігійнай. Але гэта не значыць, што ў нас не мог выступаць той жа палітолаг Арцём Шрайбман. Паліталогія – гэта навука, давайце падзяляць даследаванні і заклікі ісці і галасаваць. Кажам больш пра працэсы, чым пра персаналіі.

Ці да тэмы рэлігіі – у нас выступаў святар. Але выступ не быў рэлігійнай прапагандай, ён расказваў пра пэўную з'яву – латэнтную рэлігійнасць. Гэта погляд зверху, які павінен быць у даследчыка.

 

 

Самыя дзікія пытанні

– Адразу ўспамінаецца пытанне ў стылі «У працах Савельева, прафесійнага навукоўца, казалася, што…». Гэты чалавек пяць хвілін стаяў і спрачаўся з лектарам пра тое, што ў працах Савельева ўсё было не так. Савельеў – гэта лжэнавуковец, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук. Гэта наша любая РАПН, якая выдае дыпломы ўсім ілжэнавукоўцам: Фаменка, Савельеву… А лжэнавуковец – гэта чалавек, які прасоўвае свой пункт погляду як афіцыйна навуковы, пры гэтым ён такім не з'яўляецца.

Тая лекцыя была на тэму працы мозгу і працэсу запамінання. Савельеў, наколькі я памятаю, быццам бы быў акадэмікам Расійскай акадэміі навук. То-бок у яго нармальная праца, ён пісаў кнігі – яго кніга па анатоміі мозгу, кажуць, даволі адэкватная. Але справа ў тым, што, апроч гэтага, ён займаўся нейкай абсалютна цемрашальскай дзічынай, ніяк не злучанай з рэальнасцю. І ці можам мы падзяляць Савельева-навукоўца і Савельева, скажам так, не вельмі навуковага? І дзе яму верыць?

Тады я яшчэ не занадта ўсё гэта ведаў. Памятаю, сябар, які глядзеў стрым той лекцыі, напісаў мне: «Савельеў – дзікі цемрашал, забяры ў чалавека мікрафон!» Думаю: ага, зразумела. З той пары гэтае прозвішча для мяне як трыгер.

«Калі мы анансавалі гэтую лекцыю, усе жартаўнікі Менска напісалі пра тое, што ў нас выступае Гэндальф»

Не магу ўспомніць іншыя дзікія пытанні. Увогуле вялікае шчасце і вялікая бяда навучпопу ў тым, што да нас прыходзяць людзі, якім навука ўжо цікавая і якія ў кантэксце. Рэдка тыя, хто верыць у плоскую Зямлю і што амерыканцы не былі на Месяцы, ходзяць на лекцыі пра гэта. Калі з’яўляюцца, то ў іх нейкія шаблонныя пытанні, і што ім можна адказаць? Добра, амерыканцы не лёталі на Месяц, віншую вас з гэтым.

Ёсць такая фішка па тэорыі змовы. У амерыканскую месяцовую праграму было ўцягнута каля 400 тысяч чалавек. Ёсць жарт, што сярод такога ліку людзей павінен быць прынамсі адзін савецкі шпіён. То-бок яны сочаць, і калі выкрыецца, што амерыканцы не лёталі, СССР выйграе. Таму трэба сабраць ракету і адвезці яе на мыс Канаверал, інакш не павераць. Адвезлі. Трэба падрыхтаваць касманаўтаў і пасадзіць іх у ракету – пасадзілі. Трэба запусціць ракету, бо там усе стаяць і глядзяць. А потым яшчэ трэба пасадзіць яе, таму што савецкія навядуць тэлескопы і правераць.

Былі даследаванні, што чым больш за людзей уцягненыя ў змову, тым больш імавернасць, што яна выкрыецца. На месяцовую змову матэматыкі давалі максімум два гады. Па-мойму, яны даўно мінулі.

 

 

«Рэдка тыя, хто верыць у плоскую Зямлю і што амерыканцы не былі на Месяцы, ходзяць на лекцыі пра гэта»

Ісці ў навуку не зашквар

– Хочам зрабіць унёсак у тое, каб новае пакаленне лічыла: ісці працаваць у навуку не зашквар.

У цэлым наша мэтавая аўдыторыя – моладзь. Не кажам пра тое, каб удзяўбці ў галовы службоўцам пра навуковы падыход ува ўсім, у тым ліку ў эканоміцы. Хай хаця б тыя, хто будзе пасля нас, думаюць пра гэта крыху больш. У нас маленькая па бюджэце краіна, магчыма, яна не можа ўкласціся ў навуку, але хай укладаецца хаця б у адукацыю.

Не патрэбная куча міліцыі, каб патруляваць кварталы, калі людзі адукаваныя і самі не выходзяць біць адно аднаму твары пад падзікамі. Не хочацца падзелу на інтэлігенцыю і астатніх, усе людзі мусяць быць адукаванымі. Людзі павінны цікавіцца адукацыяй і разумець, чаму гэта цікава: прынамсі, таму што гэта крута. Дыназаўры – гэта крута! Космас – гэта крута! І навукоўцы гэтым займаюцца, таму што гэта крута.

Апроч іншага, мы хочам данесці, што навукоўцы – гэта не абавязкова незразумелыя людзі, якія замкнуліся ў інстытуце і нешта там падрываюць. Гэта класныя маладыя рабяты, якія жывуць сярод нас, і вы можаце быць такімі ж.

Важны момант – наша мэта не ў тым, каб нечаму навучыць. Ядзерную фізіку, напэўна, не раскажаш за 100 гадзін. Мы імкнёмся зацікавіць людзей, каб яны хаця б разумелі, як працуюць працэсы, і не плялі ўсякія змовы накшталт ВІЧ-дысідэнцтва (прывітанне Арцемію Лебедзеву!).

Самая страшная змова сучаснасці – гэта антыпрышчэпачнікі. Людзі кажуць: «Гэта наша права – не рабіць прышчэпкі». Здавалася б, гэтак і ёсць, гэта іх права памерці. Але тыя, хто не робіць прышчэпкі, ставяць пад пагрозу іншых людзей з-за шкоды калектыўнаму імунітэту. І калі ты грамадзянін, ты маеш не толькі правы, але і абавязкі, у тым ліку абавязак не шкодзіць іншым. Пры гэтым навука не катэгарычная, і няможна сказаць, што прышчэпкі – гэта адназначна добра. Трэба вывучаць супрацьпаказанні.

 

 

Як зрабіць навуку цікавай

– Навучпоп – гэта ўсё-такі пра смешныя малюначкі, коцікаў і менш тэксту. Не трэба апускацца на ўзровень ніжэй, людзям проста павінна быць зразумела. Мы ўсе лекцыі рыхтуем, рэпетуем, праглядаем прэзентацыі. На валанцёрскіх пачатках не ўсё можа атрымлівацца, але спрабуем трымаць узровень. Таксама імкнёмся абіраць лектараў сярод людзей, пагружаных у навуку. У іх ужо быў прынамсі адзін публічны выступ – на лекцыях, абаронах.

У нас ёсць такі глабальны мем – анонс за дзень да імпрэзы. Гэта звычайная справа, асабліва калі прыязджае нехта ўзроўню Міхаіла Гельфанда. Я даведаўся пра яго прыезд за тры дні да выступу. У чацвер знайшоў пляцоўку, напісаў Гельфанду, і ён пагадзіўся. У пятніцу зрабілі анонс. У суботу прыйшлі людзі. Дарэчы, калі мы анансавалі гэтую лекцыю, мне ўсе жартаўнікі Менска напісалі пра тое, што ў нас выступае Гэндальф...

Калі жадаеце нешта прапіярыць, шукайце класных людзей. Не трэба сядзець у сваёй бурбалцы і думаць, што ўсё дрэнна. Трэба спрабаваць. Першы раз можа не атрымацца, другі раз таксама, але гэта досвед. У нас атрымалася. Асноўныя нашы інфармацыйныя партнёры – Onliner і «Чай з малинавым варэннем», асноўная пляцоўка – Space. У нас вельмі шмат валанцёраў. Нехта сыходзіць, нехта прыходзіць, але ўсе рабяты выдатныя. Самае галоўнае, каб гэта прыносіла кайф.

«Калі ў вас гарыць агонь ведаў ці вы ведаеце некага, хто хацеў бы арганізаваць лекторый, пішыце ў прыват, дапаможам»

Часам мы ходзім на фэсты і робім там лекцыі. Часам мяне самога клічуць выступіць, расказаць пра лекторый. Калі ёсць магчымасць, прыходжу, але для мяне прынцыповае пытанне вольнага ўваходу.

Незразумела, чаго чакаць ад будучыні. Самае галоўнае, што цяпер у нас кожны месяц ёсць актыўны, класны (спадзяюся) лекторый з добрымі спікерамі. Прыязджаюць замежныя лектары, тая ж Ася Казанцава.

Хочам рабіць нейкія класныя імпрэзы, можа, зробім фэст на цэлы дзень. Пару разоў мы паказвалі класнае навуковае кіно, перакладзенае нашымі ж рабятамі. Складана, таму што прыходзіць ужо свая тусоўка. Хацелася б зацікавіць новых людзей.

Мы абмяркоўвалі магчымасць перайсці ў іншыя гарады Беларусі, таму звяртаюся да чытачоў: калі ў вас гарыць агонь ведаў ці вы ведаеце некага, хто хацеў бы арганізаваць лекторый, – гэта нескладана. Пішыце ў прыват. Мы дапаможам, прыедзем хаця б на першыя лекторыі. Досвед ёсць: мы рабілі «Курилку» ў Гомелі і яшчэ ў часы «Курилки» я дапамагаў рабіць лекторый у Самары, праўда, гэта мільённік, у Іжэўску – там 300 тысяч насельніцтва… Ведаю, што «Курилка» была ў Кургане – а там каля 100 тысяч насельніцтва. То-бок памер горада – крытэр не галоўны.

 

Фота: Віялета Саўчыц