Жэня Рамановіч
- 01.02.2016
- 2176
Заснавальніца творчай прасторы «Дом46» у Горадні, акторка тэатра лялек і танцаўшчыца Жэня Рамановіч распавядае 34mag, як фламенка надае ўпэўненасць, чаму ў Горадні можна чакаць танцавальнага буму і як дапамагаць артыстам розных жанраў узаемадзейнічаць і аб’ядноўвацца.
Гераіня: Жэня Рамановіч, 31 год. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, мае дыплом акторкі тэатра лялек.
Чым займаецца: выкладае танцы розных напрамкаў, арганізуюць культурныя імпрэзы.
Арыгінальная дата публікацыі – 01.02.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
Гісторыя Жэні
– Я вельмі люблю свой родны горад, мне тут утульна, падабаецца атмасфера. Таму я і вярнулася дамоў пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў.
У пэўны момант я зразумела, што езджу ў іншыя краіны па тое, чаго няма ў нас, – так нарадзілася жаданне арганізаваць і ў Горадні нешта новае і цікавае. З дзяцінства я танцую, а яшчэ захапляюся тэатрам і лічу, што абодва гэтыя віды мастацтва набліжаны адзін да аднаго. Мне падаецца цікавым, калі ў перформансах людзі сумяшчаюць розныя жанры, калі суправаджаюць выставу музыкай, а музычны выступ – відэапраекцыяй. Люблю, калі ўсё пераплятаецца, нараждаецца новы від ці жанр.
«Я зразумела, што езджу ў іншыя краіны па тое, чаго няма ў нас, – так нарадзілася жаданне арганізаваць і ў Горадні нешта новае і цікавае»
Асноўная мэта нашага праекта – перазнаёміць цікавых людзей, танцораў, тэатралаў, мастакоў, фатографаў і даць ім пляцоўку для эксперыментаў, для стварэння чагосьці незвычайнага. Калі я вучылася ў акадэміі, у нас з мастакамі ніколі не было агульных праектаў, а яны ж, напрыклад, маглі дапамагчы нам з дэкарацыямі. На жаль, навучальны працэс не быў накіраваны на арганізацыю ўзаемадзейнасці, і гэтага сапраўды не хапала.
Для мяне вельмі важным з’яўляецца вобраз дома, там любяць і чакаюць, побач блізкія, сям’я. Мы хочам зрабіць наш «Дом46» месцам, якое будзе аб’ядноўваць людзей ірозныя віды творчасці. У Горадні ёсць шмат людзей, якія не могуць сябе рэалізаваць, магчыма, толькі праз адсутнасць месца. Каманда працуе ў асноўным за ідэю.
«Мэта нашага праекта – перазнаёміць цікавых людзей, танцораў, тэатралаў, мастакоў, фатографаў і даць ім пляцоўку для эксперыментаў»
Як жывуць у «Доме46»?
– Зараз на базе нашай арт-прасторы дзейнічае школа танцаў. Чым мы адрозніваемся ад іншых падобных установаў? Мы за тое, каб нашыя выкладчыкі ездзілі ў іншыя школы, у іншыя краіны, спазнавалі новае. І самі імкнемся прывозіць цікавых людзей. Абмен – вельмі важная штука, якая дапамагае развівацца.
У нас можна навучыцца танчыць кантэмпарары, дэнсхол, брэйкінг ды хаўс. Мы б хацелі, каб у будучыні вучні сталі прафесійнымі танцорамі, каб не ўспрымалі гэты занятак толькі як забаўку, што, вядома, таксама добра, але хацелася б, каб яны развіваліся далей. Мая мара – каб дзеці выраслі, звязалі сваё жыццё з мастацтвам, выказвалі свае думкі танцамі, імпрэзамі ды іншымі формамі, каб у Горадні з’явілася свая танцавальная база.
У «Доме46» ёсць групы для дзетакі і для дарослых, ніякіх абмежаванняў па ўзросце няма, кожны можа прыходзіць. Крыўдна, што ў нашай краіне людзі ў 30-40 гадоў лічаць, быццам танцы ўжо не для іх. Я маю іншае меркаванне: калі жанчына выгадавала дзяцей – надышоў самы час пачынаць.
Аднойчы мы прывозілі з майстар-класам менскую групу, якая танчыць фламенка, там былі жанчыны, як кажуць, ва ўзросце, і якія прыгожыя! Мне ўвогуле падаецца, што танцы – выдатны спосаб пазбавіцца ад дэпрэсіі. У фламенка ўсё пачынаецца з фізікі, калі ты выпростваеш спіну, і сканчаецца хіміяй, бо з такой выправай адчуваеш сабе больш упэўненай. Для нашых жанчын гэта варыянт узняць і настрой, і самаадзнаку. На жаль, беларусы не бразільцы, якія пачынаюць рухацца пры гучанні музыкі. Не хапае запалу, але мы хочам яго трошачкі ўкараніць.
Да самага дня, калі мы праводзілі вулічнае мерапрыемства Lesson about Hip-hop, я не ведала, што культура хіп-хопу такая цікавая і зусім не павярхоўная. Ёсць свая мода, свае стыль і музыка, правілы. У напрамку дэнсхол ёсць мужчынскія і жаночыя трэкі. Калі дзяўчына выходзіць танчыць не пад свой, то адразу зразумела, што яна не ў тэме. Урок быў разлічаны на дзетак, якія толькі пачалі займацца брэйкінгам. Таксама прыезджыя выкладчыкі з Гомеля і Берасця растлумачылі, што кожны жэст мае асабісты сэнс, і калі хочацца паўтарыць за кімсьці, лепей спачатку даведацца, што гэта азначае.
Акрамя танцаў ладзім і музычныя штукі. Натхняльнік гэтага – наш сябра Дзіма Outro Pin. Ён цалкам у музыцы і музычнай тусоўцы, з яго дапамогай ужо было арганізавана шэсць абсалютна розных вечароў.
Таксама ў нашай прасторы ладзіліся TEDx-канферэнцыя, кінапаказы, выставы.
Пра планы
– Мы думаем у будучыні адкрыць яшчэ і балетную школу на базе арт-прасторы, у Горадні якраз ёсць цудоўны выкладчык. Хацелася б праводзіць заняткі для маленькіх дзетак узростам 5-6 год, бо, ведаеце, прафесійны балет пачынаецца амаль з самага пачатку жыцця. А калі ўжо арганізоўваць такія заняткі, дык толькі з сур'ёзным падыходам. Было б цікава супрацоўнічаць з кімсьці, каб нашыя вучні маглі ездзіць на конкурсы, а мы б запрашалі выкладчыкаў да сябе.
Часта людзі кажуць, што займаюцца толькі хіп-хопам ці сучасным танцам. А я б хацела, каб усё змешвалася. Увогуле мне здаецца, што хутка розныя віды мастацтва зліюцца ў нешта адно вялікае і, мабыць, калі-нікалі незразумелае.
«Мая мара – каб дзеці выраслі, звязалі сваё жыццё з мастацтвам, выказвалі свае думкі танцамі, імпрэзамі ды іншымі формамі, каб у Горадні з’явілася свая танцавальная база»
Так, мне часам бывае страшна, здаецца, што калі брацца за шмат рэчаў, то нічога не атрымаецца, але нешта падказвае, што мы выбралі слушны напрамак. Ужо зараз прадстаўнікі эксперыменталу дадаюць у свае выступы акторскую ігру, выкарыстоўваюць рэчы, шукаюць вобразы. Здараецца нешта дзіўнае: акторы раптам затанцавалі, танцоры заразмаўлялі, атрымоўваецца, што трэба ўмець усё разам.
Хацелася б супрацоўнічаць з іншымі краінамі. Мы прывозілі ўкраінскага паэта Дзіму «Птицами» з кватэрнікам, а таксама Юлю Плотнікаву. Яна танцуе ў тэатральнай трупе ўнука Чарлі Чапліна – Джеймса Цьеры. Ён нерэальны чувак. Шкада, што дагатуль ніхто не прывез яго ў Беларусь, мо райдар занадта сур’ёзны. А з Юляй я пазнаёмілася ў Пырыжы, і калі даведалася пра яе працу ў Цьеры, адразу запрасіла да нас.
Тэкст by Таня Аліпчыкава
Фота by Leah Skuridina