Дзмітрый Дабравольскі
- 06.08.2015
- 2827
Былы генеральны сакратар моладзевай арганізацыі «РАДА» Дзмітрый Дабравольскі распавёў 34 пра канкурэнцыю з БРСМ і пра тое, з чаго складаецца моладзевая палітыка ў Беларусі.
Чым займаюцца: Падтрымкай, развіццём і ўмацаваннем моладзевых арганізацый.
Факты: Беларуcкі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» – гэта добраахвотны саюз беларускіх моладзевых арганізацый. «РАДА» была створана ў 1992 годзе і афіцыйна зарэгістравана ў 1997 годзе дзеля кансалідацыі дзейнасці моладзевых арганізацый у сферы прадстаўлення, прасоўвання і абароны іх інтарэсаў. «РАДА» з’яўляецца паўнавартасным сябрам буйнейшай рэгіянальнай моладзевай платформы – Еўрапейскага Моладзевага Форума. На сённяшні дзень у «РАДУ» ўваходзяць 20 моладзевых арганізацый, у тым ліку – «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», «Экадом», «Студэнцкая Рада», «Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты», «Маладая Грамада».
Герой: Дзмітрый Дабравольскі, якому зараз 35 гадоў, выконваў функцыі генеральнага сакратара «РАДЫ» да 2016 году. У 2017–2018 годзе пасаду займала Вольга Аполька. Зараз Дзмітрый працуе менеджарам у Міжнародным Адукацыйным Цэнтры імя Йаханэса Рау.
Арыгінальная дата публікацыі – 06.08.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
«У мяне ў жыцці быў дзікі перыяд, калі памерла маці, праз год – бацька, а неўзабаве згарэў дом, з якога я ледзь паспеў выбегчы»
Гісторыя Дзмітрыя
– Я вырас у вёсцы недалёка ад Менску і вучыўся ў сельскай школе, чаго не пажадаю нікому. Мяне заўсёды цягнула да грамадскай актыўнасці, і першае, у што я ўвязаўся, быў Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ). Тады, у 14 гадоў, я не асабліва ўяўляў, што гэта такое, але хутка стаў сакратаром першаснай ячэйкі БПСМ. Праз два тыдні пасля ўступлення мы з сябрамі разрэзалі нашыя членскія білеты, таму што зразумелі, куды патрапілі. Потым у школе я стварыў клуб ЮНЕСКА, і гэта стала першым пазітыўным вопытам удзелу ў грамадскай дзейнасці.
Затым у мяне ў жыцці быў дзікі перыяд, калі памерла маці, праз год – бацька, а неўзабаве згарэў дом, з якога я ледзь паспеў выбегчы. Пазычыў у суседа спартыўны касцюм і паехаў у горад. Алена Танкачова і калегі з Lawtrend, у якім я працаваў на той момант, дапамаглі зняць кватэру. З таго часу я жыву ў Менску.
Потым у мяне быў досвед працы ў «Некст Стоп – Нью Лайф», у офісе за дэмакратычную Беларусь, у чэшскай няўрадавай арганізацыі «Чалавек у нядолі», а ў 2013 годзе я прыйшоў у «РАДУ». Атрымліваецца, што ўсё сваё жыццё я працаваў у грамадскім сектары. Акрамя стажыровак у Міністэрстве юстыцыі, у мяне няма вопыту работы ні ў дзяржаўных органах, ні ў камерцыйных арганізацыях.
«Калі спытаць выпадковага мінака, якія моладзевыя арганізацыі ён ведае, то ён назаве толькі БРСМ»
Чым займаецца «РАДА»?
– «РАДА» – гэта саюз розных моладзевых арганізацый: у нас ёсць і ЛГБТ, і рэлігійныя, і палітычныя, і студэнцкія супольнасці. Мы не працуем наўпрост з маладымі людзьмі, мы працуем з арганізацыямі. «РАДА» – гэта Нацыянальны моладзевы савет Беларусі, які быў створаны ў 1992-м, зарэгістраваны ў 1997-м і ліквідаваны рашэннем суда ў 2006-м. Сёння мы ў краіне не зарэгістраваныя.
Справа ў тым, што ў 2000-х была хваля рэпрэсій у адносінах да недзяржаўных арганізацый, пад якую «РАДА» таксама трапіла. І пасля ліквідацыі мы страцілі магчымасць узаемадзейнічаць з уладамі. Пасля гэтых падзей мы скіравалі нашыя намаганні на дапамогу ацалелым арганізацыям. Нашая галоўная ідэя – прасоўванне інтарэсаў маладых людзей. Калі адна арганізацыя спрабуе дагрукацца да ўладаў са сваімі праблемамі і прапановамі, то гэта рэдка мае эфект. Калі ж некалькі арганізацый аб’ядноўваюцца, то ў іх з’яўляецца значна больш шанцаў нешта змяніць.
Зразумела, мы займаемся распаўсюджваннем звестак пра існуючыя моладзевыя арганізацыі незалежна ад таго, зарэгістраваныя яны ці не. Гэта важна, бо ў нашай краіне не хапае незалежных крыніц інфармацыі. Калі спытаць выпадковага мінака, якія моладзевыя арганізацыі ён ведае, то ён назаве толькі БРСМ. А ёсць і іншыя арганізацыі – іх мала, але яны ёсць. Мы лічым патрэбным даваць веды пра тое, што ў моладзі ёсць выбар.
У нас ёсць праграма падтрымкі моладзевых арганізацый. Мы прадстаўляем пляцоўкі для правядзення мерапрыемстваў і арганізоўваем паездкі за мяжу. Таксама мы працягваем прасоўваць голас беларускай моладзі на міжнародны ўзровень. Мы з’яўляемся часткай вялікай платформы, якая аб’ядноўвае ўсе нацыянальныя рады Еўропы, улучна з краінамі былога Савецкага Саюза. Хоць «РАДА» і не мае афіцыйнага статусу, Еўрапейскі моладзевы форум прыняў рэзалюцыю, згодна з якой менавіта мы з’яўляемся голасам беларускай моладзі ў Еўропе. Гэта выклікае абурэнне ў БРСМ, якія актыўна спрабуюць заняць нашае месца.
У 2015-м мы выдалі кнігу пра гісторыю «РАДЫ», у якой было шмат усяго: і надзей, і любові, і веры, і здрады, і прыгод. Я вельмі ўдзячны Яніне Зінчанка за тое, што яна вельмі кранальным чынам перадала ўсе падзеі.
«Апытанні паказваюць, што моладзі не цікавыя палітыка, правы чалавека, НДА. Прапаганда на дзяржаўных каналах добра спрацавала, і зараз усе гэтыя пытанні здаюцца небяспечнымі і незразумелымі»
Праграмы «РАДЫ»
- «Акадэмiя моладзевай палiтыкi». Гэты адукацыйны праект упершыню быў рэалізаваны у 2014 годзе. Агулам адбылося тры семінары: «Еўрапейская моладзевая палітыка: прынцыпы, каштоўнасці, практыка», «Маніторынгавыя дзеянні на карысць інтарэсаў беларускай моладзі» і «Моладзевая палітыка ў Беларусі і Літве».
- «Акадэмiя Першых». Мэта праекта – падрыхтоўка моладзевых актывістаў для больш эфэктыўнай пабудовы інстытутаў грамадзянскай супольнасці і кіравання іх дзейнасцю. Адукацыйны курс рэалізоўваўся 8 год. Праз яго прайшлі сотні актывістаў, якія даведаліся пра этапы планавання і рэалізацыі праектаў, навучыліся фармуляваць мэты і фармаваць каманду, пазнаёміліся з моладзевай палітыкай Беларусі і Эўропы, даведаліся больш пра дэмакратычныя прынцыпы і правы чалавека.
- «Моладзевае кафе». У 2014 г. Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” распачаў шэраг сустрэч, дыскусій, прэзентацый, міні-лекцый для маладых беларусаў і беларусак на такія тэмы, як моладзевая палітыка ў Беларусі і Еўропе, грамадзянская супольнасць і дэмакрытыя, навыкі і ўменні для грамадскіх актывістаў, правы чалавека, моладзі і інтэрнэт.
«Адзіная зброя, якая ёсць у кожнага ў руках, – гэта салідарнасць і ўзаемная падтрымка»
Праблемы і прагнозы
– Усе беларускія законы, што тычацца моладзі, прымаюцца людзьмі, якія да моладзі не маюць ніякага дачынення. За апошні час у нашым парламенце не было ніводнага чалавека маладзей за 31 год, а большасці ўвогуле за 50, і яны вырашаюць, якія пытанні хвалююць моладзь.
На жаль, ёсць даволі песімістычны погляд на існуючую сітуацыю. Мы бачым, што большасці людзей не хочацца нічога мяняць. Яны не хочуць нават спрабаваць змагацца за свае правы.
Беларусь – гэта такая wonderland, у якой ніколі не ведаеш, калі здарыцца наступны цуд. Ёсць верагоднасць, што з кім-небудзь з нас можа адбыцца нешта дрэннае. Таму адзіная зброя, якая ёсць у кожнага ў руках, – гэта салідарнасць і ўзаемная падтрымка. Калі мы пра гэта забудзем, то ў нас няма шанцаў. Ні на што.
Фота – Таня Капітонава