10 новых прафесій, сэнс якіх ты не растлумачыш сваякам
- 18.10.2018
- 8637
Калі твае сваякі рэгулярна пытаюцца, ці збіраешься ты шукаць «нармальную працу», а бабуля лічыць, што ты «працуеш у кампутары», віншуем: відаць, ты працаўнік крэатыўных індустрый, якія за апошнія гады прынеслі шмат лічбавых прафесій. Назбіралі для цябе дзясятак тлумачэнняў для сваякоў і знайшлі падгон для твайго календара: 8–9 лістапада ў Вільні пройдзе міжнародная канферэнцыя What's Next?*, на якой лідары крэатыўных індустрый падзеляцца бачаннем будучыні і тым, куды нас выкаціць гэтая лічбавая хваля.
Дыджытал-капірайтар
Як гэта выглядае збоку: У садку Машанька давала рэчам новыя імёны, у школе пісала сачыненні на «дзясяткі», цяпер яна гатовая здзекавацца з любой фразы, якую сустрэне на білбордзе. Калі Маша кажа пра сваю праццу, падаецца, што яна забылася на родную мову і яе атачаюць загадкавыя лэндзінгі, брэнды, кіпіаі, дырэкты ды прэс-кіты.
Як патлумачыць бабулi: «Гэта я раблю так, што ты ведаеш напэўна: вось гэтыя курсы асваення камп'ютара – лепшыя ў спалучэнні "кошт – якасць", менавіта ў гэтым банку вельмі клапоцяцца пра пенсіянераў, а гэтая дастаўка ежы прывозіць усё з полымя з жару. Гэта я з калегамі так віртуозна ператвараю ідэі ў тэксты, што пасля іх чытання востра хочацца нешта купіць або кудысьці пайсці. Проста мае ідэі не расклейваюць па ліфтах: яны знаходзяць цябе ў інтэрнэце».
Распрацоўшчык інтэрнэту рэчаў
Як гэта выглядае збоку: Здаецца, Грыша – інжынер. Праўда, ад гэтага звання ён адмахваецца, а на працу ходзіць без тубуса. Калі ж пагутарыць з яго начальнікам, той скажа, што Грыша – светлая галава і «пра яго абавязкова будуць распавядаць у навінах; праўда, гадоў праз -ццать».
Як патлумачыць бабулi: «Ты ж напэўна марыш пра жытло, дзе лямпачкі самі ўключаюцца па вечарах, кававарка варыць эспрэса строга ў восем раніцы, а хларафітумы і пеларгоніі паліваюцца аўтаматычна. Гэта я працую над тым, каб ты менш націскаў на кнопкі і менш думаў: ці не забыўся прыняць лекі, патэлефанаваць шэфу, замовіць кветкі на свята. Для гэтага я спалучаю розныя рэчы, механізмы і тэхналогіі ў адзіную сістэму – і ўсё працуе быццам белая магія».
Прадзюсар здымак у Instagram
Як гэта выглядае збоку: Ядзя ад свайго айфона літаральна не адліпае. Ні адзін кубачак кавы, ні адна котка і ні адна прыгожая кветачка, якія сустрэнуцца на яе шляху, не застануцца без фотачкі. Ядзя ўстанавіла Instagram усім сваякам, каб яны маглі ставіць лайкі яе фотаздымкам. Таксама ў яе ёсць «карпаратыўны акаўнт», таму некаторым сваякам тлумачыць сэнс яе дзейнасці ўжо не прыходзіцца.
Як патлумачыць бабулi: «Тут у нашым доме адкрылася кандытарская, і яе кіраўніцтву вельмі хочацца, каб пірожанкі распрадаваліся хутчэй, чым яны выпякаюцца. Калі кіраўніцтва гэтай кандытарскай аднекуль ведае пра існаванне такога спецыяліста, як я, яно мяне наймае, і я ладжу фотасэсію. Ну а далей прыгожыя фільтры робяць сваю справу: ад фотачак здараецца багаты слінацёк, усім салодка ды хораша. Дарэчы, калі ты ўжо падпішашся на маю інсту?..»
Бізнэс-аналітык
Як гэта выглядае збоку: Наста апранае пінжакі з новых калекцый і што ні дзень носіцца на нейкія «мітынгі», але ў навінах пра гэтыя «мітынгі» нічога не чуваць.
Як патлумачыць бабулi: «Я дапамагаю кампаніі квітнець. Дапусцім, у якога-небудзь банка здарыўся застой: людзі не спяшаюцца трыбушыць свае матрацы і несці сюды свае еўры ці афармляць, здавалася б, супервыгадныя карты з кэшбэкамі. Нехта скажа, што тут сурокі і трэба тэрмінова праплаціць Skype-кансультацыю ў бабкі-шаптухі з-пад Смаргоні. На гэта я скажу, што банк надрукаваў страшэнную рэкламу ды наогул прапануе прадукт, які маральна састарэў яшчэ тады, калі вы ў шапіку расплачваліся купюрамі з вавёркамі і ласямі».
Экамаркетолаг
Як гэта выглядае збоку: Косцік заўсёды гатовы прачытаць лекцыю пра сартаванне смецця, а пасля яго візітаў у лядоўні абавязкова аказваецца нешта звышкарыснае, быццам тут сабраліся пражыць сто гадоў. Ёсць падазрэнне, што Косцік працуе ў Грынпісе, але ліха яго ведае.
Як патлумачыць бабулi: «Мая кампанія прадае экалагічную касметыку, а каб справы ішлі добра, я гляджу, пачым там “зялёны” шампунь у канкурэнтаў ды як тыя яго прадаюць, а потым раблю наш на капейку танней. Ці загадваю выкладваць бутэлькі прыгожымі пірамідкамі. Ці ўвогуле накіроўваю раздатчыкаў у папулярны фітнэс-клуб, каб яны раздалі пробнікі потным людзям (так, я вельмі вынаходлівы). Таксама я магу дапамагчы кампаніі, якая не звязаная з экалагічнасцю наўпрост, стаць больш “зялёнай”. У такой канторы, напрыклад, адмовяцца ад аднаразовага посуду і пяройдуць на больш экалагічныя метады вытворчасці. Гэта патрэбна для іміджу: каб людзі лічылі кампанію свядомай і прыстойнай. Адным махам і планета менш закурадымліваецца».
Дата-саенціст
Як гэта выглядае збоку: Праца Тараса завецца так, быццам ён уступіў у нейкую секту, але насамрэч ён – вучоны.
Як патлумачыць бабулi: «Не пужайся, але я – змей гарыныч. У мяне аж тры галавы. Адна праграмы піша, другая марыць пра нобелеўку па матэматыцы, а трэццяя шарыць у тым, чым займаецца канкрэтная фірма. Глядзі: я магу запуліць такую штуковіну, якая апрацуе інфармацыю, што не памесціцца нават у тры чалавечыя галавы, і ў выніку гэтая штуковіна выдасць нейкуню новую карысную інфармацыю. Вось, напрыклад, калі сацсетка прапануе табе знаёмага, а ты такі – “Адкуль яны ведаюць, што мы на адным гаршку сядзелі?”, то гэтую штуковіну запіліў адзін мой калега. Звалі яго Джонатан Голдман. Але я ўсё роўна круцейшы, вось пабачыш...»
Тэсціроўшчык праграмнага забеспячэння
Як гэта выглядае збоку: Алёнка – айцішніца. Кажа, што не праграмістка, але хто ж тады?
Як патлумачыць бабулi: «Уяві, што табе ўперлі тэтрыс і спыталі, ці бездакорная гэтая цацка, а ты такі(-ая): “Хм, а што, калі я націсну на тры кнопкі адразу?..” Вось я прыкладна тое ж раблю з праграмамі, а праграмісты потым крыўдуюць, што я ім работы падкінула».
Дызайнер віртуальных сусветаў
Як гэта выглядае збоку:
Раней за тое, каб пачаць гаварыць, Валера пачаў рубіцца ў гульні. Калі яго аднакашнікі ўжо частавалі дзяўчат цукровай ватай ды вучылі тых катацца на гіраскутарах, Валера не выходзіў з дому і катаў эльфіек на аднарогах. Тут, канешне, варта было б падняць трывогу, але ў рэшце рэшт з хлопцам усё добра. Кажа, што прыдумляе іншыя сусветы: іх ландшафты, насельнікаў, логіку развіцця, сацыяльныя мадэлі, гукі і пахі. І няблага зарабляе, дарэчы.
Як патлумачыць бабулi:
«Бог».
UI/UX-дызайнер
Як гэта выглядае збоку: Паліна малюе. Але не мішак у сасновым бару, а больш абстрактныя штучкі.
Як патлумачыць бабулi: «Я прыдумваю, як выглядае тое, што ты бачыш з розных манітораў, і па якіх законах яно працуе. Як правесці пальцам, каб палістаць фотачкі з юбілея цёткі Агаты? Куды клацнуць мышкай, каб знесці цмоку башку? Куды тыцнуць, каб Аліса дапамагла адшукаць бэушны шрубаверт?»
Спецыяліст па краўдфандынгу
Як гэта выглядае збоку: У пясочніцы Мікіта збіраў вакол сябе цэлы натоўп і заўсёды быў кантактным хлопчыкам. Усе сваякі думалі, што ён стане як мінімум міністрам, але цяпер ён займаецца талакой: шукае грошы, і – што цікава – не для сябе, а для іншых.
Як патлумачыць бабулi: «Хочаш ты, напрыклад, выдаць кніжку пра вялікіх мастакоў, а кошты на друк кусаюцца з шалёнасцю восеньскай мухі. Дык падумай пра тое, каму кніжка патрэбная, а я здолею вас аднаго з другім пазнаёміць. Людзі накідаюць табе хто рубель, хто пяць, а хто і прадзамову зробіць. Раніцай – грошы, увечары – крэслы... ой, кніжкі!».
Калі ты пазнаў(-ла) сябе або думаеш, як перакваліфікавацца ў запатрабаванага спецыяліста, табе дакладна варта пабываць на What's Next. Атрымаеш новыя веды, набярэшся інсайтаў і сустрэнеш аднадумцаў. Шукай квіткі і праграму тут.
Фота: unsplash.com
ООО «Ирвинга группа»
УНП 191751509