YouTube без каткоў: Vox, Wired і Лёня Пашкоўскі
- 04.03.2018
- 6889
YouTube – гэта не толькі відэа з каткамі і музычныя кліпы, але і класныя пазнавальныя штукі, якія не так ужо і проста адкапаць там. Каб вылечыць тваё пачуццё віны ад завісання ў тэлевізары 2.0 і зрабіць guilty pleasure яшчэ і карысным, знайшлі падборку разумных і займальных каналаў на YouTube. Глядзі на выходных, фарсі новай інфармацыяй ва ўніверы, офісе, за гаражамі ці там, дзе ты тусуешся.
Відэарэпартажы і дакументалкі з самых складаных і супярэчлівых межаў паміж краінамі і іх уплыў на жыццё людзей па абодва бакі гэтых умоўных, але крытычна важных ліній на мапе. З гэтых серый ты даведаешся, як межы залазяць у высакагор'і Непала, дзе іх не было на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва; як лінія на мапе падзяляе востраў на надзвычай жабрацкае Гаіці і параўнальна паспяховую Дамініканскую Рэспубліку; колькі грошай ЗША штогод спускаюць на мяжу з Мексікай і чаму галоўная бітва за рэсурсы сучаснасці адбываецца ў Арктыцы. А яшчэ тут можаш пачытаць пра тое, як Vox стварыў гэты маштабны праект.
Пункт для аматараў музыкі. Калі ты чытаў(-ла) кнігу Джона Сібрука «Машына песень. Унутры фабрыкі хітоў», то зразумееш, што менавіта так павінна выглядаць яе экранізацыя. За 7-10 хвілін серыі табе растлумачаць, якая магія рытму закладзена ў радыёхэдаўскую Videotape, чаму нам так падабаюцца паўтарэнні ў песнях, а згасанне трэка – гэта не бяздарная канцоўка, а тонкае мастацтва.
У гэтай рускамоўнай дакументалцы выходзіць аж другі сезон, у якім Лёня ўсё так жа на злом галавы ўкідае сябе ў падарожжа па краінах, у якія ты сам(-а) ніколі не паедзеш. У новым сезоне Лёня распавядае пра Паўднёвую Амерыку: ужо выйшлі дзве серыі пра Гаіці, далей – больш. Калі ты ўпершыню чуеш пра гэтага хлопца, не палянуйся пачытаць першае і другое інтэрв'ю і паглядзець першы сезон, які дазволіць развеяць некаторыя стэрэатыпы аб Блізкім Усходзе.
Moving Upstream – серыял ад Wall Street Journal, які адным вокам зазірае ў будучыню. Якія ідэі, тэхналогіі і трэнды сфармуюць нашу будучыню і як гэта будзе выглядаць? Журналісты Wall Street Journal адпраўляюцца ў месцы, дзе будучыня ўжо наступіла, і распавядаюць нам пра тое, як у Кітаі ўсе даўно разлічваюцца з дапамогай тэлефона і ўжо думаць забыліся пра карткі і гатоўку, як адбываецца рэвалюцыя робатаў і свеціць усім універсальны базавы даход.
Калі ты верыш у бясформенную істоту, якая дзесьці ў нетрах IKEA прыдумляе назвы мэблі, то гэты міні-серыял для цябе. У ім распавядаюць пра культурныя фічы розных краін, пра якія мы нават не здагадваемся. Напрыклад, пра тое, што ёсць розныя віды палачак, якімі ядуць у Азіі, або навошта архітэктар у Ганконгу стварыў жыллё ў былой вадасцёкавай трубе. Колькі каштуе самая дарагая рыбіна? Што такое Balikbayan Box для філіпінцаў? І па якім прынцыпе ўсё-ткі даюць імёны прадметам з IKEA? Калі ў цябе яшчэ жыве няўрымслівая чамучка, табе спадабаецца.
Флайт-гікі, гэты серыял для вас. Тут не пераказваюць чарговыя правілы паводзін на борце або аэрадынаміку палёту. Замест гэтага пакажуць самы загружаны аэрапорт планеты, раскажуць, як Delta дае рады са сваімі 5000 самалётаў, як цябе ратуюць ад турбулентнасці, як памяншаюць шанцы страціць твой багаж і сімулююць катастрофы на абсталяванні коштам 18 мільёнаў даляраў.
Відэажуйка і відэаінспірэйшн у адным флаконе. Тут не распавядаюць разумных фактаў, але паказваюць табе звычайных людзей, якія робяць неверагодныя рэчы. З гэтых ролікаў ты даведаешся пра бландзінку-хіміка, якая любіць падрываць і падпальваць усё, уключаючы твае стэрэатыпы пра жанчын, амерыканку, якая прабегла ўжо з дзясятак марафонаў і ультрамарафонаў, не скідаючы лішняй вагі, пра японскі горад, які не вырабляе адкідаў, пра дзядзьку-хуткамоўца, хутчэй за якога не кажа нават твой пляменнік-балбатун, і самыя рэдкія пігменты на планеце. Увогуле вакол поўна цікавага – адкрывай і глядзі.
Яшчэ адна культуралагічная знаходка – відэа Арзамаса. Тут табе і модная фрызура Анегіна, і падкасты аб мове, мацюках і запазычаннях у ёй. Асобна выпішам серыял «9 моваў сучаснага танца» з вельмі важнымі героямі гэтага мастацтва: Марта Грэм, Охад Наарін, Піна Баўш. Павінна стаць больш зразумела, навошта яны апельсіны па сцэне катаюць на спектаклях. Серыял аб музеях і выставах патлумачыць за сучаснае мастацтва. Велізарная бібліятэка відэа раскажа пра гісторыю Расіі, а крэш-курс за 20 хвілін растлумачыць Старажытную Грэцыю і Рым.
National Geographic здымаў той самы бэкстэйдж з запускам новай Falcon Heavy і Ілана Маска, які бяжыць на вуліцу, каб паглядзець, і гаворыць: «Holy flying shit! That thing took off!» Калі проста адкрыеш укладку відэа, то рызыкуеш закапацца ў роліках аб выратаванні ў акіяне пры дапамозе дронаў, радэа і маскуліннасці і аб тым, як правільна свістаць пастуховаму сабаку. Калі гэтага недастаткова, то паглядзі Trailblazer – міні-серыял пра людзей, якія пашыраюць межы магчымага. Тут убачыш відэа пра жанчыну, якая страціла нагу, але ўсё яшчэ цягае больш жалеза, чым любы трэнер з тваёй пампавалкі, або лыжніцу, якая з'язджае з самых небяспечных схілаў і вучыць іншых бяспечна катацца.