Яўген Ціханаў

  • 11.01.2016
  • 2379

Мы пагутарылі з дырэктарам самай вядомай незалежнай кнігарні Беларусі, Яўгенам Ціханавым, пра місію крамы «ЛогвінаЎ», пра любоў да літаратуры незалежна ад мовы і брутальныя ўмовы выжывання бізнэсу такога кшталту ў краіне.

 

 Чым займаюцца:   Прасоўванне і распаўсюд якаснай беларускай літаратуры. 

 Дата заснавання:  2010 год.

 Факты:  За гады існавання кнігарня «ЛогвінаЎ» стала самай вядомай кніжнай крамай Беларусі. Зладзіла больш за некалькі сотняў імпрэз, сустрэч і культурніцкіх падзей. З’яўляецца Меккай літаратурнага жыцця Менска, якая аднойчы трапіла ў няміласць дзяржавы і сумела выйсці сухой з вады. 

 Структура:  8 чалавек.

Сайт   |  VK   |  FB  |  Instagram


 З кім гутарым:  Яўген Ціханаў, 25 гадоў. Дырэктар кнігарні «ЛогвінаЎ». За плячыма зацяжныя вандроўкі па свеце і шэраг няскончаных адукацый. Адна з любімых кніг – «На шляху ў Бабадаг» Анджэя Стасюка. 

Арыгінальная дата публікацыі – 11.01.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

«Кнігарня – гэта, па-першае, людзі, якія любяць якасныя кнігі, незалежна ад таго, на якой мове яны напісаныя»

Гісторыя Яўгена

– У свой час я вучыўся ў радыётэхнічным каледжы, пасля ў кулінарным тэхнікуме, але адусюль пасыходзіў. І там, і там была нудота, не хацелася марнаваць час. Наогул, было жаданне проста з’ехаць ад усяго гэтага. І нарэшце, я пачаў вандраваць. Паўтара года бадзяўся па свеце, спрабаваў высветліць, што са мной не так. 

Каўказ, Грузія, Арменія, Нагорны Карабах, Манголія, Іран, Кітай – гэта было бязмэтавае падарожжа. Я проста ехаў і стараўся зразумець, што мне падабаецца больш за ўсё.  Шукаў сябе, але нічога не знайшоў. Ведаеце, не змог адказаць на пытанне «Чым ты хочаш займацца?». Хаця б змог даведацца, чым не хачу, гэта таксама крута.

У кнігарню трапіў выпадкова. Памятаю, калі я вярнуўся ў Беларусь, хтосьці мне скінуў абвестку аб тым, што кнігарня шукае прадаўцоў. Я адправіў прапанову і мяне раптам прынялі. У пачатку такая праца разглядалася не болей чым падпрацоўка на некаторы час, але неяк усё закруцілася – і дагэтуль тут.

Насамрэч гэта з’ява не адзінкавая. У нас шмат людзей прыходзілі працаваць прадаўцамі, а пасля сыходзілі на пасады карэктара ці рэдактара (у залежнасці ад схільнасцяў) ці яшчэ каго. Што да мяне, то прадаўцом быць крута, можна бачыць увесь літаратурны свет: аўтары, паэты, пісьменнікі; да таго ж галоўны занятак – чытаць кнігі і ведаць іх. 

 

 

«Наша мэта – друкаваць і прадаваць тыя кніжкі, якія мы лічым вартымі, і не друкаваць і не прадаваць тыя кніжкі, якія мы вартымі не лічым»

Чым займаецца кнігарня «ЛогвінаЎ»

– Кнігарня – гэта не толькі тое, што бачна з ганку. Так, камусьці падаецца, што кнігарня «Логвінаў» – вельмі паспяховы бізнэс-праект, а мы тут усе беларускія нацыяналісты, ці яшчэ штосьці такое. Але гэта не так.

Кнігарня – гэта, па-першае, людзі, якія любяць якасныя кнігі, незалежна ад таго, на якой мове яны напісаныя. Напрыклад, мы любім таленавітых беларускіх літаратараў, якія хай сабе і пішуць па-руску. Зразумейце, наша мэта – друкаваць і прадаваць тыя кніжкі, якія мы лічым вартымі. І не друкаваць і не прадаваць тыя кніжкі, якія мы вартымі не лічым. Гэта асноўная ідэя. Але, на жаль, у жыцці атрымоўваецца па-рознаму.

У выдавецтве «Логвінаў» ёсць цэлы шэраг аўтараў, якіх яно надрукуе заўсёды: Адам Глобус, Артур Клінаў, Ігар Бабкоў ды яшчэ шмат іншых. Іх вельмі многа. Усе яны – гэта людзі, якіх мы шануем, і вельмі рады, што тыя выбралі менавіта наша выдавецтва. Таксама мы падтрымліваем і маладых, займаемся перакладамі замежнай літаратуры, але з выданнямі апошняй існуюць свае цяжкасці.

Сітуацыя беларускамоўнага кніжнага рынку сёння такая: сярэдні наклад кнігі – 500 альбо 1000 асобнікаў,  а ў замежжы – гэта сотні тысяч для паспяховых кніг. Тут і паўстаюць праблемы. Уладальнікам правоў проста не цікава перакладацца на малазнаёмую мову, да таго ж у такіх невялічкіх памерах. Не забывайцеся, што ёсць яшчэ вялікая колькасць перакладаў на рускую, яна нібы задавальняе патрэбы беларускага чытача. Такім чынам, выдаць замежны бестсэлер на практыцы амаль немагчыма. Дый гнацца за гэтым бессэнсоўна.

Быў выбраны іншы шлях. «Логвінаў» друкуе пераклады кніг краін, літаратурны свет якіх, з аднаго боку, менш знаёмы, але, у пэўным сэнсе, больш блізкі да нас. Напрыклад, Чэхія, якая ў свой час таксама выйшла з сацыялістычнага блоку. Альбо Польшча, краіна-суседка, якую мы амаль не ведаем. Мы шукаем добрых, мабыць, малавядомых, але зразумелых для беларусаў аўтараў.

 

 

«Часам да нас прыходзяць беларускія нацыяналісты і пагражаюць спаліць усю кнігарню за тое, што літаратура на рускай у нас наогул ёсць»

Кніжны рынак і дзяржава

– У нашай краіне адсутнічае разуменне таго, што кнігавыданне і кнігараспаўсюд – гэта з’ява культурная і адукацыйная. Ніякіх ільготаў альбо змяншэнне падаткаў няма. У той ж Расіі, напрыклад, падатак на кнігавыданне ўдвая меншы, чым на астатнюю камерцыйную дзейнасць.

Надрукаваць кнігу сёння досыць складана. Міністэрства інфармацыі распрацавала праграму падтрымкі «сацыяльна значных» выданняў, але паўстае вялікае пытанне наконт таго, якім чынам размяркоўваюцца ў ёй грошы. Наколькі я ведаю, ніводнае незалежнае выдавецтва яшчэ і не атрымлівала гэтыя сродкі.

Ёсць і сацыяльныя асаблівасці. Бачна, што, калі ў Украіне колькасць людзей, якія чытаюць па-ўкраінску, роўная тым, хто чытае па-руску, то ў нас усё інакш. Літаратурай па-беларуску, на жаль, цікавяцца не так шмат людзей. Аўтаматычна той аўтар, які піша на мове, застацца вядомым толькі ў даволі вузкім коле.

Ёсць і праблемы. Цягам 2015 года Міністэрства інфармацыі з розных прычынаў адмаўляла нам у рэгістрацыі ў якасці кнігараспаўсюднікаў, пасля чаго адбылася праверка, на падставе якой суд прызнаў нашу дзейнасць незаконнай і абавязаў выплаціць дзяржаве ўвесь грашовы абарот за год, больш за BR 950 млн (каля € 40 тысяч – заўв. 34mag). Кнігарня была на мяжы закрыцця, але велізарная колькасць людзей адгукнулася і дапамагла сабраць гэтую суму. Мы былі здзіўленыя гэтым і вельмі-вельмі ім удзячныя. Аказалася, што людзей, якія любяць і паважаюць нас, значна больш, чым мы думалі. Значыць, мы робім вартую справу.

Але, калі гэты канфлікт быў з дзяржавай, то, на жаль, адбываюцца канфлікты і ў межах «нашай» прасторы. Я ўжо казаў, што мы любім літаратуру без прывязкі да мовы ці аўтара. Галоўнае – якасць. Але бывае, што да нас прыходзяць беларускія нацыяналісты і скідваюць тыя кнігі, якія ім не падабаюцца, альбо пагражаюць спаліць усю кнігарню за тое, што такая літаратура у нас наогул ёсць.

 

 

«Я не стаў бы заносіць нас у спісы “змагароў” любога кшталту»

Не толькі кніжкі

– Кнігарня «ЛогвінаЎ» – гэта не столькі месца продажу кніг, колькі месца дыскусій. Гэта месца, дзе кожны чалавек можа, нават не набываючы кнігу, дазнацца пра сучасную літаратуру.

У нас пастаянна адбываюцца розныя імпрэзы і сустрэчы. Таксама мы ладзім больш шырокія праекты, звычайна разам з Польскім інстытутам альбо з Інстытутам імя Гётэ ці амбасадамі розных краін: «Месяц польскай літаратуры», «Месяц шведскай літаратуры» і г. д. Тады праходзіць не адно мерапрыемства, а целы шэраг. Запрашаюцца аўтары, перакладчыкі, пісьменнікі.

Таксама маем свой сайт, на якім размяшчаюцца бясплатныя для спампоўкі электронныя кнігі, размяшчаецца крытыка і блок інфармацыі пра падзеі ў літаратурным свеце. Мы спрабуем прывесці якасную літаратуру да чытача.

Наша дзейнасць не распаўсюджваецца на рэгіёны. На жаль, на гэта няма рэсурсаў – ні чалавечых, ні фінансавых. Максімум, што мы можам сабе дазволіць, – падтрымка розных ініцыятыў на выязных прэзентацыях. Але вельмі хацелася б, каб людзі на месцах самі арганізоўваліся і адчынялі свае кнігарні, а мы гатовыя дапамагчы.

Мы, безумоўна, ствараем сучасны літаратурны свет, фармуем будучыню чытацкіх густаў тым, што выдаем і распаўсюджваем пэўныя кнігі. Мы спрыяем дыскусіі вакол беларускай літаратуры. Але я не стаў бы заносіць нас у спісы «змагароў» любога кшталту. Мы проста займаемся тым, што любім, і стараемся рабіць гэта максімальна якасна.

Дзейнасць кнігарні – гэта і ёсць сацыяльная актыўнасць. Усё, што робіцца тут, з’яўляецца вялікім культурна-адукацыйным праектам. Не думаю, што варта вылучаць нешта асобнае. Мы не гонімся за матэрыяльнай паспяховасцю, мы проста спрабуем працаваць добра.

 

Аўтар Сяргей Шаматульскі

Фота by Kate Ignashevich