5 паспяховых студэнцкіх кампаній у Беларусі

Калі ты думаеш, што ўнівер – гэта бюракратычная багна, безвыходнасць, тлен, вечная адсутнасць туалетнай паперы і капуснікі ад прафсаюза, то мы не будзем цябе пераконваць. Паказваем іншы бок медалю – чароўны пендзель ад студэнцкіх актывістаў і актывістак, якія стаміліся ўсё гэта цярпець, седзячы на дупе, і пачалі дзейнічаць. Яшчэ і даказалі сабе: нічога немагчымага няма!

 

 

 

Змяніць сталоўку ў медуніверсітэце

 

Зміцер Жамчужнікаў 

Калі: красавік-травень 2014 года

– Я хацеў палепшыць сталовую ва ўніверы. Усім жа хочацца есці ў чалавечых умовах. А я заўжды знаходзіў у тамашняй ежы валоссе, іржу ці налёт. Там бегалі прусакі, а ежа заўсёды была перасмажаная ці сухая.

У сталоўцы было брудна, дрэнна пахла. Відэльцы і лыжкі былі ўсе пераламаныя. Аднымі і тымі ж анучамі праціралі і фатэлі, і сталы, і падлогу. Праз кухню быў уваход у сталоўку для наведвальнікаў, якія не заходзілі праз універсітэт.

Калі я вырашыў, што хопіць гэта трываць, то зрабіў анкетаванне і апытаў 200 чалавек наконт сталоўкі. Паралельна я рабіў фотадоказы агрэхаў у сталоўцы.

Далей пайшоў у прафсаюз БДМУ. Ягоны старшыня лабіяваў мае цікаўнасці разам з адміністрацыяй. Ён таксама быў зацікаўлены ў паляпшэнні. І менавіта дзякуючы ягонаму ўмяшальніцтву адкрылася іншая сталовая са значна лепшымі ўмовамі.

«Я заўжды знаходзіў у тамашняй ежы валоссе, іржу ці налёт»

Частка студэнтаў мяне падтрымлівала: запаўняла анкеты, распаўсюджвала інфармацыю. А частка студэнтаў, наадварот, казала: «У цябе нічога не атрымаецца. Тое, што ты кажаш, – гэта віламі па вадзе». Так я страціў некалькі сяброў і памяняў групу.

З боку адміністрацыі не было аніякіх выпадкаў ціску. Хутчэй за ўсё, з-за таго, што я рабіў гэта сумесна з прафсаюзам і ніхто асабліва не ведаў, што менавіта я гэтым займаюся. Аднак менавіта той старшыня прафсаюза больш там не працуе. Можа, ён звольніўся сам, а можа, яго звольнілі з-за гэтай гісторыі, – ужо невядома.

 

 

 

 

 

Усталяваць скрыню ананімных скаргаў і прапаноў на гістфаку

 

Даша Драздоўская

Калі: верасень 2014 – травень 2015

– Каб выказваць свае прапановы ці даваць адваротную сувязь на гістфаку, абавязкова трэба было станавіцца сябрам нейкай арганізацыі.

Таму я і вырашыла даць людзям такую магчымасць. Падчас штомесячнай сустрэчы з адміністрацыяй я прэзентавала ідэю. Адміністрацыя падтрымала думку, і я сама распрацавала дызайн скрыні.

У скрыню пісалі пра свае стасункі з адміністрацыяй і выкладчыкамі, прапаноўвалі зладзіць факультэцкі баль накшталт таго, што праводзіцца для ўсяго БДУ. Скрыню выкарыстоўвалі для лакальных прапаноў: напрыклад, паставіць тэрмінал у кафэ або палаяцца на кагосьці.

«У скрыню пісалі пра свае стасункі з адміністрацыяй і выкладчыкамі, прапаноўвалі зладзіць факультэцкі баль»

Дарэчы, распаўсюджанай праблемай была ананімнасць зваротаў. Чалавек пісаў нешта накшталт «жадаю, каб было так» ці «хачу, каб арганізавалі вось гэта», але пры гэтым не пакідаў кантактаў.

Думаю, што гэта спрацавала, бо сама ідэя была не радыкальная. Прынамсі адміністрацыя не ўбачыла ў ёй нейкай шкоды.

Нягледзячы на такі поспех, праз год у мяне не стала часу займацца гэтым праектам і ідэя сышла на «не». Зараз я сябе вінавачу, бо не здолела заматываваць сваю пераемніцу, і праз год скрыня заглухла.

 

 

 

 

 

Скасаваць каменданцкую гадзіну ў інтэрнатах

 

Марыя Скараход

Калі: пачатак 2015 года

– Спачатку мы актыўна шэрылі артыкул на TUT.by, у якім студэнты з інтэрнатаў распавядаюць, чаму каменданцкая гадзіна – гэта так сабе ідэя. Потым мы стварылі апытанне: «За ці супраць каменданцкай гадзіны?». За некалькі дзён у ім прагаласавала больш за 1,5 тысячы чалавек. Натуральна, што большасць была за скасаванне. Тады кампанія перарасла ў рэальнае анлайн-змаганне.

Асноўным інструментам для прасоўвання кампаніі былі сацсеткі і, у прыватнасці, мемы. Мы нават жартавалі, што гадуем «мемныя войскі».

Калі мы выйшлі ў афлайн, то аказалася, што гатовых лайкаць і каментаваць – мора, а вось ахвотных варушыцца і рабіць штосьці сапраўды істотнае – катастрафічна мала. Мы прасілі раздрукаваць налепкі і прычапіць іх да дзвярэй універаў.

«Калі мы выйшлі ў афлайн, то аказалася, што гатовых лайкаць і каментаваць – мора, а вось ахвотных варушыцца і рабіць штосьці сапраўды істотнае – катастрафічна мала»

У нас было некалькі сустрэч з прадстаўнікамі ўнівераў. Напрыклад, нам казалі: «Каменданцкая гадзіна існуе, бо ва ўніверы дзедаўшчына. Інакш студэнты старэйшых курсаў будуць прымушаць студэнтаў малодшых курсаў бегаць па гарэлку».

Мы здолелі дамагчыся сустрэчы з намеснікам міністра адукацыі. Ён адразу заявіў: «Вашы дзве тысячы студэнтаў нічога не вырашаюць, вы не прадстаўнікі студэнцтва». Праўда, нечакана для нас пасля гэтай сустрэчы ва ўніверсітэты прыйшоў ліст з рэкамендацыяй скасаваць каменданцкую гадзіну. Гэта быў поспех.

Аднак, на жаль, не ўсе ўніверсітэты выконвалі загад. Нам не хапала рук, каб адсачыць сітуацыю і паўплываць на яе, асабліва ў рэгіёнах.

 

 

 

 

 

Змяніць старшыню прафсаюза БДУ

 

Слава Панасюк

Калі: травень 2015 года

– Прафсаюзам студэнтаў БДУ кіраваў адзін і той жа чалавек цягам 24 гадоў. Натуральна, што да студэнцтва гэты чалавек ужо слаба належаў.

Наогул прафсаюз мусіць абараняць інтарэсы і правы студэнтаў. Але прафсаюз БДУ нічым, акрамя сацыяльных і культурна-масавых штук, ніколі не займаўся. Таму мы вырашылі, што трэба муціць маленькую рэвалюцыю.   

Выбары ў прафсаюз адбываюцца раз на пяць гадоў. Выбіраюць 150 чалавек: па 5-10 чалавек ад кожнага факультэта БДУ. Я са сваімі сябрамі і калегамі падгаварылі калег галасаваць супраць вылучэння старога старшыні і галасаваць за новага.

«Мы вырашылі, што трэба муціць маленькую рэвалюцыю»

Напачатку ўсё было добра і змена ўлады пайшла на карысць. Мы здолелі павялічыць матэрыяльную дапамогу студэнтам у 5-10 разоў, зладзілі BSU Fest. Мы лічылі, што важна гаварыць са студэнтамі на зразумелай ім мове, мець нармальны візуал і адказваць на іх праблемы і запыты. Мы намагаліся памяняць сам імідж прафсаюза.

Калі ты хочаш ладзіць нейкія кампаніі ва ўніверсітэце, не трэба баяцца, што ўвесь свет стане супраць цябе, што ты атрымаеш па шапцы за свае перакананні. Насамрэч усё крута мяняецца, і мяняецца да лепшага.

 

 

 

 

 

Замуціць кампанію «Студэнты супраць»

 

Жэня Міхасюк

Калі: восень-снежань 2015 года

– Увосень 2015 года пайшлі чуткі, што БДУ ўводзіць платныя пераздачы. Тады мы падумалі, што гэта дзікунства, трэба нешта зрабіць, выказаць незадаволенасць публічна.

Напачатку я і яшчэ шэраг маіх аднадумцаў збіралі подпісы за скасаванне гэтага новаўвядзення. У суполцы VK мы распавядалі пра свой кожны крок, рабілі мемы – карацей, гаварылі са студэнтамі на іх мове. У афлайне мы ляпілі стыкеры і развешвалі шыльды па карпусах БДУ.

Пасля распачаўся флэшмоб «Я частка БДУ». Яго ўдзельнікі сцвярджалі, што любяць свой універсітэт у адрозненне ад нас, бо мы толькі і робім, што імкнемся яго зруйнаваць.

Кульмінацыяй стаў «Марш студэнтаў». У нас не было аніякіх транспарантаў. Аднак стыхійна ўзнік лозунг: «Рэктара на дыван!». Дзецюкі нават прынеслі сапраўдны дыван. Адну дзяўчыну спрабавалі затрымаць, а ў яшчэ двух чалавек перапісалі дадзеныя.   

«Стыхійна ўзнік лозунг: “Рэктара на дыван!”»

Пасля «Марша студэнтаў» шмат сіл кінулі на тое, каб нас зліць. Выходзілі артыкулы накшталт «Хто стаіць за кампаніяй “Студэнты супраць”?». Літаральна казалі, што мы робім кепскія рэчы і не трэба з намі сябраваць. Увялі пропуск на факультэты толькі па студэнцкіх білетах. Стваралася атмасфера страху.

Адміністрацыя так баялася, бо «Студэнты супраць» паказалі, што мы рэальна можам вывесці людзей на вуліцу. Калі б гэта працягвалася, то ў наступны раз магло б выйсці 500 чалавек. А яшчэ ў наступны раз і 1000.

Ва ўніверах змены магчымыя. Але калі ты хочаш іх рабіць, трэба не мець аніякіх кропак, на якія можна націснуць. Трэба хадзіць на ўсе пары, добра вучыцца, жыць не ў інтэрнаце і вучыцца на платным.

 

 

 

 

 

 

 

  5 базавых лайфхакаў ад студэнцкіх актывістаў  

Ніколі не вер дэканату ці адміністрацыі.

Чым больш «медыйны» твой праект, тым прасцей яго будзе рэалізаваць.

Шукай каманду аднадумцаў. Разам мы моц!

Думай глабальна, дзейнічай лакальна.

Не маўчы, калі ты бачыш, што ва ўніверы адбываецца несправядлівасць.

 

 

Фота palasatka, sciencenewsforstudents.org, mytefl.com

 


КАМЕНТАРЫ (1)

bouncing balls
bouncing balls | 19.06.2018 12:12

Таксама пад кожнай тэмай ёсць спіс рэкамендаванай для далейшага чытання літаратуры.

0 0