Сёння ў сеціве з’явілася другая серыя першага беларускага вэб-серыяла «Заклятыя скарбы». Гэты хорар, густанаселены монстрамі, зняты на аснове нашых легендаў і паданняў, а яго героі размаўляюць на роднай мове. Карацей, мы ведаем, што ты будзеш глядзець, апрача Game of Thrones. А ў гэтым матэрыяле распавядзем, як беларусы здолелі трапіць у сусветны трэнд па стварэнні вэб-серыялаў і што гэта кажа пра беларускую кінаіндустрыю.
У тэлефонных размовах рэжысёр серыяла Сяргей Аўсянік шматразова згадвае, што кроў будзе як сапраўдная, а монстры ўжо чакаюць свайго часу. На здымачнай пляцоўцы ў калідорах офіса ў цэнтры Менска мяне сустракае здаровая рагатая пачварына, якая пры больш пільным разгляданні выяўляецца спартоўцам-паўэрліфтарам Змітром Курганам, які цярпліва і мужна чакае свайго выхаду пад шматслойным грымам. Але пра ўсё па парадку.
Вэб-серыял – новы фармат анлайн-кантэнту, які з’явіўся ў ЗША некалькі гадоў таму і толькі цяпер прыйшоў у Еўропу. Ужо 2-3 гады існуюць адмысловыя фестывалі і нават сусветны залік лепшых Web Series World Cup, што працуе па прынцыпе рэнкінгаў Формулы-1 ці яхтавых гонак. Адначасова з гэтым на добрым дзясятку фестываляў, прысвечаных вэб-серыялам, прафесіяналы кінаіндустрыі збянтэжана паціскаюць плячыма, спрабуючы сфармуляваць, што гэта такое і з чым яго спажываць.
Гульнявыя вэб-серыялы часцей за ўсё павінны адпавядаць некалькім прынцыпам: кароткія серыі, прызначаныя для прагляду ў інтэрнэце, для дакладна вызначанай аўдыторыі, з простай фабулай і зразумелымі персанажамі, якія трапляюць у нейкую сітуацыю. Важнае адрозненне ад звычайных серыялаў – таргецінг. Пакуль кантэнт для тэлебачання піліцца, умоўна кажучы, на ўсіх, кожны вэб-серыял мусіць разумець, на каго канкрэтна ён арыентаваны.
Менавіта ўласнай нішавасці вэб-серыялы абавязаныя хваляй свайго ўздыму ў ЗША. Усе, каго медыя не лічылі патрэбным рэпрэзентаваць у сваіх перадачах, – ЛГБТ-кам’юніці, геймеры, камедыянты, фанаты жахаў – знайшлі спосаб распавесці пра сабе праз невялічкія серыі. І панеслася. Цяпер ужо існуюць серыял Ісы Рэй Awkward Black Girl, першы сезон якога назбіраў больш за 13 мільёнаў праглядаў, або High Maintenance (рэж. Ben Sinclair and Katja Blichfeld), які выкупіў HBO.
«Вэб-серыял – гэта лёгкі фармат, тут няма месца, каб тлумачыць і рабіць зноскі»
Ідэя беларускага хорару
«Заклятыя скарбы» сваёй нішай абралі неаранае поле беларускага кінематографа, у прыватнасці – хорару. Серыял цалкам зроблены на беларускім матэрыяле, а ўсе персанажы размаўляюць на мове, якую рэдка пачуеш у хорары.
Працу над сцэнаром рэжысёр Сяргей Аўсянік разам з калегай па белсатаўскай праграме «Прыват» Валярынай Куставай і сябрам дзяцінства (а па сумяшчальніцтве – сцэнарыстам) Змітром Шкрадзюком распачалі два гады таму.
«Я памятаю кніжку “Заклятыя скарбы” з дзяцінства. Ад яе было падвойнае ўражанне: з аднаго боку, жудасна, адкладаеш кнігу падалей, а з іншага – цікава ж, чым скончыцца. І пакуль я марыў зняць экранізацыю “Дзікага палявання караля Стаха”, мы са сцэнарыстамі вырашылі: паколькі грошай на поўны метр нам ніхто не дасць, дый не гарантыя, што здолеем зняць, давайце рабіць тое, што самі зможам. Так супалі фармат кароткіх гісторый “скарбаў” з вэб-серыялам, які каштуе няшмат, і ўлюбёным жанрам – фільмам жахаў. Матэрыял прыйшлося адаптаваць, бо, па-першае, каму цікава глядзець пра беларускую вёску 17 стагоддзя, а па-другое, каштуе гістарычная рэканструкцыя па-галівудску», – кажа Аўсянік.
Замест стварэння штучнай гістарычнасці, каманда сфакусавалася на стварэнні натуральных монстраў.
Прадакшн
Па меркаваннях кінаіндустрыі, вэб-серыял – танны прадукт. Зразумела, што можна, як Louis C.K., уваліць два мільёны ў прадакшн і запрасіць Сціва Бушэмі, але гісторыя ведае значна больш кейсаў, калі здымаюць за ўласныя грошы, а працуюць за ежу. Для фільммэйкераў гэта прыступка на шляху да поўнага метра, варыянт для напрацоўкі рэпутацыі і навыкаў.
Адна серыя «Заклятых скарбаў» абыходзіцца аўтарам прыкладна ў $ 7-9 тыс. Першую знялі з уласных сродкаў, а таксама пры падтрымцы расійскага бізнэсоўца Паўла Падкарытава. Ён уклаўся грашыма і даў для здымак свой маёнтак.
У красавіку 2017-га выйшаў першы вэбізод (web+episode – слоўца, якім прынята вызначаць такія маленькія серыі) і сабраў 400 тыс. праглядаў і россып каментаў. Адны з іх тычыліся якасці матэрыялу, іншыя хваляваліся аб тым, што прадаваць серыял на беларускай мове будзе цяжкавата.
«Хорар – гэта ж пра жах і жудасць, а беларуская мова пявучая і мяккая. Падавалася, што будзе камічна выглядаць. А выйшла наадварот, успрымаецца нават глыбей, чым руская. Адно прыйшлося спрашчаць месцамі (амаль да трасянкі), каб не перагружаць гледача незразумелымі словамі, бо вэб-серыял – гэта лёгкі фармат, тут няма месца, каб тлумачыць і рабіць зноскі, – кажа рэжысёр. – Можа, я занадта прынцыповы, можа, дурань, але гэты серыял будзе для беларусаў на беларускай мове. Калі мяне паклічуць здымаць у Расію – буду здымаць на рускай, паклічуць у Італію – на італьянскай. А “Скарбы” будуць выходзіць на беларускай мове. Перакладам пазней зоймуцца нашы партнёры».
Здымкі другой серыі адбываліся ўсю ноч. І пакуль штатнага монстра, які нічога не бачыў з-за маскі, ганялі па пляцоўцы, акторы ўзгадвалі любімыя серыялы Fargo і Black Mirror, а здымачная група зрабіла раптоўны перапынак, высветліўшы, што апошні шанец паліць – зараз, апоўначы, потым будынак зачыняць да раніцы.
«Такі, дарэчы, цікавы момант – беларусаў падтрымліваюць расіяне, а свае кампаніі да гэтага ставяцца дзіўна. Мы ж здымаем ноччу не таму, што мы вампіры і баімся святла. Калі шукалі памяшканне, прапаноўвалі максімальна зручны фармат: мы здымаем ноччу і знікаем яшчэ да прыходу прыбіральшчыкаў. Звярталіся да кучы розных кампаній, і паўсюль нам адмаўлялі. Адным я нават прапанаваў што-небудзь заплаціць: мне выкацілі суму ў 2500 рублёў за ноч. Чувакі, ну нават грошай ужо не прашу, проста пусціце ў офіс. Дзякуй “Куфру”, выратавалі нас са сваім памяшканнем», – распавядае Аўсянік.
«Нам казалі: “Ну вы здыміце, а мы потым паглядзім, падумаем”»
І пакуль «Скарбы» адчайна шукаюць памяшканне, лепш за ўсіх за межамі Беларусі разумеюць фармат менавіта брэнды. Яны выступаюць як галоўныя спонсары або цалкам здымаюць самі. Год таму Nike выпусціў серыял Margot vs. Lilly, які ў стылі Orange is the New Black распавядаў пра сяброўства, чэленджы і дасягненні – без рэкламы, але з відавочным прадакт-плэйсментам, а расійскае аддзяленне Samsung зняла серыі пра недалёкую будучыню «Хроники параноика».
А як рэагавалі на прапановы аб супрацы беларускія брэнды? Рэжысёр паціскае плячыма: «Да беларускіх кампаній мы звярталіся, маючы на руках тызер першай серыі, сайт, суполкі, публікацыі і нават ужо адзнятую серыю, аднак беларускія аддзелы маркетынгу любяць працаваць па апрабаваных мадэлях. Узяць паспяховы кейс, абкатаць на мясцовасці – і гатова. Нам казалі: “Ну вы здыміце, а мы потым паглядзім, падумаем”».
Распаўсюд
Да гэтага моманту прыдумана няшмат спосабаў зарабляць на незалежных вэб-серыялах. Найпрасцейшы і самы відавочны – YouTube з іх платформай AdSense, прыбытак з якой будзе дзесьці ў межах $ 1 за 1000 праглядаў. Наступная па прывабнасці опцыя – сэрвіс Vimeo, з больш прафесійным падыходам і ўбудаванай сістэмай Video on Demand (з аплатай за прагляд ці пакупкай кантэнту). Нарэшце, найбольш цікавы выпадак – калі на цябе зверне ўвагу хто-небудзь са стрымінгавых (VOD/SVOD) платформ кшталту Netflix, Hulu, Amazon, Google Play ці iTunes. Звычайна іх цікавіць кантэнт, што ўжо назбіраў базу фанаў, якая прыйдзе за ім на платформу і гарантавана зацікавіць яшчэ большую аўдыторыю, як гэта адбывалася ў гісторыі з Eastsiders і Netflix.
«Заклятым скарбам» з распаўсюдам пашанцавала: тое, што выкладвалі на YouTube без усякай надзеі на прыбытак, знайшлі беларускія партнёры замежнага агентцтва OMD Media Group. Зараз яны ўкладаюцца ў прадакт-плэйсмент і прамоцыю серыяла. Таксама з іх дапамогай з’явяцца пераклады серыялу на рускую і англійскую мовы, скіраваныя на замежную аўдыторыю.
«Кожная серыя публікуецца бясплатна. Мы нічога не зарабляем з нашых праглядаў. Наш партнёр будзе зарабляць на гэтым грошы, але пазней. Беларуская версія серыяла з’явіцца анлайн цалкам без рэкламы, стрымінгу сэрвісаў ці он-дэманду. Гэта была прынцыповая пазіцыя», – кажа Аўсянік.
Аднак для таго, каб цуд здзейсніўся, аўтары серыяла выканалі ўмову, пра якую згадваюць усе аўтары паспяховых серый: уклаліся ў прамоцыю. Ужо зараз пры запыце «Заклятыя скарбы» Google з YouTube адразу прапаноўваюць серыял, а не кнігу, першы ролік назбіраў 400 тыс. праглядаў, а прачытаць пра іх можна на tut.by. Серыял ужо прайшоў праз суровыя ацэнкі каментатараў і прафесіяналаў і ведае пра свае хібы: «Першую серыю мы рабілі, каб зразумець, як мы будзем рабіць серыял. Любы прафесіянал заўважыць, што там надта розныя кропкі здымак, колер, настрой. Нават звычайныя гледачы бачылі шмат праблем. Спадзяюся, што пра другую серыю скажуць, што ўзровень мы крыху пракачалі».
Залятаем у эфір з новым выпускам Minsk Music Sessions. Легенды беларускага даўнтэмпа CherryVata граюць лайвам новую песню і збіраюць стыхійны канцэрт у Сцяпянцы на трэніроўцы жаночай каманды па рэгбі.
Стрыт-артысты, графітчыкі, архітэктары, урбаністы і эколагі – распавядаем пра дзейных асобаў сёлетняга свята вулічнага мастацтва.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (2)
Такiя добрыя грудзi замазалi... Саксiсты!
Гледзячы на выявы, пачынаеш сярод істот шукаць Дэні Філта ) Але ў відосе не так усе жахліва. Ды я не пра тое. Файна !