Як дапамагчы бяздомным людзям?
- 28.01.2021
- 6110
У Беларусі не існуе дзяржаўнай праграмы падтрымкі бяздомных, але пакуль існуюць прыватныя ініцыятывы і дабрачынныя арганізацыі, што дапамагаюць людзям без дома #кожныдзень. У нашых рэаліях гэта цяжка, а апошнім часам нават небяспечна. Тым не менш беларуская салідарнасць ужо ўвайшла ў гісторыю, і не варта з гэтай гісторыі выходзіць: на вуліцы зіма, халодна не толькі качкам на Свіслачы, але ж і людзям.
Наста Лойка
праваабаронца, Human Constanta
«Асабіста маё меркаванне – варта дапамагаць усім людзям ва ўразлівым становішчы, хто б яны ні былі. Проста таму што мы людзі і ў свеце шмат несправядлівасці, якую мы можам мінімалізаваць салідарнымі дзеяннямі.
Што да людзей з досведам бяздомнасці, то яны маглі апынуцца ў такой сітуацыі па розных прычынах: у кагосьці гэта наступствы сямейных канфліктаў, прававой непісьменнасці, у кагосьці – турэмнага зняволення (дзе сістэма моцна абрывае сувязі з роднымі на волі), а для кагосьці гэта свядомы выбар альбо псіхалагічныя асаблівасці. І нават калі гэтыя людзі ўжываюць алкаголь у выніку жыццёвых абставінаў – гэта не нагода адварочвацца ад іх усіх.
Асноўная праблема для бяздомных людзей у Беларусі палягае ў тым, што ім цяжка аднавіць дакументы, бо за іх трэба заплаціць больш за 50 рублёў. З гэтым можна дапамагаць праз часопіс «Імёны». Без дакументаў і рэгістрацыі людзі з досведам бяздомнасці не могуць ні знайсці працу, ні звярнуцца ў паліклініку, ні стаць у чаргу на жытло.
Яшчэ асабіста мяне вельмі хвалюе, што дзяржава не толькі ігнаруе і часам вывозіць такіх людзей за межы гарадоў без іх згоды, але і пераследуе тых, хто спрабуе ім дапамагаць. Я вельмі ўражаная апошнімі арыштамі актывістаў(-ак) “Ежы замест бомбаў” і “Вулічнай медыцыны” – гэта людзі, якія сапраўды мянялі стаўленне да праблемы бяздомнасці шмат гадоў.
І не магу не звярнуць увагу на моўныя нюансы – мы вельмі просім ніколі не ўжываць слова “бомж”, бо гэта дэгуманізуючы абразлівы абарот – абарэвіятура з савецкіх часоў, за якой цяжка знайсьці чалавечы вобраз са сваёй гісторыяй. Таму заўжды прашу пры мне хаця б называць іх “людзі з досведам бяздомнасці” ці хаця б “людзі без дома”, “бяздомныя”».
«Еда вместо бомб» («Food Not Bombs»), Менск
Валанцёры ініцыятывы штотыдзень раздаюць ежу людзям з досведам бяздомнасці ў трох кропках Менска.
Як дапамагчы:
стаць валанцёрам(-кай): гатаваць і раздаваць ежу, дапамагаць з транспартам;
перадаць прадукты харчавання, зімовае адзенне і абутак ды аднаразовы посуд на кропках раздачы ежы;
падтрымаць грашыма.
У гэтым топіку ВК каманда FNB падрабязна распавядае пра патрабаванні да прадуктаў харчавання, адзення і іншага – зазірні перад тым, як дапамагаць.
«Вулічная медыцына», Менск
Праз адсутнасць дакументаў і прапіскі бяздомныя людзі часта пазбаўляюцца магчымасці атрымліваць медычную дапамогу. Валанцёры «Вулічнай медыцыны» вырашаюць гэтую праблему, робячы перавязванні, выдаючы безрэцэптурныя лекі, прамываючы раны на кропках харчавання і суправаджаючы бяздомных людзей у выпадку выкліку хуткай.
Як дапамагчы:
перадаць лекі і сродкі гігіены;
паведаміць пра меркаваныя месцы жытлавання бяздомных людзей;
Бясплатная сталовая на Рыбалкі, 26, Менск
У 1997 годзе мастак Аляксандр Чарніцкі арганізаваў бясплатную сталовую, якая і дагэтуль забяспечвае людзей з досведам бяздомнасці і незаможнікаў харчаваннем. Сталовая працуе па пятніцах, суботах і нядзелях.
Як дапамагчы:
удакладняй наўпрост у Аляксандра на спасылцы вышэй ці па нумары 8 (029) 655-98-78.
Цэнтр дапамогі і сацыяльная сталовая для бяздомных пры грамадскай арганізацыі «Водгук», Менск
Сюды прыходзяць з вуліцы, каб паесці, атрымаць неабходнае адзенне, першую медычную дапамогу, дапамогу з аднаўленнем дакументаў ці афармленнем пенсіі, кансультацыі па праблемах з жытлом.
Як дапамагчы:
перадаць прадукты харчавання, адзенне і абутак (па будніх днях з 10 да 15 па адрасе сталоўкі: вул. Матусевіча, 15)
«Бананавы фургон», Менск
Праект робіць адзенне, якое табе ўжо не падыходзіць, карысным для іншых – яго перадаюць грамадскім агранізацыям і ініцыятывам, у тым ліку тым, што дапамагаюць бяздомным людзям.
Як дапамагчы:
прынесці непашкоджаныя і ладныя рэчы ў месцы прыёму (сачы ў сацсетках);
запоўніць кароткую форму для аптымізацыі сэрвісу – раней «Бананавы фургон» прыязджаў да жадаючых здаць адзенне, цяпер каманда шукае новыя варыянты ажыццяўлення сваёй працы.
«КаліЛаска», Менск
Дабрачынны праект «КалiЛаска» збірае, сартыруе і размяркоўвае рэчы: адзенне, посуд, тэкстыль, пабытовую тэхніку, усё, што можа камусьці спатрэбіцца. 95% перадаюць тым, каму яны патрэбныя, 5% прадаюць на маркетах і распродажах, каб падтрымаць свае працэсы.
Як дапамагчы:
здаць рэчы ў прыёмным пункце на Альшэўскага, 1/4 (даты і час збору анансуюцца ў сацсетках);
валанцёрыць на сартыроўцы рэчаў.
«Пища жизни», Менск
Дабрачынная гуманітарная праграма па штотыднёвай раздачы гарачых абедаў сацыяльна ўразлівым групам насельніцтва.
Як дапамагчы:
БХК дзейнічае ў сталіцы і рэгіёнах – бясплатна кансультуе па пытаннях, што тычацца парушэнняў правоў чалавека.
Як паўдзельнічаць:
паваланцёрыць як юрыст(-ка), PR-спецыяліст(-ка) ці сацыёлаг(-іня).
Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас»
Дзякуючы таварыству ў розных гарадах Беларусі функцыянуюць сацыяльныя сталовыя і прытулкі для часовага знаходжання бяздомных людзей, дзе яны атрымліваюць кваліфікацыйную дапамогу па аднаўленні дакументаў, правоў на жыллё і працу – усё гэта спрыяе інтэграцыі людзей з досведам бяздомнасці ў грамадства.
Як дапамагчы:
«Справядлівая дапамога», Бабруйск
З 2017 года дабрачынная ўстанова дапамагае пенсіянерам, шматдзетным і незаможным сем’ям і бяздомным людзям — забяспечвае іх харчаваннем двойчы на тыдзень і перадае гуманітарную дапамогу ад насельніцтва.
Як дапамагчы:
перадаць прадукты харчавання, адзенне, посуд, кнігі ды іншае ў прыёмным пункце па адрасе: вул. Карла Лібкнехта 77, каб. 20;
зрабіць ахвяраванне (даведка – у шапцы на гэтай старонцы).
Начны прытулак дабрачыннай рэлігійнай місіі «Вяртанне», Баранавічы
Начны прытулак прапануе бяздомным людзям часовае прабыванне і харчаванне, а таксама аказвае медычную дапамогу і дапамогу з працаўладкаваннем.
Як дапамагчы:
Праваслаўная служба дапамогі «Міласэрнасць», Берасце
Штодзень арганізоўвае абеды для бяздомных людзей, а таксама забяспечвае іх адзеннем, гігіенічнымі працэдурамі, медычнай дапамогай і дапамогай з аднаўленнем дакументаў ды працаўладкаваннем.
Як дапамагчы:
перадаць на кропку харчавання – штодзённа а 12-й, у двары дома № 62 на вул. Карбышава – ежу, медыкаменты, адзенне, абутак і аднаразовы посуд (толькі глыбокія талеркі і сталовыя лыжкі);
Падрабязную мапу дзяржаўных і недзяржаўных устаноў ды ініцыятыў, што дапамагаюць людзям з досведам бяздомнасці, знойдзеш на старонцы праекта Human Constanta «Чалавек без дома».
Фота на галоўнай: «Имена»