Наталля Гарачая
- 23.12.2018
- 8817
34mag сустрэўся з Наталляй Гарачай – дырэктаркай дабрачыннай крамы KaliLaska, – каб пагутарыць пра сацыяльны бізнэс, асабісты досвед і трэш-рэчы, якія людзі прыносяць у краму замест таго, каб аднесці на сметнік.
Гераіня: Наталля Гарачая, 33 гады. З адукацыі – мастачка: скончыла мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (мастачка-жывапісец), Санкт-Пецярбургскую акадэмію Штыгліца (мастачка-манументалістка), Торуньскі ўніверсітэт М. Каперніка (рэстаўратарка жывапісу). Дырэктарка праектаў «Плюш» і KaliLaska.
Чым займаецца: каманда KaliLaska прымае ад людзей непатрэбныя ім рэчы – адзенне, абутак, цацкі, упрыгожванні, посуд, бытавую тэхніку, корм для жывёлы – і раздае іх тым, каму яны патрэбныя. Частка рэчаў прадаецца ў краме, каб пакрывать бягучыя патрэбы праекта. KaliLaska працуе з 2013 года, за гэты час было сабрана і перададзена больш за 125 тон рэчаў, дапамога аказаная 24 дабрачынным арганізацыям Беларусі.
Пра юнацтва і вёску
– Мне падаецца, што ўсё пакаленне 80-х, часткай якога я з’яўляюся, сфарміравана аднолькава. Усе людзі, якія тады нарадзіліся, пражылі адно і тое ж дзяцінства, таму падаецца банальным чарговы раз расказваць: калі я была маленькай, у мяне было мала цацак, таму я гуляла з каменьчыкамі, – і зараз калі я гляджу на кожную рэч, то бачу ў ёй больш, чым магла бачыць.
У вёсцы іншае стаўленне да рэчаў, а Паставы, дзе я пражыла 17 гадоў, – гэта практычна вёска. Там усё, што гніе, ідзе на кампост, тое, што гарыць, ідзе ў печку, тое, што не гарыць, складваецца ў мяхі і раз на нейкі час вывозіцца на гарадскі сметнік. І сартаваць смецце – гэта натуральна, таму што ты заўсёды гэтым займаўся. У вёсцы фарміруецца кругазварот рэчаў: калі гузік адарваўся, то трэба пакласці ў баначку, і ён аднойчы спатрэбіцца для нечага іншага. Усім бы гэта перажыць – і не прыйшлося б зараз прыдумляць эказвычкі.
«Ёсць такія людзі, якім дай толькі навесці парадак. Задавальненне ад таго, калі перамешаныя рэчы прыводзяцца да структуры, падштурхоўвае людзей прыходзіць зноў і зноў»
Пра рэчы з гісторыяй
– Я маю адукацыю рэстаўратара, але ніколі ім не працавала, бо гэтая праца патрабуе ўсяго твайго жыцця, а не толькі яго часткі. Але я фанацею ад усяго, што мае гісторыю. Усё, чаму больш за 50 год, ужо неверагоднае для мяне: самая простая, нават не выбітная карціна, рама ад яе маюць гісторыю – і я трасуся над імі, як над вялікай каштоўнасцю. Гэта крута, калі рэч пражывае нейкі час і ты трымаеш яе ў руках – адчуваеш моц, энергію гісторыі. І ў мяне проста зносіць дах. Калі я праязджаю ўздоўж нейкага саду, а там стаіць кавалак каменнага плота, то я адразу выходжу і іду мацаць, усё гэта глядзець, таму што гэта нешта неверагоднае.
Са мной не так даўно здарылася Вільня. Я столькі разоў была ў Варшаве і ніводнага разу – у Вільні. Была ноч, турыстаў – нуль. І Вільня была цалкам мая. Я прайшлася па ўсіх месцах, якія лічацца менавіта беларускімі, дачакалася раніцы, калі адкрылі Вострую браму. Гэта было сакральна: я ведаю, што мае продкі стагоддзі таму прыходзілі сюды, пакланяліся. Для мяне было вельмі важна адчуць, што наша культура, наша адукацыя, наша навука, наша старадаўняя дзяржаўнасць да гэтага часу маюць канцэнтрацыю ў адным месцы, яны не разбураны, не згвалтаваны – яны жывуць. І няхай яны жывуць пад іншымі людзьмі, пад іншай мовай, дзяржаўнасцю, але ты прыходзіш і разумееш, што гэта мае да цябе непасрэднае дачыненне.
«Чаму людзі гэта прыносяць? Думаюць: о, яшчэ нехта пакарыстаецца маёй памадкай, якой я не карыстаюся гадоў дваццаць?»
Пра выбар свайго сацыяльнага праекта
– У мяне сапраўды даволі высокі ўзровень сацыяльнай адказнасці. І я даволі эмпатычны чалавек. У пэўны момант я разумею, што магу дапамагчы: у мяне ёсць на гэта сілы, у мяне ёсць на гэта энергія. Я выбрала KaliLaska, таму што не змагла б займацца іншым праектам: напрыклад, варыць суп для людзей, у якіх няма дому.
Ёсць людзі, якія вельмі любяць кацянят, але не змаглі працаваць ветэрынарамі, таму што кацянятам трэба рабіць балюча, каб іх вылечыць. Тое самае мне падаецца з людзьмі: ты ўзаемадзейнічаеш з імі на працягу пятнаццаці хвілін, гадзіны – глядзіш ім у вочы і бачыш квінтэсэнцыю іх жыцця, дзе шмат балючых момантаў. Вырашэнне адной праблемы цягне за сабой вырашэнне іншых: ты корміш людзей без месца жыхарства, а потым апранаеш іх, дапамагаеш рабіць дакументы, шукаеш начлежку. Пасля гэтага ісці піць піва з сябрамі, тусіць, быць шчаслівай – для мяне немагчыма.
У межах KaliLaska я мінімальна ўзаемадзейнічаю з людзьмі. Я намагаюся не ўнікаць у іх праблемы, таму што разумею: гэты праект можа выліцца ў дадатковыя праекты, якія будуць дапамагаць вырашаць праблемы гэтых людзей, але ў мяне проста не хопіць на гэта сіл. А сартаваць кашулькі для мяне сапраўды вельмі лёгка. Я магу займацца любым этапам гэтага праекта – і мне будзе і цікава, і лёгка, і класна.
Пра сацыяльны бізнэс
– Адказнасць – першае правіла ў сацыяльным бізнэсе: ідэя, якую ты здзяйсняеш, не ўзнікае з пустога месца – гэта патрэба грамадства. Грамадства – гэта чалавечы булён, дзе існуюць свае адказнасці, правілы, патрабаванні. Твая адказнасць – гэта адказнасць і перад ідэяй, і перад супольнасцю людзей, якія на цябе разлічваюць.
Сацыяльная адказнасць – гэта такая чалавечая даросласць. Ты ўжо не маленькі, можаш цалкам абслугоўваць сваё жыццё. Сацыяльная адказнасць – гэта калі ты здаровы, дарослы і знаходзіш час і сілы, каб абслугоўваць таго, хто не можа сам.
Чалавек можа дапамагаць простым спосабам – пералічыць грошы на нейкі праект, аднесці рэчы ў KaliLaska. Сацыяльны праект бярэ адказнасць за тое, каб магчымасць дапамагчы адбылася максімальна проста, лёгка і з відавочным вынікам.
Сацыяльны праект павінен быць празрыстым. Чалавек аднёс рэчы ў KaliLaska – і ён бачыць, як гэтыя рэчы сартуюцца, куды яны ідуць, хто іх атрымаў. Але інфармаванне патрабуе шмат часу, і не ў кожнага праекта ёсць чалавек на заробку, які мог бы ўвесь час адказваць на пытанні. Я не ведаю ніводнага сацыяльнага праекта, які быў бы празрысты ў той меры, у якой гэта неабходна.
«Ёсць людзі, якія вельмі любяць кацянят, але не змаглі працаваць ветэрынарамі, таму што кацянятам трэба рабіць балюча, каб іх вылечыць»
Пра валанцёраў, нечаканкі і «поўны убер»
– 70 % валанцёраў у нас не затрымліваюцца, але ёсць база валанцёраў, якія прыходзяць пастаянна. Ёсць такія людзі, якім дай толькі навесці парадак. Задавальненне ад таго, калі перамешаныя рэчы прыводзяцца да структуры, падштурхоўвае людзей прыходзіць зноў і зноў. Таксама нам дапамагаюць людзі, якія ўвесь час працуюць ментальна, нясуць адказнасць, прымаюць цяжкія рашэнні, а тут – прыходзіш і прымаеш рашэнне толькі за тое, пакідаць гэтую кашулю з дзіркай ці выкінуць на сметнік.
Апошняя прыёмка выйшла з берагоў ва ўсіх сэнсах. Рэчаў было ў разы больш, чым мы маглі прыняць. Мы запоўнілі памяшканне поўнасцю – адчыняеш дзверы, а там рэчаў пад самую столь, мы стаялі перад дзвярыма і спрабавалі засунуць яшчэ колькі пакетаў куды-небудзь паміж астатнімі. Сітуацыя была сапраўды складанай, але ў мяне былі сітуацыі яшчэ больш крытычныя. Калі мы рабілі акцыю разам з Uber, рэчаў было разоў у пятнаццаць больш, чым мы маглі прыняць. Гэта было на старым складзе з маленькім памяшканнем, і мы вывозілі рэчы адразу з чорнага ходу. «Гэта поўны убер», – кажам мы зараз у сітуацыі, калі трэба неяк хутка рэагаваць і вырашаць, што можна зрабіць.
Падчас прыёмкі прыходзіцца сутыкацца з непрыемным. Акрываеш пакет, там ляжаць джынсы, у джынсах – калготкі і шкарпэткі. Бачна, што гэта чалавек сцягнуў адзенне з сябе, адразу паклаў у пакет і аддаў. Калі людзі так ставяцца да таго, што перадаюць іншым, то не вельмі хочацца мець справы з іх рэчамі.
Мы дапамагаем нашым падапечным, але частку рэчаў прадаем: у краме ці падчас маркетаў. Маркеты заўсёды вельмі складаныя па мантажы: трэба прывезці і развесіць на вешалкі неверагодную колькасць рэчаў. Мы прывозім 50 пакетаў толькі адзення прыблізна па 17 кілаграм, прадаем каля паловы. Перад апошнім маркетам у «Корпусе» напярэдадні было мерапрыемства да двух ночы, і ў нас быў начны мантаж: як пачалі ў дзве гадзіны ночы, так і рабілі да дванаццаці дня, а потым быў цэлы дзень вельмі напружанай працы і складаны дэмантаж пасля. Пасля гэтага, здаецца, ты павінен проста тыдзень ляжаць на канапе і нічога не рабіць. Але не – заўтра зноў нейкія планы.
Пра дзіўныя рэчы
– Класіфікацыя «трэш-рэчы» спачатку была толькі жартам, але пасля мы зразумелі, што людзі павінны гэта бачыць. І цяпер шукаем форму, каб не пакідаць цяжкае ўражанне, хочацца зрабіць нешта жартаўлівае, каб усе пасмяяліся, але зрабілі высновы.
Нам прыносяць шмат рэчаў, з якімі невядома што рабіць. Можна за адну прыёмку сабраць два дзясяткі асобных капялюшыкаў, якія ні да якой курткі не падыходзяць.
Людзі прыносяць рэчы, якія яны трансфармавалі пад сябе. Напрыклад, яны рабілі навагодні касцюм з нейкай старой рэчы, прышывалі гузікі, распісвалі акрылам, зрабілі надпісы. Рэч павінна быць патрэбная некаму іншаму, а гэтыя рэчы наўрад ці каму падыдуць і спатрэбяцца.
Таксама нам прыносяць рэчы, у якіх прайшоў тэрмін прыдатнасці. Напрыклад, касметыка, што была выраблена ў 90-х гадах. Чаму людзі гэта прыносяць? Думаюць: о, яшчэ нехта пакарыстаецца маёй памадкай, якой я не карыстаюся гадоў дваццаць?
Да нас трапляюць хэнд-мэйд штукі, якія рабілі ці то дзеці, ці то бабулі, – цацачкі з нейкімі бязглуздымі пысамі, шалікі, сплеценыя кручком, з вышытымі надпісамі. Яны такія дзіўныя, недарэчныя, нязграбныя, што ты думаеш: о божа, трэба адкрываць для іх музей. Я нават збіраю калекцыю і хацела б зрабіць дэманстратыўны стэлаж за касавай зонай у краме. Не думаю, што іх хто-небудзь купіць, але гэта прыгожа – і людзі павінны гэта бачыць.
Вельмі абуральнае – гэта адзенне з сэксісцкімі і расісцкімі надпісамі, якія падтрымліваюць стэрэатыпы: хочацца спаліць у вялікім вогнішчы гэта ўсё. І яны адразу ідуць на сметнік, каб іх ніхто больш ніколі не знайшоў.
Да нас прыходзяць рэчы, якія людзі не ў стане выкінуць. Напрыклад, нейкая цацка, якую любілі гадоў трыццаць: яна стала ўжо плоскай, як блінец, не мае формы. Я б хацела рабіць развітальныя падборкі штомесяц. Сумная музыка і пад «Да пабачэння, мішутка» мы развітаемся з мішуткам.
«Пасля гэтага, здаецца, ты павінен проста тыдзень ляжаць на канапе і нічога не рабіць. Але не – заўтра зноў нейкія планы»
Пра планы
– Мы толькі пераехалі ў новае памяшканне, якое займае 98 квадратных метраў, і нам трэба бліжэйшы год іх не перарасці. Асноўная задача – спыніць развіццё праекта, каб не расці ў маштабе, хаця ўсё, што адбываецца вакол, патрабуе хуткага росту. Усё больш людзей хоча здаць рэчы і ўсё больш людзей хоча атрымаць рэчы. І калі б мы падпарадкоўваліся гэтым жаданням, мы б былі павінны займаць вялікі ангар з вялікай камандай грузчыкаў і як мінімум двума аўтобусамі, на якіх можна ўсё гэта развозіць.
Зараз мы хочам зрабіць такую сістэму, каб мы маглі планаваць на некалькі месяцаў наперад, куды і калі гэтыя рэчы паедуць.
Фота: Віялета Саўчыц