Віленскі беларускі музей запрашае на выставу Уладзіміра Парфянка
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.01.2024
- 2713
25 студзеня ў 18:30 у Віленскім беларускім музеі адкрываецца выстава «Віленскі альбом» Уладзіміра Парфянка.
Уладзімір Парфянок – яскравы і ўплывовы беларускі фатограф, прадстаўнік «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980-х, куратар і сузаснавальнік галерэі візуальных мастацтваў Nova, выкладчык менскай Школы фатаграфіі, куратар Нацыянага цэнтра сучасных мастацтваў, музей-майстэрні Заіра Азгура. Уладзімір Парфянок раптоўна пайшоў з жыцця ў студзені.
На выставе «Віленскі альбом» можна будзе пабачыць здымкі з вялікай серыі «Фрагменты быцця», аб’яднаныя лакацыяй, заяўленай у назве экспазіцыі. Праца над праектам збольшага была зробленая ў 1987–1988 гадах.
Куратары выставы адзначаюць: «Фатаграфію Уладзіміра Парфянка вылучае тонкае пачуццё кампазіцыі, памножанае на разуменне таго, што ў кожным з канкрэтных выпадкаў з’яўляецца рашаючым момантам. Да яго рана прыйшло асэнсаванне важнасці фактару спантаннасці ў рабоце фатографа і разуменне, што розніцу паміж добрым і выбітным здымкам робяць дэталі, дробязі, якія немагчыма ані прадугледзець, ані змадэляваць».
Выстава працягнецца да 28 лютага.
Адрас: Vilniaus 20, Віленскі беларускі музей.
***
Дарэчы, паслухаць пра «менскую школу фатаграфіі» і фотаклуб «Мінск» можна з вуснаў самога Уладзіміра Парфянка – у падкасце «Паставілі. Знялі» ён распавядае пра тэндэнцыі ў прафесійнай супольнасці ў 1980-х і 1990-х. Гутарка ідзе тут і пра паездкі выхаднога дня ў Вільню 80-х: «Для нас, маладых менскіх фатографаў, адмыслова па выходных днях адчынялі бібліятэку літоўскага таварыства фотамастацтва з вялізнай калекцыяй фотаальбомаў і фотачасопісаў з розных краін. Такой раскошы новай інфармацыі мы не маглі дазволіць сабе ў Менску, на жаль. Дома мы маглі разлічваць толькі на купленыя па блаце ў шапіках “Саюздруку” часопісы з краін сацлагера. У Вільні мы паўдня працавалі ў бібліятэцы, а потым абавязкова наведвалі фотагалерэю і пасля гэтага звычайна ішлі ў Стары горад, дзе многія здымалі».