Беларускі «Сучасны комікс»

 

Сусветная комікс-індустрыя перажывае, напэўна, адзін з лепшых перыядаў. Амерыканскія кампаніі зарабляюць мільярды на сваіх героях, расійскія выдавецтвы перакладаюць замежныя коміксы з хуткасцю кулямёта, ствараюць уласныя ўнікальныя светы і нават рыхтуюць экранізацыі. У Беларусі ж да нядаўняга часу было толькі некалькі выдавецтваў і аўтараў, што маглі сабе дазволіць выходзіць больш-менш рэгулярна. Гэта плануе змяніць праект «Сучасны комікс», які стартуе зборнікам «Легенды дрымучага лесу». 34mag пагутарыў з рэдактарам і аўтарамі праекта, каб даведацца, якая яна – будучыня беларускай комікс-індустрыі.

 

З Мікітам Сеннікавым, рэдактарам «Сучаснага комікса», мы сустракаемся ў першай беларускай краме коміксаў Time to be a Hero. У невялікім менскім гік-кам'юніці сюды вядуць усе дарогі. Паўтара года таму тут прэзентавалі свой першы комікс Жэня К. і Міша Самусенка, на дадзены момант нашы галоўныя зоркі. Дырэктар крамы Саша Архангелаў перакладаў і адпраўляў па ўсім СНД брутальныя гісторыі пра Карніка (антыгероя Marvel). Яго кампаньён Дзяніс Пугач першым у Беларусі стаў перакладаць і выдаваць італьянскую класіку «Дылан Дога» і «Д’яболіка», а потым узяў пад крыло «Сучасны комікс».

 

 

Беларускія комікс-карані

 

Мікіта раскладвае на стале тэчкі з амаль гатовым коміксам, шматлікімі замалёўкамі і чарнавымі варыянтамі, адначасна распавядаючы пра тое, чаму ўзяўся за працу над зборнікам беларускіх аўтараў.

– Ідэя ў мяне з'явілася ў 2016 годзе, калі я ў чарговы раз паехаў у Маскву на Comic Con. Наогул некаторыя мае прыяцелі лічаць, што там паныла і рабіць няма чаго, але мне заўсёды ёсць чым заняцца – шмат знаёмых дзеячаў, аўтараў і выдаўцоў. Ходзіш, гутарыш, глядзіш на тое, якое ў Расіі крутое кам'юніці, як яно жыве, расце і квітнее. У нас інакш – кам'юніці няма, але ёсць таленавітыя аўтары: той жа Жэня К. выдаецца за мяжой, Лёша Замскі піша для расійскага выдавецтва Bubble. Я вырашыў паспрабаваць зрабіць усё сам – ніхто ж не паб'е за гэта?

Ідэя была не толькі ў тым, каб выдаць беларускі зборнік, а ўвогуле стварыць базу для мясцовых аўтараў. Па словах Мікіты, амаль усе яны малююць коміксы ў стол, максімум – для нейкіх фестываляў. Таму вельмі важна мець пляцоўку, якая дапамагае табе рэгулярна друкаваць свае працы.

– У Расіі не кожны можа выдавацца. Там шмат сваіх аўтараў і пляцовак. І ў кожнага выдавецтва асабістае стаўленне да аўтарскіх коміксаў – хтосьці гатовы дапамагаць ім развівацца, кагосьці ж цікавіць у першую чаргу манетызацыя за кошт перакладаў. У такую развітую сферу складана ўвайсці. Асабліва калі табе перашкаджае нейкая сарамлівасць і заціснутасць.

 

«Ідэя была не толькі ў тым, каб выдаць беларускі зборнік, а ўвогуле стварыць базу для мясцовых аўтараў»

 

Яшчэ для «Сучаснага комікса» важна стартаваць менавіта на беларускім рынку:

– У Расіі культура ўжо ўкаранёная, таму няма такіх зняважлівых адносін да жанру. У нас жа аўдыторыя, старэйшая за 30 гадоў (узрост, калі ўжо не пускаюць у БРСМ), проста не разумее, што такое комікс і якім ён можа быць. Таму хацелася паказаць гэта на простых тэмах, гісторыях, зразумелых людзям, не залежна ад узросту.

Папулярызацыя комікса – наогул вялікая частка працы Мікіты. Ён кажа, што ў нас у 90-я была вельмі крутая комікс-індустрыя, і зараз у вольны час спрабуе знайсці кантакты людзей, якія гэтым займаліся некалькі дзясяткаў гадоў таму. Ёсць пэўныя імёны, але з гэтым павуціннем яшчэ трэба папрацаваць. Можа быць, як толькі комікс выйдзе, аўтары самі зацікавяцца. Рэдактар спадзяецца, што ім самім гэта яшчэ не абыякава.

Усе ўдзельнікі зборніка знаходзіліся па прынцыпе шасці поціскаў рукі.

– Як кажуць, Менск – вялікая вёска. Некалькі гадоў я курыраваў конкурс коміксаў на UniCon, адтуль заручыўся мноствам знаёмых. Потым сабраў аўтараў разам і прапанаваў сваю ідэю. Хтосьці ўспомніў сяброў, якім было б цікава аб’яднацца з намі, падцягнуў іх, хтосьці з часам сам выпаў – бо працаваць над зборнікам прыходзілася ў вольны час, якога не заўсёды хапала.

 

 

Цікава, што нават сярод менскіх гікаў, якія пільна назіраюць за мясцовай індустрыяй, ведалі пра надыходзячы зборнік толькі адзінкі. Доўгі час на публіцы не распаўсюджваліся наконт працы над такім знакавым выданнем:

– Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш, – тлумачыць Мікіта. – Ніхто не ведаў, якія перашкоды маглі з’явіцца падчас вытворчасці. Фінансаў магло не хапіць, яшчэ больш людзей бы адпала ў працэсе.

У канчатковым выніку так і здарылася, прыйшлося пераносіць рэліз з-за некаторых пытанняў, пра якія хлопцы даведваліся ўжо па факце. З эканамічнай часткай разбіраліся таксама асабіста, без дапамогі якіх-небудзь спонсараў.

– Усе грошы ішлі з маёй кішэні, а таксама з кішэні маёй мамы, – усміхаецца Мікіта. – Таму пэўныя крэдытныя абавязкі перад адным чалавекам я павінен выканаць. Выдаўцом жа стаў Дзяніс Пугач, таму што ён валодае неабходнай для гэтай справы ліцэнзіяй і пасведчаннем і мог на сябе гэта ўзяць. Ён сам захацеў упісацца ў праект, таму што даўно хацеў зрабіць гісторыю пра Усяслава Чарадзея.

 

 

Фальклор – гэта хорар

 

Першапачаткова ідэя Мікіты заключалася ў тым, што калі рабіць зборнік, то па-сапраўднаму беларускі, завязаны на фальклоры. Нешта роднае, сваё. Калі пачалі распрацоўваць канцэпцыю, аўтары прапаноўвалі і свае бачанні.

– Па вялікім рахунку, фальклор – гэта страшылкі, хорар-жанр, блізкі коміксам у прынцыпе. Ён можа развівацца і без «струхнелых дрэў, балот і сялян». Так, напрыклад, з нейкіх урыўкаў мы разам з Жэняй К. і Мішам Самусенка сабралі гарадскую легенду пра метро. Лера Манковіч таксама ўхапілася за паняцце жаху, але напісала комікс пра жах бытавы, пэўную сітуацыю, якая ў свой час напалохала яе «да ўсрачкі». Мы з Дзянісам, не змаўляючыся, вырашылі ўзяцца за гісторыю, а ў ёй таксама ёсць свой жах – крывавыя войны, інтрыгі і перавароты.

Тым часам дзверы крамы адчыняюць доўгачаканыя Жэня Кіямаў і Міша Самусенка, якія паўтара года таму стрэлілі на расійскім рынку сваім «Крутым пацаном». Пасля паспяховага «падпісання» рабят піцерскім выдавецтвам «КомФедерация» Жэня паспеў выпусціць сольны праект, які зусім нядаўна пераклалі на англійскую мову і выдалі ў ЗША, а цяпер вярнуўся да працы ў пары з сябрам дзеля «Сучаснага комікса». Не губляючы часу, каманда далучаецца да гутаркі.

«Па вялікім рахунку, фальклор – гэта страшылкі, хорар-жанр, блізкі коміксам у прынцыпе»

Мікіта: Комікс раскажа пра звычайнага працаўніка менскага метрапалітэна, што пасля лёсавызначальнай сустрэчы з «мясцовым вар'ятам» перажыве кучу падзей, якія наўрад ці хтосьці зможа патлумачыць.

Міша: У нас былі ўмовы – павінен быць хорар, і ён павінен быць беларускім. Але мы вырашылі, што не хочам працаваць з фальклорам, нам цікавы урбан, урбан! Нешта сучаснае, гарадское. Адразу ж прадумалі пра метро, таму што няма нічога больш гарадскога, чым метро. Спачатку мы шукалі нейкія рэальныя гісторыі пра падземку, па тыпу «мінск метро гарадскія легенды». Але па сутнасці аказалася, што з усіх гарадскіх легенд ёсць толькі кракадзіл у Свіслачы ды шпрыцы з рознымі хваробамі ў метро.

Жэня: А потым Міша нейкім чынам наткнуўся на план метро, дзе фігуравала станцыя Камсамольская, якая сёння рэальна не існуе. Знаходзілася яна... Між чым?

Міша: Паміж Кастрычніцкай і Плошчай Леніна. Нібыта дзесьці там. Вырашылі падумаць і развіць гэтую ідэю, а яшчэ знайшлі цікавыя факты: напрыклад, для афіцыйных асоб метро адкрылася ў адзін дзень, а для ўсіх астатніх – месяцам пазней. Вырашылі і гэтую тэму крыху зачапіць у коміксе.

 

 

Як палохае «Сучасны комікс»

 

Папярэднія коміксы аўтараў відавочна ставілі на камедыйныя і нават адкрыта трэшавыя складнікі. Вусаты школьнік на скейце, што прагульвае ўрокі з-за шаўрмы на Камароўцы? Адчайная ягада, гародніна і палена на веганскім фестывалі фудтракаў? Шалапутны маг, які захапляецца забароненымі рэчывамі і вызваляе з пекла Гебельса? Калі гэтыя ідэі здаюцца табе прывабнымі, хутчэй купляй выданні рабят. Але «Сучасны комікс» кінуў камандзе самы сапраўдны чэлендж – на гэты раз ім трэба было не рассмяшыць, а напалохаць.

Міша: Мы імкнуліся зрабіць гісторыю страшнай, жудаснай. Не зразумела, праўда, як гэта выйшла. У працэсе было хутчэй весела.

Жэня: Натхняўся чым-небудзь?

Міша (усміхаецца): Толькі табой.

Жэня: Я ўвогуле не тое каб шмат хорар-коміксаў чытаў, калі наогул чытаў. Таму ўсё рабіў са свайго досведу.

Міша: Так, мы ў асноўным адштурхваліся ад ведаў хорар-элементаў, вельмі многія адсявалі, таму што з'яўляліся кавалкі, напісаныя незразумела як і навошта. Наогул мы рабілі тое, што здалося б страшным нам самім.

 

«З усіх гарадскіх легенд ёсць толькі кракадзіл у Свіслачы ды шпрыцы з рознымі хваробамі ў метро»

 

Жэня: Ці даводзілася нам тэставаць комікс на іншых? Міша шмат каму зачытваў замалёўкі.

Міша: Гэта для таго, каб пераканацца, што ўсе элементы працуюць як трэба. І атрымалася, што вусна ўсё выдатна, а вось у коміксе... Паказвалі гісторыі людзям як у выглядзе тэксту, так і ўжо ў гатовым фармаце. Шмат хто казаў (ліслівілі, напэўна), што насамрэч выйшла страшна. Незразумела, але страшна.

Жэня: Цяжка, вядома, у коміксе перадаць гэты жах. Скрымерамі ж гэтымі не скарыстаешся.

Міша: Так, таму мы стараліся працаваць над жудаснай атмасферай. Да слова кажучы, па ходзе справы мы сутыкнуліся з іншай складанасцю, якая (спойлер!) моцна нашкодзіла ў выніку. Калі мы пачалі разганяцца і прыдумляць нейкія рэчы, забыліся, што ў нас ёсць вызначанае абмежаванне па старонках. І вось у нас у гісторыі быў ключавы момант, які па выніку апынуўся скамечаным з-за таго, што мы не палічылі неабходны аб'ём. Круты вопыт, але высветлілася, што мы занадта шмат увагі надалі менавіта тэксту, а на тое, як гэта будзе выглядаць у коміксе, забыліся.

Жэня: Праца разам у выніку дапамагла, бо калі ёсць хоць бы два варыянты развіцця гісторыі, можна выбраць з іх больш круты.

Міша: Але бачанне комікса ў нас, вядома, рознае. Я б нават сказаў, кардынальна рознае. Гэта значыць, напрыклад, Жэню падабаецца, калі яго персанажы пастаянна блююць, а мне не вельмі.

 

«Выявілася, што мы занадта шмат увагі надалі менавіта тэксту, а на тое, як гэта будзе выглядаць у коміксе, забыліся»

 

Ад трасянкі да мовы

 

Важна і тое, што ў рабят нарэшце атрымалася выдаць комікс цалкам і цалкам на беларускай мове. Яны планавалі з гэтага пачаць сваю «кар'еру», але ў выніку «Круты пацан» выйшаў на трасянцы, таму што выдаваўся ён у першую чаргу для рускамоўнай аўдыторыі. Праз паўтара года коміксы ад Жэні К. можна прачытаць і на рускай, і на англійскай мове, і на роднай.

– Увогуле менавіта таму я вельмі хацеў, каб хлопцы працавалі з намі, – усміхаецца Мікіта. – Вельмі кранула гэта: «Мы хацелі на беларускай, але сказалі, што нас не зразумеюць».

Дарэчы, гісторыя Мішы і Жэні – адна з дзвюх у зборніку на беларускай мове (усяго ён складаецца з васьмі). Улічваючы пэўныя ўмовы, якія Мікіта і без таго ставіў перад аўтарамі (аб'ём у 14 старонак, тэматыка), ён ужо не стаў патрабаваць ад усіх абавязковую прысутнасць беларускамоўнага тэксту.

 

 

Надрукаваны комікс як шоукейс

 

«Сучасны комікс» стартуе з прэзентацыі «Легенд дрымучага лесу» ў краме коміксаў Time to be a Hero. Пасля тыраж з 500 копій з улікам аўтарскіх і падарункавых пачне з'яўляцца ў невялікіх крамах. Частка адправіцца на расійскія канвенты – «Большой фестиваль» у Піцеры і маскоўскі Comic Con.

– Першапачаткова мы рабілі комікс фармату А4 якраз для таго, каб ён таксама быў і шоукейсам аўтараў, які лёгка ўзяць у рукі, разгледзець, ацаніць узровень, – тлумачыць Мікіта. – Бо на замежных канвентах выданні часта купляюць прадстаўнікі выдавецтваў, напрыклад, каб знайсці новых людзей і выйсці з імі на кантакт. Таму ў нас пасля кожнай гісторыі ідзе старонка аўтара, дзе пазначаны ўсе спосабы сувязі, а таксама спасылкі на сацыяльныя сеткі, дзе можна ўбачыць яшчэ больш прац.

«Першапачаткова мы рабілі комікс фармату А4 якраз для таго, каб ён таксама быў і шоукейсам аўтараў, які лёгка ўзяць у рукі, разгледзець, ацаніць узровень»

Плюс да ўсяго, наяўнасць фізічнага ўвасаблення зборніка ў ідэале дапаможа «мецэнатам» укласціся ў развіццё беларускіх аўтараў і кам'юніці.

– Мы ж не можам хадзіць па фундатарах з пустымі рукамі і распавядаць, якія мы цудоўныя. А калі будуць канкрэтныя дадзеныя, лічбы продажаў, зацікаўленасць аўдыторыі, актыўнасць сацыяльных сетак, – з гэтым можна працаваць. Людзі павінны ведаць, на што інвестуюць.

Далей у планах – новы зборнік з ужо іншай ідэяй, а таксама некалькі варыянтаў сольных гісторый, якія плануецца выдаць у фармаце зінаў, каб скараціць выдаткі на друк. Але, зноў жа, усё будзе залежаць ад рэнтабельнасці першай ластаўкі, таму пакуль ніякіх канкрэтных дэталяў. Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш.

 

Фота – Кірыл Пятрэнка

КАМЕНТАРЫ (1)

Alex Digger
Alex Digger | 9.08.2018 17:30

Молодцы ребята!
Собираю белорусские комиксы 90-х, там действительно круте работы есть.

0 0