Яўген Семяненка – пра эміграцыю, праект «Варшава здесь» і кліпы для рэп-зорак

  • 03.09.2018
  • Аўтар: Rondo
  • 6843

Вулічны праект у Слоніме на 300 чалавек, супольнасць «Варшава здесь» на 350 000 чытачоў, кліпы на шмат мільёнаў праглядаў – гісторыя 21-гадовага Яўгена Семяненкі, беларуса ў Польшчы, які за пару гадоў рэалізаваў амбіцыі ў самых розных сферах.

 

Дарога на захад

– Я да сямнаццаці гадоў жыў у Слоніме. Скончыў там школу, збіраўся паступаць на журфак БДУ, але ў сярэдзіне 11-га класа мяне пераклініла, здарылася азарэнне, і я зразумеў, што ў Беларусі мне рабіць асабліва няма чаго і трэба адсюль з'язджаць.

Пачаў шукаць магчымасці паступлення ў Польшчу. Грошай у сям'і асабліва не было, таму прыйшлося пачаць працаваць – на той момант я ўжо ўмеў здымаць відэа і пачаў здымаць вяселлі. Атрымалася так, што немалую частку аплаты за сваё навучанне я зарабіў сам. Самае іранічнае, што ў мяне на той момант нават камеры сваёй не было, першыя здымкі я рабіў на камеры, якія пазычаў у сябровак. Гэта былі абсалютна прымітыўныя «машынкі», але з іх дапамогай я адклаў грошай і на навучанне, і на ўласную тэхніку.

«На нашы мерапрыемствы прыходзіла чалавек 300-400, што для горада ў 50 000 чалавек – нармальная лічба» 

Пасля пераезду ў Польшчу я запісаўся на двухмесячныя моўныя курсы. Кожны дзень па пяць-шэсць гадзін зубарыў польскую – вучылі жорстка, было падобна да Спарты. Мне не падабаецца вучыць мову ў тэорыі, я за практыку. А калі ты знаходзішся ў краіне, у якой не можаш пагаварыць на нейкай іншай мове, у цябе мозг актывізуецца асабліва моцна.

Пакуль я жыў у Беларусі, займаўся гарадскім праектам у Слоніме: рэалізаваў «Бысторию», гэтакую пешаходную вуліцу з рэгулярнымі музычнымі прывозамі. Там размова не ішла пра заробак – усё было не на камерцыйнай аснове, мы проста спрабавалі стварыць нейкую дзвіжуху, таму што ў горадзе тады было зусім прэсненька. На нашы мерапрыемствы прыходзіла чалавек 300-400, што для горада ў 50 000 чалавек – нармальная лічба. Потым у нас не склаліся адносіны з мясцовымі ўладамі – яны падумалі, што і без нас пражыць можна (падрабязнасці – у гэтым трэдзе).

 

 

«На дадзены момант наша аўдыторыя складае 350 000 чалавек па ўсёй Польшчы, і па сутнасці ўсе гэтыя людзі аб'яднаныя менавіта за кошт ідэі спрашчэння іх жыццяў»

«Мэта – аб'яднаць увесь варшаўскі рускамоўны дзвіж»

– Гэта быў паваротны момант: да закрыцця нашага праекта я разглядаў Беларусь як нейкую творчую пляцоўку, але ў выніку вырашыў, што трэба разгортвацца ў іншы бок – так я ўключыўся ў праект «Варшава здесь».

Яго стварыў мой сябар Ілля Церашчук за чатыры месяцы да гэтага. Ён прыдумаў структуру: чатыры групы, прысвечаныя жыллю, працы, рынку і непасрэдна галоўная супольнасць – «Варшава здесь». Гэта адбылося ў 2014 годзе, калі ў Варшаву пачынала ехаць вельмі шмат рускамоўных людзей. Тых жа ўкраінцаў стала настолькі шмат, што з гэтым трэба было нешта рабіць, але на той момант не было груп нават фармату «Тыповы Мухасранск».

Рабіць прымітыўную групу было маветонам, таму быў абраны цікавейшы канцэпт. Ідэя была ў тым, каб даць людзям зразумелы і рэальна працуючы сэрвіс. Атрымалася рэальна галоўная супольнасць пра жыццё ў Варшаве. Зараз у праект кожны дзень прыходзіць 100-150 паведамленняў ад абсалютна розных людзей – і гэта толькі ў VK. Мы зрабілі так, што людзям у розных жыццёвых сітуацыях ёсць куды напісаць, куды схадзіць і на што паглядзець.

Мой прыход у праект прынёс сістэмнасць у плане працы і манетызацыі: я зрабіў усё, каб удыхнуць у яго жыццё. Калі раней усё было падобна да вялікай дошкі абвестак, то цяпер уся дзвіжуха ад бізнэсу да канцэртаў і вечарынак праходзіць пры нашым удзеле. Утварыўся нават лакальны мем: людзям, якія прыехалі ў Варшаву, раяць дзве рэчы – сайт Jakdojade, які дапамагае пракладаць маршрут на грамадскім транспарце, і суполку «Варшава здесь».

Зараз мы завяршылі рэбрэндынг праекта, ён перазапусціўся: калі да гэтага ў нас была толькі «Варшава здесь», то цяпер праект будзе называцца «Польша здесь», так як мы ўзялі пад крыло яшчэ некалькі агульнапольскіх суполак. На дадзены момант наша аўдыторыя складае 350 000 чалавек па ўсёй Польшчы, і па сутнасці ўсе гэтыя людзі аб'яднаныя менавіта за кошт ідэі спрашчэння іх жыццяў.

 

 

З Варшавы на YouTube

– Шмат у чым дзякуючы гэтаму праекту я пачаў і іншую частку свайго жыцця – звязаную з кліпамі. Праз нас праходзіла рэклама ўсіх музычных канцэртаў: Стрыкала, Корж, Аксімірон – каго толькі не рэкламавалі.

Атрымалася так, што я знаёміўся з арганізатарамі канцэртаў і, акрамя рэкламы, здымаў канцэртныя справаздачы. З гэтага партфоліа пазней зрабіў шоурыл, дзякуючы якому і пачаў здымаць кліпы. На сённяшні дзень іх знята ўжо восем.

Непасрэдна з кліпамі гісторыя пачалася так: у мінулым годзе мы пазнаёміліся з Schokk-ам – я напісаў яму ў інстаграме, маўляў, давай пафоткаемся. Думаў, ён нават не адкажа, а ён адпісаў: «Давай». Я прыехаў да яго ў Берлін, мы павінны былі працаваць тры гадзіны, а ў выніку прафоткаліся два дні. Пры гэтым ужо на пятнаццатай хвіліне знаёмства дамовіліся здымаць кліп. Schokk – вельмі круты, у яго шырокі кругагляд. А мне заўсёды было цікава працаваць з людзьмі, у якіх ёсць сваё бачанне. З ім мы ў выніку знялі два кліпы.

«Паўтара тыдня таму я здымаў у цёплай Барселоне кліп Kizaru, а цяпер у шасцідзесяці кіламетрах ад Масквы на лютым марозе здымаю кліп пра тое, як Gone.Fludd рабуе сельскую краму.»

Пасля гэтага я зняў два кліпы Kizaru. Першы з іх – «Если бы я был тобой» – на сённяшні дзень набраў каля шасці мільёнаў праглядаў. Гэта быў мой першы буйны кліп, фідбэк пасля якога нагадваў эфект бомбы. На маю групу за дзень падпісалася больш за дзве тысячы чалавек, а тэлефон увесь час дрыжаў ад апавяшчэнняў.

У пачатку гэтага года я пазнаёміўся з Gone.Fludd – тады ў яго ў групе было 10 000 падпісчыкаў. Мой сябар, які стаў працаваць на Sony Music, прапанаваў зняць яму кліп. Мне вельмі спадабалася песня, і я вырашыў ехаць. Тады ў мяне ў галаве быў невялікі дысананс: паўтара тыдня таму я здымаў у цёплай Барселоне кліп Kizaru, а цяпер у шасцідзесяці кіламетрах ад Масквы на лютым марозе здымаю кліп пра тое, як Gone.Fludd рабуе сельскую краму.

Гэта быў кліп на песню «Зашей», цяпер у яго 4 мільёны праглядаў. Пасля гэтага мы знялі відэа на яшчэ адну песню, яно павінна выйсці ў пачатку верасня. Таксама здымаў для кіеўскага артыста 044 Rose – на кліпе ўжо паўмільёна. У прынцыпе, ні адзін мой не кліп не збіраў менш за 400 тысяч праглядаў.

 

 

«Прыляціць Аксімірон у блакітным верталёце і папросіць зняць кліп». Не, так не бывае

– Калі мяне папросяць даць савет пачаткоўцам, я буду маліць іх не зацыклівацца за канцэртных відэа. Многія па пяць гадоў здымаюць іх і думаюць: «Вось я зараз здыму круты канцэртнік, да мяне адразу прыляціць Аксімірон у блакітным верталёце і папросіць зняць кліп». Не, так не бывае – калі ты здымаеш канцэртнікі, на цябе глядзяць як на чувака, які здымае канцэртнікі. Гэта самы пачатковы этап, неабходны для таго, каб ты зразумеў, ці цікава наогул табе працаваць з музыкай.

Калі я здымаў свой першы канцэртнік для «ЛСП», то зразумеў, што хачу. Тады я ўсё яшчэ быў вымушаны займацца здымкамі вяселляў. Уяві сабе кантраст: ты сядзіш на бэкстэйджы, камунікуеш з крутымі хлопцамі і сілкуешся гэтай крутой атмасферай. А пасля прыязджаеш у якую-небудзь правінцыйную кавяраньку і здымаеш вяселле. У гэты момант я зразумеў, што мая гісторыя з вяселлямі скончана і трэба рухацца далей. Я проста махам адмовіўся ад 10-15 запланаваных здымак і паехаў працаваць над праектам «Варшава здесь» і неяк шукаць кантакты з музыкай.

 

 

«Чаму вожыкам не стаць сімвалам нашых людзей у эміграцыі?»

Мастацтва без рамак

– Важны момант: я наогул ніводнага дня ў сваім жыцці не працаваў на звычайнай працы. Нават у самы дармовы час, калі ў мяне было пяць даляраў на тыдзень, было прасцей жыць так, чым ісці на шворцы ў кагосьці і прадаваць свой час за тры капейкі.

Яшчэ ў юнацкі час я зразумеў, што мне сумна ў таварыстве плюс-мінус звычайных людзей. Да моманту паступлення ўсё ж вырашыў астудзіць пыл і паспрабаваць жыць «па класіцы»: паступіць на журфак у Варшаве, працаваць па спецыяльнасці, але хутка расчараваўся ў журналістыцы і ў гуманітарнай вышэйшай адукацыі, таму праз год кінуў універ. Нават дакументы адтуль не забраў, проста перастаў хадзіць. Да таго ж зразумеў, што стандартныя схемы ў жыцці ўсё-такі не для мяне.

У пошуках сябе я адзін час рабіў стаўку і акцэнт на праект «Варшава здесь», пазней – на кліпы. Цяпер усё стабілізавалася, але фатаграфія пры гэтым заўсёды была побач – у мяне ніколі не праскоквала нават думкі пра тое, каб кінуць гэтую справу. Ведаеш, канатаходцы выкарыстоўваюць шост, каб утрымліваць раўнавагу, і фатаграфія для мяне – якраз такі шост, які дазваляе «разрадзіць» абстаноўку ў галаве. Я ведаю: што б са мной ні здарылася, я заўсёды магу рабіць нешта крутое з фатаграфіяй. Гэта аснова ўсяго майго бачання, працяг мяне; рэч, якая навучыла мяне прыглядацца да свету і быць больш назіральным.

Цяпер я знайшоў, мабыць, ідэальны баланс паміж гэтымі заняткамі. Фатаграфія для мяне – гэта мастацтва без рамак, спосаб распавесці гісторыю, данесці свае думкі людзям. Кліпы – найбольш камерцыйны прадукт, у якім, аднак, я не хачу пладзіць безыдэйнасць, таму заўсёды аналізую асобу і лад артыста, з якім працую, каб зрабіць максімальна нешаблоннае відэа. Ну а «Варшава здесь» – гэта ўвасабленне майго жадання прыносіць грамадству карысць, рабіць свет вакол сябе лепш. Ключавое адрозненне тут у падыходзе ў тым, што, калі нехта спрабуе рабіць падобныя праекты, у іх на твары напісаная фраза: «Дайце мне 20 злотых за рэкламу – усё, больш мяне нічога не хвалюе». Нашым людзям не хапае жадання змяняць сябе і свет вакол сябе. Многія з іх сілкуюць ілюзіі, што ў Варшаве іх чакаюць з распасцёртымі абдымкамі і заробкам у тысячы еўра. Але так не бывае – трэба вучыць мову, нешта рабіць, лавіць дух перамен, змяняць сябе і імкнуцца быць сапраўды карысным – тады, магчыма, вы яшчэ пры сваім жыцці застанеце момант, калі вакол вас усё будзе крута.

 

 

Вожык – сімвал эмігранта

– Калі я думаў пра новы лагатып, на розум прыйшоў вожык. І сапраўды, чаму вожыкам не стаць сімвалам нашых людзей у эміграцыі? Ты можаш быць мілым вожыкам, які будзе добрасумленна насіць на калючках яблычкі і грыбочкі, але ў выпадках, калі хтосьці спрабуе паквапіцца на тваё права насіць гэтыя грыбочкі і яблычкі, ты скручваешся і ідзеш калоць свайго крыўдзіцеля! Думаю, у гэтым ёсць сэнс.

Я планую заставацца ў Польшчы, гэта адна з самых класных краін у Еўропе. «Старая» Еўропа дэградуе, там бачны велізарны спад, а Польшча, наадварот, развіваецца шалёнымі тэмпамі. Цяпер я бачу тут вялікую канцэнтрацыю людзей, у якіх атрымоўваецца мяняць свет вакол сябе, і мне хочацца паказаць рускамоўнаму кам'юніці Варшавы, што яны могуць рабіць тое ж самае – вучыцца, працаваць і дасягаць поспеху.