Што глядзець на «Паўночным ззянні – 2024»?

  • 31.10.2024
  • Аўтар: 34mag
  • 510

На юбілейным – дзясятым – фестывалі кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пакажуць анлайн ажно 47 фільмаў. Кінафілы(-кі) са стажам здольныя заглынуць насычаную праграму цалкам, а вось тым, хто шукае падказку, на што б звярнуць увагу ў першую чаргу, 34mag кідае ратавальны круг на 10 пазіцый. Усе прагляды бясплатныя. Фільмы пералічаныя ў парадку праграмы.

 

«Краіна Оз»: занурэнне ў творчы сусвет псіханеўралагічнага інтэрната

(рэж. Жэня Чарняўскі; дакументальны)

Гэта док пра творчасць у беларускім псіханеўралагічным інтэрнаце, пра самабытнае мастацтва і людзей, якія яго ствараюць. Можна лічыць кіно беларускім парафразам на тэму фільма-пераможцы леташняга Берлінале – «На Адаманце». Толькі там фігуравала парыжская клініка для людзей з ментальнымі разладамі, размешчаная ў незвычайным плывучым будынку, а ў нас – свая атмасфера, свая Краіна Оз.

 

 

***

«Нарвежскае патомства»: саркастычная гісторыя пра блогера-інцэла

(рэж. Марлен Эмілі Лінгстад; ігравы)

Свежыя даследванні паказваюць, што тэорыі інцэлаў убіраюцца ў сілу, у тым ліку сярод моладзі. Блогеры збіраюць вялікую аўдыторыю, якой даспадобы тэорыі пра «жаночую гіпергамію», «падаўленне мужчынскай сэксуальнасці» і «безумоўнае права на сэкс». Герой кароткаметражкі «Нарвежскае патомства» – менавіта такі блогер-інцэл. Смерць яго маці запускае ланцужок думак пра неабходнасць працягвання роду – і вось атрымліваецца пацешная і няёмкая гісторыю пра адзіноту, сэксуальную незадаволенасць і таксічнасць светапогляду некаторых людзей. На дзіва, эмпатыю можна адчуць ці не да кожнага персанажа гэтага саркастычна-меланхалічнага дзейства.

 

 

 

***

«5 1⁄2 гісторый кахання ў адной вільнюскай кватэры»: фантазіі пра жытло з Airbnb

(рэж. Томас Венгрыс; ігравы)

Гісторыя для тых, хто ў кожнай чарговай кватэры, знятай на Airbnb, не ўтрымліваецца ад таго, каб пафантазаваць пра шалёныя падзеі, якія тут маглі адбывацца, і жарсці, якія тут маглі кіпець. «Пяць з паловай гісторый» – гэта ўвасабленне падобных разважанняў, а заадно – адлюстраванне мульцікультурнасці літоўскай сталіцы і яе жыццялюбства, што хаваецца за прахалодным фасадам. Перад вачыма гледачоў пранясецца дзявочнік са стрыптызёрам, гей-спатканне, генеалагічнае расследаванне, скандалы, каханне, няўдачы. Але прыйдзе прыбіральшчыца Ёланта – і разам са смеццем з кватэры знікнуць любыя сляды эмацыйных узрушэнняў. Каб наступным днём усё пачалося наноў – з чыстай бялізнай.

 

 

 

***

«Шэры край»: вандроўка па ўспамінах і адчуваннях

(рэж. Станіслаў Багдзя; эксперыментальны)

Для аматараў(-ак) эксперыментальнага кіно з беларускім кантэкстам ёсць 18-хвіліннае свабодна-асацыятыўнае падарожжа па Шэрым краі, пад якім можна разумець як родную зямлю-тэрыторыю, так і беларускую душу. «Дрыготкія адлюстраванні танчаць у дзіўным карагодзе: збожжа, дзяўчына, бусел, косць, праўда і крыўда», – вось такі візуальны шэраг пранясецца перад вачыма. Глядзець і разважаць пад грукат цягніка ды радкі пра родны кут.

 

 

***

«Прамень»: гісторыя пра арт-скандал вакол нязручнага мінулага

(рэж. Аляксандр Лунд; дакументальны)

У 1995 годзе мастачка Элле-Мі Эйдруп Хансэн зрабіла арт-праект, пасля якога яе практычна закэнсэлілі. Задумка, якая пусціла кар’еру Хансэн пад адхон, была ў тым, каб спалучыць 532-кіламетровым лазерным прамянём 6000 бункераў, пабудаваных дацкімі рабочымі на марскім узбярэжжы на патрэбы нацыстаў. «Прамень» – гэта праект да 50-годдзя міру на дацкай зямлі, але ён – пра дваістасць у калектыўнай памяці датчан(-ак), якія намагаюцца не церушыць нязручнае мінулае. Праца Элле-Мі Эйдруп Хансэн, відавочна, кранула нарыў на целе грамадства, бо выклікала хвалю дыскусій і цкавання. Ветэраны супраціву, СМІ, патрыярхальныя ўлады і нават эколагі ў адзіным парыве накінуліся на мастачку, намагаючыся адстаяць імідж «нейтральнай Даніі». Гэту гісторыю і распавядае док «Прамень».

Для тых, хто 8 лістапада плануе быць у Варшаве, ёсць опцыя паглядзець фільм афлайн і задаць пытанні галоўнай гераіні.

 

 

 

***

«Лёд, які нас яшчэ трымае»: назіранне за жыхарамі эстонскай глыбінкі

(рэж. Арка Ок; дакументальны фільм)

Рэжысёр на працягу васьмі гадоў здымаў жыццё ледзяной дарогі на поўначы Эстоніі. Дарога ўзнікае часова, і ніхто не можа прадбачыць, у які дзень яна стане дастаткова трывалай і дзе менавіта пройдзе, а калі менавіта лёд ператворыцца ў небяспечную корку над бяздоннем Балтыйскага мора. Пакуль дарога ёсць, жыхары ездзяць паміж Хаапсалу і Ноароотсі, а таксама ладзяць на ледзяным шляху розны варушняк – ад этна-фестываляў да драг-рэйсінгу. Фільм эксперыментальны, зняты ў розных тэхніках, пад гледача ён не вельмі падладжваецца, але філасофскі настроеным аматарам зімняй эстэтыкі зойдзе метафара нястрымнасці часу і тонкага льду, што ўтрымлівае розных людзей разам.

 

 

 

***

«Balomania»: гонза-аповед пра супольнасць вакол забароненага мастацтва

(рэж. Сісэль Морэл Даргіс; дакументальны)

Рэжысёрка гэтага дока здолела заваяваць давер і патрапіць з камерай у закрытую супольнасць «мафіі паветраных шароў». Балуэйру – суворыя мужчыны, якія спускаюць дзясяткі тысяч даляраў на тое, каб зляпіць папяровы паветраны шар памерам са шматпавярховік і запусціць яго ў неба. Іх дзейнасць пераследуецца паліцыяй. За гіганцкага Пеле, Рокі Бальбоа ці іншага героя, якіх яны адпраўляюць у вольны палёт, можна атрымаць да шасці гадоў турмы. Але патэнцыйнае пакаранне не спыняе жыхароў фавел ад спаборніцтваў: велічэзней, яскравей, вышэй! «Balomania» – гэта гонза-кіно з аўтамабільнымі пагонямі, пампезнымі запускамі шароў і жывымі гісторыямі пра братэрства на задворках грамадства.

 

 

 

***

   «Будо»: анімацыя пра жанчыну і вулічнага ката

(рэж. Аляксандр Тама, Аманда Огард; ігравы)

Ну які фестываль без мульцікаў? На «Ззянні» будзем глядзець невялічкую стоп-моўшан анімацыю пра самотную японскую бабулю, якая пайшла ў супермаркет і сустрэла па дарозе незвычайнага рудога ката. Вельмі хутка небарака ўладкоўваецца ў маленькай такійскай кватэры, нібыта гаспадар. Гэта надзвычай шчырая, крэатыўная і вытанчаная праца. 100% must see не толькі для тых, хто ідэнтыфікуе сябе як cat person.

 

 

 

***

«Палаючы рай»: ода сястрынству ва ўсіх яго праявах

(рэж. Міка Густаўсон; ігравы)

Тры сястры не надта турбуюцца, што іх маці чарговы раз знікла без вестак. Яны жывуць сваё жыццё, прытрымліваючыся простых правілаў, дзе парадак у хаце можна не падтрымліваць, прадукты з крамы трэба выносіць незаўважна, і галоўнае – не нарывацца на праблемы ў школе. У нейкі момант сястрынскі «рай» аказваецца пад пагрозай: у яго вось-вось зазірне сацыяльная служба. Дзяўчатам трэба тэрмінова адшукаць дарослую, якая пагодзіцца прыкінуцца іх маці, і такая кандыдатка знаходзіцца. Фільм прасякнуты падлеткавай энергіяй, дзе радасць міксуецца з трывожнасцю, а легкадумства – з небяспекай. Але па-над усім тут – сястрынства.

 

 

 

***

«Нябачны бой»: кічавая хэві-метал-кунг-фу-камедыя

(рэж. Райнер Сарнет; ігравы фільм)

Закрывае сёлетняе «Паўночнае ззянне» кічавая камедыя пра савецкага памежніка, які так уразіўся баявым мастацтвам лятаючых кітайскіх манахаў, што прыняўся вывучаць кунг-фу не дзе-небудзь, а ў праваслаўным манастыры, тубыльцы якога ўмеюць не толькі маліцца, але і рабіць сальта ды махаць шастамі. «Нябачны бой» – гэта і амаж на кітайскае прыгодніцкае фэнтэзі (уся), і гісторыя сталення, але хутчэй проста пабег ад рэальнасці ў сюррэалістычныя і абсурдныя 115 хвілін на пару з чалавекам, які нечым нагадвае эстонскага рэпера Томі Кэша – толькі гэта Рафаэль і ён слухае метал ды высока паднімае ногі.

 

 

 

  Поўная праграма фестывалю «Паўночнае ззянне» і расклад анлайн-паказаў – па спасылцы.