Wanna Kicks – беларусы прадставілі красовачную AR-прыладу
- 31.01.2019
- 5910
Пампуй Wanna Kicks і глядзі, якая пара пасуе табе больш: Лідскія кеды або Yeezy Boost?
Шпаргалка, калі ты зусім не разбіраешся ў IT-лексіцы:
AR – augmented reality, тэхналогія дапоўненай рэальнасці, якая дазваляе накладваць 3D-мадэлі на рэальную выяву з камеры твайго смартфона.
B2B – бізнэс для бізнэсу, калі адна кампанія працуе на іншую.
In-Store рашэння – прымяненне тэхналогій непасрэдна ў афлайн-крамах
SDK – набор сродкаў для выкарыстання пэўных тэхналогій.
White-label прылада – калі адна кампанія бярэ паслугі або тавары іншай і выкарыстоўвае іх пад уласным імем.
Кампанія Wanna BY – беларускі стартап, заснаваны ў Менску ў 2017 годзе. «Першапачаткова нам было цікава паэксперыментаваць са складанымі для AR-прылад тэрыторыямі: рукамі і нагамі. Гэта быў першы матыў. Другі – даць людзям магчымасць па-новаму ўзаемадзейнічаць з таварамі анлайн».
У траўні 2018 года кампанія прадставіла сваю першую прыладу – Wanna Nails. Як падказвае назва, яна дапамагае прымерыць на пазногці віртуальны манікюр і вырашыць, ці варта яго рабіць насамрэч. Выданне Product Hunt назвала Wanna Nails галоўным AR-дадаткам мінулага года.
Цяпер выйшла іх новая прылада – Wanna Kicks (даступна на iOS). Прынцып той жа, што і з Nails, толькі працуе на нагах. Сваю аўдыторыю яны апісваюць як «пакаленне Z і міленіялаў, зацікаўленых у красоўках».
Зараз ты можаш прымерыць адну з дзесяці пар абутку, 3D-мадэлі якіх самастойна ствараліся ў менскай студыі Wanna BY. Там і класіка ад New Balance, і ўсё яшчэ актуальныя Yeezy Boost, і Лідскія кеды. Адкуль апошнія? Вось адказ Wanna BY:
«Мы проста любім Беларусь і неяк стараемся ва ўсіх прадуктах гэта падкрэсліць, зрабіць пазнаку, што мы рабяты менавіта з гэтай краіны. Ды нават назва нашай кампаніі прыдумана так, каб гэта была і гульня слоў, і BY. Да прыкладу, наш сайт называецца wanna.by.
Лідскія кеды, як нам здаецца, стылёвыя. Мы пагаварылі з іх дырэктарам, паказалі прыладу, яму ідэя спадабалася. Таму пытанняў наогул не было. Шкада толькі, што іх нельга купіць анлайн. Таму мы вырашылі весці трафік з кедаў на старонку пра Менск. Бо тут мы заўсёды ведаем, дзе іх шукаць».
Таму цяпер пры спробе купіць кеды праз прыладу, ты патрапіш на нашу старонку Go to Belarus. А ў выпадку з усімі астатнімі мадэлямі цябе перакіне на афіцыйныя крамы брэндаў.
Спіс даступных мадэляў павялічыцца: «Усё самае клёвае і прарыўное будзе ў наступных версіях. Спрабуем спалучаць тое, што ўжо папулярнае, з тым, што цікава вузкаму колу снікерхэдаў».
У планах Wanna Kicks – працягваць развівацца. «Зараз мы вядзем перамовы пра розныя відах партнёрстваў з брэндамі і рэтэйлерамі – як партнёрскае даданне іх красовак да нас у Wanna Kicks, так і B2B гісторыю, на якую мы робім асноўны ўпор – альбо інтэграцыя нашага SDK ў іх прыладу, альбо стварэнне кастомных white-label прылад або in-store рашэнняў. У першую чаргу мы бачым карысць нашай тэхналогіі менавіта ў асвятленні новых рэлізаў – гэта і ёсць той рэкламны кейс, які ўсім патрэбны».
Фота: lstr.by