За дзень да адкрыцця выставы «Менск з неба» мы сустрэліся з фатографамі-квадракоптаршчыкамі, якія робяць незвычайныя здымкі сталіцы зверху, і паспрабавалі даведацца, як злавіць кадр на вышыні і абмінуць не толькі сцены хмарачосаў, але і праблемы з уладамі, калі займаешся «высокім» мастацтвам.
Пра пацаноў
Арцём Прадко @zweizwei, Вячаслаў Мазай @mzaas і Дзмітрый Важнік @dimid_by – арт-група, якая збіраецца па фану ў вольны ад відэаграфінгу і праграмавання час, каб папіць разам кавы, павандраваць і паздымаць з вышыні птушынага палёту, пры гэтым застаючыся на зямлі і кіруючы працэсам з дысплэя планшэта.
Нягледзячы на даволі рэлаксовы падыход да справы, у хлопцаў неблагія здымкі і амаль 15 000 фаловераў у Instagram на трох, а 30 жніўня ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі адкрыецца свая выстава.
Фантазіі кшталту «пляцоўка была абраная праз тое, што менавіта на “алмаз” залазяць, каб паглядзець на панараму Менска», даволі хутка разбіліся.
«Бібліятэка нас сама запрасіла, і выстава адбудзецца ў межах святкавання Дня горада. Раней мы звярталіся да многіх пляцовак, але нідзе так нічога і не атрымалася, мы і цяпер у пошуку, так што, калі ёсць ідэі, дзе нам выставіцца, – звяртайцеся», – распавядаюць дрон-мастакі.
Пра прыгоды
Дрон – цацка дарагая (каля 2000 еўра), таму і карыстаюцца ёю пяшчотна, але здараюцца і калізіі. Так аднойчы, у студзёную зімнюю пару, Вячаслаў зачапіў бярозу сваім квадракоптарам, які і завіс на галіне на вышыні 20 метраў. Пілаваць дрэва не мела сэнсу – ён бы, упаўшы разам з ім, проста разбіўся, таму трэба было падняцца па апарат. Пасля двух дзён намаганняў з прыцягваннем сяброў і тэхнікі дрон быў зняты. «Але кадр я так і не зрабіў, і кідаць ідэю не хацелася. На наступны дзень я вярнуўся туды і запусціў дрон», − апавядае Вячаслаў ды ўзгадвае, што батарэя была непрагрэтая, праз мароз хутка высадзілася і дрон плюхнуўся ў ваду. «Што тут зробіш, забыўшы ўсе парады Бэара Грылза, я, не распрануўшыся, нырнуў за ім. Я паўголы даехаў на машыне дадому, потым пару дзён сушыў разабраны дрон у лазні – і ён ажыў. Не працавала толькі камера, але мне яе замянілі. Высветлілася – гарантыйны выпадак».
Пра ўласны кодэкс і агульны закон
«Мы заўсёды здымаем разам. Спрэчкі, хто зробіць здымак, – толькі дзеля фану. Нават калі здымалі з двух дронаў утрох, мы беспамылкова вызначалі, чые гэта фота, – настолькі рознае ў нас бачанне кадра. У нас нават толькі 66 агульных падпісчыкаў у Instagram. Мы самі розныя, вось і прыцягваем рознае», – кажуць Дзіма і Вячаслаў.
Канешне, у хлопцаў ёсць вельмі падобныя здымкі, бо лётаюць разам, але існуе ўнутраны кодэкс: не публікаваць тое, што ўжо было выкладзена сябрам, каб не паўтарацца.
Тусоўка за апошні год значна пашырылася. З’явілася канкурэнцыя ў галіне, але і падтрымка таксама. «Тое, што цяпер ёсць “прафсаюз”, – вельмі добра. Раней, калі было пару дронаў на ўсю Беларусь і ў цябе яго адбіралі, не было куды звярнуцца, бо ты быў адзін, а калі цяпер шмат такіх, то з’явілася пачуццё нейкай абароненасці: ува ўсіх жа не адбярэш”, – распавядаюць хлопцы.
У Беларусі нарэшце выйшаў закон, які рэгулюе карыстанне новай тэхнікай – дронамі. Мо ўпершыню ў нашых рэаліях закон нешта спрасціў: да яго падпісання міліцыя магла канфіскаваць «лёталку» да высвятлення абставінаў і ніколі не вярнуць, а цяпер усё стала прасцей – лётаць і здымаць можна, за выключэннем асобных арэалаў. Дарэчы, сам дадатак для кіравання квадракоптарамі не дазваляе падляцець на забароненыя тэрыторыі, сярод якіх Дразды, стадыён «Дынама», аэрапорты.
А вось вывезці за мяжу дрон складаней: і беларускія памежнікі не выпусцяць, і еўразвязаўцы не ўпусцяць. У Беларусі закон адзін з самых вольных. Так, напрыклад, у Чэхіі і Францыі дроны забароненыя ўвогуле, а хлопца за здымку Монмартра аштрафавалі на 50 000 еўра.
Працы пацыентаў «Навінак» і беларускіх дамоў-інтэрнатаў, а таксама арт прызнаных мастакоў.
Менскі ілюстратар – пра жаданне варушыць творчасць і бабкі, якіх няма.
Даем нырца ў візуальную культуру разам з фінскай фотамастачкай Нанай Хёнінэн.
Гуру фупрэматызму Максім Швед – пра тое, як пераўтварыць беларускую паказуху ў мастэрпісы сучаснага мастацтва.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (1)
Якая прыгажосць бачна з неба!