Як завяршыць год без самапрыніжэння і пачаць новы з яснай галавой? Парады гештальт-тэрапеўткі
- 20.12.2024
- 97
Калі сумуеш ад таго, што каляднага настрою няма і вынікі года не падведзеныя, а стужка заваленая фоткамі прыбраных елак і спісамі чужых дасягненняў, то гэтая пакрокавая інструкцыя ад Агніі Лойкі – гештальт-тэрапеўткі, коўча, вядоўцы ютуб-канала пра сталенне дарослых і экзістэнцыйныя крызісы – цалкам можа дапамагчы. Ці не. Але паспрабаваць – варта.
Крок 0: З табой усё ОК
Возьмем за базу сцвярджэнне, што з табой усё ОК:
не адчуваць святочнага настрою – гэта ОК;
не насіцца па крамах, скупляючы падарункі, – гэта ОК (і насіцца – ОК);
не выканаць ніводнага пункта з уласных абяцанняў на 2024-ы – гэта таксама ОК.
Наша псіхіка часта занадта аптымістычная наконт планаў на бліжэйшую будучыню – зменаў у вонкавым выглядзе, заробкаў, кар’еры, падарожжаў і гэтак далей, – быццам бы ў навагоднюю ноч мы перараджаемся ў зусім новага чалавека. Але ж не, 1 студзеня мы прачынаемся ўсё тымі ж (проста часам з пахмеллем). Так што цяпер з табой усё ОК.
Змяніцца — таксама магчыма, калі ёсць жаданне. Проста, як правіла, за адну ноч гэта не адбываецца.
Крок 1: Падсумаванне года без асуджэння сябе
Адшукай спакойнае месцейка, уключы ўлюбёную музыку, налі ўлюбёны напой.
Памятаючы, што з табой усё ОК (крок 0), занатуй тры рэчы, якія зрабілі цябе сёлета больш шчаслівым(-ай) або прынамсі дапамаглі чамусьці навучыцца. Пасуюць нават невялічкія перамогі: напрыклад, самастойна паданая электронная дэкларацыя. Калі ўспомніцца больш за тры рэчы – таксама добра.
Запішы і спіс складанасцяў, якія прынёс гэты год. Але замест аўтаматычнай крытыкі тут варта сябе запытаць: «Чаму мяне гэта навучыла? Як я магу скарыстацца гэтым досведам у будучыні?»
Далей напішы спіс абяцанняў сабе, якія выканаць не атрымалася: не дайшоў(-ла) у спартзалу, не здаў(-ла) на правы кіроўцы, не падвысіў(-ла) узровень ангельскай, не стаў(-ла) зарабляць больш і гэтак далей. Зноў жа, замест самаабвінавачання запытайся: «А ці важна гэта для мяне прама зараз? Або я прагну гэтага па звычцы?» Калі абяцанне ўжо не актуальнае, можна смела яго выкрэсліваць. А калі яно дагэтуль мае каштоўнасць, то і цудоўна – ёсць шанец ажыццявіць яго ў новым годзе.
Крок 2: Практыка ўдзячнасці і прыняцця
Практыка ўдзячнасці, якая крыху спахабілася інфабізнэсам, насамрэч абсалютна працоўная. Яе эфектыўнасць у паляпшэнні маральнага стану даведзеная даследаваннямі. Таму паспрабаваць – варта.
Складзі спіс рэчаў, людзей ці падзей, за якія адчуваеш удзячнасць. Нават калі год быў складаным, напэўна здараліся моманты, успаміны пра якія прыносяць цеплыню. Падзяка за ўсё добрае, што было ў 2024-м, дазволіць завяршыць год на прыемнай ноце.
Крок 3: Планы на наступны год без перфекцыянізму
Перад планаваннем новага года варта знайсці хаця б пару хвілін на тое, каб пашукаць адказы на важныя пытанні: «А што для мяне важна ў жыцці проста цяпер? Якія свае каштоўнасці я хачу рэалізаваць?» Калі даць сабе час на разважанне, можна нечакана атрымаць адрозныя ад звыклых адказы.
Важны момант у любым планаванні (і тым больш асабістым) – ставіць рэалістычныя мэты. Для гэтага пасуе метад SMART: мэты мусяць быць канкрэтнымі, вымяральнымі, дасягальнымі, рэлевантнымі і абмежаванымі па часе. Напрыклад, замест «вывучыць ангельскую» – «дасягнуць узроўню B2 за год, займаючыся з рэпетытарам(-кай) два разы на тыдзень».
Важна пазначыць не толькі канчатковую мэту, але і тры простыя крокі для яе дасягнення. Напрыклад, калі ёсць жаданне атрымаць правы кіроўцы, крокі могуць выглядаць так: 1. абраць аўташколу; 2. даведацца патрабаванні для залічэння; 3. патэлефанаваць і запісацца.
Крок 4: Стварэнне пазітыўных рытуалаў
Каб дасягаць новых мэтаў, трэба мяняцца самім. Аднак пажадана мяняцца не рэзка і кардынальна, а пакрысе. Для гэтага карысна ствараць асабістыя рытуалы і звычкі. Лепш за ўсё прыдумаць іх самастойна, але можна і падглядзець у іншых ды абраць для сябе тое, што нясе ў жыццё пазітыў і адчуванне апоры.
Напрыклад, можна ўвесці «рытуал першага дня» і пачаць год не як звычайна, а з чагосьці прыемнага для сябе: трэніроўкі ў спартзале, шпацыру ў любімым парку з тэрмасам кавы, цэлага дня без тэлефону. Гэта задасць тон усяму году.
Яшчэ адзін карысны рытуал – гэта штомесячны перагляд сваіх планаў і іх праверка на актуальнасць. Калі яго прытрымлівацца, то, хутчэй за ўсё, у канцы года не будзе пакутліва балюча пры падвядзенні вынікаў.
Крок 5: «Я не…»
Пры складанні планаў і ідэальнай карцінкі новага(-ай) сябе варта прапісаць таксама, кім ты НЕ з'яўляешся ці што ў новым годзе рабіць НЕ будзеш. Напрыклад: «Я не працую больш за 10 гадзін у дзень» ці «Я не адказваю на паведамленні былога(-ой)». Ну і важна, вядома, усяго гэтага сапраўды НЕ рабіць.
Напрыканцы – тры важныя напамінкі:
У кожнага(-ай) свой тэмп. У сацсетках шмат хто паказвае паспяховы поспех, але гэта не заўсёды праўда або бачны толькі вынік, а не працэс, які да гэтага прывёў. Нагадай сабе: «Я іду сваім шляхам у сваім тэмпе, і гэта нармальна».
Параўноўваем сябе толькі з сабой. Банальна, але факт: параўноўваць сябе з іншымі не самая добрая ідэя для паляпшэння псіхічнага стану. Лепей спытаць сябе: «На колькі працэнтаў я стаў(-ла) лепш/шчаслівей/спакайней за гэты год?»
«Хутка – гэта павольна, але без перапынкаў». Маленькія, але рэгулярныя крокі важныя. Ты не станеш тым, кім хочаш, калі застанешся стаяць на месцы. Але і бегчы на скрут галавы не варта – так хутка выдыхнешся. Важна ўносіць жаданыя змены хаця б на 1%, але рэгулярна (у ідэале – кожны дзень). І тады цалкам можа аказацца, што ўжо да канца 2025-га атрымаецца дасягнуць жаданых паляпшэнняў на 100+%.
Гэты чэк-ліст з пяці крокаў не пра тое, каб прымусіць сябе хуценька ўсё перарабіць за тыдзень да НГ, а пра рэгулярны клопат пра сябе і свядомы пераход у новы год. Памятай: ты ўсяму дасі рады.
Фота: Annie Spratt / Unsplash