Стваральнікі «Гісторыі беларускай фатаграфіі» адклікаюць тыраж
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.02.2020
- 8294
На пазамінулых выходных у прасторы ZAL #2 прэзентавалі кнігу «Гісторыя беларускай фатаграфіі», а менш чым праз тыдзень стваральнікі выдання аб’явілі, што адклікаюць тыраж, і папрасілі вярнуць экзэмляры, якія ўжо шпарка разышліся па руках. 34 зацікавіўся прававымі нюансамі гэтай заварухі, у асаблівасці – правамі канчатковага спажыўца: што пагражае тым, хто нічога не парушыў, але набыў нейкі прадукт, які быў створаны з парушэннямі?
Што не так з «Гісторыяй беларускай фатаграфіі»?
Пасля прэзентацыі выдання адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна апублікавала ў Facebook пост, якім звярнула ўвагу на тры юрыдычныя аспекты працы:
Аказалася, што не пад усімі здымкамі ў кнізе пазначанае аўтарства, што парушае закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».
З некаторымі аўтарамі не былі заключаныя ніякія пагадненні на выкарыстанне фатаграфій.
ISBN (міжнародны стандартны кніжны нумар) свежавыдадзенай кнігі супадае з нумарам «Іліяды», якая была выдадзеная «Азбукай». Па ідэі, адсутнасць ISBN прыраўноўвае «Гісторыю» да самвыдату, а значыцца накладвае забарону на продаж яе ў якасці тавару.
![]()
Што адказалі на заўвагі стваральнікі кнігі?
На афіцыйнай старонцы «Месяца фатаграфіі ў Мінску» ў FB спачатку з’явіўся пост з просьбай паведаміць пра недакладнасці і памылкі на пошту праекта, пасля – пост аб тым, што чужы ISBN – гэта «тэхнічная памылка». Яшчэ праз колькі дзён творчы калектыў праекта «Гісторыя беларускай фатаграфіі» – Андрэй Лянкевіч, Антаніна Сцебур, Ганна Самарская – вымушаны быў канстатаваць, што пры рэалізацыі праекта быў дапушчаны шэраг памылак, якія не дазваляюць кнізе працягваць сваё свабоднае існаванне. Тыраж адклікаюць.
Ганна Самарская кажа, што ўсе памылкі былі дапушчаныя ненаўмысна, у прыватнасці – з-за адсутнаці досведу. Андрэй Лянкевіч спадзяецца, што гэты цяжкі досвед будзе карысны ўсім звязаным з фатаграфіяй – дазволіць прасцей рабіць свае праекты ў будучыні. Антаніна Сцебур дзякуе тым, хто падтрымліваў каманду праекта падчас канфлікту, і піша, што «адначасова цяжка і вельмі лёгка зачыняць дзверы, за якімі знаходзяцца новыя».
![]()
Што зробяць з кніжкамі?
Цяпер усіх уладальнікаў кнігі просяць яе вярнуць. Зрабіць гэта можна будзе 7, 8 і 9 лютага. Дзе – удакладняць пазней. Сачыць за сітуацыяй зручна на Facebook.
Пра выпуск другога – выпраўленага – выдання гаворкі не ідзе. Каманда праекта не валодае неабходнымі для гэтага рэсурсамі, а ў поспех краўдфандынгу верыць не вельмі (дарэчы, Ганна Самарская раней была кіраўніцай па развіцці бізнэсу краўдфандынгавай платформы Ulej, таму цалкам экспертна ацэньвае шанцы).
![]()
Якія законы рэлевантныя сітуацыі?
Арт. 9.21 КоАП «Парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці» і арт. 201 КК РБ «Парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці». Прысваенне аўтарства караецца накладаннем штрафу ад 10 мінімалак (цяпер адна базавая = 27 рублёў), захоўванне кантрафактных асобнікаў твораў з мэтай распаўсюджвання – ад 20 мінімалак, незаконнае выкарыстанне аб'ектаў аўтарскага права – ад 39 мінімалак.
![]()
Што пагражае тым, хто не верне асобнік?
У заяве аб адкліканні тыражу ёсць такі пастскрыптум: «Пастаўцеся, калі ласка, да нашай просьбы сур'ёзна, у адваротным выпадку ўсе – цалкам абгрунтаваныя – прэтэнзіі аўтараў фатаграфій, лягуць на вашы плечы». Наколькі гэта рэальная пагроза – спыталіся ў адваката Сяргея Зікрацкага.

«Ёсць адчуванне, што аўтары кнігі, звяртаючыся да пакупнікоў, крыху перагнулі палку. Відавочна, што выдавец кнігі не атрымаў належным чынам правы на ўсе фота, якія размешчаныя ў кнізе. Таму далейшае выкарыстанне фота з гэтай кнігі таксама будзе парушэннем. Але тэарэтычна адказнасць можа наступіць, калі вы публічна дэманструеце фота з кнігі ці прадаяце гэтую кнігу. Калі ж набытая вамі кніга стаіць у вас на паліцы, вы часам яе гартаеце і перачытваеце, ніякіх прэтэнзій да вас быць не можа».