Дзе бясплатна паглядзець дакументалкі пра ГУЛАГ і «Салідарнасць»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.11.2020
- 5295
Сэрвіс VOKA зноў транслюе фільмы аб правах чалавека з праграмы WATCH DOCS Belarus. Для беларусаў у 2020 годзе ўсе фільмы гучаць па-свойму актуальна.
З работ беларускіх рэжысёраў даступныя для прагляду «Подых балот» Ігара Чышчэні, «Заўтра» Юліі Лаўранковай і «Васіль Быкаў. Вяртанне» Віктара Корзуна. Першы распавядае пра лёс трох балот, якія асушаліся, і жыхароў, якія першымі сутыкаюцца з наступствамі ўмяшальніцтва чалавека ў экасістэму. Стужка зачароўвае прыгожымі кадрамі прыроды і музыкай «нагУаль». «Заўтра» паказвае адзін дзень з жыцця мінчанкі Інэсы Сіневіч, фалькларысткі, педагога (у мінулым), якая жыве з хваробай рассеянага склерозу. Фільм Віктара Корзуна – партрэт вялікага пісьменніка і часу, у якім ён жыў.
З замежных фільмаў паказваюць стужкі: «Ромская мара» – асабістыя гісторыі жыхароў закарпацкіх лагераў; «ГУЛАГ – цяжкая памяць» – док пра тое, як складана захоўваць гісторыю пра сталінскія рэпрэсіі ў сучаснай Расіі; «Камбаджыйская вясна» – стужка пра змены сацыяльна-палітычнага ландшафту ў адной няпростай краіне; «Мужчына, які рамантуе жанчын: гнеў Гіпакрата» – гісторыя гінеколага з Конга, які змагаецца за правы жанчын і рызыкуе сваім жыццём; «Салідарнасць: жаночая гісторыя» – спроба нагадаць пра жанчын, якія шмат зрабілі для польскай салідарнасці, але нашчадкі хутка забыліся на іх імёны.
Каб паглядзець фільмы, трэба ўсяго толькі аўтарызавацца на сайце.