Viva la cinema!

  • 02.12.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 6689

Наша прыяцелька Марыя Панамарова, украінская рэжысёрка і сцэнарыстка з Кіева, якая жыве і працуе ў Амстэрдаме, наведала самы значны фестываль дакументальнага кіно – галандскі International Documentary Film Festival Amsterdam – і апісала свае ўражанні і разважанні. А таксама распавяла, як не памерці ад недасыпу падчас 11-дзённай кіналіхаманкі, якія фільмы выбіраць і чаму даккіно – гэта вельмі крута.

 

Я бягу. Адной рукой прытрымліваю шапку, якая ўвесь час спаўзае, а другой – фестывальны бэйдж, каб ён не адарваўся ў турыстычным натоўпе. У мяне роўна тры хвіліны. Трэба выскачыць з сапраўднага папсовага мультыплексу Munt падчас фінальных цітраў аднаго фільма і даляцець да аднаго з самых старых кінатэатраў Амстэрдама – Tuschinski, які знаходзіцца на рагу, каб паспець да пачатковых цітраў другой кінастужкі. Стараюся дыхаць раўней і пераправерыць бегма нумар сваёй наступнай залі, адной з 17-ці, у якіх кінапаказы праходзяць адначасова на працягу ўсяго дня.

Гэта марафон, гэта абсалютны кіназабег, гэта IDFA, International Documentary Film Festival Amsterdam – самы вялікі ў свеце фестываль дакументальнага кіно.

 

 

 

 

 

Фестываль

У конкурс IDFA марыць патрапіць кожны дакументаліст свету. Па прэстыжы і статусе ў Еўропе з ім могуць пацягацца яшчэ фестывалі ў Ляйпцыгу і Шэфілд, але менавіта Амстэрдам займае асобнае ганаровае месца ў сэрцах як кінематаграфістаў, так і гледачоў.

На гэтым фэсце практычна немагчыма ўбачыць забаўляльнае папкорн-кіно ці фільмы пра жывёл з рэпертуару Discovery Channel. Толькі неверагодныя, моцныя гісторыі з усяго свету, толькі самыя цікавыя візуальныя рашэнні, толькі хардкор.

За 11 дзён лістападаўскай кіналіхаманкі ў Амстэрдаме можна прыйсці на сусветныя прэм'еры як будучых намінантаў на «Оскар» за лепшы дакументальны фільм, так і паглядзець з дзясятак уражлівых прыкладаў новага медыя – VR-дакументалістыкі. Галоўнае сачыць, каб ад адмысловых акуляраў не закружылася галава, і своечасова збегчы. Напрыклад, у самую тусовачную лакацыю Амстэрдама – клуб Melkweg – на кароткаметражкі, прысвечаныя толькі музычнай тэматыцы.

297 фільмаў з 70 краін, 102 сусветныя прэм'еры, 6 конкурсных праграм і 11 спецыяльных, сярод якіх нават секцыя Docs for Kids, велізарны прафесійны кінарынак і асобная пляцоўка для прэзентацыі праектаў на стадыі вытворчасці.

Пагналі!

 

 

Кіно

Мая галава кружыцца ад багацця. Але нават нягледзячы на тое, што я – падрыхтаваны глядач, адчуваю сябе як на велізарным рынку спецый: усё нязведанае, усё вабіць, усё хочацца паспрабаваць. Галоўнае – памятаць, што змешваць варта толькі ўмерана і з густам.

Дзеля гэтых 11 дзён кінадайвінгу варта было ўзяць адпачынак, і многія менавіта так і робяць.

Сустракаю Маціяса ў ліфце адной з фестывальных лакацый. Яму 26, і ён правядзе тыдзень свайго адпачынку выключна ў кінатэатрах. Пытаюся, навошта яму такая авантура – ён не кіношнік ды яшчэ і прыехаў з іншага галандскага горада спецыяльна практычна на ўвесь фэст. Маціяс выявіўся прагматычным: сёлета арганізатары абвясцілі опэн-кол для людзей да 27 гадоў і прапанавалі ім поўны гасцявы пас у абмен на іх крытычнае меркаванне, якім, напрыклад, той жа Маціяс абавязаны будзе падзяліцца з арганізатарамі пасля фестывалю. Наш ліфт прыязджае на патрэбны паверх, і мы абодва распускаемся ў розных чэргах на фільмы. Ён – на швейцарскі пра двух тэхна-дыджэяў у Іране, я – на польскую камерную правінцыйную сямейную драму.  

Кожны фільм паказваюць ад 2 да 6 разоў у залежнасці ад прэм'ернага статусу, але гэта ніяк не гарантуе таго, што за ўсю колькасць паказаў не знойдзецца фактараў, якія змогуць перашкодзіць патрапіць на яго.

Мастацтва планавання на IDFA – вышэй за ўсё. Дзеля гэтага арганізатары фестывалю распаўсюджваюць бясплатныя газеты з раскладам, друкуюць некалькі відаў каталогаў, ставяць у кожным кінатэатры манітор з дынамічным адлюстраваннем раскупленых сеансаў і, вядома ж, запускаюць абноўленую мабільную прыладу. У гэтым годзе стала магчымай купля і бронь квіткоў анлайн, нават калі ты прадстаўнік кінаіндустрыі або прэсы з адмысловым бэйджам. Такая функцыя была недаступная летась, і гэта прымушала людзей станавіцца ў чаргу ў фестывальным офісе з 9 раніцы . Улічваючы ўмовы надвор'я і факт, што ў Амстэрдаме ў лістападзе пачынае святлець толькі ў 8:30, працэс ператвараўся ў бітву паміж прагай цудоўнага і лішнімі хвілінамі пад цёплай коўдрай.

 

 

 

 

 

Як абраць фільм?

Пайсці на «Застацца ў жывых – Метад» («To Stay Alive – A Method»), такі сабе візіянерскі эксперымент, у якім Ігі Поп чытае эсэ Мішэля Уэльбека? Альбо паглядзець на кранальнае класічнае дакументальнае назіранне «Папяровыя зоркі» («Paper Stars») пра 13-гадовую дзяўчынку ў летніку? Можа, на гістарычную архіўную драму «Лісты з Багдаду» («Letters from Baghdad»), галоўная гераіня якой жыла ў пачатку ХХ стагоддзя і агучана голасам Тыльды Сўінтан?

 

 

Узбройваюся прыладай і пачынаю абводзіць у кружочак фільмы ў праверанай часам фестывальнай газетцы, у якой дакладна не сядзе зарадка. Цяпер, праўда, у газетцы не бабуліны тэлесерыялы ў праграме, а фільмы, якія падабаюцца і, што самае важнае, не перасякаюцца адзін з адным па часе.

Эквілібрыстыка ў чыстым выглядзе. Catch them all!

Перш за ўсё спрабую вызначыць свой асабісты фокус у гэтым годзе. Пачынаю з фільтра селекцыі па жанрах: мяне цікавіць аўтарскае кіно, працяглыя назіранні, хочацца ўбачыць як класічны падыход і прыгожую здымку, так і нешта рызыкоўнае. У спіс адразу трапляюць фільм рускага рэжысёра, цалкам зманціраваны з запісаў аўтамабільных рэгістратараў, «Дарога» («The Road Movie») і румынская кароткаметражка са студэнцкага конкурсу «Я цябе зрабіў, я цябе і заб'ю» («I Made You, I Kill You»), створаная як калаж з дзіцячых малюнкаў, фота і кадраў, знятых у 90-я на VHS.

Іншы падыход – выбраць тэму або краіну вытворчасці. Я не вялікая аматарка амерыканскай дакументалістыкі, але заўважаю фільм «Кікі» («Kiki»), зняты ў супрацоўніцтве Швецыі і ЗША, і абводжу яго. Пасля паказу ні кроплі не шкадую: гісторыі экспрэсіўных drag queens, якія танцуюць Vogue на батлах у дэнс-дамах Нью-Ёрка, расказаныя з увагай да асабістай гісторыі, уласцівай скандынаўскай дакументалістыцы, і не перагружаныя інтэрв'ю.

 

 

 

 

Яшчэ ў праграме

У гэтым годзе праблем з фільмамі на тэмы іміграцыі і бежанцаў, вядома ж, няма. Вырашаю паглядзець пару, але звярнуць увагу менавіта на фільмы-эсэ. Напрыклад, практычна мак'юментары «Чужынец у раі» («Stranger in Paradise») маладой зоркі галандскага кіно Гвіда Хендрыкса.

 

 

Асобнай увагі заслужылі фільмы, знятыя рэжысёрамі з краін, якія знаходзяцца ў самым цэнтры праблемы, такія як «Вяртанне» («The Return») курдскага рэжысёра Захаві Санджаві, які, дарэчы, сканчаў маскоўскі ВГІК.

Звяртаю ўвагу і на месца паказу. Фільм пра новага дырэктара парыжскай Opéra Garnier вырашаю не прапусціць у галоўнай зале Tuschinski, якая сама па сабе, са сваімі ложамі і антуражам, хутчэй выглядае як тэатр кіно, чым кінатэатр.

 

 

Экспірыенс вырашае ўсё, і, нават трапіўшы на гэты сеанс а 22:00, пасля ўжо пяці прагледжаных за дзень фільмаў, я гатовая бегчы купляць квіткі на ўсе пастаноўкі галоўнага героя, а не засынаю, чаго варта было чакаць. Але пра гэта асобная гаворка.

 

 

IDFA на выжыванне

Ад колькасці фільмаў можна захлынуцца. Таму высыпацца падчас фестывалю так жа важна, як і не прапускаць лепшае кіно. Інакш цемра, мяккае крэсла і прыглушанае святло экрана могуць згуляць зусім злы жарт менавіта на тым фільме, якога чакаеш увесь тыдзень. Асабліва не варта думаць, што гэтага не адбудзецца з табой на «Дзе шумна, гучна і хутка». Гэта кажа чалавек, які заснуў на «Радыё Кобань» («Radio Kobani») – фільме пра неверагодна цікавую сірыйскую дзяўчынку, якая стварае радыё ў сваім разбураным войскамі ІГ горадзе. Нічога больш пра стужку сказаць не магу – спалася мне проста выдатна. А шкада, бо менавіта гэтая карціна атрымала ўзнагароду «Лепшы галандскі фільм».

 

 

Яшчэ паміж спланаванымі перабежкамі з залы ў залу адбываецца класічная памылка: я забываю паесці. Асабліва балючым аказваецца гэты промах, калі трапляю на чылійскі фільм, у якім галоўныя героі працуюць у кандытарскім класе. Буйныя планы ежы, абмеркаванне рэцэптаў – і вось ужо палову сеансу я ў думках знаходжуся ў фалафельнай каля кінатэатра.

У шалёным графіку даводзіцца шукаць выхад з яшчэ адной няўдачы – што рабіць, калі прыбегчы на сеанс адной з апошніх? Як ні дзіўна, у гэтым ёсць свой хітры плюс гледача-адзіночкі: людзі ў зале часта садзяцца не ўшчыльную, так што можна прабрацца ўсярэдзіну і заняць месцейка ў лепшым шэрагу – like a queen.

 

 

 

 

 

Viva la cinema

Я выходжу з залы павольна, ведаю, што ў запасе паўгадзіны. Выціраю слёзы і станаўлюся ў чаргу на іншы сеанс наўпрост за Пітэрам Грынуэем, які, як і я, жыве ў Амстэрдаме. Разумею, што ў гэтым жа холе стаіць і Сяргей Лазніца, рэтраспектыва якога праходзіла сёлета асобнай праграмай. А яшчэ ў гэтым жа холе знаходзіцца шмат-шмат пакуль мне не знаёмых у твар людзей, якія здымаюць, пішуць, ідуць глядзець гісторыі з усяго свету гэтым халодным лістападаўскім вечарам.

Фестываль – як добрая цікавая кніжка, хочацца, каб ён не сканчаўся. Я іду на апошні сеанс у гэтым годзе і ўвесь наступны месяц, мабыць, не дакрануся да дакументальнага кіно, каб даць сабе магчымасць пераасэнсаваць убачанае. Але ў наступным годзе абавязкова вярнуся, таму што гэта незаменны кінанаркотык.

 

Тэкст by Марыя Панамарова