ШІ-інструменты для роўнай спіны, разумных табліц і аналізу сазвонаў: навінкі тэхналогій


Фота: Netflix

Вяртаемся ў эфір з рэгулярным аглядам цікавостак са свету тэхналогій, якія ўплываюць на наша жыццё проста цяпер. Ці можна давяраць штучнаму інтэлекту ў пытаннях здароўя? Якія новыя ШІ-інструменты варта патэсціць у офіснай працы і вучобе? Ці становяцца чат-боты больш шчырымі і чалавечнымі?

 

+1 чат-бот

ChatGPT, падобна «ксераксу» і «памперсу», даслужыўся з назвы аднаго праекта да назвы ўсяго падобнага цалкам: гаворачы пра любыя чат-боты, людзі звычайна кажуць «чат джыпіці». Але гэта не азначае, што ChatGPT выціснуў іншых ШІ-асістэнтаў. На рынку вялікіх моўных мадэляў (LLM) хапае актыўных гульцоў, і нават з’яўляюцца новыя. Свежанькі на полі – Qwen ад Alibaba. За 7 дзён з моманту бэта-рэлізу яго спампавалі 10 мільёнаў разоў. ChatGPT у свой час пра такую хуткасць распаўсюду і не мроіў. Паглядзім, як прыжывецца.

 

Grok трапіў у порнаскандал

Праваабаронцы дамагаюцца, каб Apple і Google забанілі іланмаскаўскі Grok. Прычына – порнадыпфэйкі рэальных людзей, у тым ліку непаўналетніх. Даследчыца дыпфэйкаў Джэнівіў О падчас сутачнага маніторынгу публікацый акаўнта Grok у Х выявіла, што за гадзіну сістэма генеруе каля 6700 выяў з сэксуальным падтэкстам або агаленнем.

Сітуацыя чарговы раз узняла пытанне адказнасці: ці мусяць за дыпфэйкі адказваць толькі тыя, хто іх генеруе, або таксама – уладальнікі чат-бота і платформ, праз якія ён распаўсюджваецца? Другое прынцыповае пытанне: як абмежаваць з’яўленне такога кшталту ШІ-кантэнту? Бо, вядома, не да ўсіх чат-ботаў дацягнецца малаток еўрапейскага ці амерыканскага суддзі.

 

ChatGPT стаў яшчэ больш чалавечным

ChatGPT-5.1 дазваляе рэгуляваць стыль камунікацыі і тон сваіх выказванняў. Instant – хутчэйшая і больш цёплая мадэль, прызначаная для дыялогу, Thinking – мадэль з паглыбленымі разважаннямі, якая прасунута працуе са складанымі запытамі.

Дэфолтны тон можна змяніць на прыязны, бізнэсовы, прафесійны, шчыры, эксцэнтрычны, цынічны ці нёрдаўскі. Карыстальнікі могуць самастойна рэгуляваць, наколькі лаканічным будзе чат, як часта ён будзе карыстацца эмодзі, жартаваць, складаць спісы і прыдумляць падзагалоўкі. Сам чат прапануе змену тону, калі адчувае такую патрэбу ў дыялогу з карыстальнікам.

 

Гуглаўскі AI Overviews дае менш парад па здароўі

Людзі ўсё часцей звяртаюцца да ШІ-сэрвісаў з запытамі наконт фізічнага і ментальнага здароўя. Аднак важна разумець, што ChatGPT ці AI Overviews у Google не ёсць медычнай энцыклапедыяй. Яны часта выдаюць памылковую інфармацыю і спасылаюцца на сумнеўныя крыніцы. Пасля таго як The Guardian выпусціў артыкул пра тое, як гуглаўскі інструмент падвяргае людзей рызыцы, у Google прыбралі ШІ-выдачу па некаторых медычных запытах.

Журналісты пісалі, у прыватнасці, пра выпадкі, калі AI Overviews раіў людзям з ракам падстраўнікавай залозы пазбягаць прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу, у той час як такім хворым трэба, наадварот, набіраць вагу, каб вытрымліваць лячэнне. На пытанне «Якія паказчыкі лічыць нармалёвымі для печані?» аглядальнік адказваў такім чынам, што людзі, якія маюць праблемы з печанню, па выніку маглі думаць, што яны здаровыя.

Калі карціць пытаць пра сваё здароўе машыну, можна звярнуцца да спецыялізаванага сэрвісу Doctorina: ён ствараецца пры актыўным удзеле лекараў і працуе хоць марудна, але досыць якасна. Заадно падтрымаеш круты беларускі стартап.

 

Штучны інтэлект дапаможа трымаць спіну роўна

Магчыма, паратунак для тых, хто горбіцца за кампом: праграма Pose Nudge дапамагае падтрымліваць правільную паставу. Праўда, давядзецца ўключаць вэбку, каб яна бачыла, як ты сядзіш, і магла своечасова апавясціць, што трэба расправіць плечы ды выпрастаць шыю. Калі што, прагрэс Pose Nudge таксама адсочвае.

 

 

 

Але ці падтрымае менталку?

Гештальт-тэрапеўтка Агнія Лойка выпусціла відэа пра тое, як з розумам карыстацца ШІ-асістэнтамі для псіхалагічнай самадапамогі і якія рызыкі ёсць у такой «тэрапіі».

 

 

 

Claude дае рады агародніцтву

Цікаўныя стартаперы вырашылі праверыць, ці здольная нейрасетка выгадаваць памідор, прычым – аднаасобна. Усю адказнасць за аналіз умоў і дагляд за станам расліны ўсклалі на Claude. Аднойчы праз памылку ў дадзеных памідор ледзь не загінуў, але Claude здолеў выправіць сітуацыю, і неўзабаве нехта пакаштуе плён яго працы.

  Сачыць за эксперыментам у рэжыме рэальнага часу можна тут.

 

 

Сазвоны можна аналізаваць хутчэй

Firefiles.ai – не адзіны, але цікавы варыянт для тых, хто мае справу з айнлайн-мітынгамі і намагаецца спрасціць гэтую частку працы. Сэрвіс запісвае і расшыфроўвае размовы, падсумоўвае і структуруе прамоўленае, дае магчымасць прааналізаваць сустрэчу, вылучыць галоўнае, адшукаць тое, што трэба зараз. Бясплатная версія, зразумела, з лімітамі, але даволі працаздольная.

А тым, каму штучны інтэлект патрэбны яшчэ і ў табліцах, магчыма, спадабаецца Ramp: гэта ўсё тыя ж ячэйкі, слупкі і формулы, але з магчымасцю аўтаматызаваць некаторыя працэсы – напрыклад, зверку дадзеных ці бюджэтаванне. Разважанні наконт таго, наколькі такія рашэнні бяспечныя, пакідаем на тваю адказнасць.

 

Штучны інтэлект ацэніць навуковую працу

Перад тым як атрымаць фідбэк ад выкладчыка, можна спытаць, ці норм ваш рэферат або дыпломная праца, у Stanford Agentic Reviewer. Гэтая аішка разбірае тэкст, вылучае моцныя бакі, падсвятляе слабыя фрагменты, дае падрабязны аналіз – пасля такога можна крута ўдасканаліць сваё даследаванне. Рэцэнзію сэрвіс рыхтуе суткі і піша па-англійску, але кажуць, што іншыя мовы разумее таксама (мы не правяралі).

 

Чат-боты кормяць карыстальнікаў састарэлымі дадзенымі

Шмат хто карыстаецца чат-ботамі, каб чытаць навіны, але пакуль лепш сачыць за імі праз каналы СМІ. BBC і Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) даследавалі, як чат-боты адказваюць на навінавыя запыты, і выявілася, што да ідэалу яшчэ далёка.

Чатыром ШІ-асістэнтам – ChatGPT, Copilot, Gemini і Perplexity – задалі 30 пытанняў наконт парадку дня. Адказы ацэньвалі па пяці крытэрах: дакладнасць, наяўнасць адэкватных крыніц, раздзяленне фактаў і меркаванняў, прысутнасць кантэксту і адсутнасць адсябяціны.

Галоўная праблема – ШІ выдае састарэлую інфармацыю. Папа Рымскі, які памёр месяц таму, для яго можа быць главой каталіцкай царквы і сёння. Таксама асістэнты плавалі ў юрыдычных пытаннях, давалі толькі частку інфармацыі з крыніцы, дзе было некалькі пунктаў гледжання, прыносілі лічбы без крыніц, дадавалі ў выказванні словы ад сябе або прыпісвалі цытаты іншым людзям. Copilot, напрыклад, узяў думку чэшскага палітыка наконт NATO і выдаў яе за аб’ектыўны факт рэальнасці. Чат-боты агулам грашылі тым, што выдавалі ацэначныя меркаванні канкрэтных людзей за факты.

Як піша кансультантка па медыяразвіцці Каця Гарчынская: «ШІ дае надзвычайны, амаль магічны карыстальніцкі досвед – быццам ваш асабісты дварэцкі падае вам менавіта тое, што вы зараз хочаце, на срэбнай талерцы. Аднак усё часцей вы будзеце атрымліваць ад гэтага прыслужніка інфапамыі замест фактаў». На яе думку, замест эры інфармацыйнага багацця мы атрымаем ускладнены доступ да праўды. Кагнітыўная нагрузка, якая спатрэбіцца для таго, каб адшукаць факт, стане абсалютна невыснонай і мы захраснем у эха-камерах.

Чаму брахня перамагае праўду? Вось відэа з адказам гісторыка Юваля Ной Харары. Калі сцісла, то праўда складаная, заблытаная, часта непрыемная, а яшчэ яна вельмі дарагая ў «вытворчасці». Для праўды патрэбныя ўніверсітэты, даследніцкія цэнтры, суды, СМІ. Брахня звычайна простая і прывабная, а зрабіць фэйк сёння – справа надзвычай лёгкая.

 

 

 

Выйдзе восьмы сезон «Чорнага люстэрка»

Шчыра не ведаем, каму патрэбныя антыўтопіі, калі антыўтопіі адбываюцца in real life, але стваральнікам змрочнага серыяла пра тэхналогіі, відаць, ёсць што сказаць і ў гэтыя часы. Шоўранэр і аўтар гісторый Чарлі Брукер запэўнівае, што сезон выйдзе «своечасова, каб рэальнасць яго дагнала». Пра што будуць новыя эпізоды, хто ў іх здымецца і калі Netflix пусціць іх у эфір – пакуль невядома.

 

Інтэрнэт перастане быць амерыканскім?

У новым эпізодзе падкасту «Відзік» Віталь Аляхновіч пераказвае выступ змагара за вольны інтэрнэт Коры Дактараў пра «канец эпохі амерыканскага інтэрнэту». На думку Коры, краіны, якім Дональд Трамп пагражае велічэзнымі імпартнымі тарыфамі, могуць адказаць ЗША сыходам са схемы, у якой амерыканцы кантралююць інтэрнэт і яго сэрвісы па свеце. Калі тарыфы ўсё роўна ўводзяцца, то, кажа Дактараў, краіны могуць скасаваць «антыабходныя законы» і хакерскім шляхам вярнуць уладу над прыладамі карыстальнікам, вызваліўшыся ад прыгнёту Apple, Microsoft, Google ды іншых тэхнагігантаў.